Пенсiйная прыбаўка з варыянтамi
Сяргей ГРЫБ
Паводле даных Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, у лютым узровень сацыяльнай пенсii складаў 113,1 тыс., сярэдняй працоўнай пенсii — 281,7 тыс., максiмальнай пенсii ў працуючых пенсiянераў — 329,5 тыс., у непрацуючых — 453,9 тыс., а сярэдняй пенсii па краiне ў цэлым — 278,1 тыс. рублёў. Пры гэтым апошнi паказчык адпавядаў 184,2 працэнта ад бюджэту пражытковага мiнiмуму пенсiянера. Факт сам па сабе адметны. Аднак у той жа час даводзiцца канстатаваць, што на справе памеры цяперашнiх выплат задавальняюць далёка не кожнага. Мiж тым, нельга не заўважыць, што павялiчыць уласны даход пасля дасягнення пенсiйнага ўзросту магчыма не толькi дзякуючы падпрацоўкам цi вядзенню прысядзiбнай гаспадаркi. Атрымаць «прыбаўку» можна i iншым чынам. Прычым тут, як кажуць, ёсць варыянты.
У БАНК. I ЛЕПШ — З РУБЛЯМI Цi не самы просты з iх — банкаўскi ўклад. Ва ўмовах даволi працяглай стабiльнасцi курсу нацыянальнай валюты адносна долара, а таксама нязначных ваганняў адносна еўра i расiйскага рубля гэты вiд зберажэнняў працягвае набiраць папулярнасць. Як правiла, буйныя (i, адпаведна, надзейныя) банкi не маюць патрэбы ў нарошчваннi ўласных актываў любой цаной, i таму не iмкнуцца прапаноўваць звышпрыбытковыя ўмовы. Тым не менш нават сярэднiя стаўкi выглядаюць дастаткова прывабна. Так, кожная тысяча долараў пры «стандартнай» на сёння прапанове ў 7 працэнтаў гадавых па валюце можа прынесцi патэнцыяльнаму пенсiянеру дадатковыя 70 умоўных адзiнак за 12 месяцаў. Аднак яшчэ больш выгадным будзе рублёвы рахунак — перавод тысячы долараў у нацыянальную валюту з улiкам зноў-такi «звычайнай» стаўкi ў 14 працэнтаў здольны па сутнасцi забяспечыць прыбаўку ў памеры цяперашняй сярэдняй пенсii ў год. Словам, перспектывы някепскiя. Асаблiва калi ўзяць пад увагу, што некаторыя банкi прапануюць рабiць пенсiйныя ўклады i на больш выгадных умовах. I ўсё ж нельга не заўважыць: «адшукаць» i пакласцi тую ж тысячу долараў цi звыш двух мiльёнаў рублёў на банкаўскi рахунак адразу для многiх даволi цяжка. Таму звернемся да другога, яшчэ не такога распаўсюджанага варыянту накапленняў «на старасць» — дадатковага пенсiйнага страхавання. СТРАХОЎКА З ПРАВАМ НА СПАДЧЫНУ Паводле слоў намеснiка начальнiка галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Мiнiстэрства фiнансаў Васiля Фiлонава, сёння страхаваннем дадатковых пенсiй займаюцца чатыры кампанii. Прычым некаторыя з iх маюць не толькi iндывiдуальных, але i карпаратыўных клiентаў. Аднак адначасова даводзiцца канстатаваць: нягледзячы на рост аб’ёмаў збiральнасцi ўзносаў, пакуль дадатковае пенсiйнае страхаванне, у адрозненне ад Еўропы цi нават Расii, не сталася звычайнай з’явай. I перш-наперш — у сувязi з «аглядкай» на эканамiчныя ўзрушэннi ў першай палове 1990-х гадоў. Мiж тым, варта заўважыць, што ў дадзеным выпадку механiзмы абароны сродкаў дакладна рэгламентаваныя нашым заканадаўствам. Так, iснуе строгае патрабаванне — нiводная з кампанiй не мае права выкарыстоўваць для «вядзення спраў» больш за 8 працэнтаў ад сумы сабраных страхавых узносаў. Што да астатнiх грошай, то яны ў абавязковым парадку павiнны iнвеставацца па розных напрамках. Iнакш кажучы, каб зменшыць рызыку, раскладвацца па «асобных кошыках» — размяшчацца як у банках, так i ў каштоўных паперах. Яшчэ адзiн шлях абароны страхавых узносаў — паступовае павелiчэнне статутнага фонду самiх кампанiй. Некалi ён складаў 200 тыс., сёння — 400 тыс. еўра. Прычым, заўважыў Васiль Фiлонаў, да сярэдзiны 2008 года гэты паказчык павiнен складаць не менш за 1 млн, а да сярэдзiны 2011 года — не менш за 2 млн еўра. I, нарэшце, нельга забывацца, што дзейнасць усiх страхавых кампанiй знаходзiцца пад кантролем дзяржавы. Пры гэтым само па сабе iнвеставанне вядзе да дадатковага папаўнення рахункаў грамадзян. Да прыкладу, пры ўмове штомесячных 20-доларавых адлiчэнняў «на пенсiю» на працягу 10 гадоў сама сума ўзносаў складзе 2400, а сума «павялiчанай» страхавой выплаты — ужо амаль 3100 умоўных адзiнак. Апроч таго, сёння беларускiя кампанii могуць прапанаваць розныя вiды пенсiйнага страхавання. Яно можа рабiцца ў беларускiх рублях, у валюце або ў эквiваленце замежнай валюты па курсу Нацбанка. А самi страхавыя выплаты здзяйсняюцца пажыццёва або пэўны адрэзак часу пасля наступлення пенсiйнага ўзросту, прычым, як правiла, у апошнiм выпадку прадугледжваецца магчымасць перадачы «неатрыманых» сродкаў спадчыннiкам. Зрэшты, якому вiду дадатковага пенсiйнага страхавання аддаць перавагу, i наколькi прымальны сам гэты шлях, кожны павiнен вырашаць самастойна. Адно, што калi вы захочаце заключыць страхоўку, то зрабiць гэта лепш як мага раней. I пажадана — не пазней чым за 5 гадоў да наступлення пенсiйнага ўзросту. Iнакш сума узносаў, якую «паспее» назбiраць чалавек i праiнвеставаць страхавая кампанiя, атрымаецца невялiкай. А значыць, акажацца не вельмi адчувальнай i сама дадатковая пенсiя. Больш мае той, хто... не спяшаецца Скiдваць з рахункаў банкаўскiя ўклады цi добраахвотнае страхаванне, безумоўна, не варта. Аднак разам з тым трэба ўзгадаць яшчэ адзiн шлях павышэння даходу ў паважным узросце. Цяперашняе заканадаўства вызначае, што чалавек, якi пасля дасягнення агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту працягвае працаваць i пры гэтым часова адмаўляецца ад атрымання пенсii, па сутнасцi павялiчвае яе памер на ўсё астатняе жыццё. У прыватнасцi, паводле артыкула 23-1 Закона «Аб пенсiйным забеспячэннi», кожныя два месяцы «адкладзенага» выхаду на заслужаны адпачынак вядуць да росту пенсii на 1 працэнт заробку, што прымаецца для яе вылiчэння. Такiм чынам, за паўгода работы без атрымання пенсii яе памер узрастае на 3 працэнты, за год — на 6 працэнтаў, а за два гады — на 12 працэнтаў. I да таго ж гэтыя перыяды залiчваюцца ў працоўны стаж. Прычым нялiшне зрабiць адну заўвагу: своеасаблiвым бонусам за «адкладзены выхад» могуць скарыстацца як «новыя» пенсiянеры, так i пенсiянеры, якiя маюць гэты статус ужо шмат гадоў. — Наколькi ў рэшце рэшт «акупiцца» часовая адмова ад пенсii, неабходна пралiчваць у кожнай канкрэтнай сiтуацыi, i да таго ж канчатковае рашэнне тут залежыць выключна ад самога пенсiянера, — кажа начальнiк аддзела арганiзацыi пенсiйнага забеспячэння Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. — Можна хiба што заўважыць: узгаданая норма з’яўляецца найбольш выгаднай для асобаў, якiя маюць няпоўны год стажу. Паводле нашага заканадаўства, памер пенсii вызначаецца толькi зыходзячы з поўных гадоў. Таму, да прыкладу, памер пенсii мужчыны цi жанчыны, якiя маюць стаж 38 гадоў i 10 месяцаў, у вынiку двухмесячнай «адтэрмiноўкi» павялiчыцца адразу на 2 працэнты: на 1 працэнт — паколькi ў падобнай сiтуацыi чалавек «дабiрае» яшчэ адзiн поўны год стажу, i таксама на 1 працэнт — на падставе ўжо ўзгаданага артыкула 23-1 Закона «Аб пенсiйным забеспячэннi». I яшчэ. Трэба падкрэслiць, што разлiк пенсii робiцца толькi з заробку, якi «праходзiў» па ведамасцi i з якога рабiлiся адлiчэннi ўзносаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Нiякi iншы заробак пад увагу проста не бярэцца. Словам, час ад часу зноў-такi даводзiцца выбiраць: зарплата «ў канверце» сёння або магчымасць атрымлiваць больш высокую пенсiю надалей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле даных Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, у лютым узровень сацыяльнай пенсii складаў 113,1 тыс., сярэдняй працоўнай пенсii — 281,7 тыс., |
|