«Момант iсцiны прыйдзе ў матчы з балгарамi»
Iрына ПРЫМАК
Гульня № 1 З Люксембурга Юрый Пунтус, галоўны настаўнiк нацыянальнай зборнай па футболу, вярнуўся ў добрым настроi (што зразумела пасля перамогi) i адправiўся на фiнальны матч беларускай хакейнай экстралiгi. Дарэчы, не ў першы раз яго можна было ўбачыць на хакейных трыбунах. «Кагосьцi ў зборную падбiраеце?» — пажартавала я. «Не, — усмiхнуўся Юрый Iосiфавiч, — я ж сам гуляю ў хакей, мне падабаецца гэта гульня». Такую сустрэчу было б шкада не выкарыстаць у карысных мэтах i не пагутарыць з трэнерам аб выступленнi нашай зборнай у адборачным матчы чэмпiянату Еўропы-2008 з Люксембургам. Нагадаю, што беларусы выйгралi ў гасцях з лiкам 2:1 (галы на рахунку Цiмафея Калачова i Вiталя Кутузава адпаведна на 26-й i 54-й хвiлiнах, а нашы вароты былi «прабiты» на 68-й ).— Юрый Iосiфавiч, вiншую з перамогай! Як пракаментуеце гульню сваiх падначаленых i сапернiка? — Люксембург мяне крыху здзiвiў, бо яны дазволiлi сабе гуляць не ад абароны, як з галандцамi, балгарамi, славенцамi (гэтыя матчы я праглядваў у час падрыхтоўкi), а паказалi больш адкрыты футбол, прэсiнгавалi. Мяркую, што мы выйгралi заслужана, таму што на працягу ўсяго матча, за выключэннем апошнiх 15 хвiлiн, цалкам кантралявалi сiтуацыю, мелi шанц зрабiць лiк нават 3:0, пры якiм канцоўка не была б такой нервовай, але прапусцiлi неабавязковы гол i наклiкалi на сябе бяду, трымалiся ў напружаннi да фiнальнага свiстка. — За час вашай працы ў зборнай праз яе прайшло ўжо каля 40 iгракоў. Можаце назваць тых футбалiстаў, якiя будуць касцяком каманды ў далейшым? — Думаю, што гэта тыя iгракi, якiя былi на зборы ў Руйце, гулялi ў матчы з Люксембургам (у стартавым саставе на поле выйшлi Жаўноў, Юрэвiч, Карыцька, Штанюк, Кульчы, Калачоў, Страхановiч, А. Глеб, В. Глеб, Кутузаў, Карнiленка. — Аўт.). Адсутнiчаў толькi Амельянчук. I ўсё ж гэта не значыць, што iншыя футбалiсты не могуць трапiць у каманду. Месца ў ёй яны могуць зарабiць сваёй гульнёй i добрай спартыўнай формай. Дзверы ў зборную не зачыненыя. — Наступныя матчы зборная правядзе супраць балгараў (2 чэрвеня ў Мiнску, 6 чэрвеня ў гасцях). Што скажаце аб сапернiку? — Мне ўдалося пабачыць балгараў у справе, у тым жа матчы з камандай Люксембурга, але гэта не паказчык. 28 сакавiка я адлятаю на гульню Балгарыя — Албанiя, пасля якой у мяне будзе больш матэрыялу для абдумвання. Сустрэча з балгарамi стане для нас момантам iсцiны, бо будзем змагацца за высокае трэцяе месца. Сапернiкi нашай каманды па групе «G» так i не здолелi адкрыць лiк: Албанiя — Славенiя, Галандыя — Румынiя — 0:0. Становiшча каманд: Галандыя — 11 ачкоў, Балгарыя, Румынiя — 8, Беларусь — 7, Славенiя — 4, Албанiя — 2, Люксембург — 0. Вынiкi матчаў у iншых групах. Група «А»: Польшча — Азербайджан — 5:0, Казахстан — Сербiя — 2:1, Партугалiя — Бельгiя — 4:0. Група «В»: Шатландыя — Грузiя — 2:1, Фарэрскiя а-вы — Украiна — 0:2, Лiтва — Францыя — 0:1. Група «С»: Грэцыя — Турцыя — 1:4, Малдова — Мальта — 1:1, Нарвегiя — Боснiя i Герцагавiна — 1:2. Група «D»: Iрландыя — Уэльс — 1:0, Кiпр — Славакiя — 1:3, Чэхiя — Германiя — 1:2. Група «Е»: Харватыя — Македонiя — 2:1, Iзраiль — Англiя — 0:0, Эстонiя — Расiя — 0:2. Група «F»: Лiхтэнштэйн — Паўночная Iрландыя — 1:4, Iспанiя — Данiя — 2:1.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Люксембурга Юрый Пунтус, галоўны настаўнiк нацыянальнай зборнай па футболу, вярнуўся ў добрым настроi (што зразумела пасля перамогi) i адправiўся на |
|