Дзень Галавенчыцаў
Iлона IВАНОВА
У Антонаўскiм сельскiм Савеце iснуе традыцыя: тут штогод робяць свята вёскi — кожным разам у новай. Да гэтага дня старанна рыхтуюцца i з дапамогай выканаўчай улады наводзяць у вёсцы парадак. Сёлета ў Галавенчыцах лiквiдавалi дзве старыя кiнутыя хаты i чатыры пунi, якiя псавалi знешнi выгляд вёскi. Прывялi ў парадак калодзежы i калонкi. На месцы, дзе калiсьцi стаяла царква, усталявалi крыж, якi асвяцiў праваслаўны святар. Пасадзiлi вiшнёвы сад, якiм славiлiся Галавенчыцы яшчэ да рэвалюцыi.
— Людзi задаволеныя, — гаворыць старшыня сельскага Савета Таццяна Паляонак. — Мы хочам, каб яны ўзгадалi гiсторыю роднай вёскi, сваiх продкаў i сваякоў. Усё гэта — сямейныя вузы i вясковае братэрства — адкладаецца ў памяцi людзей, яднае, нiтуе iх. Галавенчыцы ўзнiклi напрыканцы XVI стагоддзя. Мяркуецца, што назва вёскi пайшла ад абчэсаных чорна-белых вешак, галавешак. Вядома, што тут жыў памешчык Радыёнаў, i ў гiсторыi засталося iмя кiраўнiцы маёнтка Марыi Паўлаўны, шчодрай i спагадлiвай жанчыны. Не забылiся нашчадкi i пра яўрэя Барчанка, якi трымаў лаўку пад назвай «Вiнопалька», дзе можна было, акрамя ласункаў i вострых прыпраў, набыць спiртныя напоi. Тут нетаропка цякло жыццё, дзецi вучылiся ў царкоўна-прыходскай школцы, а людзi займалiся земляробствам i кавальствам. Пасля рэвалюцыi ў Галавенчыцах стварылi калгас, адкрылi хату-чытальню i правялi тэлефонную сувязь. Напярэдаднi вайны ў вёсцы жыло каля паўтысячы жыхароў, а цяпер — крыху болей сотнi. У вайну загiнулi 62 вяскоўцы, i ўсiх iх падчас свята ў Галавенчыцах узгадалi пайменна i ўсклалi кветкi i вянкi да вясковага абелiска памяцi. А потым у сельскiм клубе адбылося прадстаўленне. Аб’ява на вясковай краме заклiкала народ адкласцi свае справы i прыходзiць на свята, узяўшы з сабой толькi ўсмешку i добры настрой. I ў клубнай зале не было свабодных месцаў. Там ушанавалi лепшых працаўнiкоў вёскi, а таксама мужоў i жонак, якiя пражылi разам каля 50 гадоў i наблiжаюцца да «залатога» вяселля. Падарункi ад сельскага Савета атрымалi самая старая жыхарка вёскi Ядзвiга Казлова, якой сёння 91 год, i самы малады — 4-гадовы хлопчык Алег Аксёнаў. Адпачыць ад надзённых спраў, паспяваць песнi i патанцаваць запрасiлi людзей удзельнiцы вясковага фальклорнага гурта «Незабудкi». Гэтыя жанчыны спяваюць разам ужо некалькi дзесяткаў гадоў i, нягледзячы на паважаны ўзрост, здзiўляюць гледачоў не толькi прыгожымi песнямi, але i бадзёрасцю духу. Мясцовая бiблiятэкарка Святлана Лазуцiна лiчыць, што сабраць вяскоўцаў разам, арганiзаваць iх на свята — гэта значная падзея ў жыццi. — Бабуля мне расказвала, што ў Галавенчыцах жыў дзед Арыэля Шарона, былога прэм’ер-мiнiстра Iзраiля, якi цяпер хворы, — падзялiлася Святлана. — Iх дом стаяў каля возера. Яны былi заможнымi людзьмi i, гавораць, дапамагалi бедным i дзецям. Так што ў нас тут знаныя мясцiны. Галавенчыцы — родная вёска старшынi Чавускага райвыканкама Анатоля Мацюлiна. Тут ён вырас i закончыў пачатковую школу. — На жаль, вёска старэе, — уздыхае кiраўнiк раёна. — Хаця тут у свой час будавалася новае жыллё, i маладыя людзi ў Галавенчыцах жывуць. Цэнтр гаспадаркi знаходзiцца адсюль у некалькiх кiламетрах, i працай мясцовыя жыхары забяспечаны. Тым больш што ў гэтай вёсцы запланавана рэканструкцыя фермы па новых тэхналогiях. I вёску будзем добраўпарадкоўваць — каб у людзей тут было ўсё для прыстойнага жыцця. Анатоль Мацюлiн пажадаў сваiм землякам добра працаваць — так, каб не было сорамна глядзець у вочы сваiм бацькам i дзядам. I калi да каштоўнасцяў спадчыны прыкласцi сёння працоўную дысцыплiну i адказнасць, лiчыць старшыня Чавускага райвыканкама, добрае будучае Галавенчыцам забяспечанае. У наступным годзе ў Антонаўскiм сельскiм Савеце плануюць арганiзаваць новае свята — на гэты раз у вёсцы Галачова. Чавускi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Антонаўскiм сельскiм Савеце iснуе традыцыя: тут штогод робяць свята вёскi — кожным разам у новай. Да гэтага дня старанна рыхтуюцца i з дапамогай вык
|
|