Аднаўляюць беларускiя майстры
Ларыса ЦIМОШЫК
Гукi даўніны Музычныя iнструменты, якiя робiць беларускi майстра Вiктар Кульпiн, можна паглядзець у Лонданскiм музеi Горнiмана. А можна i значна блiжэй — у Музеi гiсторыi беларускай культуры. Там прайшла III Рэспублiканская выстава-аўкцыён музычных iнструментаў.Дзве беларускiя дуды Кульпiна — з розным строем, па-рознаму гучаць. Нават адразу i не скажаш, што нечым адрознiваюцца: мяхi для паветра з аднолькавай чорнай скуры, падобныя муштукi цёмнага дрэва для надзiмання паветра... Толькi адна дуда з адным бурдонам, а другая — з двума. Але аўтарскi стыль адчуваецца. Яшчэ б — Кульпiн сваёй справай займаецца ўжо 25 гадоў. Яго iнструменты гучаць у папулярных беларускiх музычных калектывах, iх з задавальненнем набываюць замежнiкi. Дуда майстра Вячаслава Казака ўжо зусiм па-iншаму выглядае. Светленькае дрэўца ды белае футра. Нiбыта да свята прыбралася. Хто ведае, можа, на такiх iгралi ў вёсках якраз па святах, калi дуда была хiба не самым папулярным iнструментам? Усяго некалькi стагоддзяў таму... Цяпер такiя iнструменты па старадаўнiх малюнках ды чарцяжах ствараюць. Пры гэтым iмкнучыся надзялiць iх галоўным — непаўторным гучаннем. Напэўна ж, беларуская жалейка павiнна была гучаць задумлiва-жалобна, увасабляючы песнi сваёй радзiмы. Вячаслаў Казак на аўкцыён прадставiў некалькi жалеек, якiя, вiдаць, асвоiў разам са сваiм бацькам. Самае дзiўнае ў гэтай сям’i тое, што майстра Уладзiмiр Казак нарадзiўся амаль 50 гадоў таму ў... далёкiх Iркуцкiх землях. А як пасялiўся ў беларускiм Вiцебску, за свае «майстровыя» гады вырабiў ужо 46 найменняў беларускiх народных iнструментаў. I двух сыноў да гэтай справы падключыў. Яна зацягвае. Ды цяжка было б не ўцягнуцца, калi ёсць такiя iнструменты, ды з такiмi назвамi, што самi па сабе нiбыта песня: капытца, драбiна, рагулька, калатушка, рубель малы «як колюць дровы», трашчотка-вяртушка, пласцiнчатая трашчотка «трэск дрэва, якое ламаецца», каробка рытмiчная, бiч «удар кнута»... Столькi розных рытмаў, незвычайных цiкавых гукаў прыкмячалi ў жыццi нашы продкi, адчуваючы ў iх сваю музыку! А потым рабiлi iнструменты, якiя паўтаралi гукi прыроды цi дапаўнялi iх. Гукi, якiя часам падобныя на нейкае чараўнiцтва. Гэта вам не аднолькавае «ум-ца-ца»... Музыка — сама па сабе чараўнiцтва. I сапраўдны цуд — тое, што ў культуры Беларусi заўсёды пераважала славутая наша талерантнасць: яна дазваляла адначасова iснаваць i спрадвечным iнструментам, i тым, мода на якiя прыходзiла ў розныя часы з iншых краiн. Напрыклад, у сярэднiя вякi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм загучала лютня — гiстарычная прабабка сучаснай гiтары, якая прыйшла з Еўропы ў палацы, салоны. Цiкава, колькi ж яна не гучала? Да таго часу, як майстра з Пiнска Юрый Дубнавiцкi ў 1999 годзе не аднавiў першую ў Беларусi пасля вялiкага гiстарычнага перапынку лютню эпохi Рэнесанса. Зрабiў ён гэта дзякуючы чарцяжам i падрабязным апiсанням тэхналагiчных працэсаў у стварэннi гэтага iнструмента, якiя прывёз з Германii выкладчык Беларускай акадэмii музыкi Яўген Градзюшка. З таго часу майстар з Пiнска стварыў ужо адзiнаццаць лютняў. Лёс скрыпкi склаўся больш шчаслiва: усё перажыла. Цi не ад Бога гэты iнструмент? У самых розных культурах ён здолеў затрымацца. Ды толькi так i засталася яна бадай што самым загадкавым iнструментам у свеце, якi дзiўным чынам удасканалiлi iтальянскiя майстры. Iх таямнiцы разгадвалi-разгадвалi, ды так цалкам i не разгадалi. Але ў беларускiх майстроў, якiя сёння робяць скрыпкi, свае сакрэты. I свае матывы. Скрыпак на выставе прадстаўлялi хiба не больш за iншыя iнструменты. Можа таму, што асвоiць гэты складаны iнструмент i сёння лiчыцца верхам майстэрства. Майстар Уладзiмiр Ключнiкаў, напрыклад, для гэтага доўга вучыўся прафесiйнай музыцы: скончыў беларускую кансерваторыю як кантрабасiст. Але паралельна атрымаў прафесiю майстра-рэстаўратара. Яшчэ ў 1979 годзе яго прынялi ў Асацыяцыю майстроў СССР. Цяпер Уладзiмiр Ключнiкаў трымае марку Беларусi на самых прэстыжных мiжнародных конкурсах свету як смычковы майстар. — Сёння ў гэтую справу прыйшло шмат маладых людзей, — гаворыць Наталля Вiтчанка, намеснiк праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускi саюз музычных дзеячаў». — Нават мы, спецыялiсты, можам ведаць не пра ўсiх майстроў, якiя сёння працуюць у Беларусi, таму i ўзнiкла iдэя выставы. Майстроў складана было арганiзаваць. Мы разаслалi па абласцях звароты, толькi з дзвюх нам паведамiлi пра людзей, якiя занятыя гэтай справай. Па iншых абласцях прыйшлося людзей лiтаральна адшукваць. Лiчым, што ўдалося адшукаць толькi чацвёртую частку тых, хто сёння сам робiць музычныя iнструменты. У кожнага з iх — свая гiсторыя захаплення. Слесар па прафесii Валерый Нагiн у армii захапiўся гiтарай. Потым спецыяльна браў урокi iгры на гiтары. Потым пачаў рабiць iх сам, уносiў свае змяненнi ў канструкцыю. Гэтаму ж iнструменту аддае свой час Андрэй Кiбiнь, якi па прафесii карабельных спраў майстар, у Ленiнградзе атрымаў вышэйшую адукацыю. Але навошта ў Беларусi караблi? А гiтары толькi так выходзяць з яго рук, ужо нават электрычныя. Руслан Макарэвiч у Беларускiм iнстытуце механiзацыi сельскай гаспадаркi iграў у студэнцкiм аркестры. Захапленне аказалася мацнейшым за галоўную прафесiю: цяпер ён займаецца рамонтам i рэстаўрацыяй струнных народных iнструментаў, а сам робiць у асноўным балалайкi. У Наталлi Русiян атрымлiваюцца цудоўныя акарыны на любы густ. Так, керамiчныя вырабы самай дзiўнай формы (нават у выглядзе сям’i з немаўлём!) выдаюць гукi, якiя лiтаральна бяруць у палон. Няма чаго дзiвiцца: Наталля належыць да рыцарскага клуба «Магiлёўская дружына». Можа, адчувае ў сабе нейкi голас мiнуўшчыны, адсюль i адданасць акарыне, якая некалькi стагоддзяў таму расквецiла новымi гукамi беларускае жыцццё? — Мы лiчым, што зрабiлi важную справу, — працягвае Наталля Вiтчанка. — Дзве папярэднiя выставы-аўкцыёны адбылiся ажно ў 1990-м i 91-м гадах. Вядома, пятнаццацiгадовы перапынак прынёс змяненнi ў грамадства: спажыўцы адвыклi ад такой формы, пры якой магчымая адразу i пакупка iнструмента. Але сёння дзякуючы выставе мы пастаралiся прыцягнуць увагу да праблем майстроў музычных iнструментаў, якiя ў нас па-ранейшаму працуюць i гатовыя прыходзiць у гэтае мастацтва. Ўсё-такi аўкцыён не абышоўся без продажу. Нацыянальны музей гiсторыi i культуры Беларусi набыў у сваю калекцыю дуду майстра Кульпiна i керамiчныя фальклорныя iнструменты Наталлi Русiян.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Музычныя iнструменты, якiя робiць беларускi майстра Вiктар Кульпiн, можна паглядзець у Лонданскiм музеi Горнiмана. А можна i значна блiжэй — у Музеi г
|
|