Тарыфная «арыфметыка»
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Жыллё маё Цi ўдасца сёлета ўтрымаць рост плацяжоў за кватэру ў заяўленых межах?Пачатак гэтага года адразу прынёс заўважныя змяненнi ў «жыроўкi». Сёлетняя тарыфная палiтыка фармiравалася пад уплывам аб’ектыўных знешнiх фактараў — у вынiку значнага павышэння расцэнак на iмпартуемыя энерганосьбiты павялiчылiся расцэнкi i на жыллёва-камунальныя паслугi. Плацяжы насельнiцтва «патаўсцелi» адразу па шэрагу пазiцый: на электраэнергiю, прыродны i звадкаваны газ — на 20 працэнтаў, на цяпло — на 12. Апошнi разлiковы нарматыў датычыцца як «батарэйных» тарыфаў, так i налiчэнняў за гарачую ваду. Паводле апошнiх расцэнак, 1 Гкал цяпла для жыхароў зараз «важыць» 36,3 тысячы рублёў. Трэба заўважыць, што такi тарыф не дацягвае нават да паловы рэальных затрат на аказанне гэтай паслугi — як адзначаюць у Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi, сабекошт ацэньваецца ў 77,4 тыс. руб. Рознiцу памiж гэтымi велiчынямi будуць кампенсаваць шляхам эканомii, а таксама за кошт бюджэтнага субсiдзiравання. Пасля студзеньскага павышэння тарыфаў камунальнiкi адразу выкарысталi ўвесь пяцiдоларавы рэсурс росту плацяжоў, якi адпускаецца на ўвесь год. Летась павелiчэнне расцэнак адбывалася паступова, без рэзкiх зрушэнняў. Наколькi ж змянiлася сiтуацыя для жыхароў у параўнаннi з мiнулым годам? Каб адказаць на гэтае пытанне, можна проста параўнаць «жыроўкi». У сакавiку мiнулага года ўвесь набор паслуг для стандартнай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 32 кв. метры, дзе пражываюць 2 чалавекi, «пацягнуў» на 67,4 тысячы рублёў (40,8 тыс. у летнi сезон). За двухпакаёўку (48 кв. метраў, 3 чалавекi) трэба было вылажыць 101,2 (61,2) тыс. руб., а за трохпакаёўку (69 кв. м, 4 чалавекi) — 140,9 (83,4) тыс. руб. Узровень пакрыцця насельнiцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг на той час у сярэднiм складаў 48,3 працэнта (50,2 працента — у ацяпляльны перыяд i 46,4 працента — у летнi). За тэхнiчнае абслугоўванне жыхары вярталi 43,3 працэнта сабекошту, за цеплазабеспячэнне — 54, за халодную ваду — 48, за каналiзацыю — амаль 30, за вываз i абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў — 55,7, за карыстанне лiфтам — 41 працэнт. Як паведамiлi ў Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi, па вынiках мiнулага года ўзровень пакрыцця затрат насельнiцтвам склаў крыху больш, чым 40 працэнтаў. Пра выхад тарыфаў на мяжу сабекошту ў блiжэйшай перспектыве гаворка не вядзецца. Запланавана, што сёлета жыхары будуць вяртаць усё тыя ж 40 працэнтаў затрат на аказанне комплексу жыллёва-камунальных паслуг. Зразумела, што ў такой сiтуацыi фiнансавы стан прадпрыемстваў галiны не з лепшых — паводле статыстыкi, стратнымi лiчацца 14 працэнтаў ад iх агульнай колькасцi. Дзе ж выйсце? Як упэўнены ў Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi, рэзервы можна «знайсцi» за кошт больш эфектыўнага выкарыстання iнжынернага абсталявання, мадэрнiзацыi вытворчых фондаў. У гэтым плане апошнiм часам удалося дасягнуць станоўчых зрухаў — напрыклад, летась камунальнiкi замянiлi 591 кiламетр цеплатрас, прычым пэўная частка была перакладзена эканамiчнымi ПI-трубамi. Гэта дазваляе знiжаць страты ў сетках i, адпаведна, змяншаць сабекошт. Аб’ёмы абнаўлення будуць паступова нарошчваць — сёлета плануецца замянiць ужо 630 км цеплатрас. Рост расцэнак, якi б ён нi быў, — гэта заўсёды не вельмi прыемная навiна для жыхароў. Тым не менш ужо лютаўскiя «жыроўкi» (разлiкi за студзень) прыходзiцца аплачваць «па-новаму». Не стане выключэннем i наступны месяц — як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» ва ўпраўленнi эканомiкi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi, з 1 лютага за стандартную аднапакаёвую кватэру ў сярэднiм трэба вылажыць 81,4 (у летнi перыяд — каля 50 тыс. руб.). Двухпакаёўка «заважыць» на 122,1 (74,6) тыс. рублёў, трохпакаёўка — 170 (101,7) тыс. рублёў. Яшчэ раз нагадваем нашым чытачам, што даныя, якiя мы прыводзiм, з’яўляюцца хутчэй разлiковымi i ў кожным канкрэтным выпадку могуць быць адхiленнi ў той цi iншы бок. Зразумела, што найбольш адчувальнымi для жыхароў па-ранейшаму застаюцца «батарэйныя» выдаткi. Цяпер у залежнасцi ад колькасцi жыхароў i метражу кватэры яны складаюць адпаведна 31,6, 47,4 i 68,2 тыс. рублёў. За гарачую ваду штомесяц трэба выдаткаваць 11,6, 17,4 i 23,3 тыс. рублёў. Такiм чынам «цёпленькую» вызначаюць па нарматывах (з разлiку 3,8 «куба» на чалавека). У тым выпадку, калi ў вас, напрыклад, стаiць лiчыльнiк, то сумы, магчыма, «набягаюць» i меншыя. Яшчэ адзiн са значных радкоў у расходах жыхара — плата за тэхнiчнае абслугоўванне жылля. Разам з адлiчэннямi на капiтальны рамонт такiя выдаткi складаюць адпаведна 14,4, 21,6 i 31 тыс. рублёў. Пагадзiцеся, што расцэнкi па плацяжах за кватэру, асаблiва пасля студзеньскага iх павышэння, даволi важкiя для шэрагу жыхароў. Таму далейшы рост тарыфаў проста немэтазгодны — такi крок можа прывесцi да павелiчэння неплацяжоў. Да таго ж застаецца ў сiле i 5-доларавае «табу» — як адзначаюць у Мiнжылкамунгасе, гэтая ўмова павiнна быць выканана. Паводле меркавання спецыялiстаў, падчас ацяпляльнага сезона, калi дасягаецца «аўтаматычны» рост плацяжоў («падключаюцца» выдаткi на ацяпленне), звычайна тарыфы не павышаюцца. Напэўна, не стануць выключэннем i блiжэйшыя некалькi месяцаў. Якiя-небудзь зрухi ў гэтым плане стануць магчымымi толькi ўвесну, калi «астынуць» батарэi i «жыроўкi» пяройдуць на летнi рэжым.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi ўдасца сёлета ўтрымаць рост плацяжоў за кватэру ў заяўленых межах? |
|