У апошні час мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. За апошнія два месяцы ён зладзіў некалькі цікавых выстаў. Спачатку ў галерэі “Мастацтва” адбылася імпрэза пад назвай “Тутэйшым аматарам мастацтва”. Затым былі дзве культурніцка-палітычныя акцыі - прэзентацыя карціны “За Свабоду! Плошча Каліноўскага” і палітычнага плакату. Зараз у Палацы мастацтва праходзіць выстава суполкі “Пагоня”, прысвечаная Дню Волі, актыўным удзельнікам якой з’яўляецца Аляксей Марачкін. Менавіта гэтая экспазіцыя “Разам”, на думку многіх, у нейкім сэнсе сімвалічная. Бо апошнія пяць гадоў “Пагоні” не дазвалялі выстаўляцца ў Палацы мастацтва. Візітная картка
Аляксей Марачкін (псеўданім - Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 года ў в. Новая Слабада (Папоўшчына) Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласці. У 1962 годзе скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут, а ў 1972 - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер - Беларуская акадэмія мастацтваў). Сябра Саюзу мастакоў з 1974 года. Працаваў у Мінску, пэўны час як вольны мастак, пасля - галоўным мастаком Мастацкага фонду. З 1988 па 1997 годы працаваў у БелАМ, быў загадчыкам кафедры жывапісу. Сябра БНФ з 1989 года. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі "Пагоня". Працы Марачкіна захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.
- Раней Вашыя творы некалькі разоў здымалі з выставаў. Цяпер жа дапусцілі ў Палац мастацтва. Як вы думаеце, чаму?
- Нехта гаворыць, што зараз крыху другое палітычнае становішча, у сувязі з крызісам у адносінах з Расіяй. Але мне здаецца, што ў хуткім часе нас пазбавяць выставачнай пляцоўкі ў Палацы мастацтва. Пра такія намеры ўладаў сведчыць візіт міністра культуры. Ён размаўляў з кіраўніцтвам Саюза мастакоў аб тым, каб перадаць будынак гораду. І тады не будзе праблемы - здымаць ці не здымаць творы апальных мастакоў. Чыноўнікі Мінгарвыканкама будуць навязваць сваю культурніцкую палітыку.
- Многія з вашых калег гавораць, што творчасць Марачкіна запалітызавана. Так, ваша апошняя карціна “За Свабоду! Плошча Каліноўскага” выклікала неадназначную рэакцыю
- Чытаў усе гэтыя меркаванні. Па-першае, я не адлюстроўваў рэальнасць. Год таму на плошчы ляжаў снег, быў мароз. Але падзеі адбываліся з прыходам вясны, мы дыхалі вясной. Мы адчувалі, што адбылася перамога ўнутры нас, асабліва ў моладзі. І вось гэты пазітыў мне і хацелася паказаць. Таму на першым плане моладзь, якая ў адрозненне ад людзей майго пакалення, пераадолела страх у самой сабе. І менавіта за маладымі людзьмі нашая будучыня.
Па-другое, карціна мае саркастычна-іранічны змест. Такім чынам я хацеў паказаць усе “плюсы” і “мінусы”, якія былі ў мінулым сакавіку на Кастрычніцкай плошчы.
Увогуле, любы твор трэба ацэньваць па тым, як ён зроблены, добра ці кепска. Кожнае мастацтва тэндэнцыйнае. Скажам, калі Гойя пісаў “Растрэл” - гэта палітыка ці не? Альбо творы Сярова, у якіх ён адгукаўся на тагачасныя падзеі ў Расіі? Палітычная тэма - не асноўная ў маім жыцці, але яна асноўная ў маёй грамадзскай пазіцыі. Скажыце, хто сёння бярэ смеласць выказацца сродкамі мастацтва ў адносінах да пануючага ў краіне палітычнага рэжыма? Адзін-два чалавекі.
Мы жывём наскрозь у палітычным полі. На нас кожны дзень з тэлевізараў выліваецца шмат усялякай брыдоты. З дапамогай мастацкіх сродкаў я выказваю сваё меркаванне на гэты конт. Можа больш у сатырычным сэнсе. Наогул трэба ўспрымаць рэчаіснасць ва ўсіх яе праявах з гумарам, бо, смеючыся, чалавецтва хутчэй развітваецца са сваімі бедамі.
Што да крытыкі Лічу, што мастак сам сабе найгалоўнейшы суддзя. Я ведаю як і свае хібы, так і станоўчыя якасці. На сваіх выставах я ніколі не кладу кнігу водгукаў. Мне казалі, што і ў Сеціве на мае творы шмат каментарыяў. Але я не давяраю ўсім гэтым словам. Я давяраю сабе, маім калегам-мастакам альбо мастацтвазнаўцам, якія прааналізуюць творы, зробяць нейкія заўвагі. Па-другое, калі ў мастака шмат непрыяцеляў, то гэта нармальна. У кепскага мастака ўсё добра.
- Вы з’яўляецеся аўтарам вядомага цыкла "Выбітныя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі". З-пад вашага пяра выйшлі партрэты Цёткі, Фрацішка Скарыны, Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Кастуся Каліноўскага, Язэпа Драздовіча, Міколы Гусоўскага Ці няма зараз жадання вярнуцца да гэтага?
- Так, я зрабіў 12 работ. Некаторыя з іх былі набыты Нацыянальным мастацкім музеем, Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва. А вось, напрыклад, твор “Дыспут. Скарына і Парацэльс” я падараваў музею ў Магілёве. Мне прыемна, што Скарына з гэтай карціны размешчаны на вокладцы падручніка па беларускай літаратуры. Але стала вядома, што па нейкім указе зверху з усіх падручнікаў будуць выключаны мае творы.
Зараз эстафету перахапілі афіцыйныя, “лукашэнкаўскія” мастакі. Яны пішуць і Рагнеду, і Еўфрасінню Полацкую, за гэта атрымліваюць узнагароды. Дай Бог ім здароўя, хай пішуць. Але яны ніколі сёння не створаць нешта накшталт “Плошчы”, “Міндоўга”. Я бяру смеласць сказаць, што ў нейкім сэнсе іду наперад.
- За вамі значыцца некалькі нестандартных ўчынкаў. Так, вы адмовіліся ад ганаровага дзяржаўнага звання "Заслужаны мастак Беларусі"
- Было такое, калі наступіла перабудова і здавалася трэба чакаць пераменаў. І тады група мастакоў выразіла такім чынам свой пратэст супраць сістэмы дзяржаўнага кантролю за мастацтвам. Між іншым, я ганаруся, што адным з першых атрымаў медаль Францішка Скарыны за высокія дасягненні ў справе нацыянальнага адраджэння. Зараз кошт гэтай узнагароды размыты. Бо начальнік краіны раздае гэтыя ўзнагароды направа і налева.
- Вы пакінулі Акадэмію мастацтва з-за сваей актыўнай грамадзянскай пазіцыі?
- Ха-ха. Я сам не звальняўся. У канцы 90-х многія выкладчыкі страцілі свае пасады. Тады галоўным ідэолагам быў сумнавядомы Замяталін, які зараз узначальвае “Беларусьфільм”. (Відаць, і там зараз навядуць такі парадак.) Дык вось, мяне вызваў рэктар Васіль Пятровіч Шаранговіч і расказаў, што на версе жадаюць ад мяне пазбавіцца. Я яго падводзіць не хацеў, таму зволіўся, але не па ўласным жаданні. Праўда, у хуткім часе знялі і самога Шаранговіча.
- Пасля гэтага, гавораць, вы планавалі адкрыць прыватную акадэмію?
- Справа ў тым, што нашай моладзі няма дзе вучыцца. На ўсю 10-мільённую Беларусь толькі адна дзяржаўная ўстанова — Акадэмія мастацтваў. Яна дыктуе свой густ. Але ёй павінна быць альтэрнатыва. У прыватных мастацкіх установах моладзь мела б выбар: куды, да якога майстра ісці вучыцца. Па - гэтаму ўзнікла ідэя адкрыць такую ўстанову. Але рэалізаваць яе на практыцы не атрымалася.
- На вашых выставах можна пабачыць людзей, якія прытрымліваюцца процілеглых з вамі поглядаў. Як вы з імі ладзіце?
- Я б так не сказаў, што яны прытрымліваюцца процілеглых поглядаў Яны проста носяць кукіш у кішэні. Я ў Акадэмію мастацтваў выслаў калегам запрашэнні на адну з сваіх апошніх выстаў, і напісаў “Тутэйшым аматарам мастацтва”. Але прыйшоў толькі адзін Уладзімір Тоўсцік. Іншыя, відаць, не зразумелі майго прыкола. А можа нават і пакрыўдзіліся. Бо там усе народныя, заслужаныя дзеячы. Я ж, можна сказаць, нібы прынізіў іх, назваўшы “любителями”, аматарамі. Але, на маю думку, усе мы аматары. Я люблю гэтую справу. Значыць, “любитель” у добрым сэнсе слова. Бо прафесіяналы хочуць мець і маюць вялікія грошы. Але ў гэтых камерцыйных справах ёсць свая небяспека. Калі раптам добра прадаюць адзін-два твае творы, то ўзнікае спакуса напісаць яшчэ некалькі падобных копій. Канешне, будуць сродкі для існавання. Але пры гэтым прыглушаецца талент, індывідуальнасць.
- Вы ваказваеце свае грамадзскія прынцыпы на адных выставах, а жывапіс дэманструеце ў прыватных галерэях. Але там творы каштуюць не вельмі танна
- Згодны, набыць карціны нават па 50-100 даляраў, не гаворачы пра 2-3 тысячы, — у нас можа няшмат людзей. Але бяда ў тым, што тыя, у каго ёсць грошы, не маюць у большасці выпадкаў густу. А тыя, хто мае густ і хоча набыць твор, маюць мала грошай. У гэтым сэнсе сітуацыя за мяжой значна адрозніваецца. Там чалавек прыходзіць у галерэю з пэўнай мэтай. Ён ведае, што хоча купіць. У Беларусі пакуль усё па-іншаму. Сярэдняга класа ў нас фактычна няма. Людзі зарабляюць сабе толькі на жыццё.
- Многія мастакі атрымліваюць асноўныя грошы з-за мяжы.
- Так, многія хлопцы прабіваюцца на расійскі рынак. Там зараз круцяцца шалёныя грошы. Але я ўжо не ў тым узросце, каб самому дзесьці бегаць. Некаторыя маюць агентаў, якія займаюцца гэтымі рэчамі
- Як вы ставіцеся да творчасці вядомага расійскага мастака Нікаса Сафронава?
- Дык у нас ёсць свае “сафронавы”. Той жа Смаляк. Гэтыя мастакі круцяцца вакол эліты, багемы. Ёсць такая руская прымаўка: “Рядом с голосом и эхо добивается успеха". Яны робяць партрэты вядомых людей амаль па фотаздымках. У іх ёсць грошы, у іх усё “красиво”. Але я не зайздрошчу гэтым людзям. Я іх не магу крытыкаваць. Яны самі выбіраюць свой шлях.
- На прыканцы мінулага года адбалася доўгачаканая падзея для людзей мастацтва - адкрыцце новага памяшкання ў галоўным музеі краіны, Нацыянальным мастацкім музеі.
- Так, гэта вялікая культурніцкая падзея. Як бы там не было, але 20-гадовы даўгабуд завяршыўся адкрыццём новага памяшкання. За гэты час былі ўзведзены лядовыя палацы, нацыянальная бібліятэка, а музей столькі год марнаваўся Гэта гаворыць аб адносінах уладаў да выяўленчага мастацтва. Але мне не зусім зразумела, чаму шмат твораў беларускіх мастакаў не прадстаўлены ў гэтым музеі. Улады яшчэ раз падзялілі мастакоў на “сваіх” і “чужых”. Пры адкрыцці новага памяшкання ў НММ мая карціна, прысвечаная Багдановічу, “Вераніка і Максім” ужо была ў экспазыцыі. Мне ўсе тэлефанавалі і віншавалі з тым, што мой твор на цэнтральным месцы. Але літаральна за некалькі гадзінаў да візіта начальніка краіны нехта загадаў зняць маю карціну і на гэтае месца павесіць твор Міхаіла Савіцкага. Сярод пацярпелых аказаліся таксама карціны іншых мастакоў, забаяліся нават павесіць твор Язэпа Драздовіча “Пагоня Ярылы”.
Аляксандр Заяц
Фото - Глеб ЛОБОДЕНКО, "КП в Беларуси" и photo.bymedia.net
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.