Цi далёка да Анiскiна сельскiм участковым з брэсцкай глыбiнкi?
Святлана ЯСКЕВIЧ
Якiм павiнен быць сёння ўчастковы iнспектар мiлiцыi? Дзе яму належыць жыць? Цi важна, каб насельнiцтва, асаблiва вясковыя жыхары, ведалi ў твар свайго ўчастковага? Пытаннi, здаецца, простыя, але адназначнага адказу на iх пакуль няма, як вынiкае з пашыранай аператыўнай нарады ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Начальнiк абласнога УУС Вiктар Краснiчэнка знарок пабудаваў свой даклад на аналiзе негатыўных фактаў. I прысутным у зале ўчастковым, а таксама iх начальнiкам рабiлася, мякка кажучы, няёмка, калi расказвалi пра iх. Напрыклад, такое: у Жамчужным Баранавiцкага раёна ваколiцы апорнага пункта моладзь выбрала месцам «тусоўкi» i ўтварыла амаль што сметнiк.
Як гаварылi людзi з экрана вiдэафiльма, якi паказалi ўдзельнiкам нарады, у Пачапава Баранавiцкага раёна часцей бачаць начальнiка раённай мiлiцыi, чым участковага. А абстаноўка з самагонкай ды сурагатнымi напоямi там больш чым складаная. Лiтаральна за паўтара тыдня ад атручэння сурагатамi памерла тры чалавекi i некалькi трапiла ў бальнiцу. Участковы там адзiн на два сельсаветы, да таго ж у яго няма транспарту. I гэта, вiдаць, лiчыцца апраўданнем, што не бачаць яго людзi тыднямi, а то i болей. Адзiн з iх, усё з таго ж Баранавiцкага раёна, парушыў службовую тайну i зрабiў набыткам усёй вёскi прозвiшча жанчыны, якая паведамiла ў мiлiцыю пра самагоншчыкаў i гандляроў сурагатамi. Кабета перш за ўсё хацела абаранiць мужа ад спакусы купiць атруту на вядомых усiм «кропках», але стала прадметам асуджэння, хай i не лепшай часткi аднавяскоўцаў. Другi яго калега з суседняга Iвацэвiцкага раёна «завалакiцiў» заяву пенсiянеркi аб тым, што на яе напала зграя сабак канкрэтнага гаспадара. Калi ў абласным упраўленнi праводзiлi службовую праверку па названых фактах, выпадкова высветлiлася, што ў аднаго з гэтых мiлiцыянераў цешча — самагоншчыца. Як кажуць, i смех, i грэх. Зусiм кепскiм было названа становiшча ў Столiнскiм раёне, дзе паводле сацыялагiчнага апытання, 72 працэнты вясковых жыхароў не ведаюць свайго прадстаўнiка мiлiцыi. Старшыня аблвыканкама Канстанцiн Сумар, якi прысутнiчаў на нарадзе, лiчыць, што сельскi ўчастковы павiнен жыць у вёсцы, там, дзе працуе, а не быць прыезджым прадстаўнiком. У Кобрынскiм раёне, напрыклад, толькi двое з 20 iнспектараў жывуць на сваiх участках. Але гэта, хутчэй, выключэнне, чым правiла. Выканаўчая ўлада спрыяе вырашэнню пытання з жыллём для ўчастковых. Так, летась гэтай катэгорыi працаўнiкоў было выдзелена 20 службовых кватэр, у папярэднiя гады — па шэсць — восем. Старшыня аблвыканкама паставiў задачу разабрацца з усiм процiзаконным абаротам спiртных напояў у вёсках на працягу гэтага года. Паводле пераканання Канстанцiна Сумара, у нас ёсць усе магчымасцi, каб справiцца з гэтым злом нават за паўгода. Армiя ўчастковых Брэстчыны складае 547 чалавек, 312 з iх працуюць у вёсках. Летась сiламi ўчастковых раскрыта 1691 злачынства — кожнае пятае з раскрытых. А вось умовамi для работы пахвалiцца не кожны служывы ўчастка. Некаторыя нават не маюць сваiх кабiнетаў у сельвыканкаме i прымаюць грамадзян дзе прыйдзецца, службовымi аўтамабiлямi забяспечаны менш за трэць iнспектараў, тэлефоны маюць 70 працэнтаў. Таму лагiчным выглядала ўручэнне прама на нарадзе пяцi лепшым участковым вобласцi ключоў ад новых службовых аўтамабiляў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiм павiнен быць сёння ўчастковы iнспектар мiлiцыi? Дзе яму належыць жыць? Цi важна, каб насельнiцтва, асаблiва вясковыя жыхары, ведалi ў твар свайго
|
|