Лекар i банкiр Таранаў
Iлона IВАНОВА
Спецыяльна для «Звязды» Горацкi бiяэнергатэрапеўт паставiў народнае знахарства на iнтэлектуальную аснову(Працяг. Пачатак у нумары за 26 студзеня). Праверана на сабе Ён сам паверыў у свае здольнасцi выпадкова. Як гавораць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Вырашыў пагабляваць у мацi на гаспадарцы некалькi дошак, i ў адкрыты станок зацягнула руку. Спецыялiсты ў Мiнску не выключалi i ампутацыю. Потым сказалi, што яму ўдалося ўратаваць руку толькi дзякуючы спадчыннасцi, моцнаму iмунiтэту, бо на цэлым «гектары» рванай бруднай раны не ўзнiкла нi на iголку нагнаення. Тым не менш сiтуацыя была цяжкая, i працэс папраўкi суправаджаўся дзiкiм болем, якi было не суняць нават морфiем. — Аднойчы, калi прачнуўся ноччу ад болю, паклаў здаровую руку на бiнты i адразу нават не зразумеў: нiбыта ток ходзiць па ране, — прызнаецца Валянцiн Мiкалаевiч. — А потым уцямiў, што праз колькi часу боль сцiхае, i я магу ўрэшце заснуць. Потым у суседнiм пакоi, дзе мы глядзелi тэлепраграмы, аднойчы ўбачылi маладую жанчыну з пабялелым тварам, якая няспынна хадзiла i калацiлася. Яна ўсё паўтарала: «Ой, мамачка, не магу жыць са сваiм болем, лепей мне памерцi цяпер...». Я прапанаваў дапамагчы супынiць гэты пасляаперацыйны боль. Пасадзiў побач i стаў вадзiць рукой. Неўзабаве на яе твары з’явiўся румянец, потым яна сказала, што нiчога не балiць, а потым ёй моцна захацелася спаць. Мы яе паклалi, а самi хвалюемся — што рабiць? А можа, мне адказваць давядзецца? Не, пульс добры, дыханне роўнае. Такое ўражанне, што спiць здаровы i шчаслiвы чалавек. Яна да ранiцы праспала як пшанiцу прадаўшы. А потым прыбегла да мяне: маўляў, дзякуй, не разумею, што зрабiлi, але нiчога не балiць, затое шмат сiл i энергii. Вось так усё i пачалося. Потым дапамог яшчэ адной жанчыне, якая, дарэчы, да гэтага казала, што не можа паверыць: маўляў, тут таблеткi не дапамагаюць, а павадзiць рукой — цi гэта лячэнне? Таранаў адказваў, што i сам з цяжкасцю ў гэта верыць. Але дапамагло i ёй. Затым здарыўся выпадак у курылцы: дапамог маладому чалавеку, вось толькi прасiў яго адразу ж пайсцi да ложка, калi захочацца спаць. А выявiлася, што боль прайшоў i ў дзяўчыны, якая проста ўважлiва назiрала за працэсам на адлегласцi некалькiх метраў. — Вось толькi тады я сур’ёзна задумаўся, што ёсць нейкiя механiзмы ўздзеяння, ёсць псiхiчная i бiялагiчная энергiя, ёсць бiяполе, — гаворыць Валянцiн Мiкалаевiч. Свая справа Ён заняўся самаадукацыяй i стаў працаваць з лiтаратурай. Тлумачыць, што для тых, хто пачынае, самая сур’ёзная праблема — як у iнфармацыйным сметнiку знайсцi рацыянальнае зерне. Але гэта ўменне прыходзiць з практыкай. Валянцiн Мiкалаевiч у свой адпачынак наведваў у Мiнску семiнары па нетрадыцыйнай медыцыне. I ўрэшце закончыў Мiжнародную акадэмiю энiяпсiхалогii (гэта навука пра энергаiнфармацыйныя працэсы чалавека). Мае пасведчаннi аб адукацыi. У медаль —знак лекара, якi павiнен даваць уладальнiку моцную абарону. Таранаву распавядалi, што ў знак спрабавалi страляць з вiнтоўкi, дык куля мяняе траекторыю... Праўда, сам ён гэтую выснову не правяраў. Таранаў падкрэслiвае, што ён не змешвае сваю банкаўскую працу i незвычайнае «хобi». Лекарства нашкодзiць карпаратыўным iнтарэсам. Акрамя гэтага, гаворыць Валянцiн Мiкалаевiч, у Беларусi няма закона, на падставе якога можна афiцыйна шырока займацца лекарствам. У Расii — iншая сiтуацыя, там усiх здольных беларусаў расiяне залiчаюць у свае рэестры i нават запрашаюць для лячэння высокапастаўленых чыноўнiкаў. Былi i да яго сур’ёзныя прапановы адкрыць сваю справу. Аднойчы банкiр быў у камандзiроўцы ў Iталii, i ў гатэлi на беразе Адрыятыкi не змаўчаў, спытаўся ў гаспадара: чаму ён, заможны чалавек, не сочыць за здароўем жонкi — прыгожай францужанкi? Размаўлялi на нямецкай мове, некалькi слоў iтальянец ведаў па-руску, i Таранаў яму пералiчыў хваробы спадарынi. Назаўтра той вярнуўся толькi спытаць: адкуль пастаялец даведаўся пра дакладны дыягназ жонкi. Той, як мог, растлумачыў i прапанаваў дапамагчы, чым можа. На вачах мужа i дачкi жанчына пры лячэннi расслабiлася i заснула. Сваякi не маглi паверыць, што гэта адбываецца з чалавекам, якi пакутаваў ад хранiчнай бяссоннiцы i нават ноччу не спаў больш за некалькi гадзiн. Iтальянец прапанаваў Таранаву стварыць пад яго лабараторыю. Абяцаў, што той стане заможным чалавекам з такiмi здольнасцямi. Праўда, кантракт ён прасiў падпiсаць адразу на пяць гадоў, бо надта вялiкiя пачатковыя выдаткi. Але ў Горках адзiн сын завяршаў вучобу, другі паступаў, i Валянцiн Мiкалаевiч адмовiўся кiнуць дома ўсе справы. Аднаўленне жыццёвай энергii — А вы можаце шаптаць, як ваш дзед? — Сёння ва ўжытку iншыя тэрмiны, — адказвае Валянцiн Мiкалаевiч. — Цяпер усе людзi разумеюць, што такое жыццёвая энергiя, што такое экстрасэнсорыка. У 40-х гадах мiнулага стагоддзя амерыканец Бур даказаў, што ў чалавека ёсць эфiрны двайнiк у тонкiм матэрыяльным выкананнi, якi пастаянна з намi, сатканы нiбыта кокан вакол нас. А сёння ўжо ёсць лабараторыi, якiя фатаграфуюць гэта бiяполе, аўру... Можна сказаць, што Валянцiн Таранаў аднаўляе жыццёвую энергiю. Ён распавёў пра красамоўны выпадак. Дзяўчынка-падлетак, у якой не знайшлi нiякiх захворванняў, стала згасаць. Няма апетыту, знiжаецца вага, немаведама адкуль узялiся апатыя да жыцця i незразумелая стомленасць. — I часта такое здараецца: нiбыта чалавек у норме, а згасае i не могуць выратаваць, — каментуе лекар. — Прычына адна: страта жыццёвай энергii. Цяпер з такiм дыягназам даюць лiсток непрацаздольнасцi ў Еўропе, а ў нас — на сiндром хранiчнай стомленасцi глядзяць, як на падман, лiчаць за шарлатанства. Гэта дзяўчынка пасля першага сеанса прачнулася i папрасiла есцi. А пасля некалькiх аднавiлася поўнасцю, закончыла школу, без усякага блату паступiла ў ВНУ, i ўсё ў яе добра. Для Таранава размова можа iсцi аб дапамозе людзям пры адной важнай умове — не нашкодзiць чалавеку, каб намаганнi лекара, бiяэнергатэрапеўта пайшлi ў падтрымку традыцыйнаму лячэнню. — Калi ёсць схiльнасць альбо здольнасць, цi, як я кажу, Божы дар, то чалавек не толькi мае права, але i абавязаны карыстацца iм дзеля людзей, — гаворыць Валянцiн Мiкалаевiч. — Памятаеце: iдзi, накладай рукi i лячы. I мне, напэўна, нельга iнакш. А пра парады горацкага бiяэнергатэрапеўта чытайце ў адным з наступных нумароў «Звязды». г. Горкi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Горацкi бiяэнергатэрапеўт паставiў народнае знахарства на iнтэлектуальную аснову
|
|