Аб’ём капрамонту жылля павялiчваецца
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Сёлета ў Беларусi на капiтальны рамонт жыллёвага фонду будзе выдаткавана больш за 500 мiльярдаў рублёў. Грошы накiруюць на правядзенне «сур’ёзнага» абнаўлення стану жылля агульнай плошчай у 895 тысяч квадратных метраў. Як i ў мiнулых гадах, асноўныя фiнансавыя сродкi на правядзенне капiтальнага рамонту будуць паступаць па схеме 44,5 працэнта бюджэтных i больш за 50 працэнтаў — адлiчэннi наймальнiкаў i ўласнiкаў.
У пачатку мiнулага года жыллёвы фонд нашай краiны налiчваў 212,2 мiльёна квадратных метраў агульнай плошчы без улiку iнтэрнатаў. З гэтай колькасцi iндывiдуальны жыллёвы фонд складае 43,5 працэнта. Вялiкая частка жылля Беларусi мае патрэбу ў правядзеннi не бягучага, а капiтальнага рамонту. — Пачынаючы з 1990 года, больш за дзесяць гадоў увод агульнай плошчы жылых памяшканняў пасля капiтальнага рамонту быў значна меншым за нарматыўны. I толькi ў 2003 годзе ўпершыню за дванаццаць гадоў забяспечаны ўзровень 1990 года: пасля капiтальнага рамонту было ўведзена ў эксплуатацыю 645,8 тысячы квадратных метраў, — паведамiў начальнiк упраўлення жыллёвай гаспадаркi мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi Эдмунд Грышкевiч. — I пакрысе мы штогод павялiчваем аб’ёмы капiтальнага рамонту не менш чым на дзесяць працэнтаў. Летась капрамонт жыллёвага фонду ў Беларусi быў праведзены на плошчы ў 857 тысяч квадратных метраў, на гэтыя мэты было накiравана амаль 400 мiльярдаў рублёў. Галоўнымi крынiцамi фiнансавання заставалiся рэсурсы насельнiцтва — 54 працэнты (адлiчэннi наймальнiкаў i ўласнiкаў) i сродкi мясцовых бюджэтаў — 41 працэнт. — Некалькi гадоў таму мы распачалi рэалiзацыю праграмы па цеплавой мадэрнiзацыi дамоў. Напрыклад, летась яна была праведзена ў жылых дамах, агульная плошча якiх склала 244,4 тысячы квадратных метраў. Гэта ў два разы больш, чым у 2004 годзе. У першую чаргу, работы па цеплавой мадэрнiзацыi праводзяцца там, дзе ў жылых памяшканнях парушаны рэжым тэмпературы i вiльгацi, тэхнiчны стан канструктыўных элементаў патрабуе правядзення энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Правядзенне капiтальнага рамонту патрабуе i адпаведнай квалiфiкацыi работнiкаў. Эдмунд Грышкевiч прызнае, што iснуе праблема з якасцю выканання рамонтных работ. Напрыклад, пакуль што толькi тры арганiзацыi ў краiне маюць сертыфiкат стандарту ISО-9001 на правядзенне рамонтных i iншых работ. — Якасць правядзення капiтальнага рамонту — наш галаўны боль. Наяўнасць сертыфiката якасцi патрабуе ад будаўнiчай арганiзацыi рэфармавання ўсёй сiстэмы работы. — Кожны з жыльцоў павiнен ведаць, калi пачнецца i колькi будзе цягнуцца капiтальны рамонт, якiя канкрэтна работы будуць праведзены. Людзi павiнны быць праiнфармаваны аб ходзе ўсiх работ, якiя будуць праводзiцца ў iх доме, а таксама аб адказнасцi рабочых за нядобрасумленную працу, брак або парушэннi. Трэба, каб не менш чым раз у тыдзень работнiкi, адказныя за правядзенне рамонту на аб’екце, прымалi жыльцоў дома па ўсiх пытаннях. Дамоўленасць i паразуменне памiж iмi павiнны быць цалкам празрыстымi. Плануецца, у прыватнасцi, заключэнне дагавораў памiж заказчыкам, падраднай арганiзацыяй i грамадзянiнам на выкананне рамонтна-будаўнiчых работ. «Гэта прапiсана як норма», — растлумачыў Эдмунд Грышкевiч. Ажыццяўленне прыёмкi работ па кожнай кватэры будзе весцiся са складаннем акта, яго павiнны будуць падпiсаць усе бакi. Дапушчаны брак будзе лiквiдаваць толькi вiнаваты бок i толькi за свой кошт.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў Беларусi на капiтальны рамонт жыллёвага фонду будзе выдаткавана больш за 500 мiльярдаў рублёў. Грошы накiруюць на правядзенне «сур’ёзнага» аб
|
|