Адмова ад прышчэпкi — замах на дзiцячае здароўе
Надзея НIКАЛАЕВА
«Прадухiлi. Абаранi. Зрабi прышчэпку» — менавiта пад такiм лозунгам прайшоў у Беларусi Еўрапейскi тыдзень iмунiзацыi.
Паводле ацэнак экспертаў Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, узровень iмунiзацыi ў Беларусi на сёння — адзiн з самых высокiх у свеце. У 2002 годзе наша краiна атрымала сертыфiкат як тэрыторыя, свабодная ад полiямiэлiту — iнфекцыi, якая раней рабiла iнвалiдамi тысячы беларускiх дзяцей. Захворваемасць на дыфтэрыю ўдалося знiзiць да адзiнкавых выпадкаў, практычна не рэгiструюцца выпадкi слупняку ў нованароджаных. Беларусь стала трэцяй краiнай у свеце, дзе пачала ўкараняцца планавая вакцынацыя супраць вiруснага гепатыту А. Нацыянальны каляндар прафiлактычных прышчэпак прадугледжвае вакцынацыю i рэвакцынацыю ад 9 iнфекцый: адзёру, коклюшу, туберкулёзу, эпiдпаратыту, краснухi, вiруснага гепатыту В, полiямiэлiту, дыфтэрыi i слупняку. Асаблiва небяспечныя два апошнiя захворваннi: згодна з медыцынскай статыстыкай, да 10 працэнтаў выпадкаў захворвання на дыфтэрыю завяршаюцца смяротным зыходам, а пры слупняку — да 40 працэнтаў. — Калiсьцi эпiдэмii iнфекцыйных захворванняў аказвалiся нават больш спусташальнымi, чым войны. I сёння ў многiх краiнах Афрыкi сярэдняя працягласць жыцця насельнiцтва не перавышае 35—40 гадоў па прычыне шырокай распаўсюджанасцi там iнфекцыйных захворванняў, — расказала загадчыца аддзялення iмунапрафiлактыкi Мiнскага гарадскога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Iрына Глiнская. — Беларусь, як i шэраг iншых краiн еўрапейскага рэгiёна, на працягу многiх дзесяцiгоддзяў не адчувала на сабе наступстваў успышак iнфекцыйных захворванняў. Таму ў людзей з’явiлася пачуццё самазаспакоенасцi i памылковае меркаванне аб тым, што iнфекцыйныя захворваннi ўжо не ўяўляюць рэальнай пагрозы. На самай справе стрымлiваць iнфекцыi ўдаецца толькi дзякуючы стварэнню магутнай праслойкi людзей, у якiх дзякуючы вакцынацыi выпрацавалася ўстойлiвасць да тых цi iншых узбуджальнiкаў iнфекцыйных захворванняў. А як толькi калектыўны iмунiтэт пачынае знiжацца, iнфекцыя тут жа пераходзiць у наступленне. Спецыялiсты могуць прывесцi шмат прыкладаў таго, якiя наступствы можа цягнуць за сабой адмова насельнiцтва ад прышчэпак. Так, напрыклад, у Англii i Уэльсе ў сярэдзiне 70-х гадоў бацькi пачалi масава адмаўляцца ад вакцынацыi супраць коклюшу, у вынiку чаго ахоп iмунiзацыяй дзiцячага насельнiцтва знiзiўся ўсяго за некалькi гадоў з 81 да 31 працэнта. Услед за гэтым на працягу пяцi гадоў адна за другой «выбухнулi» дзве моцныя эпiдэмii, якiя пацягнулi смяротныя ахвяры. У вынiку ўспышкi адзёру ў ЗША ў 1989 годзе загiнулi 123 чалавекi. У СССР напрыканцы 80-х гадоў узровень iмунiзацыi насельнiцтва дасягнуў крытычнай адзнакi ў 50 працэнтаў, што прывяло да iмклiвага росту iнфекцыйнай захворваемасцi. На пiку дыфтэрыi ў Расii ў 1994 годзе захварэлi 40 тысяч чалавек, у тым лiку 14 тысяч дзяцей, прычым 419 дзяцей загiнулi. У Мiнску ахвярамi эпiдэмii дыфтэрыi ў 1995 годзе сталi 68 чалавек, адзiн з якiх загiнуў. Паводле слоў галоўнага педыятра Камiтэта аховы здароўя Мiнгарвыканкама Алены Невера, прафiлактычныя прышчэпкi не з’яўляюцца прымусовымi. I бацькi маюць права адмовiцца рабiць дзiцяцi прышчэпку, але яны павiнны атрымаць ад урачоў самую праўдзiвую iнфармацыю аб наступствах гэтага кроку. — I, як сведчыць практыка, калi iм прадастаўляецца iнфармацыя аб прышчэпках у неабходным аб’ёме i на дастаткова высокiм прафесiйным узроўнi, то ад вакцынацыi, як правiла, не адмаўляюцца, — падкрэслiла спецыялiст. — Сучасныя вакцыны — высокаэфектыўныя i бяспечныя прэпараты. Пры ўвядзеннi ў арганiзм вакцына не можа выклiкаць у дзiцяцi iнфекцыйнае захворванне, затое забяспечвае выпрацоўку антыцел i спецыяльных клетак. I калi арганiзм сустракаецца з сапраўдным узбуджальнiкам, то створаны ахоўны бар’ер не прапускае iнфекцыю цi змякчае яе наступствы. Рызыка развiцця пасля прышчэпкi пабочнай рэакцыi цi нейкага ўскладнення ў тысячы разоў меншая, чым пасля перанесенай iнфекцыi. Асабiста я перакананая ў тым, што мацi, якая адмаўляецца рабiць свайму дзiцяцi прышчэпку, парушае яго права на здароўе. — Пасля прышчэпкi ў некаторых дзяцей можа назiрацца павышэнне тэмпературы, пачырваненне цi ўшчыльненне ў месцы ўвядзення вакцыны. Але гэта заканамерная рэакцыя, якая сведчыць аб тым, што пачаў фармiравацца iмунiтэт, — заспакоiла Iрына Глiнская. — Такiя рэакцыi звязаны з iндывiдуальнымi асаблiвасцямi арганiзма, носяць кароткатэрмiновы характар i не патрабуюць лячэння. Але калi бацькоў штосьцi хвалюе, абавязкова трэба звярнуцца да педыятра. У беларускай сталiцы дзейнiчае на сёння гарадская пашыраная праграма iмунапрафiлактыкi (мiнскiя медыкi, дзякуючы падтрымцы гарадскiх уладаў, могуць дазволiць сабе крыху больш, чым у iншых рэгiёнах). Новая прышчэпка, якую будуць рабiць маленькiм мiнчанам, скiраваная супраць гемафiльнай цi Хiб-iнфекцыi. Медыкi валодаюць на сёння дакладнай iнфармацыяй аб шырокай распаўсюджанасцi i цяжкiх наступствах захворванняў, выклiканых гемафiльнай iнфекцыяй. У дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў яна з’яўляецца прычынай менiнгiтаў, пнеўманii, гнойнага цэлюлiту, артрыту i iншых формаў. Штогод гемафiльная iнфекцыя забiрае жыццi ад 300 да 500 тысяч дзяцей. Ад 15 да 35 працэнтаў дзяцей, якiя перанеслi Хiб-менiнгiт, церпяць ад невылечных неўралгiчных расстройстваў, якiя цягнуць iнвалiднасць. З прычыны ўзроставых асаблiвасцяў iмуннай сiстэмы дзецi да 5 гадоў не могуць самi сфармiраваць iмунiтэт да Хiб-iнфекцыi, таму пераносяць яе шматразова, звычайна ў форме частых вострых рэспiраторных захворванняў. А яе лячэнне ўскладняецца ўстойлiвасцю гемафiльнай палачкi да антыбiётыкаў. Адзiным спосабам надзейна абаранiцца ад Хiб-iнфекцыi застаецца прышчэпка. У Мiнску ўпершыню пачалi дыягнаставаць гемафiльную iнфекцыю ў 2002 годзе. З 2007 года прышчэпкi супраць Хiб-iнфекцыi ў сталiчных палiклiнiках будуць рабiць дзецям ва ўзросце да 5 гадоў, якiя ўваходзяць у кантынгент рызыкi: часта i працягла хварэюць, дзецям з хранiчнымi запаленчымi захворваннямi лёгкiх, выхаванцам дамоў немаўляцi i дзiцячых дамоў i ВIЧ-iнфiцыраваным. А з 2008 года прышчэпкi супраць Хiб-iнфекцыi будуць рабiць усiм дзецям ва ўзросце ад 3 да 24 месяцаў. За апошнiя 40 гадоў было выяўлена больш як 70 новых iнфекцыйных агентаў. Калi ў 2001 годзе ў Мiнску рэгiстравалiся iнфекцыйныя захворваннi па 61 назалогii, то сёння — па 80 назалагiчных формах. Проста мы навучылiся iх дыягнаставаць. Больш за тое, новыя медыцынскiя даследаваннi сведчаць аб тым, што i рак, i iнфаркт мiякарда, i язва, i захворваннi суставаў таксама маюць iнфекцыйную прыроду. У Мiнску штогадовы эканамiчны эфект ад планавай iмунiзацыi ацэньваецца ў 6 мiльёнаў долараў. Дзякуючы камбiнаванай тактыцы вакцынапрафiлактыкi, у параўнаннi з 90-мi гадамi ў сталiцы ўдалося знiзiць захворваемасць на адзёр у 21 раз, на коклюш — у 9 разоў, краснуху — у 8 разоў, дыфтэрыю — у 6 разоў, эпiдэмiчны паратыт — у 5 разоў i гэтак далей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Прадухiлi. Абаранi. Зрабi прышчэпку» — менавiта пад такiм лозунгам прайшоў у Беларусi Еўрапейскi тыдзень iмунiзацыi
|
|