А пачыналася з дачы...
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Свая справа — Тут будзе возера плошчай у 25 гектараў, — Iван Пятровiч вядзе мяне да рачулкi Недайкi, што працякае па шырокай лугавiне, якую з двух бакоў нiбы абдымае лес. — Прыгожа, га? — пытае ён у мяне i сам жа адказвае: — Прыгожа! Японцы неяк наведалi тутэйшыя мясцiны, спадабалася. Абяцалi яшчэ раз прыехаць, калi праект увасобiцца ў жыццё.— I што за праект? — Бачыце дамбу? На паўтара кiламетра цягнецца. А вунь бульдозер, можна сказаць, апошнiя штрыхi намечанай работы выконвае. Зробiць усё, воды Недайкi пачнуць запаўняць лугавiну. Будзе гэта ўжо сёлета. Запусцiм карпа, таўсталобiка, белага амура, iншую рыбу. На берагах рукатворнага возера створым зону адпачынку, наладзiм экатурызм. У нас ужо ўсё прыдумана. Iван Пятровiч хвiлiнку памаўчаў, любуючыся краявiдамi, затым працягваў расказ: — Калi на гэтым першым этапе ўсё закончыцца добра, можна будзе ўзяцца за другi. А менавiта: стварыць рыбгас. Недалёка адсюль маюцца яшчэ дзве мясцiны, якiя з мiнiмальнымi затратамi можна ператварыць у азёры. А рыбы нашаму народу толькi дай. Падумалася: адкуль у маладога фермера, якому не споўнiлася i сарака гадоў, такi размах? Ён — гамяльчанiн, меў у горадзе сваю справу (даволi паспяхова займаўся рамонтам аўтамабiляў), а бач ты — пацягнула чалавека да вясковых, зямельных спраў. Як гэта было, з чаго пачалося? Аказваецца, яго бацькi мелi ў вёсцы Елянец Буда-Кашалёўскага раёна дачу, на якой працаваў i Iван. I вось яшчэ да жанiцьбы ён вырашыў пабудаваць i сабе дом у гэтых прыгожых мясцiнах — шырокае раздолле пойменных прыдняпроўскiх лугоў, звонкiя лясы з меднастволымi соснамi i ў белым вэлюме бярозамi, i процьма ягад i грыбоў. Задуманае было зроблена, хоць дом яшчэ не добраўпарадкаваны да канца, але сям’i фермера жывецца тут нядрэнна. У савецкiя часы ў Елянцы быў калгас з гучнай назвай «Перамога», якi, вобразна кажучы, цярпеў паражэнне за паражэннем у бiтвах за ўраджай. У рэшце рэшт яго i яшчэ адзiн калгас з такой жа гучнай назвай «Прагрэс», якi, аднак, рэгрэсiраваў у сельскагаспадарчых справах, далучылi да моцнага калгаса «Авангард». I тыя пацягнулi яго назад. У 90-я гады гаспадаркi раз’ядналi, але «Перамога» самастойнасцi не атрымала, бо калгас стаў падсобнай гаспадаркай адной буйной будаўнiчай арганiзацыi Гомеля. Тая спачатку рашуча ўзялася наводзiць тут парадкi, але таго запалу хапiла ненадоўга. Дысцыплiна ў вяскоўцаў кульгала на дзве нагi, а пра п’янкi ўжо i гаварыць не было чаго: усё расцягвалася, раскрадалася. Падсобная гаспадарка для будаўнiкоў аказалася такой гiрай на нагах, што праз колькi часу яны паставiлi пытанне рубам перад мясцовым райвыканкамам: не трэба яна нам, забярыце яе назад. Што i давялося зрабiць. Невядома, што было б зараз з той падсобнай гаспадаркай, калi б не наступны выпадак. Група маладых прадпрымальных гамяльчан, сярод якiх быў i Iван Пятровiч Мачальнiк, вырашыла ўкласцi свае грашовыя сродкi ў сельскую гаспадарку, стаць фермерамi, каб потым мець на гэтым добрыя заробкi. А раённае начальства мела на мэце збавiцца ад той падсобнай гаспадаркi, якая была для яго галаўным болем. Адным словам, iнтарэсы двух бакоў супалi такiм чынам, што яны ўдарылi па руках: гаспадарка перадавалася новым яе ўладальнiкам бязвыплатна з правам наступнага выкупу. Што ж на той момант яна сабой уяўляла? Бальнасць зямлi нiзкая i характарызуецца лiчбай 26. Вялiкая частка яе наогул не апрацоўвалася чатыры гады. Машынна-трактарны парк быў разукамплектаваны, жывёлагадоўчыя памяшканнi, акрамя аднаго, знаходзiлiся ў дрэнным стане, зарплата людзям не выплачвалася чатыры месяцы, запазычанасцяў у гаспадаркi — цэлы мех. Ды што тут пералiчваць, калi рэнтабельнасць яе была мiнус 62 працэнты! — Як паглядзелi мы на жывёлу, — успамiнае Iван Пятровiч, — скура ды косцi. Худая скацiна, нямоглая. Таму першыя нашы крокi ў гаспадарцы пачалiся з таго, што мы закупiлi сена для ўсiх ста галоў жывёлы. Па спiсах лiчылася, што ў гаспадарцы працуе 41 чалавек, аднак усё гэта толькi на паперы. Сабралi людзей i адразу заявiлi iм: выпiўкi на рабочых месцах, прагулы, крадзяжы, iншыя парушэннi цярпець нiхто не будзе, бо такiх чакаюць звальненнi з работы па адпаведнаму артыкулу. I што вы думаеце? Дзесяць чалавек адразу падалi заявы на звальненне. У фермерскай гаспадарцы 597 гектараў зямлi, 327 з якiх ворыўнай, частка яе ператварылася ў пустэчы. Каб аднавiць яе, атрымлiваць у жывёлагадоўлi добрыя прывагi i надоi, патрэбны рабочыя рукi. Яны ў Елянцы i навакольных вёсках ёсць, аднак многiя мужчыны i жанчыны, скажам прама, працаваць развучылiся, ударылiся ў выпiўкi. Дайшло да таго, што з 41 чалавека на пастаяннай рабоце засталося толькi 18. Астатнiя звольнiлiся самi або былi звольненыя новымi гаспадарамi. Iх прапановы закадзiравацца за кошт фермера прынялi толькi тры чалавекi. I крыўдна, гаворыць Iван Пятровiч, што большая частка жыхароў Елянца лiчыць, што мы прыехалi сюды, каб нажыцца, не хочуць разумець, якiх намаганняў каштуе нам старанне выцягнуць, лiчы, цэлы калгас з багны. Кажуць, фермер занадта ўжо прыдзiрлiвы, патрабавальны, малыя заробкi ў яго. А я iм у адказ: хто хоча зарабiць, той зарабляе. I нядрэнна. А работы ў нас хапае. Дайшло да таго, што пры наяўнасцi рабочай сiлы ў вёсцы людзей давялося наймаць для працы ў... iншых абласцях. Быў нават аднойчы такi выпадак. Некалькi чалавек з Заходняй Украiны нанялiся на працу — абразаць сад. Дык вяскоўцы так прыгразiлi iм, што тыя вымушаныя былi выехаць адсюль, не закончыўшы работы. Iснуе такi выраз: дарогу асiльвае той, хто iдзе. Дык вось, справы ў новых гаспадароў, хоць i з цяжкасцямi, але паступова наладжваюцца. На працягу года з дапамогай тых, хто працуе сумленна ў гаспадарцы, частка тэхнiкi з ламачча ператварылася ў дзеючую: тры трактары, камбайн, два аўтамабiлi. Другая частка была закупленая. Кожны год аднаўляецца па некалькi гектараў зямлi. Статак буйной рагатай жывёлы давялося замянiць на больш высокапрадукцыйных нецеляў, якiх закупiлi ў Гродзенскай вобласцi, i ён зараз налiчвае 160 галоў. Тое ж самае i са свiнагадоўляй, якую пачыналi з 11 парасят лiтоўскай пароды. I свiней на адкорме зараз каля 150 галоў. У Буда-Кашалёве фермер мае гандлёвую кропку, дзе кожны дзень прадаецца мяса. Людзi ахвотна яго купляюць: сваё, свежае. Дарэчы, калi раней кармы для жывёлы недзе закуплялiся, дык зараз яны нарыхтоўваюцца на месцы. — Смешна ўспамiнаць, — гаворыць Iван Пятровiч, — але адразу на наступны дзень перадачы нам у арэнду гаспадаркi з’явiлiся прадстаўнiкi падатковай iнспекцыi i папярэдзiлi аб адказнасцi за тыя даўгi, якiя яна мела. I нам патрабавалася многа папрацаваць, каб за апошнiя тры гады разлiчыцца з усiмi запазычанасцямi. На многiя тэмы гутарыў я з Iванам Пятровiчам, чалавекам, якi ў курсе ўсiх спраў, якi не пабаяўся цяжкасцяў, якога хвалюе п’янства вяскоўцаў. Ён лiчыць, што нядаўна прыняты Закон аб фермерскiх гаспадарках — гэта важны крок у дапамозе iм, але падтрымка фермераў з боку дзяржавы павiнна быць большай. Дарэчы, самымi блiзкiмi памочнiкамi Iвана Пятровiча з’яўляюцца яго бацькi. Мацi, Кацярына Iванаўна, якую мы сустрэлi на ферме, закончыла два сельскагаспадарчыя тэхнiкумы, а бацька, Пётр Рыгоравiч, усё жыццё працаваў дальнабойшчыкам. А жонка Аксана — яго правая рука. Вельмi дапамагаюць яму i старшыня абласной асацыяцыi фермераў, кандыдат сельскагаспадарчых навук Мiхаiл Лявонцьевiч Байда, работнiкi райвыканкама. Дарэчы, фатаграфiя фермера Iвана Пятровiча Мачальнiка з Елянца — на раённай Дошцы гонару. Прызнанне яго заслуг? Менавiта так...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Тут будзе возера плошчай у 25 гектараў, — Iван Пятровiч вядзе мяне да рачулкi Недайкi, што працякае па шырокай лугавiне, якую з двух бакоў нiбы абды
|
|