З такiх светлых радкоў пра бога ўрадлiвасцi Ярылу пачынаецца альбом мастака i эсэiста Юрася Малаша «Патаемнае наiўных мастакоў Беларусi». Гэты вершык выконвае функцыю эпiграфа — i, мусiць жа, невыпадкова, калi ўлiчыць, што наiўнае мастацтва падобнае на агарод, якi ўскапаны i засеяны i якi мае быць урадлiвым; калi дапусцiць верагоднае: вобразы мастацкага наiву сагрэты вясновым клопатам Ярылы...
Даследчыкi, якiя вывучаюць творчасць наiўных мастакоў, амаль заўсёды звяртаюць нашу ўвагу на прастадушнасць iхняга мыслення, на iх далiкатнае ўменне глядзець на жыццё вачамi дзiцяцi, на кранальную даверлiвасць стылю i на адсутнасць у гэтым стылi рацыяналiзму.
Часам згадваецца дух вандроўнiцтва, што таксама ж небеспадстаўна, бо носьбiты i стваральнiкi наiўнага мастацтва, скажам так, спадчынныя вандроўнiкi.
Справядлiва адзначаецца лялечнасць i цацачнасць пiсьма: маўляў, людзi i жывёлы малююцца, як лялькi, а, напрыклад, дамы i дрэвы — як цацкi.
Падкрэслiваецца i вiдавочная казачнасць светапогляду творцаў, як i тое, што паводле iх эстэтычных канонаў неабходна пераважна ствараць анёльскую прастору спакою, неабходна мадэлiраваць бесклапотнае жыццё — словам, маляваць iдылiю.
У гэтым сэнсе бясконцыя яркiя кветкi, белыя лебедзi, цiхамiрныя буслы i экзатычныя рахманыя (!) львы выконваюць сваю непасрэдную ролю, аднак жа, вядома, гэта зусiм не азначае, што вобразы, поўныя трагiзму i жыццёвай безвыходнасцi, не маюць права на iснаванне ў эстэтыцы наiву...
Вылучаецца i такая асаблiвасць, як таямнiчасць: таямнiчасць як святочная шчырасць, як чаканне не проста цуду, а касмiчнага цуду; калi праца завершана, таямнiчасць пачынае адначасова жыць i ў карцiне, i ў сэрцы гледача.
Слушна пiшацца i пра пэўную старадаўнасць, своеасаблiвую архаiчнасць чалавека i прыродаўспрымання, пад неадольным уплывам якой ствараецца салодкая iлюзiя ўцёкаў ад камп’ютэрнай цывiлiзацыi...
Цудоўны альбом Юрася Малаша абуджае ў памяцi ўсе гэтыя унiверсальныя адметнасцi наiўнага мастацтва, раскрывае багаты змест яго ўласна беларускага напрамку, прымушае ўспомнiць паэму ў прозе пiсьменнiка Уладзiмiра Ягоўдзiка «Алена Кiш» — прачулы гiмн маляваным дыванам дзiвоснай слуцкай мастачкi, падзвiжнiцтву якой i Ю.Малаш у сваiм рамантычным даследаваннi адвёў не адну старонку.
А гэта сапраўды даследаванне, i яно — важная з’ява ў нашым культурным жыццi. Гэта i дэманстрацыя густу, i прадуманая кампазiцыя, цiкавая сукупнасць звестак i выразная калiграфiя, але галоўнае — альбом патрыятычны i надзённы.
Невыпадкова ж пра яго актуальнасць у сваiм змястоўным уступным слове гаворыць i кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Р.Шаура.
Юрась Малаш заклiкае: не трэба адмаўляцца ад нацыянальных скарбаў! Ён па–юнацку эмацыянальна даводзiць нам: людзi, народжаныя на Беларусi, незвычайныя i, вядома ж, незвычайныя i беларускiя мастакi. У сваiм артыкуле–споведзi «Сусвет душою беларуса, альбо Мой шлях да Беларусi» (часопiс «Дзеяслоў» N 22, 2006 г.) аўтар альбома прызнаецца: «...неаднойчы я марыў знайсцi ў гiсторыi Беларусi асобу, захопленую iдэяй iснавання жыцця ў Сусвеце...»
Мара спраўдзiлася: Юрась Малаш адкрыў для сябе «небазнаўцу» Язэпа Драздовiча, вывучаючы нябесную фiласофiю якога спакваля вывучаў i патаемную Беларусь. Вывучаў, трэба думаць, з вераю: таямнiчае жыве i ў простым, зразумелым, наiўным.
Дарэчы, алегарычная акварэль «Насустрач невядомаму», змешчаная на чацвёртай старонцы выдання, гэта, мусiць, самае «тэматычнае», самае вiдавочнае наблiжэнне Ю.Малаша да спадчыны Я.Драздовiча.
Дык вось, iдэя iснавання жыцця ў Сусвеце звязалася ў душы нашага руплiўца з iмем Я.Драздовiча, iдэя ж iснавання раю на зямлi, бясспрэчна, знiтавана з iмем Алены Кiш.
Неба Драздовiча i зямля Кiш — пэўна, гэта i ёсць фiласофiя ўласна беларускага малярства, тая каляровая прастора, якую Якуб Колас так трапна назваў надзем’е...
Юрась Малаш глядзiць на беларускiя колеры праз беларускiя вершы, ён шчодра наталяе сваю душу паэзiяй Янкi Купалы, У.Жылкi, П.Глебкi, У.Караткевiча, М.Ермаловiча — менавiта дзякуючы беларускай паэзii Ю.Малаш i стаў мастаком.
Ягонае творчае шчасце таксама выяўляецца i ў адчуваннi сваёй далучанасцi да мастакоўскай сябрыны, прынамсi, да тых iмёнаў, якiя ўпрыгожылi альбом: акрамя Драздовiча i Кiш, гэта Дауд, Сухавiла, Калтоўская, Засiнец, Каваль, Калакольцаў, Стальмахоў, Максiмаў, Лейко, Нiчай–Нiцэвiч, Жарнасек, Маiсеева, Супрунчык...
Iх умельства, як i ўмельства вясковых i местачковых музыкаў–самавукаў — мудрае, яснае i запамiнальнае.
Мудрасць, яснасць i запамiнальнасць народнага малявання, як i ўвогуле народнага мастацтва, i мяне зачароўвала змалку, таму ў думках сваiх у гэта выданне я ўключаю i рэпрадукцыi твораў давыд–гарадоцкiх умельцаў В.Тукiна, Дз.Цубера, Б.Сысы.
Гартаючы альбом, бачу ў iм шмат роднага, знаёмага, дзiцячага: вось на чатырнаццатай старонцы макатка Галiны Заяц «Букет у кошыку» (палескiя майстрыхi «вуводзiлi» (вышывалi) амаль такiя ж макаткi, яны па сённяшнi дзень упрыгожваюць дамы ў маiм Давыд–Гарадку).
Можна павiншаваць рэдакцыйна–выдавецкую ўстанову «Лiтаратура i Мастацтва» з немалым поспехам, бо менавiта пад маркай гэтага маладога прадпрыемства i з’явiлася вельмi патрэбная кнiга Юрася Малаша.
Праект ажыццявiўся дзякуючы фiнансавай падтрымцы Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта i Заслаўскага гарадскога выканаўчага камiтэта, i гэта дае добрую надзею на тое, што i надалей нашы дзяржаўныя структуры будуць матэрыяльна спрыяць развiццю гэтай важнай сферы беларускага мастацтва...
Альбом «Патаемнае наiўных мастакоў Беларусi», трэба спадзявацца, пашырыць кола аматараў i носьбiтаў народнага ўмельства, умацуе дзяржаўнае (!) разуменне таго, што гэта творчая плынь мае нацыянальную значнасць i паспрыяе таму, што i ў нас нарэшце з’явiцца музей маляваных дываноў, пра што так натхнёна марыць Юрась Малаш.
Упэўнены: гэтаму паспрыяе i Ярыла, невыпадкова ж ён бог урадлiвасцi...
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.