Вялiкiя i маленькiя пытаннi вёскi Валькi
Iнга МIНДАЛЁВА
ВЫ НАМ ПIСАЛI... Днямi ў рэдакцыю прыйшоў лiст ад жыхаркi вёскi Валькi Яновiцкага сельсавета Вiцебскага раёна пенсiянеркi Луiзы Мiхайлаўны Паўлавай. На шасцi старонках жанчына падрабязна апiсала сваё цяжкае, непрыгляднае жыццё: на вулiцы Касманаўтаў, дзе яна жыве, няма вады, вулiчнага асвятлення, гнiлая хата пенсiянеркi развальваецца, ёй патрэбны рамонт, якi няма за што зрабiць, няма дроў. «Мы не жывём, а iснуём», — сказана ў лiсце. Акрамя Паўлавай, пiсьмо падпiсалi яшчэ чатыры яе аднавяскоўцы. Наш карэспандэнт паспрабаваў высветлiць, наколькi рэальная апiсаная Луiзай Мiхайлаўнай сiтуацыя, i чаму не прымаюцца адпаведныя меры па выпраўленню становiшча.Без вады — нi туды i нi сюды Першым пунктам у спiсе прэтэнзiй жыхароў Валькоў значыцца адсутнасць вады: «Вады ў нас няма нiякай, зусiм». Паводле слоў самой Луiзы Мiхайлаўны, а таксама яе суседкi, старэйшыны вёскi Валькi Ганны Нiкiцiчны Марозавай, калонкi на iх вулiцы ёсць. Але не працуюць. Трубы забiты iлам i iржой. Iх неабходна чысцiць. Пакуль жа «...добра, калi за 3 сутак вядро вады нацаджу», — прызналася Паўлава. Людзi вымушаныя хадзiць па ваду да грамадскага калодзежа, якi месцiцца значна далей, чым калонкi. «Наша частка водаправода знаходзiцца ў баку ад асноўнай магiстралi, на iншых вулiцах вада ў калонках ёсць, — адзначыла Марозава. — А мне, каб бялiзну памыць, цэлы дзень трэба ваду з калодзежа цягаць». Водаправод знаходзiцца на балансе мясцовага СВК «Агротруд», таму па каментарыi мы звярнулiся да яго кiраўнiка — Сяргея Аляксеевiча Шабекi. Старшыня растлумачыў, што водаправод вельмi стары (яму больш за 20 гадоў), трубы дзе пагнiлi, дзе забiлiся (як на вулiцы Касманаўтаў у Вальках), часта здараюцца прарывы. Райвыканкам ужо прыняў рашэнне аб перадачы водаправода на баланс мясцовых камунальных службаў, але яны прымаюць аб’екты выключна ў працоўным стане. «Для рамонту нам патрэбны спецыялiсты i адпаведная тэхнiка, а нiчога з гэтага ў нас няма, — гаворыць Сяргей Аляксеевiч. — Мы ўмеем толькi касiць, араць зямлю, гадаваць жывёлу. Самi камунальнiкi абяцалi дапамагчы нам з рамонтам, але давялося чакаць, пакуль яны разбяруцца з iншымi прарывамi. На гэтым тыднi збiраемся распачаць работы ў Вальках. Пасля прачысткi i рамонту можна будзе перадаць водаправод раённым камунальным службам». Прынамсi, акрамя валькоўскага, на балансе «Агротруда» лiчыцца яшчэ 14 вясковых водаправодаў. Усе яны прыкладна ў аднолькавым — сумным — стане. Усе даўно пара замяняць. У Яновiцкiм сельскiм Савеце нам паведамiлi, што з 2007 года на тэрыторыi сельсавета пачнецца будаўнiцтва аграгарадка. I новага водаправода, якi парадуе i жыхароў Валькоў. Без святла на вулiцы Наступная праблема, узнятая ў дасланым да нас пiсьме, — адсутнасць на вулiцы Касманаўтаў асвятлення. «Ля хаты ветэрана вайны i ля магазiна гараць лямпачкi, а ў нас пад хатамi не», — скардзiлася Луiза Мiхайлаўна. Старшыня Яновiцкага сельскага Савета Вiктар Мiхайлавiч Жыткоў растлумачыў гэтую сiтуацыю наступным чынам. Згодна з пiсьмом Мiнiстэрства эканомiкi ў Саўмiн, у населеных пунктах сельскай мясцовасцi, дзе пражывае да 100 чалавек, вулiчнае асвятленне павiнна быць пры ўездзе i выездзе з вёскi. Плюс — ля аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння — магазiна i клуба (калi яны ёсць). «У Вальках зараз гараць 5 лямпачак, — гэта больш чым патрэбна (клуба ў вёсцы няма, толькi магазiн). Пакуль мяне за гэта за каўнер нiхто не ўзяў, — тлумачыць старшыня Савета. — Але расходы на вулiчнае асвятленне ў нас значна большыя, чым закладзеная пад гэта ў бюджэт сума». Без палена ў хаце Скардзiлася пенсiянерка Паўлава, што сядзiць без дроў. Маўляў, у мясцовым лясгасе ёй паабяцалi, але да гэтай пары абяцанне не выканалi. «Давялося набыць воз дроў у суседняй гаспадарцы, аддаць 35 тысяч рублёў», — дадала жанчына. — Без дроў у нас нiхто не сядзiць, — заявiў старшыня Савета. — Да мяне ва ўсякiм выпадку з такой скаргай нiхто не прыходзiў, у тым лiку i Паўлава. На падобныя сiгналы мы рэагуем аператыўна. Сама працэдура «выпiсвання» дроў, як растлумачыў Вiктар Мiхайлавiч, даволi нескладаная: у сельскi Савет прыязджае галоўны бухгалтар лясгаса, а папярэджаныя загадзя мясцовыя жыхары пакiдаюць яму свае заяўкi. Дастаўку дроў праводзiць тая арганiзацыя, дзе раней вясковы пенсiянер працаваў (як правiла, гэта СВК). 10 кубаметраў бярозы зараз каштуе прыкладна 40 тысяч рублёў, асiны i вольхi — каля 30. «Льготнiкi» (напрыклад, iнвалiды другой групы i ўдзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны) маюць скiдку ў 50 працэнтаў. Праўда, можна набыць дровы i ў прыватнiкаў, якiя прадастаўляюць вам ужо распiлаваны тавар, якi застаецца толькi пасекчы, але i каштаваць кубаметр «прыватных» дроў будзе больш. Прынамсi, у снежнi Яновiцкi сельскi Савет зноў будзе прымаць заяўкi на дровы. Без рамонту З лiста стала вядома, што ў Луiзы Мiхайлаўны дзве хаты: адна — яе (калгасная), другая засталася ў спадчыну ад мацi (там пенсiянерка зараз i жыве). Абедзьве хаты старыя, патрабуюць рамонту. «Комiн патрэскаўся, шчыт згарэў, цяпер, калi распальваю агонь, выходжу на двор, — расказала пенсiянерка пра матчыну хату. — Столь, каб не абвалiлася, падпёртая палкамi. Мне б хату цэглай абкласцi, рамонт у ёй зрабiць. Я разумею, што гэта не бясплатна, але ж у мяне пенсiя — усяго 160 тысяч рублёў». — З рамонтам, у прынцыпе, дапамагчы можна, — заявiў старшыня сельскага Савета, — будматэрыяламi, спецыялiстамi. Толькi гэта будзе каштаваць грошай — у бюджэце сельвыканкама падобныя расходы не прадугледжаны. Для пачатку гаспадар хаты павiнен напiсаць заяву ў сельскi Савет з просьбай аказаць падтрымку ў набыццi будматэрыялаў i прадастаўленнi працоўнай сiлы. I абавязкова прыпiсаць, што аплату гарантуе. Мы ў сваю чаргу просiм падтрымкi на гэта ў райвыканкама, праўда памер яе вельмi сцiплы — лiтаральна на 2 лiсты шыферу. Мы б i хацелi дапамагчы ўсiм — у вёсцы шмат старых дамоў, але на рамонт не хапае грошай. Што датычыцца калгаснага дома Паўлавай, старшыня СВК «Агротруд» заявiў, што пенсiянерка ўтрымлiвае яго ў вельмi неахайным стане, выкарыстоўвае як хлеў для свойскай жывёлы. Пра якi рамонт можа iсцi гаворка? Але высветлiлася, што дом Паўлавай не адзiны, якi знаходзiцца на балансе прадпрыемства. У такiм доме жыве i старэйшына вёскi Ганна Нiкiцiчна Марозава. «Хата не бачыла рамонту больш за 35 гадоў, — расказала жанчына. — Столь, вокны, падлога прагнiлi. Рамонт калгас рабiць адмаўляецца. Калi я толькi сюды засялялася, мне паабяцалi новую хату. Нават пачалi яе будаваць, аднак да гэтай пары работы не завершаны. Як перазiмаваць у старой гнiлой хаце, я не ведаю». — Старую хату Марозавай трэба зносiць, рамантаваць сэнсу няма, — упэўнены старшыня «Агротруда». — Новае жыллё ёй пачаў будаваць яшчэ мой папярэднiк, аднак з-за недахопу грошай работы былi спыненыя. Сцены i столь ужо ёсць. Засталiся аддзелачныя работы i паравое ацяпленне. У сувязi з арганiзацыяй у Яновiчах аграгарадка мы зараз будуем шмат новага жылля (15 дамоў за апошнiя 2 гады, яшчэ 4 павiнны здаць да канца года i 20 — у наступным). У Вальках у самы блiжэйшы час будуць завершаны дзве доўгабудоўлi, у тым лiку i хата Марозавай. Старых дамоў, што «вiсяць» на балансе «Агротруда», нямала. Рамантаваць iх трэба. Аднак паводле жыллёвага заканадаўства, як падкрэслiў старшыня «Агротруда», бягучы рамонт ажыццяўляецца за кошт цi сiламi самiх жыльцоў. Прычым рамонт столi, падлогi i вокнаў якраз падпадае пад азначэнне «бягучы». А капiтальны рамонт прадугледжвае замену асноўных апорных канструкцый — бэлек i сцен, што ў вясковых хатах рабiць няма сэнсу. Такiм чынам, большасць праблем Валькоў вырашальная — трэба толькi ведаць, да каго звярнуцца, як правiльна ўзяцца за справу. Некаторыя з iх — як рамонт водаправода — пры жаданнi можна вырашаць аператыўна. З iншымi — рамонт старых вясковых хат — цяжка справiцца з-за адсутнасцi неабходных фiнансаў (як у жыхароў-пенсiянераў, так i ў мясцовым бюджэце). Аднак мы спадзяёмся — тое, што зрабiць можна, будзе зроблена.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў рэдакцыю прыйшоў лiст ад жыхаркi вёскi Валькi Яновiцкага сельсавета Вiцебскага раёна пенсiянеркi Луiзы Мiхайлаўны Паўлавай
|
|