Узровень заробкаў «прасочаць» па базе
Сяргей ГРЫБ
Ужо ў блiжэйшы час на Мiншчыне будзе створана электронная база даных заробкаў па ўсiх без выключэння прадпрыемствах. Пры гэтым, мяркуюць у абласным камiтэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, з’яўленне падобнай базы дазволiць аператыўна кантраляваць узровень аплаты працы непасрэдна на месцах, а пры неабходнасцi — уплываць на памеры зарплаты.
НАЙПЕРШ ЗВАЖАЙ НА... АЎТСАЙДАРА 293 долары ў сярэднiм па вобласцi, i ў тым лiку 260 долараў — па бюджэтнай сферы. Такiмi былi планы на снежань мiнулага, 2006 года. Паводле слоў намеснiка старшынi камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Мiнаблвыканкама Алены Кузьмiной, гэта задача сталася па-сапраўднаму няпростай, i для яе вырашэння давялося выкарыстоўваць розныя шляхi. Да прыкладу, адзiн з iх — тлумачэнне кiраўнiкам арганiзацый рознай формы ўласнасцi варыянтаў эканамiчнага стымулявання работнiкаў, магчымасцяў вызначэння даплат за шкодныя ўмовы працы, за сумяшчэнне прафесiй, павышэння акладаў пры пераводзе на кантракты. Адначасова быў наладжаны строгi кантроль за налiчэннем заробкаў у памеры не менш за «мiнiмалку», якая, як вядома, на працягу мiнулага года складала 156 900 рублёў. Найбольш пытанняў тут традыцыйна ўзнiкае па недзяржаўных арганiзацыях. Таму, паведамiла Алена Кузьмiна, летась тут прайшлi 2355 спецыяльных праверак. I ўсё ж самай складанай аказалася сiтуацыя на асобных камунальных прадпрыемствах. Як паказаў аналiз, у пачатку мiнулага года з крыху больш чым двух тысяч «мясцовых» суб’ектаў гаспадарання 41 меў узровень сярэдняй зарплаты нiжэй 200 долараў у эквiваленце. Прычым перш-наперш гэта датычылася прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркi, камбiнатаў бытавога абслугоўвання i швейных фабрык. Зразумела, што прычыны невысокiх заробкаў заўсёды трэба «шукаць» у эканомiцы. З улiкам гэтага, адзначыла Алена Кузьмiна, на працягу мiнулага года пад асаблiвым кантролем на «праблемных» прадпрыемствах знаходзiлiся павелiчэнне аб’ёмаў прадукцыi i паслуг, змяншэнне выдаткаў вытворчасцi, крэдыторскай i дэбiторскай запазычанасцi, эканомiя матэрыяльных i працоўных рэсурсаў. У рэшце рэшт, «асаблiвая ўвага» дала плён — за студзень—лiстапад мiнулага года доля стратных арганiзацый у вобласцi зменшылася на 4,1 працэнтнага пункта. А колькасць прадпрыемстваў з сярэдняй зарплатай нiжэй 200 долараў скарацiлася з 41 да 16. I, у прыватнасцi, сумны спiс пакiнулi арганiзацыi жыллёва-камунальнай гаспадаркi i перапрацоўкi малака. У сваю чаргу гэта акалiчнасць паўплывала на паказчыкi ў цэлым. Як зазначыла Алена Кузьмiна, летась Мiншчына перавысiла першапачатковыя планы па павышэнню заробкаў. Iх сярэднi паказчык у снежнi склаў 296, i ў тым лiку па бюджэтнай сферы — 272 долары ў эквiваленце. Пры гэтым адметна, што заробкi па вобласцi апярэдзiлi рост цэн на 15,9 працэнта. Дарэчы, цiкава, што на найбольш высокi ўзровень зарплаты ў снежнi выйшла Салiгоршчына — 437 долараў ЗША. Апроч таго, у лiдарах апынулiся Мiнскi (344), Дзяржынскi (327), Маладзечанскi (291), Нясвiжскi (275) раёны, а таксама горад Жодзiна (320 долараў у эквiваленце). 30 ДОЛАРАЎ ПРЫБАЎКI Рост цэн на iмпартныя палiўна-энергетычныя рэсурсы, безумоўна, — самы непрыемны «сюрпрыз» пачатку новага года. Тым не менш, мяркуюць у камiтэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiн-аблвыканкама, гэта акалiчнасць не павiнна прывесцi да спынення росту зарплаты. Так, вызначана, што па вынiках ужо сёлетняга снежня яе сярэднi паказчык па рэгiёну выйдзе на адзнаку 708,5 тыс., i пры гэтым па бюджэтнай сферы — на 621,3 тыс. рублёў. Цi, адпаведна, на 325 i 285 долараў у эквiваленце. Вядома, што асноўнай крынiцай росту ў бюджэтнай сферы застанецца змяненне тарыфнай стаўкi I разраду. Аднак не толькi. Паралельна, зазначыла Алена Кузьмiна, нельга скiдваць з рахункаў пазабюджэтную дзейнасць. Сёлета менавiта яна павiнна прынесцi 27 тысяч «сярэднямесячнай» прыбаўкi. А ў снежнi кожны бюджэтнiк мусiць зарабiць «на сябе» ўжо 36 тысяч рублёў. Што да рэальнага сектара эканомiкi, то тут усё будзе зноў-такi залежаць ад вынiкаў гаспадарчай дзейнасцi канкрэтных арганiзацый. Разам з тым у адносiнах да кожнай з гэтых арганiзацый вызначаны свае планы павышэння заробкаў. Планы будуць кантралявацца. I ў тым лiку, заўважыла Алена Кузьмiна, кантралявацца не зусiм традыцыйным спосабам. «ПАДКАЗКI» ДАЕ МАНIТОРЫНГ Задума электроннага манiторынгу сiтуацыi з зарплатай з’явiлася некалькi гадоў таму. Яго сутнасць аказалася простай. Спачатку рэгулярна збiраюцца поўныя звесткi аб аплаце працы на ўсiх прадпрыемствах кожнага раёна. А потым, дзякуючы мадэму, iнфармацыя «зводзiцца» ў агульны банк даных вобласцi. — Пры гэтым з’яўляецца магчымасць штомесяц адсочваць, якiя прадпрыемствы палепшылi вынiкi фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi i фактычна могуць праводзiць пэўныя стымулюючыя выплаты цi павышаць уласную тарыфную стаўку I разраду, — тлумачыць Алена Кузьмiна. — Аднак больш важна, што адначасова мы бачым усе прадпрыемствы з нiзкiм узроўнем зарплаты, i ў вынiку можам праводзiць аналiз рэзерваў яе росту, а таксама аказваць кансультацыйную дапамогу па рэгуляванню аплаты працы на падставе заканадаўства. Словам, па сутнасцi ўплываць на выкананне планаў па павышэнню заробкаў, i прычым рабiць гэта загадзя. Мiж тым, даводзiцца канстатаваць: сама камп’ютарная праграма манiторынгу будзе дапрацавана цягам блiжэйшых тыдняў. Такiм чынам, на думку Алены Кузьмiной, кантраляваць заробкi па адзiнай «базе даных» на Мiншчыне распачнуць ужо да канца сакавiка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо ў блiжэйшы час на Мiншчыне будзе створана электронная база даных заробкаў па ўсiх без выключэння прадпрыемствах |
|