Цi будзе адменена кампенсацыя за iмянныя прыватызацыйныя чэкi?
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
У Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi знаходзiцца на разглядзе законапраект «Аб iмянных прыватызацыйных чэках Рэспублiкi Беларусь». Дакумент прадугледжвае, што па заканчэннi тэрмiну звароту iмянных прыватызацыйных чэкаў за нявыкарыстаныя ўладальнiкамi чэкi кампенсацыя выплачвацца не будзе.
Да iмянных прыватызацыйных чэкаў адносяцца чэкi «Маёмасць» i «Жыллё». Цяперашнi варыянт закона прадугледжвае пагашэнне нявыкарыстаных чэкаў пасля канчатковага тэрмiну iх звароту з выплатай кампенсацыi. Для чэкаў «Жыллё» тэрмiн звароту не ўстаноўлены, а тыя з iх, што не былi да пачатку года перарэгiстраваныя, прызнаюцца несапраўднымi. Тэрмiн звароту чэкаў «Маёмасць» устаноўлены па 30 чэрвеня 2007 года, праўда, яго можна прадоўжыць, што ўжо i рабiлася неаднаразова. У адпаведнасцi з законапраектам, якi цяпер знаходзiцца ў Палаце прадстаўнiкоў, адмена выплаты кампенсацыi не пацягне заканчэнне тэрмiнаў звароту прыватызацыйных чэкаў. Тыя грамадзяне, якiя не выкарысталi iх, не будуць пазбаўляцца правоў на частку прыватызуемай маёмасцi дзяржаўных прадпрыемстваў або правоў на прыватызацыю дзяржаўнага жыллёвага фонду. У той жа час аб тэрмiнах у законапраекце гаворыцца. Так, для прадастаўлення грамадзянам дадатковага часу на рэалiзацыю свайго права на атрыманне часткi дзяржаўнай маёмасцi прапануецца норма аб тым, што Савет Мiнiстраў не можа ўстанавiць тэрмiн звароту чэкаў «Маёмасць» меншы, чым па 31 снежня 2009 года, г. зн. на тэрмiн не меншы за тры гады. Як паведамiў намеснiк мiнiстра эканомiкi Алег Мельнiкаў, правам на атрыманне ў якасцi асабiстай маёмаснай квоты чэкаў «Маёмасць» валодалi крыху больш за 7,8 млн грамадзян Беларусi, аднак фактычна iх атрымалi 4,9 млн грамадзян. Прычым дастаткова значная iх частка выкарыстала чэкi не па прамому прызначэнню. Увядзенне нормы аб тэрмiну звароту чэкаў, лiчыць А. Мельнiкаў, павiнна стымуляваць грамадзян да выкарыстання свайго права. Што ж датычыцца нормы аб адмене кампенсацыi за нявыкарыстаныя чэкi «Маёмасць», то, паводле слоў А. Мельнiкава, гэта будзе складана зрабiць эканамiчна. У прыватнасцi, бюджэтныя выплаты маглi б скласцi больш за 821 млрд рублёў, што можна параўнаць з мiнулагоднiмi расходамi рэспублiканскага бюджэту на ахову здароўя цi адукацыю. Выплата ж кампенсацыi па чэках «Жыллё» не зусiм актуальна, бо практычна ўсе яны будуць выкарыстаны па прамому мэтаваму прызначэнню. Акрамя таго намеснiк мiнiстра эканомiкi адзначыў, што тэрмiны звароту чэкаў можна ў любы момант прадоўжыць. Са свайго боку намеснiк парламенцкай камiсii па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтву, гандлю i прыватызацыi Галiна Палянская адзначыла, што абмяжоўваць тэрмiн звароту чэкаў «Жыллё» нават i «не менш за тры» гады нельга, бо ўсе грамадзяне, якiя iх маюць, усё роўна не змогуць скарыстаць iх па прамому прызначэнню. Так, у адпаведнасцi з прэзiдэнцкiм дэкрэтам, чэкi «Жыллё» можна выкарыстоўваць не толькi на прыватызацыю дзяржаўнага жыллёвага фонду, але i грамадзянамi, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў i стаяць на адпаведным улiку, на будаўнiцтва (рэканструкцыю) i пакупку такiмi грамадзянамi жылых памяшканняў, пагашэнне крэдытаў, што былi ўзяты i выкарыстаны на гэтыя мэты. I наўрад цi нават самы вялiкi аптымiст лiчыць, што ўсе грамадзяне, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, атрымаюць жыллё ў запланаваныя тры цi больш гады. Намеснiк гэтай жа парламенцкай камiсii Ганна Бурава адносна абмену чэкаў «Маёмасць» лiчыць, што насельнiцтва амаль не выказвае жадання выкарыстаць свае чэкi таму, што прадпрыемствы, акцыi якiх прапануюцца, далёка не самыя перспектыўныя. Законапраект, якi прадугледжвае адмену кампенсацыi за нявыкарыстаныя iмянныя прыватызацыйныя чэкi, паступае ў парламент не ўпершыню. У 2003 годзе ён быў адхiлены дэпутатамi, у 2004 — адазваны распрацоўшчыкамi на дапрацоўку. На гэты раз сiтуацыя таксама не адназначная: асобныя камiсii прапануюць адхiлiць законапраект, другiя — прапiсаць палажэнне, якое б дадаткова не абмяжоўвала тэрмiн звароту чэкаў «Жыллё» ўпамiнаемым у законапраекце тэрмiнам «не менш за тры гады».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi знаходзiцца на разглядзе законапраект «Аб iмянных прыватызацыйных чэках Рэспублiкi Беларусь»
|
|