Аляксандр Лукашэнка: «У нас ёсць магчымасцi пераадолець iснуючыя праблемы»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Як паведамляла «Звязда», у чацвер Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю, на якой адказаў на пытаннi ўкраiнскiх прадстаўнiкоў сродкаў масавай iнфармацыi. Учора ў газеце была змешчана толькi частка адказаў кiраўнiка дзяржавы. Чым жа яшчэ цiкавiлiся ўкраiнскiя журналiсты?
У СГА не спяшаемся Паводле слоў А. Лукашэнкi, Беларусь не спяшаецца ўступiць у Сусветную гандлёвую арганiзацыю. Тым не менш, «калi ўвесь Захад у СГА, калi Расiя ў СГА, Украiна ў СГА, Беларусь, хацела б яна гэтага цi не, таксама апынецца там». Прычым не важна, адбудзецца сам факт уступлення цi не, аднак «фактычна мы апынемся там», гэта значыць, нашай краiне ў знешнiм гандлi давядзецца прызвычайвацца да новых умоў. А. Лукашэнка паведамiў, што адраджэнне вёскi адбываецца ў тым лiку i з-за таго, каб наша краiна была канкурэнтаздольнай пры ўступленнi ў СГА. Прычым кiраўнiк дзяржавы ўпэўнены, што момант, калi Беларусь апынецца ў СГА, недалёкi. Паводле яго слоў, «гэта цячэнне нас зацягне i само прывядзе ў СГА». Па-за гэтай арганiзацыяй застанецца няшмат дзяржаў, а таму Беларусь спакойна вядзе перамовы, адстойваючы падчас iх свае ўласныя iнтарэсы. Што будуе Беларусь? А. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь будуе мадэль сацыяльна арыентаванай эканомiкi. Пад гэтым, у прыватнасцi, падразумяваецца «дзяржава для чалавека, каб камфортна яму жылося ў нашай дзяржаве». Тым не менш кiраўнiк краiны не настойвае на нейкiм дакладным вызначэннi дзяржаўнага ладу Беларусi. Паводле яго слоў, «мы адышлi ад гэтых «iзмаў» i спрабуем iсцi ад жыцця». Будуецца проста нармальная дзяржава. Паводле слоў кiраўнiка краiны, у многiм нам гэта ўдаецца, аднак многае яшчэ не атрымлiваецца. «Я далёкi ад таго, — заявiў ён, — каб маляваць усё каляровымi фарбамi i казаць, што ў нас усё добра. У нас iснуюць буйныя праблемы. Але мы iх вырашым. У нас ёсць рашучасць пераадолець гэтыя бар’еры i вырашыць гэтыя пытаннi, а таксама ёсць для гэтага магчымасцi, i мы ведаем, як гэта рабiць. Што больш патрэбна?» Аб «бацьку» i «апошнiм дыктатары» А. Лукашэнка адзначыў, што яго пачалi называць «бацькам» яшчэ на другiм годзе прэзiдэнцтва: «напэўна, за палiтыку, якую я праводжу». Ён адзначыў, што «пачаў кiраваць краiнай, як умеў. Выйшаў з народа, бачыў жыццё i рэагаваў на яго. Некага караў, i вельмi жорстка, калi бачыў несправядлiвасць, калi крадуць, калi расцягваюць краiну. Некага насiў на руках. Ну гэта, напэўна, як добры бацька ў сям’i — i бiзун, але i пагладзiць па галаве, калi добрае дзiця». Што ж датычыцца «апошняга дыктатара», то, лiчыць А. Лукашэнка, напэўна, камусьцi не падабаецца нашы дзяржаўныя лад i кiраванне. Таксама камусьцi можа не падабацца добрая беларуская прадукцыя, якую мы вырабляем i якая канкурэнтаздольная на сусветным рынку. Да абвiнавачванняў кiраўнiк дзяржавы прызвычаiўся. На яго думку, «у любой тэндэнцыi, у любым учынку, у любой сiтуацыi патрэбна бачыць не толькi тое, што хочаць бачыць. Дыктатура — гэта, зразумела, дрэнна. Але магчыма, i ў гэтай «дыктатуры» (бяру ў двукоссе) ёсць нешта добрае? Але мы ведаем шмат сапраўдных дыктатарскiх дзяржаў, дзе i людзей паядаюць, i на вулiцах хапаюць, i гэтак далей. Нiчога падобнага ў нашай дзяржаве няма. У нас у любы час у Мiнску, мегаполiсе, дзе больш за два мiльёны чалавек жыве, у любым горадзе i дзецi, i дарослыя не баяцца хадзiць па вулiцах. Мы забяспечылi парадак. Гэта дарагога варта, пагадзiцеся. Прытым на фоне крымiналiзацыi свету. I ў нас у Беларусi лепш, чым у некаторых «цывiлiзаваных дзяржавах», дзе ўжо даўно пабойваюцца хадзiць па вячэрнiх вулiцах далей ад цэнтра». Таму, лiчыць кiраўнiк дзяржавы, «мы не камплексуем наконт некаторых неразумных тэрмiнаў». Аб бедных i багатых А. Лукашэнка адзначыў, што не лiчыць беларусаў багатымi людзьмi. Тым не менш «у Беларусi, калi ты хочаш зарабiць i жыць нармальна, гэта магчыма». Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, у Беларусi сёння вакансiй у вытворчасцi, нават добра аплачваемых, значна больш, чым беспрацоўя. Аднак у той жа час «абы каго» на прадпрыемства не возьмуць, бо неабходна адпаведная падрыхтоўка. А. Лукашэнка адзначыў, што ў Мiнску ў прынцыпе не засталося бамжоў. «Яшчэ шэсць гадоў таму яны былi, — паведамiў ён. — Я даручыў мэру Мiнска адкрыць установы. Бо гэта ж хворыя людзi ў асноўным. I мы адкрылi цэнтр, куды сабралi ўсiх гэтых людзей: каго лячылi, каго проста кармiлi i цяпер кормiм, некалькi дзесяткаў чалавек». Сур’ёзная ўвага надаецца i выхаванню дзяцей, што характарызуецца i адсутнасцю бездаглядных. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, «мы ўсё больш i больш арыентуемся на тое, каб дзяцей з дзiцячых дамоў забiраць, будаваць 10—12 дамоў, дзiцячую вёску». У той жа час да бацькоў, якiя кiдаюць дзяцей i не хочуць самi працаваць, будуць прымацца самыя жорсткiя меры: «мы сканцэнтрыруем iх у пэўных месцах i прымусiм працаваць. Яны павiнны за свайго дзiця адказваць». Аб беларускай мове А. Лукашэнка адзначыў, што многiя пiсьменнiкi — гэта людзi, якiя бачаць сябе i жыццё толькi ў адным моўным аспекце. У сувязi з гэтым ён лiчыць, што прыгожа размаўляць i прыгожа напiсаць яшчэ не ўсё. «Я не лiчу правiльным займацца толькi праблемай мовы, нiбыта яна вырашае ўсё астатняе, — паведамiў ён. — Я не спрачаюся, мова — гэта вельмi важная праблема. Любы народ можа лiчыць сябе народам, калi ён адпавядае некалькiм прыкметам. I дзяржава ў тым лiку — каб тэрыторыя была, народ. I зразумела, мова — адна з галоўных прыкмет моцнага народа i цывiлiзаванай дзяржавы». На думку А. Лукашэнкi, мы сваю мову адрадзiлi. Бо калi пры ўладзе былi «нацыяналiсты», у ВНУ на беларускай мове сачыненне пiсалi 15—20 працэнтаў. Цяпер жа — больш за палову, што можна назваць «выдатным вынiкам». Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што да такога вынiку iшлi спакойна, не разыгрываючы беларускую мову ў палiтычных мэтах. У гэтым каштоўнасць цяперашняй палiтыкi, упэўнены ён. «Я асабiста лiчу, калi ты не ведаеш беларускай мовы, не разумееш яе, не можаш напiсаць на ёй — ты не беларус». Аднак у гэтым пытаннi на людзей «цiснуць не патрэбна». «Пагадзiцеся, — паведамiў ён, — што акрамя мовы, ёсць яшчэ вельмi шмат праблем — перш за ўсё, каб людзi нармальна жылi ва ўсiх цывiлiзаваных сэнсах. Тады яны будуць цiкавiцца не толькi беларускай мовай, але i iншымi — i ўкраiнскай, i нямецкай, i англiйскай». Аб iдэалогii Паводле слоў А. Лукашэнкi, у Беларусi iдэолагi — гэта людзi, якiя хутчэй за ўсё займаюцца iнфармаваннем насельнiцтва. У нашай краiне не створана асобная, як некалi, буйная структура, якая займалася «прамываннем мазгоў» i выхаваннем. На самым высокiм узроўнi iдэалогiяй займаюцца ў Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта. У прыватнасцi, адзначыў А. Лукашэнка, «яны займаюцца шэрагам накiрункаў, якiя не дублiруюць iншыя органы ўлады». У той жа час у цэлым iдэалагiчным накiрункам працы кiраўнiк дзяржавы не задаволены. Бо iдэалогiю «можна будзе эфектыўна фармiраваць тады, калi з’явiцца нацыянальная iдэя. Але работу гэту праводзiць патрэбна. Вельмi тонка, акуратна. Iдэалагiчная работа — вельмi тонкая рэч». 15 гадоў белавежскаму пагадненню 15-годдзе белавежскага пагаднення ў Беларусi адзначацца не будзе, заявiў А. Лукашэнка. На яго думку, «гэта не ўрачыстасцi». Калi ж падыходзiць да гэтай падзеi з юрыдычнага пункту гледжаня, то «адбылося злачынства — была парушана Канстытуцыя краiны». Стаўленне да апазiцыi А. Лукашэнка адзначыў, што ў яго нармальнае стаўленне да апазiцыi ў любой краiне: «яна павiнна быць, каб мы не зарасталi цiнай». На яго думку, улада абавязкова павiнна чуць i iншы пункт гледжання. Аднак да апазiцыi можна ставiцца i па-iншаму: «калi гэта апазiцыя выязджае за межы Беларусi i заклiкае ўвесцi санкцыi супраць краiны, радуецца, што заўтра павысяцца цэны на газ, якое ў мяне павiнна быць да яе стаўленне? Такое, як у нашага народа». Аб пераемнiку А. Лукашэнка выказаўся катэгарычна супраць адносна бачання свайго палiтычнага пераемнiка ў асобе сваiх дзяцей. Паводле яго слоў, «я берагу сваiх дзяцей ад рознага роду бiзнэсу, каб мяне не папракалi. Таму яны працуюць на дзяржаўных пасадах i прыносяць карысць дзяржаве. Нiякiх палiтычных пераемнiкаў, нiякай сямейнасцi ў палiтыцы, усё павiнна быць чыста i празрыста».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паведамляла «Звязда», у чацвер Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю, на якой адказаў на пытаннi ўкраiнскiх прадстаўнiкоў |
|