Калектыў «Салiгорскпрамбуда» перасягнуў 200-мiльярдны рубеж будаўнiча-мантажных работ па генпадрадуАглядальнiк «Звязды» гутарыць з генеральным дырэктарам ААТ «Салiгорскпрамбуд» Мiкалаем АШЭЙЧЫКАМ — Паважаны Мiкалай Захаравiч. Як вядома, усё пазнаецца ў параўнаннi. У недалёкiм 2005 годзе «Салiгорскпрамбуд» выканаў работ па генпадраду на 187 мiльярдаў, а ўласнымi сiламi — на 140 мiльярдаў у дзеючых цэнах. Ужо тады гэта былi лепшыя паказчыкi ў будаўнiчай галiне рэспублiкi. Давайце параўнаем тыя лiчбы з вынiкамi толькi што пражытага 2006 года. Як вы спрацавалi летась? Каб стала зразумелай дынамiка вашага развiцця. — Адразу скажу, што леташнiя паказчыкi нашай работы — нармальныя. Аб’ём работ, выкананы ўласнымi сiламi, склаў 177,7 мiльярда рублёў i прырос да ўзроўню 2005 года на 114 працэнтаў. Патрэбна мець на ўвазе, што гэта амаль 10 працэнтаў ад аб’ёмаў будаўнiча-мантажных работ Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва РБ i больш за 80 працэнтаў аб’ёмаў работ арганiзацый мiнiстэрства ў сталiчнай вобласцi. Да такога паказчыку нiхто больш не наблiзiўся. У лепшым выпадку калегi выходзяць на адну трэць ад гэтых аб’ёмаў, што таксама, паверце, не лёгка i пачэсна. З пачуццём гонару за свой калектыў магу адзначыць, што па генпадраду па вынiках мiнулага года мы перасягнулi паказчык у 200 мiльярдаў рублёў. Калi канкрэтна, то выкананы аб’ёмы работ на 224 мiльярды! Зноў жа для параўнання: у 2001 годзе генпадрад складаў у нас 32 мiльярды рублёў. Такая вось дынамiка. — У сельскай гаспадарцы рэспублiка бярэ прыклад з такiх перадавiкоў, як нясвiжскi «Сноў». У вашай галiне, мусiць, калегам варта раўняцца на самую буйную будаўнiчую арганiзацыю краiны — «Салiгорскпрамбуд»? — Мы не робiм сакрэтаў са сваёй вытворчай дзейнасцi, з таго факта, што ў нас выпрацоўка вышэй на адну трэць, чым у iншых, i ахвотна дзелiмся вопытам, калi ён некага цiкавiць. Але зараз размова не аб гэтым, а аб жаданнi i рэальнай магчымасцi далейшага нарошчвання тэмпаў. — I ўсё ж, чым бы вы асабiста патлумачылi прычыны сiстэмнага росту аб’ёмаў, i такi сур’ёзны поспех — пакарэнне вяршынi ў 224 мiльярды рублёў? — Мэтанакiраванай дзейнасцю — дырэкцыi, нашых фiлiялаў, усяго калектыву, скiраванай на развiццё. Пачынаецца гэтая работа з планавання аб’ёмаў, планавання канкрэтных задач i прадаўжаецца да поўнай iх рэалiзацыi. Бо калi мы спынiмся з прыростам аб’ёмаў работ, то нельга будзе выканаць эканамiчныя паказчыкi. Плюс пастаянны кантроль за самiмi эканамiчнымi паказчыкамi, за параметрамi тэхнiчнага развiцця — з мэтай разумнага кiравання iмi. Плюс укараненне ўсiх даступных нам мерапрыемстваў, якiя садзейнiчаюць высокапрадукцыйнай рабоце. «Звязда» даволi падрабязна расказвала, што мы аднавiлi ў сябе на аб’ектах працоўнае сапернiцтва, зараз яно разгорнута ў гонар 50-годдзя калектыву. Вынiкi падво- дзяцца кожны месяц, а ўмовы — даволi жорсткiя. Калi, напрыклад, у брыгадзе выяўлены выпадкi выканання работ з парушэннямi патрабаванняў СНiПа альбо парушэннi працоўнай дысцыплiны цi правiлаў тэхнiкi бяспекi, аховы працы, стануць вядомымi факты нездавальняючай культуры вытворчасцi, неналежнай арганiзацыi працы, нават нездавальняючай культуры паводзiнаў у быце — набраныя за месяц балы здымаюцца як брыгадзе, так i майстру цi прарабу. — Наколькi спаборнiцтва — дзейсны рычаг сёння? — Ведаеце, па-ранейшаму дзейнiчае эфектыўна, бо за баламi стаяць «жывыя» грошы. Мы ўдасканальваем арганiзацыю працоўнага сапернiцтва. Зараз яго ўдзельнiкамi сталi не толькi агульнабудаўнiчыя, але i ўсе вытворчыя i падсобныя нашы падраздзяленнi. Увялi прамежкавае падвядзенне вынiкаў. Узнагароджваем не толькi лепшых брыгадзiраў, а цалкам брыгаду-пераможцу. Мы не супакоiлiся на ўкараненнi (што, дарэчы, зрабiлi першымi ў мiнiстэрстве) сiстэмы менеджменту якасцi на аснове мiжнародных стандартаў ISО 9002-96 з наступнай сертыфiкацыяй яе мадыфiкацый. Iдзе далейшая «шлiфоўка» гэтай сiстэмы, на кожны год складаецца свая праграма павышэння якасцi будаўнiча-мантажных работ. Жыццёвай неабходнасцю стала асваенне новых тэхналогiй i будаўнiчых матэрыялаў, прымяненне высокапрадукцыйных механiзмаў, перадавых прыёмаў працы. Вось на стале загад № 111 па ААТ, якi падводзiць вынiкi гэтай немалой работы ў мiнулым годзе — ён на пяцi шчыльных старонках камп’ютарнай раздрукоўкi. А асваенне новых тэхналогiй i вiдаў работ адчувальна стымулюецца ўмовамi таго самага працоўнага спаборнiцтва — балы, набраныя брыгадамi, майстрамi i прарабамi па вынiках работы за месяц, павялiчваюцца за наватарства ў 1,2 раза на перыяд укаранення i асваення, а гэта ўжо З месяцы. Вядзём таксама кантроль за паказчыкамi колькасцi працуючых. Наша колькасць на мiнулы год склала 7,4 працэнта ад агульнай па мiнiстэрству. (А даём, як вы памятаеце, амаль 10 працэнтаў усiх аб’ёмаў па мiнiстэрству.) Справядлiва кажуць, што ўсё забяспечваюць людзi. Без надзейных, падрыхтаваных кадраў нават пры добрай тэхнiчнай узброенасцi нiчога не зробiш. Але «штыкоў» павiнна быць роўна пад канкрэтныя аб’ёмы работ, не больш i не менш. Важна, безумоўна, i як арганiзавана iх работа. Мы па-ранейшаму штодня правяраем якасць выканання аперацый на рабочых месцах, i робiм гэта не фармальна. Кожны ведае, што напрыканцы змены прыдуць прараб з майстрам цi брыгадзiрам i прымуць работу, а халтуру — нiзавошта не прымуць. Ну i, канешне, дапамагае тое, што ў нас пастаянна ёсць заказы. Калi раней было складана з заказамi, то сёння гэтай праблемы, па крайняй меры, для нас, не iснуе. Сур’ёзныя задачы ставiць перад «Салiгорскпрамбудам» кiраўнiцтва вобласцi, i мы засяроджваем свае намаганнi перш за ўсё на заказах вобласцi. I вельмi селектыўна ставiмся да прапаноў з iншых месцаў, нават па Мiнску, а iх паступае многа. Мусiм дзякаваць i — адмаўляемся. Бо з’явiлася такая актуальная задача, як актыўнае будаўнiцтва ў вёсцы. А што такое, нават з нашымi магчымасцямi, было ўзвесцi 235 сядзiбаў за мiнулы год? Гэта не толькi дамы, але i хлявы, склепы — сапраўдная сялянская гаспадарка. У тым лiку 10 катэджаў у Александрыi, што ў Шклоўскiм раёне — на радзiме Прэзiдэнта, па яго даручэнню. Для прыкладу можна спаслацца i на Цiмкавiчы Капыльскага раёна, дзе мы ўзводзiлi 41 дом. Дакладней, 41 гаспадарку. Сфармiраваўся пасёлак, якi можна лiчыць нават эталонам сучаснай вясковай забудовы для гэтага рэгiёна: з добраўпарадкаваннем вулiц, пешаходных зон i зон адпачынку. Мы хочам там узвесцi яшчэ прыкладна 15 дамоў, каб прыкрыць танныя, а таму не вельмi прэзентабельныя, збудаваннi мiнулых гадоў i такiм чынам завяршыць гэты комплекс. Аналагiчным чынам — грунтоўна, з душою — узведзены 25 дамоў у Танежыцах Слуцкага раёна. Таксама прыгожы атрымаўся пасёлак. Адзiнае, там чамусьцi не запланавана пракладка асфальтаванай дарогi i тратуараў з цвёрдым пакрыццём. Але думаю, вобласць прыме патрэбнае рашэнне па гэтаму пытанню, каб у вынiку пасёлак сапраўды стаў дабротным i зручным для пражывання. Летась мы пакiнулi значны след у пяцi блiзляжачых раёнах вобласцi, пасёлкi нашы бачныя з магiстральных трас, яны цешаць вока i ўпрыгожваюць беларускую зямлю. Трэба сказаць, што «Салiгорскпрамбуд» наогул актыўна працуе на аграпрамысловы сектар. Выконваючы ўказ Прэзiдэнта аб мерах па стварэннi ўмоў для развiцця ў рэспублiцы цяплiчнай гаспадаркi, фактычна за год, са скарачэннем нарматыўных тэрмiнаў у два разы, пабудавалi цяплiчны камбiнат з цяплiцамi плошчай 7 гектараў у вёсцы Багатырова Мiнскага раёна. Далося нам гэта не проста. Своечасова дакументацыi не было, таму не змаглi зрабiць задзел, i працавалi зiмой, у мiнулагоднiя лютыя маразы. Пачыналi нават з бура-ўзрыўных работ, каб мець магчымасць працаваць з грунтам, выканаць фундаменты i iнфраструктуру. Пабудавалі кацельню, склады мiнеральных угнаенняў i гатовай прадукцыi, iнжынерныя сеткi, ачышчальныя збудаваннi, воданапорную вежу i гэтак далей. Прычым у асноўным усё выканалi самi, без прыцягнення субпадрадчыкаў. Мы проста так работу не аддаём. Вучым, перавучваем людзей, калi патрэбна, i спраўляемся сваiмi сiламi. У вынiку ўсiх старанняў зараз ужо высаджана расада, i вясной новая цяплiца пачне кармiць жыхароў сталiцы. У 2006 годзе актыўна працавалi i на аб’ектах Мiнiстэрства аховы здароўя. У сталiцы забяспечылi ўвод адзiнага ў рэспублiцы навукова-даследчага iнстытута траўматалогii i артапедыi — НДIТА, у якiм лечацца сотнi людзей. Iнстытут фактычна атрымаў другое нараджэнне. Спачатку разглядаўся «аблегчаны» праект, згодна з якiм павiнны былi выконваць выбарачны рамонт, на сёмым i восьмым паверхах. Але з улiкам таго, што мянялiся ўсе камунiкацыi — па гарызанталi i па вертыкалi, знiзу да верху, мусiлi ў рэшце рэшт усё ўзарваць, старое выкiнуць i абсалютна ўсё зрабiць нанава. Такое рашэнне прымалася нялёгка, давялося доўга пераконваць, што сама тэхналогiя патрабуе карэннай, а не касметычнай, рэканструкцыi. I ў вынiку нарадзiўся фактычна новы аб’ект, ад страхi i да падвала. З новымi лячэбнымi плошчамi, аперацыйнымi i рэанiмацыйнымi аддзяленнямi. Ад старога засталiся толькi нясучыя сцены, i тыя ўмацаваны i ўцеплены. Усе тры чаргi за паўтара года завершаны, важны сацыяльны аб’ект здадзены цалкам. У Мiнскай абласной бальнiцы ў Бараўлянах правялi рэканструкцыю аперацыйнага (8 аперацыйных пакояў) i рэанiмацыйных блокаў. Як i ў НДIТА, там зманцiравана навейшае медыцынскае абсталяванне. У пасёлку гарадскога тыпу Старобiн завершана будаўнiцтва палiклiнiкi, а ў першым квартале гэтага года будзе ўведзены бальнiчны корпус на 60 ложкаў. Завяршылi сумесную праграму яшчэ з адным сваiм салiдным заказчыкам — РУП «Бел-аэранавiгацыя». Яму пабудавалi дзве чаргi адмiнiстрацыйна-вытворчага корпуса, з якога ажыццяўляецца кiраванне паветраным рухам, а таксама цудоўны лагер адпачынку дзяцей у прыгарадзе сталiцы. Без усялякага перабольшвання скажу, што сёння гэта — лепшы дзiцячы лагер на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь. З сучасным медыцынскiм абсталяваннем, са зручнасцямi, з добраўпарадкаванай тэрыторыяй. Заказчык зараз думае, як яго эксплуатаваць круглы год i аздараўлiваць нават дарослых, а гэта па ўмовах цалкам магчыма. Усё аўтаномна — сваё лячэнне ў асобным лячэбным корпусе, магчымасць наладзiць паўнацэннае харчаванне, адмiнiстрацыйны корпус, свая кацельня, сетка водаправода. 2. Нашых планаў грамаддзё... — Так што я ўсё ж меў рацыю, калi ў тэлефоннай размове сказаў, што з дапамогай вашага калектыву прыгажэюць сталiца i яе прыгарад... А якiя сур’ёзныя аб’екты чакаюць сёлета, Мiкалай Захаравiч? — Перавага зноў будзе аддадзена ўзвядзенню жылля ў вёсцы, у тым лiку забудове аграгарадкоў. У вытворчай праграме — 209 увад-ных дамоў з адначасовым добраўпарадкаваннем тэрыторый, што прылягаюць. Гэтай задачы прыдаецца першаступеннае значэнне. Ад нас традыцыйна чакаюць не проста пабудоў, а самых лепшых дамоў у вёсцы. Таму i надалей будзем удасканальваць уласныя праекты i гатовыя аб’екты ў вёсцы, узяўшы за ўзор дамы ў Александрыi, дзе мы асаблiва пастаралiся, i ствараць для аграрыяў сучасныя ўмовы пражывання — яны таго заслугоўваюць. Адзiн час будаўнiкоў заганялi ў вузкiя рамкi надуманых цэн на вясковы домiк, у вынiку гэтыя ўчарашнiя «новабудоўлi» зараз даводзiцца хаваць за фасадамi нармальных дамоў, каб не псавалi агульную карцiну. Што яшчэ раз сведчыць: жыццё нельга заганяць у штучныя рамкi. З капiтальным будаўнiцтвам не жартуюць. Можна поле засеяць адзiн год адной культурай, не спадабалася — на наступны год iншай. А будаўнiкi «засяваюць» сваё «поле» на сто гадоў, i эксперыменты тут неапраўданыя. Патрэбна, ашчадна выкарыстоўваючы выдзеленыя сродкi, будаваць так, каб не было потым сорамна за сваю работу. I пры гэтым чуйна прыслухоўвацца да спажыўца. Мы ўвялi ў практыку спецыяльныя апытальныя лiсты, якiя рассылаем сваiм заказчыкам. У нашым аддзеле кантролю якасцi i тэхналогii будаўнiцтва ў спецыяльнай папцы захоўваюцца сведчаннi такой цеснай зваротнай сувязi. Тут шмат удзячных пiсьмаў: ад дырэкцыi мемарыяльнага комплексу «Хатынь» за рэканструкцыю, ад начальнiка УКСа Любанскага райвыканкама — за жыллё для вяскоўцаў, ад слуцакоў — за «Дажынкi», ад генеральнага дырэктара «Белтрансгаза» за Нясвiжскую газакампрэсарную станцыю, з «Беларуськалiя» — за склад канцэнтратаў i гэтак далей. Але атрымлiваем не толькi прыемныя водгукi аб выкананай намi рабоце, але i прапановы, а бывае, што i заўвагi, пажаданнi. З таго ж калiйнага гiганта. I мы заўсёды прыслухоўваемся, улiчваем думку эксплуатацыйнiкаў, звычайных спажыўцоў. Напрыклад, практыка нас пераконвае, што пры будаўнiцтве сядзiбных домiкаў у вёсцы зараз лепш адмовiцца ад склепа, замест яго рабiць нармальны падвал пад домам, дзе гаспадар будзе трымаць свае запасы. Таксама лiчыцца ўжо, што не варта псаваць фасад домiка гаражом, прыбудаваным збоку цi схаваным пад домам, але яго ўсё ж выдаюць масiўныя металiчныя вароты. Калi гараж навасёлу патрэбен, то за домам ёсць так званы гаспадарчы праезд, i раённая архiтэктура дасць яму дазвол на такую дабудову менавiта там. Дык вось, сёлета — 209 увадных вясковых дамоў. Акрамя гэтага, шматпавярховыя дамы ў Салiгорску i Слуцку. Таму амаль адну чацвёртую вытворчай праграмы складае ўзвядзенне жылля. А ў Мiнскiм раёне ў вёсцы Ураджайнае будуем конна-спартыўны комплекс рэспублiканскага значэння: iпадром, канюшнi, трыбуны для гледачоў i ўсё астатняе. Ёсць адпаведнае даручэнне Прэзiдэнта, i гэта знакавы аб’ект для Мiнскай вобласцi. Тым больш, што губернатар сталiчнай вобласцi Мiкалай Фёдаравiч Дамашкевiч — старшыня федэрацыi коннага спорту. Варта асобна сказаць пра адзiн з нашых самых галоўных клопатаў. Мы прымаем актыўны ўдзел у будаўнiцтве пятага i шостага руднiкоў у Салiгорску. У сувязi з актывiзацыяй будаўнiцтва Чырвонаслабодскага i разгортваннем будаўнiцтва Бярозаўскага руднiкоў аб’ёмы работ па вытворчаму аб’яднанню «Беларуськалiй» павялiчваюцца на 225 працэнтаў. На пятым руднiку сёння працуем на складзе руды i шэрагу iншых аб’ектаў, рыхтуемся пачынаць работы на галаўной вентылятарнай. Хутка пачнём асвойваць пляцоўку шостага, Бярозаўскага руднiка — будзем будаваць рэзервуары, цягнуць iнжынерныя сеткi. Мы вядзём рэканструкцыю i дзеючай, асноўнай вытворчасцi «Беларуськалiя», курыруем яго прыродаахоўныя аб’екты. У Любанскiм раёне пачынаем узводзiць школу мастацтваў, гэта сацыяльна значны для раёна аб’ект. У Лагойскiм i Салiгорскiм «растуць» буйныя жывёлагадоўчыя фермы на тысячу галоў кожная. У гэтым годзе павiнны завяршыць i рэканструкцыю нясвiжскага завода «Медпрэпараты». Ужо ў першым квартале ўвядзём першую чаргу Цэнтра камерцыйных сувязяў у сталiцы i да канца года павiнны будзем завяршыць аб’ект цалкам. Я не ўсё называю, але вы i так бачыце, што вытворчая праграма года надзвычай напружаная. 3. Пра тое, што стрымлiвае — Мы размаўлялi наконт вытворчай праграмы з вашымi спецыялiстамi, i яны скардзяцца на штучныя перашкоды, якiя адчувальна замiнаюць у рабоце. — Без перашкод, на жаль, не абыходзiцца. Напрыклад, у апошнiя гады сапраўдным бiчом для будаўнiкоў стала несвоечасовая падрыхтоўка праектаў i каштарысаў. Iдзе каманда працаваць з «лiста», i вось ужо майстру неабходна спраўляцца за заказчыка i праектны iнстытут, чакаючы каштарыс. Закладзеныя ў iм расходы могуць адрознiвацца ад зробленага, а рознiца — пайсцi «чырвоным», як прыпiскi. У лепшым выпадку будуць зняты аб’ёмы работ. А не, дык той жа майстар можа i ў турме апынуцца. I да будаўнiчай арганiзацыi прымяняюцца такiя эканамiчныя санкцыi, што неба ў аўчынку здаецца. А за што, за чужыя грахi? Летась не па сваёй вiне мы правалiлi, што называецца, важны аб’ект — Цэнтр камерцыйных сувязяў у Мiнску. Таксама мусiлi будаваць без своечасовага забеспячэння дакументацыяй, якая перапрацоўвалася многа разоў i выдавалася «порцыямi» да самага канца 2006 года i нават у студзенi 2007-га. Несвоечасовая выдача i бясконца ўносiмыя ў яе змяненнi прыводзiлi да неаднаразовых пераробак. Вось i атрымалася, што 16 мiльярдаў уласнымi сiламi выканалi, забяспечылi 14 працэнтаў прыросту аб’ёмаў, а ў тэрмiн не ўклалiся. Хоць адзiны такi збой, а непрыемна. I ўдвая непрыемна, што не наша «заслуга». Праектна-каштарысная дакументацыя павiнна выдавацца будаўнiкам загадзя, а не «задним числом» i не «параллельно», гэтая «параллельность» разарыла ў Мiнску не адну фiрму. Атрымлiваецца, што з будаўнiкоў за чужыя грахi спагнаць можна, а з заказчыка, якi не падрыхтаваўся як след, нельга. Апошнiм часам пайшла такая «мода», што заказчык лiчыць не абавязковым своечасова плацiць будаўнiкам за этапы выкананых работ, а то i за аб’ект у цэлым. Калi гэта чыноўняя арганiзацыя, адзiным багаццем прадстаўнiкоў УКСаў якой з’яўляюцца «манiшка ды запiсная кнiжка», то з яе i праз суд нельга нiчога атрымаць. Нiякай маёмаснай адказнасцi яна не нясе. I тут мы ставiм пытанне аб неабходнасцi гарантый з боку ўладаў альбо фундатараў, якiя гарантуюць разлiк з будаўнiкамi за кошт гарадскога, раённага, абласнога бюджэту цi фундатара. А то за другую чаргу гандлёвага цэнтра на вулiцы Аэрадромнай у Мiнску трэцi год вiсiць запазычанасць разам з пеняй каля 5 мiльярдаў рублёў. — Як бачна, праблем у будаўнiкоў шмат... — Тым не менш усе яны — вырашальныя, i iх своечасовае вырашэнне дапаможа нам працаваць яшчэ больш прадукцыйна. Скажам, зараз наша Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва ўшчыльную ўзялося за работу ўласнай прамысловасцi будаўнiчых матэрыялаў. Праўда, усе разумеюць, што гэта праблема комплексная, бо забяспечваюць будаўнiчую галiну не толькi яе ўласныя прамысловыя прадпрыемствы. Канешне, многае можа зрабiць Беларускi металургiчны завод у Жлобiне, каб, у прыватнасцi, будаўнiкi не адчувалi вострага дэфiцыту металу («шасцёркi», «васьмёркi»), якi iдзе на жыллёвае будаўнiцтва. Але многае могуць зрабiць i прадпрыемствы металаапрацоўчай галiны (тыя ж камплекты танных дзюбеляў), дрэваапрацоўкi (наогул вялiкi асартымент), нават лёгкай прамысловасцi (дывановыя пакрыццi). Патрэбна наладзiць выпуск бетонааддзелачных машын, вiбратараў, малагабарытных самаходных цялежак-манiпулятараў для работы на перакрыццях. Востра патрэбны паўпрычэпы для перавозкi цяжкай будаўнiчай тэхнiкi i бытовак i шмат чаго iншага. I ўсё гэта патрэбна якаснае. Фактычна на ўсю сваю прадукцыю беларускiя прадпрыемствы-вытворцы даюць гарантыю... ад трох да шасцi месяцаў. А мы пасля здачы аб’екта гарантуем заказчыку яго бездакорнае функцыянаванне на працягу двух гадоў. Вось i атрымлiваецца, што той жа дзвярны замок мы паспяваем памяняць за гарантыйны тэрмiн тры разы i тры разы заплацiць за яго. Вокны маюць год гарантыi. А будаўнiкi адказваюць за iх два такія тэрмiны. Мы, сертыфiкаваная арганiзацыя, не можам знiжаць гарантыйны тэрмiн. Значыць, да нашага ўзроўню павiнны падцягвацца айчынныя вытворцы. Не сакрэт, што так званая «еўраякасць» забяспечана альбо iмпартнымi матэрыяламi, альбо матэрыяламi СП. На адным з пасяджэнняў калегii мiнiстэрства для рашэння шэрагу стратэгiчных праблем былi створаны рабочыя групы — у будаўнiцтве пад кiраўнiцтвам вашага пакорнага слугi, у прамысловасцi — генеральнага дырэктара ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» Валянцiна Алегавiча Верацiлы. Мы ўнеслi прапановы па далейшаму павышэнню якасцi будаўнiцтва; па ўдасканаленню архiтэктурных i канструктыўных рашэнняў вясковых сядзiбных домiкаў; прапанавалi вярнуцца да большай спецыялiзацыi праектных iнстытутаў, што дазволiць мець падрыхтаваныя кадры i пазбегнуць памылак пры праектаваннi; актывiзаваць работу спецыялiзаваных праектна-тэхналагiчных арганiзацый мiнiстэрства, якiя б забяспечылi распрацоўку тэхналагiчных карт на ўвесь комплекс будаўнiча-мантажных работ, у тым лiку з прымяненнем новых матэрыялаў i тэхналогiй. Унеслi таксама i прапановы па арганiзацыi выпуску новых матэрыялаў, канструкцый i механiзмаў на прадпрыемствах прамысловасцi Беларусi. Прычым звярнулi ўвагу на неабходнасць правесцi на заводах, вытворцах такой прадукцыi, мэтанакiраваную работу для давядзення тэрмiнаў гарантыi на яе да двух гадоў. Будаўнiкi разлiчваюць на дапамогу галiновых мiнiстэрстваў, урада рэспублiкi ў вырашэннi гэтых вельмi надзённых задач. А мы адкажам уводам новых прыгожых, сучасных аб’ектаў у гарадах i вёсках сiнявокай Беларусi. АД РЭДАКЦЫI. Мы мяркуем у самы блiжэйшы час прадоўжыць размову аб праблемах, узнятых заслужаным будаўнiком рэспублiкi, кавалерам двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга Мiкалаем Захаравiчам АШЭЙЧЫКАМ на старонках «Звязды». Запрашаем будаўнiкоў, прадстаўнiкоў заказчыкаў, проста зацiкаўленых людзей прыняць удзел у абмеркаваннi. Публiкацыю падрыхтаваў Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з генеральным дырэктарам ААТ «Салiгорскпрамбуд» Мiкалаем АШЭЙЧЫКАМ
|
|