Нацыянальны мастацкi музей пакажа ўтрая больш
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Сённяшнi дзень можна лiчыць днём уводу новага корпуса Нацыянальнага музея Рэспублiкi Беларусь. Афiцыйнае адкрыццё адбудзецца ў некалькi этапаў. Сёння музей наведае Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, мастакi, дырэктары музеяў. 8 лiстапада «адкрываць» новыя залы будуць прадстаўнiкi ВНУ, творчых саюзаў, музейныя супрацоўнiкi. Наступным днём сюды ўжо змогуць прыйсцi ўсе жадаючыя i ўбачыць тую частку самай буйной калекцыi мастацкiх твораў нашай краiны, якая да гэтага знаходзiлася ў сховiшчы.
Гэта, без перабольшвання, — эпахальная падзея ў гiсторыi беларускай культуры. Нацыянальны мастацкi музей — самы буйны ў Беларусi збор твораў беларускага, рускага i замежнага выяўленчага мастацтва. Яго фонд налiчвае больш за 23 тысячы твораў жывапiсу, графiкi i скульптуры, твораў дэкаратыўна-прыкладнога i народнага мастацтва. Да 2006 года экспазiцыйныя плошчы музея складалi 818 кв. метраў, што дазваляла экспанаваць толькi 2,5 працэнта калекцыi. З уводам у эксплуатацыю новага музейнага корпуса, плошча пастаяннай экспазiцыi павялiчваецца больш чым у 4 разы — цяпер яна складае 3340 кв. метраў, што дазволiць экспанаваць каля 6 працэнтаў калекцыi. У двух экспазiцыйных ярусах новага корпуса размесцяцца экспазiцыi старажытнабеларускага мастацтва XII—XVIII стагоддзяў, беларускае мастацтва XIX стагоддзя, мастацтва краiн Заходняй i Цэнтральнай Еўропы, мастацтва краiн Усходу i сучаснае мастацтва Беларусi. Пад сучаснае беларускае мастацтва выдзелены ўвесь другi ярус новага корпуса амаль у 1100 кв. метраў. — Iдэя пашырыць музейныя памяшканнi за кошт прыбудовы да галоўнага корпуса нарадзiлася яшчэ ў 60-я гады ў тагачаснага кiраўнiка музея Алены Аладавай, — расказаў газеце «Звязда» дырэктар музея Уладзiмiр ПРАКАПЦОЎ. — Востры недахоп плошчы для захоўвання калекцыi адчуваўся ўжо тады. Але толькi ў 1991 годзе было распачата будаўнiцтва новага корпуса, якое завяршылася сёлета. Агульная плошча новага будынка складае 8900 кв. метраў, у тым лiку экспазiцыйная плошча — 2620 кв. метраў. Будаўнiцтва прыбудовы — гэта першы этап стварэння музейнага комплексу, заўважыў Уладзiмiр Пракапцоў. Другi этап мае на ўвазе рэканструкцыю iснуючага будынка па вулiцы Кiрава, 25 i будынкаў па вулiцы Ленiна 22, Ленiна, 20. Гэты этап пачнецца ў 2007 годзе i будзе завершаны ў 2010-м. У вынiку будзе створаны цэлы «музейны раён» у цэнтры беларускай сталiцы. Увядзенне новага корпуса дазволiла значна пашырыць экспазiцыю старажытнабеларускага, заходнееўрапейскага мастацтва, упершыню паказаць творы краiн Усходу. Даўно ўжо ў музеi не было такой разгорнутай экспазiцыi беларускага сучаснага мастацтва. Акрамя таго, у старым корпусе павялiчылася экспазiцыя рускага мастацтва — адной з самых каштоўных калекцый у музейным зборы. На дадзеным аб’екце ўпершыню ў Беларусi прымяняюцца найноўшае музейнае абсталяванне па падтрымцы тэмпературна-вiльготнаснага рэжыму, аўтаматычнага падлогапрыбiрання памяшканняў, а таксама сучасная сiстэма вiдэакантролю, высоўныя касеты для захоўвання твораў (што дазваляе пазбегнуць iх дэфармацыi), пакой-сейф для захоўвання твораў з каштоўных металаў, унiкальнае рэстаўрацыйнае абсталяванне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сённяшнi дзень можна лiчыць днём уводу новага корпуса Нацыянальнага музея Рэспублiкi Беларусь
|
|