...I на дудзе iгрэц
Ларыса ЦIМОШЫК
Фестывалi «Дударскi Фэст» збярэ ў Мiнску беларускiх, польскiх i лiтоўскiх дудароўШатландцы называюць гэты iнструмент валынкай. У беларусаў ёсць для яго свая назва — дуда. Многiмi нашымi сучаснiкамi ён можа ўспрымацца як экзатычны, хоць насамрэч дуда гучала ў Беларусi з даўнiх часоў. Прынамсi, дакладна вядома, што гучала яна тут ад XV стагоддзя (калi ўспамiнаецца першы раз) i да пачатку XX. А некаторыя даследчыкi сцвярджаюць, што i ў 1968 годзе ў беларускiх вёсках ігралi яшчэ на гэтым дзiўным iнструменце, а апошнi беларускi дудар жыў да 1985 года. Стоп! Апошнiх не будзе — адказвае новае пакаленне беларускiх музыкаў, якiя сталi вельмi апантана асвойваць дуду. Майстэрству гэтаму не вучаць нi ў адной музычнай навучальнай установе. Дзякуй трэба сказаць беларускiм майстрам, якiя аднавiлi старадаўнiя дуды, навучылiся самi iх рабiць, сталi на iх жа iграць, а потым iх дуды разышлiся па розных беларускiх гуртах, надаючы музыцы непаўторны каларыт. I ў такой музыкi шмат прыхiльнiкаў у нашай краiне. Гэта засведчыў першы «Дударскi Фэст», якi прайшоў летась i выклiкаў вялiкую цiкавасць i слухачоў, i прэсы. Натхнёныя поспехам, музыкi вырашылi сабрацца ў другi раз i запрасiць сяброў з суседнiх краiн. — На фестывалi можна будзе пачуць дуду, якая сёння гучыць у беларускiх музычных гуртах розных накiрункаў — ад традыцыйнага фальклору нават да рок-музыкi, — паведамiў Змiцер Сасноўскi, якi сам iграе на дудзе ў гурце «Стары Ольса» i з’яўляецца адным з арганiзатараў фэсту. — Будуць нашы сярэднявечныя танцы i старадаўнiя беларускiя песнi. Як гучыць сапраўдная шатландская дуда, можна будзе адчуць падчас выступлення гурта «Litvintroll», «Келiх кола» прадэманструе беларускi i латгальскi фальклор — дуды ў спалучэннi з акардэонам. Але асаблiва цiкава будзе даведацца, як гучала дуда здаўна менавiта ў беларусаў. Ёсць беларуская аўтэнтычная манера грання на дудзе, так званая «закрытая», яе аднаўляюць Юрась Панкевiч i Дзянiс Сухi. Гэты iнструмент прываблiвае ўсё больш i больш маладых людзей, якiя працягваюць традыцыi былых беларускiх дудароў. Што вядома пра тыя традыцыi сёння? Пра гэта пойдзе гаворка на навуковай канферэнцыi. Такi загадкавы гэты iнструмент, што вывучаць яго гiсторыю можна гадамi, i ўсё роўна сутыкацца з таямнiцамi. У Беларусi былi розныя дуды, былi волаты-дудары, якiя маглi прадзiмаць нават да васьмi бурдонаў, а самая старажытная дуда захавалася на Лепельшчыне. У розных рэгiёнах Беларусi гучала свая дударская музыка. Яе прадэманструе паважаны майстар, якi выдатна робiць дуды, Алесь Лось са сваёй капэлай. Як гучыць дуда ў спалучэннi з традыцыйнымi беларускiмi мужчынскiмi спевамi, прадэманструе гурт «Кудзьмень». На фестывальных пляцоўках у малой канцэртнай зале «Мiнск» i клубе «Стэп» з 20 па 22 красавiка разам з беларускiмi дудамi будуць гучаць шатландскiя, галiсiйскiя, шведскiя i латышскiя дуды.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Дударскi Фэст» збярэ ў Мiнску беларускiх, польскiх i лiтоўскiх дудароў
|
|