I пiшуцца радкi душоюЁсць людзi, у якiх гарманiчнае жыццё. I нiчога не можа разбурыць тую гармонiю, бо яна ўнутры чалавека — стрыжань яго жыцця. Звычайная паляшучка, якая выгадавала пецярых дзяцей, трымае дзве каровы i не можа абысцiся без паэзii. Андрэй Ярашэвiч — стараста вёскi, якi ў свой час вучыў Нiну Кавальчук, сказаў, што дачка ў яе прыёмная. Жанчына ўзяла дзяўчынку з дзiцячага дома. Сёння Воля вучыцца ў каледжы на ветэрынарным аддзяленнi. I ёй пашанцавала з прыёмнай мамай. — У Вольгi ёсць хлопец i я цяпер збiраю для яе пасаг, — кажа Нiна Уладзiмiраўна, — а як жа iнакш, яна наша дачка. Хоць ў прыёмных сем’ях вельмi часта дзецi не затрымлiваюцца — закончылi школу i пакiдаюць сям’ю. Радня ў паэткi вялiкая. Толькi стрыечных набярэцца не адзiн дзесятак, а на вяселле можа прыйсцi i за дзвесце чалавек. Дзяды i прадзеды родам з Хатынiч, i можа таму Нiна Кавальчук найперш пiша пра сваiх землякоў i родную вёску. Муж Вiктар, са слоў жанчыны, майстар на ўсе рукi. Калi трэба — печ складзе, лiштвы выража цi нейкi агрэгат да самаробнага трактара змайструе. А брата Нiны Уладзiмiраўны Мiшу на вёсцы клiчуць Гармонiк, ды i ўсе яе дзецi маюць цягу да прыгожага: лепяць, выразаюць, будуюць... I Нiна Уладзiмiраўна тут не выключэнне. — Нiколi не задумвалася: пiсаць цi не. Вершы пiсала яшчэ ў школе, але нiкому не паказвала, бо саромелася. Але калi з’яўляецца думка, то заўсёды хочацца прывесцi яе да рыфмы, стройнасцi, — расказвае хатынiцкая паэтка. Калi чытаеш яе вершы, то прыкмячаеш, што радкi вельмi лёгка ўспрымаюцца i часта маюць бытавую накiраванасць. Вось паехаў сын на заробкi ў Расiю, i з’явiлiся радкi: Папрасiла: званi, не маўчы, Бо спакой не так лёгка даецца, Ў далячынь хоць глядзi, хоць крычы, Толькi з рытму збiваецца сэрца. Але ж ад вершаў сытай сям’я не будзе. Даводзiцца здабываць хлеб сялянскай працай ды даглядаць старых. Хоць раней усёй сям’ёй iшлi на балота па журавiны i начавалi там. Цяпер ужо няма той неабходнасцi, ды i сiлы не тыя. Даглядаць старых даволi складана — у кожнага свой характар, але наша гераiня i для iх стала як сваячка. Пенсiянеры мяняюцца, але нараканняў на жанчыну няма. — Калi ўзнiкае канфлiктная сiтуацыя, то я затыкаю вушы, заплюшчваю вочы i стараюся пазбегнуць скандалу. Жыццё такое кароткае i разменьваць яго на сваркi не трэба, — разважае Кавальчук, — за лепшае зрабiць чалавеку прыемнае. Вось, бывае, на дзень нараджэння прынясеш жанчыне паштоўку з кветкамi, а гэта для яе вялiкая радасць. Чалавека можна зразумець — няма нiкому справы да адзiнокага пенсiянера. Але здаралася, што канфлiкту на ўдавалася пазбегнуць. Адной старой падалося, што даглядчыца падмянiла гуманiтарную дапамогу. Вось i паехала да начальства ў райцэнтр. Там пенсiянерцы ўсё растлумачылi, i жанчына адышла. Праца, сям’я i вершы — усё проста i натуральна, без мудрагелiстасцi i надрыву. А бывае, што верш становiцца песняй i тады мясцовы хор разам з аўтарам слоў спявае: Апранiся ў заморскiя строi, Чужой мовай пачнi гаварыць, — Не прымусiш душу у спакоi, Без радзiмай зямелькi пражыць.
Заспяваць можна ў розных краiнах, З хараства iх не зводзiць вачэй, Толькi ў родных знаёмых мясцiнах Беларускаму сэрцу лягчэй. Сымон СВIСТУНОВIЧ. Ганцавiцкi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць людзi, у якiх гарманiчнае жыццё. I нiчога не можа разбурыць тую гармонiю, бо яна ўнутры чалавека — стрыжань яго жыцця |
|