«Кампенсацыя». Або прыбаўка да зарплаты?
Сяргей ГРЫБ
Пенсiйная рэформа Паводле прагнозаў спецыялiстаў, з 2007 года ў Беларусi пачнецца змяншэнне прыросту працоўных рэсурсаў. I адначасова — павелiчэнне колькасцi асобаў у пенсiйным узросце. Прычым не сакрэт, што абедзве гэтыя акалiчнасцi натуральна паўплываюць на стан айчыннай пенсiйнай сiстэмы, i больш за тое — рана цi позна стануць «зыходным пунктам» для яе пераўтварэнняў. Мiж тым, у якiм напрамку можа пайсцi пенсiйная рэформа ў нашай краiне, якiя варыянты тут з’яўляюцца перспектыўнымi цi наадварот непрымальнымi? Аб гэтым — наша сённяшняя гутарка з начальнiкам аддзела развiцця пенсiйнай сiстэмы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццянай ПАГОНЫШАВАЙ.— Для пачатку давайце паспрабуем удакладнiць: колькi пенсiянераў у Беларусi зараз? I наколькi здольна задаволiць iх iнтарэсы наша пенсiйная сiстэма? — Зараз на ўлiку толькi ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне знаходзяцца 2 млн 437,2 тыс. пенсiянераў. I, у прыватнасцi, з iх 1 млн 908,6 тыс. чалавек (цi 78,3 працэнта ад агульнай колькасцi) атрымлiваюць пенсii па ўзросту, 294,2 тысячы (12,1 працэнта) — па iнвалiднасцi, 149,3 тысячы (6,1 працэнта) — па страце кармiцеля, 52 тысячы (2,1 працэнта) — сацыяльныя пенсii, 19,2 тысячы (0,8 працэнта) — пенсii за выслугу гадоў, а 14,7 тыс. чалавек — пенсii па iнвалiднасцi i па страце кармiцеля на падставе Закона «Аб пенсiйным забеспячэннi ваеннаслужачых, асобаў кiруючага i радавога саставу органаў унутраных спраў, органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях i органаў фiнансавых расследаванняў». Пры гэтым пенсiйная сiстэма ў Беларусi пабудавана на традыцыйнай для Еўропы схеме салiдарнай адказнасцi памiж пакаленнямi i ўнутры пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што працуючая частка насельнiцтва за кошт бягучых ўзносаў «збiрае» пэўную суму грошай. А далей за кошт гэтых грошай робiцца зноў-такi «бягучая» выплата пенсiй. Дарэчы, для большасцi работадаўцаў памер такiх узносаў складае 29 працэнтаў ад фонду зарплаты (для асобных катэгорый плацельшчыкаў тут iснуюць пэўныя льготы), а для работнiкаў — 1 працэнт ад iндывiдуальнай зарплаты. Варта заўважыць адразу, што цяперашняя пенсiйная мадэль працавала дзесяцiгоддзямi. I працавала даволi паспяхова. Разам з тым казаць, што яна не мае нiякiх хiбаў, безумоўна, нельга. Так, адзiн з iстотных недахопаў — значнае пераразмеркаванне пенсiйных сродкаў. У сучасную пенсiйную сiстэму лёгка ўпiсваюцца разнастайныя льготы — залiк у стаж перыядаў работы без выплаты страхавых узносаў, асаблiвае вылiчэнне стажу для асобных катэгорый работнiкаў, магчымасць выбару пенсiянерам перыяду з больш высокiм заробкам для вылiчэння iндывiдуальнага каэфiцыента, знiжэнне агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту, да прыкладу, па ўмовах працы, шматдзетным мацi, бацькам дзiцяцi-iнвалiда, iнвалiдам з дзяцiнства, беспрацоўным, нарэшце, шэраг iншых «прывiлей». Пры гэтым iльготы адным пенсiянерам на справе аплачваюцца за кошт астатнiх. Аднак цi не галоўная праблема цяперашняй сiстэмы — захаванне фiнансавай стабiльнасцi ва ўмовах старэння насельнiцтва. I менавiта апошняя акалiчнасць на сёння — фактар рызыкi нумар адзiн. — Менш плацельшчыкаў узносаў, больш атрымальнiкаў пенсiй — такi прагноз даводзiцца чуць ужо не першы год. Тым не менш, што мы маем у вынiку? — Калi ў большасцi эканамiчна развiтых краiн доля пенсiянераў пакуль складае 22—23 працэнты ад агульнай колькасцi насельнiцтва, то ў нас сёння тыя цi iншыя пенсii атрымлiваюць 26 працэнтаў грамадзян. Пры гэтым нават па самых аптымiстычных прагнозах да 2020 года гэты паказчык у Беларусi ўзрасце да 28 працэнтаў. Мiж тым, «пенсiйная праблема» падаецца значнай ужо зараз. На пенсiйныя выплаты ў Беларусi выдаткоўваецца каля 11 працэнтаў ВУП, што з’яўляецца адным з самых высокiх паказчыкаў сярод краiн СНД i Балтыi. А цана гэтаму — больш высокая страхавая нагрузка на фонд зарплаты, што не можа не ўплываць на кошт айчынных тавараў цi паслуг, i ўрэшце — на iх канкурэнтаздольнасць. — У сувязi з гэтым, цi не настаў час, па прыкладу некаторых постсацыялiстычных краiн, змянiць саму пенсiйную мадэль? — Прыхiльнiкаў змены спосабу фiнансавання пенсiй i замены цяперашняй размеркавальнай схемы на накапляльную сёння не так ужо i мала. Прычым адны разглядаюць накапленнi пенсiйнага капiталу кожным канкрэтным работнiкам менавiта на сваiм iндывiдуальным рахунку як лепшы сродак лiквiдацыi «ўраўнiлаўкi». А iншыя (паколькi мяркуецца, што сродкi на iндывiдуальных рахунках павiнны ўвесь час не толькi назапашвацца, але адначасова iнвеставацца i «прырастаць») бачаць накапленнi як шлях змякчэння «дэмаграфiчных наступстваў». Сапраўды, у нечым з падобнымi меркаваннямi можна пагадзiцца. Аднак толькi часткова. Бо радыкальны варыянт поўнай замены размеркавальна-салiдарнага прынцыпу на прынцып накапленняў вельмi рызыкоўны i, на думку многiх экспертаў, ненадзейны. На працягу такога вялiкага перыяду, як жыццё цэлага пакалення, нельга выключыць эканамiчныя катаклiзмы, якiя могуць прывесцi да абясцэньвання сродкаў на асабiстых рахунках. Да таго ж у дадзеным выпадку iснуе адна немалаважная акалiчнасць. Пераход да накапляльнай сiстэмы азначае, што, прынамсi, частка ўзносаў, якую плацiць цяперашняе пакаленне работнiкаў, павiнна пайсцi на iх асабiстыя рахункi i фiнансаванне iх уласных пенсiй. Адпаведна, гэтыя ўзносы не могуць выкарыстоўвацца для фiнансавання пенсiй цяперашнiм пенсiянерам. Аднак адмянiць для апошнiх пенсii немагчыма. Таму для пераходу на накапленнi патрэбныя дадатковыя рэсурсы — узамен тым, што пайшлi б на асабiстыя рахункi. А гэта велiзарныя сродкi, для краiны яны ацэньваюцца прыкладна ў 300 працэнтаў ВУП. Прычым аб вырашэннi праблемы праз вызначэнне дадатковага страхавога ўзносу не можа быць гаворкi: сёння такi ўзнос у нас i без таго адзiн з самых высокiх. Такiм чынам, атрымлiваецца, што мэтазгоднасць замены мадэлi фiнансавання пенсiй з салiдарнай на накапляльную падаецца вельмi сумнеўнай. Тым больш, што падобную змену наўрад цi забяспечыць наша эканомiка. (Заканчэнне ў наступным нумары).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле прагнозаў спецыялiстаў, з 2007 года ў Беларусi пачнецца змяншэнне прыросту працоўных рэсурсаў. I адначасова — павелiчэнне колькасцi асобаў у п
|
|