Здарова есцi!
Iлона IВАНОВА
Кожны чалавек хоча жыць доўга i хварэць мала. Калi паветра атручваюць выкiды прамысловасцi i аўтамабiляў, у сельскай гаспадарцы карыстаюцца ўгнаеннямi i ядахiмiкатамi, адзенне робiцца са штучных матэрыялаў, а дамы ўпрыгожваюцца пластыкам i гiпсакартонам, хочацца хоць бы есцi нешта экалагiчна чыстае i карыснае для здароўя. Такiм чынам, iдзём у краму па здаровыя харчы.
* * * Перш за ўсё здаровыя прадукты харчавання не ўтрымлiваюць шкодныя рэчывы. Вядома, напрыклад, гiсторыя пестыцыду ДДТ, якi ва ўсiм свеце забаронены ўжо больш за 30 гадоў, але яго ўсё ж час ад часу знаходзяць у харчах. — Аднак у нашых крамах усе харчы маюць дакументы, якiя пацвярджаюць iх якасць i бяспеку для здароўя чалавека, — каментуе начальнiк аддзялення гiгiены харчавання Магiлёўскага рэгiянальнага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Алена Камiнская. — Сiстэма гандлю ў краiне адрэгуляваная, i ў ёй харчы прадаюцца бяспечныя, у адпаведнасцi з санiтарнымi нормамi i правiламi. Я б параiла больш пiльна ставiцца да харчоў, якiя прадаюцца на рынках. I маюцца на ўвазе не толькi грыбы, але i мяса, i малако. Кантроль на рынках, канешне, таксама працуе, але i самому пакупнiку трэба быць уважлiвым: жыццё адно i здароўе адно, трэба берагчыся. Акрамя гэтага, трэба зважаць на абмежаваннi паводле стану здароўя канкрэтнага чалавека. Напрыклад, не варта даваць дзецям да 8 гадоў грыбы, гiпертонiкам зусiм не пасуюць тлустыя i салёныя прадукты, а тым, у каго праблемы са страўнiкам, процiпаказана вэнджаная каўбаса. * * * У тэхналогii прыгатавання розных харчовых прадуктаў у апошнiя дзесяцiгоддзi вельмi шырока выкарыстоўваюцца харчовыя дабаўкi. Рэдкi пакупнiк дасканала разбiраецца ў iх вялiкай разнастайнасцi. Кансерванты, узмацняльнiкi смаку, фарбавальнiкi, загушчальнiкi, замяняльнiкi цукру i iншыя — iх у народзе з’едлiва называюць «вiтамiнам Е». Што хаваецца за нумарнымi «Е» — бясшкодная лiмонная кiслата альбо вераломны сiнтэтычны кансервант? Чалавеку, якi спецыяльна не вучыў класiфiкацыю харчовых дабавак, тут не разабрацца. А спецыялiсты тлумачаць, што дазволеныя ў харчах дабаўкi ёсць у санiтарных правiлах. Кожная прайшла рэгiстрацыю ў Мiнiстэрстве аховы здароўя, i iх выкарыстанне цалкам законна. Аднак медыкаў, як i iншых звычайных пакупнiкоў i спажыўцоў, бянтэжаць «букеты» харчовых дабавак у пэўных прадуктах. Таму яны ўсiм раяць усё ж такi выбiраць тыя, дзе «Е» меней. Напрыклад, нездарма апошнiм часам сталi карыстацца папулярнасцю соусы, сокi i iншыя харчы, якiя iдуць з маркiроўкай «Без кансервантаў i фарбавальнiкаў». * * * Хочацца ўжываць у ежу не толькi бясшкодныя, але i карысныя для здароўя прадукты. I нават лячэбна-прафiлактычныя, з натуральнымi вiтамiнамi i каштоўнымi мiнеральнымi рэчывамi. Якраз такiх шмат сярод малочнай прадукцыi. Паводле спецыялiстаў у сферы гандлю, малочная прамысловасць Беларусi за апошнiя гады добра прасунулася наперад у вырабе здаровых прадуктаў. Узбагачаныя бiфiдафлорай, лактулозай, ацыдафiльнымi кампанентамi, яны даюць станоўчы эфект: не толькi нармалiзуюць работу страўнiкавага тракта, але ўвогуле актывiзуюць абменныя працэсы ў арганiзме. Напрыклад, Магiлёўскi малочны камбiнат вырабляе малако з лактулозай: гэта вытворная малочнага цукру выклiкае нармалiзацыю, адраджэнне мiкрафлоры ў страўнiку, прычым нават больш устойлiвае, чым гэта робяць шырока разрэкламаваныя бiфiдабактэрыi. Ёсць звесткi, што японцы, якiя дабаўлялi лактулозу ў харчы, працягнулi сярэдняе жыццё нацыi на дзесятак гадоў. Канешне, здаровы прадукт — ёгурт. Гэта адзiн з 14 харчоў, якiя называюць найбольш карыснымi для чалавека. * * * Доктар Сцiвен Прат, якi стварыў гэты «спiс 14», акрамя рознай садавiны i гароднiны, грэцкiх арэхаў, ласасiны, мяса iндыка i iншых, уключыў у яго i звычайную аўсянку. Аўсяныя шматкi — танны прадукт, але вельмi карысны. Цяпер найбольш папулярныя сумесi розных шматкоў, якiя не патрабуюць гатавання. Паўкiлаграмовы пакунак можна набыць у крамах не больш чым за 2 тысячы рублёў. Адзiн з самых папулярных здаровых прадуктаў — мюслi: розныя шматкi з арэхамi i сухафруктамi. Яны з’явiлiся ў айчынных камерцыйных кiёсках у пачатку 1990-х i адразу заваявалi шмат прыхiльнiкаў, хоць не адразу прыжылася назва. У той час у адным з кiёскаў я на свае вочы бачыла цэннiк на пакунках мюслi па-руску: «Мысли — фруктовые, классические и оригинальные». Цяпер мюслi вядомыя кожнаму шкаляру, iх з поспехам выпускае беларуская прамысловасць i каштуюць яны няшмат. Увогуле прамысловасць, якая вырабляе самыя розныя хлебапрадукты, таксама як i малочная, значна крочыла наперад у сэнсе здаровай ежы. Хоць цяпер i папулярныя розныя бялковыя дыеты, якiя не дазваляюць спажыванне хлеба альбо дазваляюць мiнiмум, без гэтага прадукту беларусу пражыць цяжка. — Цяпер з’явiлася шмат гатункаў хлеба прафiлактычных напрамкаў, — гаворыць Алена Камiнская. — З зерневымi дабаўкамi, вотруб’ем, нават з марской капустай. У Магiлёве вельмi папулярны хлеб «Дзеткаўскi» з семачкамi сланечнiка. Увогуле семачкi — гэта выдатная крынiца селену, якога не хапае беларусам. Усе гэтыя хлябы смачныя i карысныя для здароўя. I рэалiзацыя iх вельмi добрая. Вытворцы асцерагалiся, што такiя гатункi, якiя каштуюць даражэй за звычайныя, не будуць набываць. А выявiлася, што зусiм наадварот! А наступная прыступка — гэта хлеб з прарошчанага збожжа. Такi хлеб выпякалi яшчэ ў ХVIII стагоддзi, каб падтрымлiваць сiлы ваяроў. А для халоднай Сiбiры праросткавыя хлябы — гэта норма. I нам таксама яны б не зашкодзiлi. * * * Каўбаса — гэта проста i смачна. Але наўрад цi яе можна назваць здаровай ежай. Спалучэнне свiнiны, ялавiчыны, спецый, раслiнных i харчовых дабавак. Спажыўна i каларыйна, але сiстэматычна ўжываць каўбасу вам не параiць нi адзiн доктар. — А вэнджаную каўбасу я зусiм выкраслiла з рацыёну, бо там шмат канцэрагенаў, — дзелiцца вопытам магiляўчанка, якая сочыць за здароўем i фiгурай. — Курынае фiле з гароднiнай больш пасуе для вечаровай ежы маёй сям’i. I ўвогуле мой дэвiз — як мага меней паўфабрыкатаў, а больш натуральнай ежы, якую гатуеш сам. Што набываць натуральнае свежае мяса i з яго гатаваць — лепшае выйсце, не спрачаецца нiхто. Але тут трэба кожнаму глядзець у свой кашалёк i вырашаць, наколькi гэта даступна. Вельмi карысная цяляцiна, але i ад свiнiны медыкi не раяць адмаўляцца — гэта ўласцiвы для беларусаў прадукт, мы на iм генетычна выраслi. I нездарма шмат людзей менавiта вясковыя прадукты лiчаць самай здаровай ежай. — У вясковым салёным сале няма кансервантаў i iншай хiмii, — гаворыць жыхар абласнога цэнтра. — Таму гэта самы натуральны прадукт, якi багаты, дарэчы, на многiя карысныя для чалавека рэчывы. Таму зайздрошчу рацыёну вяскоўцаў, а таксама i гараджанаў, якiя маюць сваякоў у сельскай мясцовасцi. З такой ежай, як свойскае сала i малако, можна пражыць да ста гадоў! * * * Што датычыцца рыбы i мора- прадуктаў, то ўсё гэта — здаровыя прадукты. Праўда, у даступных па цане крабавых палачках, так бы мовiць, малавата самой рыбы, але ўсё ж i шкоды там нiякай — проста хуткi няхiтры перакус. Канешне, глыбокая замарозка шкодзiць рыбе, але гандаль, нават у правiнцыi, развiваецца хуткiмi тэмпамi, i людзi вераць, што i ў Магiлёве хутка будзе прадавацца ласасiна на лёдзе. А пакуль медыкi раяць прывучыцца перш за ўсё есцi марскую капусту: яна каштуе танна, але з’яўляецца для нас крынiцай ёду, недахоп якога можа выклiкаць каласальныя праблемы ў арганiзме чалавека, асаблiва ў дзяцей. Тут можа дапамагчы i ёдаваная соль. Яшчэ колькi гадоў таму быў вельмi нiзкi попыт на ёдаваную соль. Гандаль браў яе вельмi неахвотна, i ў агульным аб’ёме солi ёдаваная займала толькi 25 працэнтаў. Цяпер жа — 70. За гэты непрацяглы час удалося змянiць псiхалогiю вытворцаў харчоў, гандлёвых арганiзацый i грамадскага харчавання, ды i грамадства ўвогуле. Аказваецца, ёсць цяпер нават i цукеркi, карысныя для здароўя. Бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавiк» выпускае выдатныя жавальныя цукеркi, у тым лiку i на фруктозе. А таксама i зефiр на натуральным яблычным пекцiне. Кандытары новага пакалення бяруць на ўзбраенне лозунг: «Павiнна быць смачна, але няцяжка для арганiзма». Таму цяпер карыстаюцца папулярнасцю торцiкi з раслiннымi вяршкамi — вытворнымi соi, якiя маюць невялiкую каларыйнасць. * * * У магiлёўскiх крамах па прыкладзе сталiчных сталi з’яўляцца аддзелы здаровага харчавання, якiх, абяцаюць у гарадскiм упраўленнi гандлю, будзе яшчэ больш — бадай што ў кожнай буйной краме. Пакуль жа iх яшчэ адзiнкi. На палiцах у гэтых аддзелах няшмат прадуктаў, i большасць з iх арыентаваная на хворых на цукровы дыябет i вегетарыянцаў, якiя спажываюць прадукты з соi. Цiкавяцца гэтымi аддзеламi i тыя, хто змагаецца з лiшняй вагой i iншымi праблемамi арганiзма. Хоць медыкi лiшнi раз нагадваюць пра небяспеку дыет i галадання, а раяць нармалiзаваць сiстэму харчавання, рухацца i атрымлiваць задавальненне ад жыцця, i ежы ў тым лiку. Што ж сёння можна набыць у аддзелах здаровага харчавання? Напрыклад, клятчатку з зародкамi пшанiцы — для амаладжэння арганiзма, для нармальнай работы страўнiкавага тракта i iншых сiстэм арганiзма. Пакунак 150 грамаў каштуе крыху больш за 2,5 тысячы. Буры рыс (лушчаны, а не палiраваны — вельмi важна, бо захоўваюцца ўсе каштоўныя рэчывы) можа збянтэжыць сваiм незвычайным выглядам — не белы, а карычневы з шалупкамi. Але ён вельмi смачны: трэба толькi замачыць яго на некалькi гадзiн, а потым гатаваць каля паўгадзiны. А калi дадаць у яго цыбулю i грыбы — артымлiваецца смачнае i здаровае «рызота». Паўкiлаграмовы пакунак такога рысу каштуе крыху больш за 1,5 тысячы. Таксама ў аддзелах здаровага харчавання ў Магiлёве пачалi з’яўляцца кiтайскiя ласункi: вяленыя фiнiкi i слiвы, арэхi з кунжутам на мёдзе. Каштуюць пакункi ў 100 грамаў прыкладна 1,5 тысячы. * * * У Магiлёўскiм цэнтры гiгiены ёсць цяпер аддзел грамадскага здароўя, якi займаецца тым, што рухае iдэi па здароваму ладу жыцця, у тым лiку i ў сiстэме харчавання. — Iнтарэс грамадства да здаровых харчоў будзе павялiчвацца, — не сумняваецца Алена Камiнская i з ёй згодныя спецыялiсты з гарадскога ўпраўлення гандлю. — Нехта, канешне, катэгарычна ад iх адмовiцца i сто гадоў пражыве на смажанай свiнiне. Але людзям уласцiва пачуццё самазахавання i ў большасцi яны будуць цiкавiцца здаровай ежай. Памятаеце, калi з перабудовай у нашых крамах пачалi з’яўляцца харчы заходнiх узораў, як мы былi ў захапленнi ад iх моцнага, поўнага смаку? Тады мала хто думаў, што смак забяспечваюць зусiм не натуральныя iнгрэдыенты. У калiдоры бальнiцы я аднойчы пачула, як доктар «раскрываў вочы» на нездаровае харчаванне сваякам свайго пацыента i гучным голасам патрабаваў прынесцi хвораму булён не з кубiкаў, а з натуральнай курыцы! Цяпер, падаецца, адбываецца новы паварот. Пакуль жа спецыялiсты раяць нашым спажыўцам набываць беларускiя прадукты харчавання. I не толькi каб падтрымаць айчынных вытворцаў. А таму, што беларуская харчовая прамысловасць, у адрозненне ад заходняй i нават расiйскай, у асноўным трымаецца на натуральнай сыравiне. — Я раю ўсiм думаць пра здароўе сваё i сваiх блiзкiх, — падводзiць вынiк Алена Камiнская. — Менавiта з гэтага пачынаецца здаровая сiстэма харчавання. I каб выбiраць лепшае, жадаю ўсiм паболей зарабляць грошай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны чалавек хоча жыць доўга i хварэць мала. Калi паветра атручваюць выкiды прамысловасцi i аўтамабiляў, у сельскай гаспадарцы карыстаюцца ўгнаеннямi
|
|