21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сцягнуць, умыкнуць, злямзiць...

25.08.2009 22:07 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ала МАЧАЛАВА

...сперцi, прырабiць ногi, сцiбрыць, свiснуць, «запазычыць» — столькi слоў для абазначэння аднаго i таго ж iснуе ў нашым штодзённым ужытку. Жыццё паказвае, што скрасцi можна ўсё: пачыныючы з шарыкавых ручак i заканчваючы масiўнымi караблямi (прынамсi, адзiн з iх, паводле версii Кнiгi рэкордаў Гiнеса, з’яўляецца самым буйным прадметам, скрадзеным у адзiночку, — параход «Арыент Трэйдэр», грузапад’ёмнасцю нi многа нi мала — 10 з лiшкам тысяч тон (!). Пад покрывам ночы канадзец-хiтрун перасек швартовы i адагнаў судна на загадзя падрыхтаваным буксiры). Караблi спрабуюць скрасцi не кожны дзень, а вось прадукты харчавання i алкагольныя напоi — пастаянна. Аб тым, хто, што i чаму крадзе ў крамах, вы даведаецеся з гэтага матэрыялу.

Намеснiк начальнiка Ленiнскага РУУС, начальнiк Мiлiцыi грамадскай бяспекi Ленiнскага раёна г. Мiнска Сяргей КАЯЛОВIЧ расказаў нам пра змяненне адказнасцi за крадзяжы:

— Змяненнi, унесеныя на пленуме Вярхоўнага Суда ў канцы лiпеня 2006-га, датычылiся таго, што з Крымiнальнага кодэкса быў выключаны артыкул 213 (паўторны дробны крадзеж), цяпер за гэту правiннасць прадугледжана толькi адмiнiстрацыйная адказнасць. Зроблена гэта па той прычыне, што злачынствы такой катэгорыi не адносяцца да, скажам так, небяспечных для грамадства: часам чалавек, якi скраў пачак цыгарэт, атрымлiваў тэрмiн пакарання, не адэкватны таму ўчынку, якi ён здзейснiў. Наша заканадаўства ўвогуле iдзе па шляху не ўзмацнення жорсткасцi, а наадварот — змякчэння.

У крадзяжоў ёсць свая сезоннасць: дзецi спрабуюць нешта ўкрасцi або з’есцi на месцы ў першыя днi канiкулаў — пэўна, так адмоўна сказваецца пачуццё свабоды. Перад святамi i выхаднымi «затаварваюцца» жанчыны: прыпасаюць прадукты, пасля — мужчыны (iх мэта — алкаголь i цыгарэты). «Спецыялiсты» па крадзяжу адзення актывiзуюцца падчас змены сезонаў: зараз вось пахаладала — i пачалiся спробы абнавiць гардэроб i ўцяплiцца за кошт «лоўкасцi рук». Ёсць i свой «час пiк»: больш спробаў нешта скрасцi назiраецца з 17 да 19 гадзiн — у гэты час пакупнiкоў значна больш, таму патэнцыяльным зладзеям прасцей застацца незаўважанымi. Зазначым, што многiх «пастаянных клiентаў» супрацоўнiкi аховы гандлёвага цэнтра ведаюць у твар.

— Як гэта паўплывала на сiтуацыю з крадзяжамi ў крамах, Сяргей Мар’янавiч?

— У нас ёсць катэгорыя людзей, якiя займалiся крадзяжом пастаянна, гэта людзi без сродкаў для iснавання, так званыя бамжы, якiя прамышляюць у асноўным крадзяжом у крамах — для iх, як кажуць, насталi iншыя часы. Крадуць, складаюцца адмiнiстрацыйныя пратаколы, разглядаюцца справы ў судах, аднак у такой катэгорыi грамадзян, як правiла, узяць няма чаго, штраф яны не плацяць. Часцей за ўсё на дзень у Ленiнскiм раёне прыходзiцца па 5—6 (зрэдку 10) дробных крадзяжоў, прычым у асноўным вал дае гiпермаркет «ГIПА». За 10 месяцаў 2006-га складзена 698 адмiнiстрацыйных пратаколаў паводле артыкула 51 за дробныя крадзяжы. Працэнтаў 40 ад колькасцi злачынцаў у Ленiнскiм раёне — бамжы. Аднак нярэдка спрабуюць красцi матэрыяльна забяспечаныя людзi: у гiпермаркет «ГIПА» аднойчы прыехала на аўтамашыне «Аудзi А6» 2003 года выпуску сямейная пара гадоў каля 40, муж i жонка набралi тавару на суму звыш 500 тысяч рублёў (там былi прадукты харчавання, адзенне) i паспрабавалi вывезцi ў абход касы. Калi iх затрымалi супрацоўнiкi аховы «ГIПА» i перадалi нам, то ў кашальку жанчыны аказалася сума ў некалькi разоў большая, чым тая, якую ёй трэба было заплацiць за тавар. Кожны тавар быў маркiраваны, гэтыя маркiроўкi злачынцы адарвалi, аднак яны не ведалi, што ёсць яшчэ нябачныя маркiроўкi, якiя спрацоўваюць пры спробе вывезцi тавар не праз касу — раздаецца гукавая сiгналiзацыя.

— Якая цяпер прадугледжана адказнасць за крадзяжы?

— Паводле артыкула 51 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях за дробныя крадзяжы (на суму да 10 базавых велiчынь) прадугледжана спагнанне ў памеры ад 2 да 10 базавых велiчынь (62—310 тысяч рублёў). Калi ж тавару скрадзена больш чым на 310 тысяч рублёў, наступае крымiнальная адказнасць.

— Якiя тавары крадуць часцей за ўсё?

— Алкагольныя напоi i прадукты харчавання. У асноўным крадзяжы дробныя: жвачкi, цукеркi, шакалад, цыгарэты. Рэдка сумы скрадзенага перавышаюць 10—15 тысяч.

— Якiя сродкi найбольш эфектыўна дазваляюць выявiць крадзеж?

— У буйных крамах актыўна выкарыстоўваюць вiдэанагляд, ахоўныя сiстэмы i iнш., у малых, дзе няма сiгналiзацыйных сiстэм, — усё залежыць ад уважлiвасцi ахоўнiкаў. У тых, ведаеце, такi спрактыкаваны, вопытны позiрк, працэнтаў 80 ахоўнiкаў крамаў — былыя супрацоўнiкi мiлiцыi, яны з натоўпу людзей здольны вызначыць таго, хто нячысты на руку. Зладзеi па-iншаму сябе паводзяць: ходзяць туды-сюды, перакладваюць тавар з месца на месца, азiраюцца па баках, глядзяць уверх, ацэньваючы, дзе камеры, а гэта кiдаецца ў вочы. На сёння вельмi распаўсюджаная з’ява, калi крадуць самi супрацоўнiкi крамы, але злавiць за руку прадаўца, напрыклад, вельмi цяжка. У iх, як правiла, ёсць чэк, нiбыта яны куплялi тавар. Кожны марыць жыць багата i прыгожа, аднак далёка не ўсе хочуць пры гэтым прыкладваць нейкiя намаганнi.

Самы кур’ёзны крадзеж на памяцi супрацоўнiкаў службы аховы такi: мужчына спрабаваў скрасцi жаночыя гiгiенiчныя сродкi, прычым упакоўку ён раскрыў яшчэ ў гандлёвай зале.

Хтосьцi iмкнецца ўсяго толькi пражыць за кошт скрадзеных тавараў, аднак так званыя бамжы — асноўная «публiка» малых крам, у гiпермаркетах iм рабiць няма чаго: там за iмi будуць сачыць больш пiльна. Гэтую выснову пацвердзiў i начальнiк сектара аховы гандлёвага цэнтра «ГIПА» Алег ЯЦКОЎСКI:

— На 10 выпадкаў звычайна не больш чым адзiн бомж, — зазначыў Алег Аляксандравiч. — Штодзень у нас здараецца па 3—5 iнцыдэнтаў, звязаных са спробай нешта скрасцi. Часцяком людзi прыходзяць i, убачыўшы такое багацце асартыменту, не могуць утрымацца, каб не пакласцi нешта ў кiшэню: «Фотаапарат ляжаў проста на палiцы — як тут не ўзяць!» Бамжы, п’янiцы мэтанакiравана iдуць да палiц са спiртным, крадуць на ўдачу — зловяць-не зловяць. Дарагiя тавары (электратавары, адзенне) могуць красцi супольна, бывала нават так, што нехта з групоўкi ладзiў назiральны пункт на другiм паверсе (сачыў за ахоўнiкамi гiпермаркета), пакуль iншы спрабаваў штосьцi скрасцi ў гандлёвай зале. Часам «працуюць» па iншаму сцэнарыю: адзiн з удзельнiкаў дэактывуе процiкражны элемент i кладзе тавар у iншую секцыю, а другi потым прыходзiць i выносiць тавар. Калi кошт скрадзенага не перавышае 10 базавых велiчынь (дробны крадзеж), мiлiцыi здаецца толькi той, хто выносiў тавар, у адваротным выпадку — уся група.

— Якiя тавары самыя «рэйтынгавыя» па крадзяжах?

— Алкагольныя напоi, цыгарэты, адзенне — вельмi хадавы тавар, электратавары (у прыватнасцi, брытвы) — iх набываюць, як правiла, не для ўласнага карыстання, а для збыту, дзецi крадуць салодкае (часцей за ўсё кiндэр-сюрпрызы) i цацкi.

— Хто крадзе часцей?

— Лiдзiруюць у рэйтынгу мужчыны (прыблiзна 55 працэнтаў тых, хто спрабаваў нешта скрасцi), пераважна ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, працэнтаў 10—12 — дзецi, удвая менш за апошнюю лiчбу — студэнты, астатнiя — жанчыны, прычым сярод iх нямала пажылых. У мужчын крадзяжы часцей спланаваныя, разам з саўдзельнiкамi, а ў жанчын, наадварот, — спантанныя: як правiла, купляюць мноства тавараў, а сёе-тое хаваюць у сумачку — пэўна, дзеля адрэналiну.

На сёння самымi буйнымi крадзяжамi ў «ГIПА» былi два крадзяжы на суму прыблiзна па паўмiльёна рублёў кожны. Першы паспрабавалi здзейснiць тыя самыя моцныя дзяўчаты, якiя сваiмi рукамi адарвалi клiпсы з адзення, а другi — муж i жонка, што спакусiлiся на прадукты харчавання i адзенне: жанчына прад’явiла для аплаты на касе адну дробную пакупку, а мужчына спрабаваў выйсцi побач з двума вялiкiмi пакетамi. «Такiх «паўмiльённых» крадзяжоў — адзiн працэнт, — падкрэслiў Алег Яцкоўскi. — Па-буйному спрабуюць скрасцi не адну рэч, а мноства, бо вельмi дарагая рэч, як правiла, вялiкiх габарытаў цi ляжыць не на прылаўку i каб яе атрымаць, трэба спачатку заплацiць». Незадачлiвыя аматары лёгкай нажывы часта самi кажуць: «Лепш я вынесу 10 разоў тавараў на 100 тысяч, чым адзiн раз на мiльён».

— Чым абараняецеся ад зладзеяў i што лiчыце самым эфектыўным?

— Важна ўзаемадзеянне ўсiх сродкаў аховы: вядзецца вiдэанагляд за гандлёвай залай (зразумела, чалавек фiзiчна не можа сачыць за сiгналамi ўсiх камер адначасова, аднак асаблiвая ўвага надаецца тым таварам, якiя крадуць часцей, акрамя таго, ахоўнiка могуць зацiкавiць падазроныя паводзiны кагосьцi з пакупнiкоў, асаблiва калi тыя запiхваюць нешта ў кiшэню або за пазуху, — натуральна, мы пачынаем суправаджаць камерамi такога пакупнiка), прадукцыя часткова маркiруецца процiкражнымi элементамi (яны адрознiваюцца ў залежнасцi ад групы тавараў), не апошнюю ролю адыгрывае ўважлiвасць ахоўнiкаў на лiнii кас, бо шмат разоў нядобрасумленныя пакупнiкi спрабавалi вынесцi нешта ў руках, не прад’яўляючы да аплаты, не дастаючы з iнвентарнага кошыку. Сiстэма кантролю касавых аперацый дазваляе сачыць за дзейнасцю касiраў, адсочваць той тавар, якi пакупнiк прад’явiў да аплаты, i рэшту, атрыманую iм — такiм чынам кантралюем i сваiх супрацоўнiкаў.

— Алег Аляксандравiч, а чаму не ўсе тавары маркiруюцца?

— Абмежаваннi звязаны з коштам тавару: напрыклад, няма нiякай неабходнасцi змяшчаць процiкражны элемент на пачак запалак, i наадварот варта зрабiць гэта з электратаварамi, вопраткай (тут змяшчаюць спецыяльныя клiпсы).

— Як зладзеi распраўляюцца з клiпсамi?

— Часцей за ўсё прымiтыўным зрываннем элементаў, што, безумоўна, псуе тавар. Знаходлiвая студэнтка-першакурснiца прыйшла у магазiн з кусачкамi, а двое дзяўчат проста рукамi сарвалi клiпсы з вопраткi (у пакоi для прымеркi яны апранулi «абноўкi» пад уласнае адзенне), iх заўважылi пiльныя супрацоўнiкi гандлёвага цэнтра. Мы ўсе потым яшчэ тыдзень здзiўлялiся: гэта ж якiя трэба рукi моцныя мець! (Вось вам i слабы пол! — Аўт.)

— Цi заўсёды выклiкаеце мiлiцыю?

— За апошнi месяц, напрыклад, нам даводзiлася гэта рабiць прыблiзна ў 65 працэнтах выпадкаў. Увогуле ахоўнiкi заўсёды спадзяюцца на лепшае: магчыма, чалавек забыў, а можа ў яго такая сiстэма адбору тавару (некаторыя пакупнiкi не карыстаюцца iнвентарнымi кошыкамi — чамусьцi складваюць тое, што прыглянулася, у кiшэнi, а потым на касе ўсё дастаюць i аплачваюць). Калi чалавек забыў i пры першай жа прапанове аплацiць тавар, аплацiў яго, iнцыдэнт вычарпаны. Зразумела, калi чалавек схаваў электрабрытву — наўрад цi яму павераць, што ён забыў заплацiць. Затрыманыя паводзяць сябе па-рознаму: адзiн пагражае, другi — слёзна ўпрошвае, iмкнецца выклiкаць спачуванне, трэцi — хабар прапаноўвае.

Самы цiкавы выпадак спрацоўкi ахоўнай сiстэмы быў з небаракам, якi за ўсё заплацiў, аднак пры выхадзе загучала сiгналiзацыя. Высветлiлася, што ён набыў адзенне ў ЗША, а там аказаўся зашыты процiкражны элемент, на якi рэагуе ахоўная сiстэма — небараку затрымлiвалi ледзь не ў кожнай краме. Пры дапамозе дэтэктара супрацоўнiкi аховы «ГIПА» адшукалi гэты процiкражны элемент, што вельмi ўзрадавала мужчыну: цяпер ён можа спакойна хадзiць за пакупкамi.

P.S. У жыццi, як заўжды, усё двухбакова: адкрытыя палiцы з таварамi павялiчваюць колькасць продажаў (можна без анiякiх запытанняў i дапамогi самiм азнаёмiцца з прадукцыяй, памацаць яе, безумоўна, гэта прываблiвае пакупнiкоў), але адначасова i колькасць крадзяжоў. Жаданне выкрасцi што-небудзь набывае новыя абрысы ў нашым стагоддзi: становiцца задавальненнем не толькi i не столькi матэрыяльных патрэб, колькi маральных — хвароба вялiкiх гарадоў i стомленых працай людзей, якiя сумуюць на карпаратыўных вечарынах i выходзяць «на паляванне» ў суседнюю краму. Скачок з парашутам i катанне на горных лыжах нiхто не забараняў — экстрыму не менш, затое без антысацыяльнай афарбоўкi!

Што вымушае людзей красцi?

Каментарый псiхолага Наталлi Карчалавай

— Па-першае, матэрыяльныя патрэбы. Па-другое, i гэта, як правiла, iдзе ў звязцы з першым — нiзкi ўзровень маральнага развiцця (выклiканы адпаведным выхаваннем, жыццём без нагляду бацькоў i г.д.): для задавальнення сваiх пiльных патрэб многiя людзi не цураюцца парушэння нормаў i правiлаў. Ёсць i так званая двайная мараль, калi чалавек быццам бы i ведае, што так паступаць нельга, аднак не прымяняе гэтага да сябе, можа знайсцi апраўданне свайму ўчынку.

Трэцi момант звязаны з адчуваннем дачынення да прадметаў, з якiмi людзi працуюць (сапраўды, колькi разоў нам даводзiлася чуць ад калег цi самiм гаварыць нешта накшталт «можаш перасесцi за мой камп’ютар» — па сутнасцi мы прысвойваем сабе тыя аб’екты, з якiмi маем справу ў паўсядзённым жыццi, толькi хтосьцi працуе з дрэваапрацоўчымi станкамi, а хтосьцi з мыйнымi сродкамi, пры гэтым для кагосьцi крадзеж — табу, а для iншага — «чаму б не?» — Заўв. аўт.). А ўлiчваючы такую спецыфiчную «славянскую» рысу, як жаданне, скажам так, бясплатна карыстацца тымi цi iншымi рэчамi... некаторыя людзi цягнуць з рабочага месца — няхай гэта i не сацыяльная норма, але такi своеасаблiвы параметр сацыяльнага жыцця. Супрацоўнiкi крамы маюць большы доступ да тавараў i некаторыя з iх лiчаць, што гэтым грэх не карыстацца. Калi ў такога чалавека няма адпаведных прынцыпаў, што абмяжоўваюць яго, не дазваляюць так сябе паводзiць, цi калi ён апынуўся ў групе людзей, для якiх крадзеж — норма, ёсць два варыянты развiцця падзей: ён пачынае красцi цi... сыходзiць з гэтага калектыву (бо такiя правiлы для яго непрымальныя) — гэта залежыць ад iндывiдуальных валявых якасцяў (у сацыяльнай псiхалогii мы б выкарысталi тэрмiн «канформнасць», а паколькi размова iдзе пра iндывiд, то варта ўжыць iншую фармулёўку — «нацiск групы»). Пры выкрываннi факту крадзяжу ў асяродку самiх супрацоўнiкаў даводзiцца рэгуляваць паводзiны не адной асобы, а ўсяго калектыву.

Па-чацвёртае, крадзяжы як экстрым. Сярод добра забяспечаных людзей, якiя могуць многае сабе дазволiць, распаўсюджаны спробы перажыць вострыя адчуваннi. Паводле назiранняў псiхолагаў, да такога крадзяжу больш схiльныя жанчыны, i часцей за ўсё хатнiя гаспадынi (!): iм патрэбна нейкае эмацыянальнае ўзрушэнне, якое iншыя людзi атрымлiваюць на працы, падчас стасункаў з калегамi i якога хатнiя гаспадынi пазбаўленыя. Каб быць у тонусе, кожнаму чалавеку павiнна пэўнае напружанне, некаторыя хатнiя гаспадынi спрабуюць атрымаць яго праз антысацыяльныя дзеяннi, у прыватнасцi, крадзеж. Сустракаюцца выпадкi крадзяжу на спрэчку (часцей у падлеткаў), з цiкаўнасцi: атрымаецца — не атрымаецца.

Па-пятае, жыццё ў вялiкiх гарадах садзейнiчае крадзяжу, бо тут паслабленыя мiжасобасныя сувязi — штодзень вакол нас вялiкiя патокi людзей, мы рэдка ведаем прахожых, нават з суседзямi не заўжды знаёмыя. У малых населеных пунктах, за кошт таго, што ўсе адзiн аднаго ведаюць, узнiкае пэўная форма адказнасцi, акрамя таго, там лягчэй здагадацца, хто вiнаваты, у вялiкiх жа гарадах устанавiць вiнаватага ў крадзяжы, калi яго не схапiлi за руку, нерэальна. Так узнiкае адчуванне бяскарнасцi, абязлiчанасцi, ананiмнасцi, што можа прывесцi i часта прыводзiць да антысацыяльных паводзiнаў. Зазначу, што клептаманы (клептаманiя — паталагiчнае iмкненне да крадзяжу, як правiла, узнiкае iмпульсiўна i не скiравана на матэрыяльную выгаду. — Заўв. аўт.) сустракаюцца надзвычай рэдка — гэта нераспаўсюджаная хвароба, а высветлiць яе наяўнасць або адсутнасць можа толькi аналiз псiхiятра.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...сперцi, прырабiць ногi, сцiбрыць, свiснуць, «запазычыць» — столькi слоў для абазначэння аднаго i таго ж iснуе ў нашым штодзённым ужытку. Жыццё пака
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика