Гэты хутар я назваў бы «Далманава»
Алесь КАСЦЕНЬ
Па просьбе чытача Рэдакцыя газеты пераслала мне пiсьмо ад Алены Аляксандраўны Пархомчык з вёскi Палаўковiчы Клецкага раёна Мiнскай вобласцi. Там ёсць такiя радкi:«Выпiсваю «Звязду» каля 30 гадоў. Чытаю кожны нумар ад першай старонкi да апошняй. Даўным-даўно я чытала артыкул А. Касценя пра Далмана, якi дапамагаў людзям, калi да яго звярталiся. Я была тады маладзейшай, здаровай, думала — так будзе заўсёды. Iшлi гады, у маiм жыццi многа чаго змянiлася i, канешне, не ў лепшы бок. I цяпер я ўспомнiла, што ў мяне ёсць «Звязда» за 10 лютага 2006 года. Перабрала i знайшла яе. Там А. Касцень таксама ўспамiнаў пра Далмана i пiсаў, што хворых прымае яго сястра. Мне 80 гадоў. Баляць мае рукi. Балiць галава. I надумалася паехаць да гэтай добрай жанчыны. Але цi жыве яна?..» Прачытаў i задумаўся. А сапраўды, калi я апошнi раз быў у Верацеях, у славутага Сяргея Мiхайлавiча Даламанава, якога людзi называлi Далманом? Ды гадоў пятнаццаць таму. Так, i артыкул тады ў «Звяздзе» пра яго надрукаваў. Падумаў — i выбраўся ў дарогу. Цягнiк Лынтупы — Вiцебск (раней Вiльня — Вiцебск) ходзiць рэгулярна. А прыпынак «Верацеi» некалi i зрабiлi спецыяльна, каб людзям было зручней дабiрацца да славутага народнага лекара. Па гэтай дарозе прыязджалi да яго сотнi людзей. У тыя, савецкiя, часы ніхто не афiшаваў свайго iмя. Але вось першую жанчыну-касманаўта Церашкову пазналi ўсе. Вiдаць, спачатку трэба зазiрнуць у мiнулае. Жыла некалi ў Варонежскай губернi сям’я дробных служачых Даламанавых. У сярэдзiне ХIХ стагоддзя апынулася сям’я ў Беларусi, накiравалi да новага месца службы бацьку. Тут i прыдбалi хутар Верацеi. У 1873 годзе нарадзiўся Мiхаiл Даламанаў. Лекарскi дар перадаваўся ў сям’i ад бацькi да сына. Але ў Мiхаiлу ён праявiўся найбольш ярка. Усё наваколле звярталася да народнага доктара па дапамогу. Ён дапамагаў i людзям, i жывёле. Многiя хваробы лячыў. Але былi i такiя, што лекар адразу казаў: «Прабачце, тут я вам не памочнiк». Яму не трэба нават было расказваць пра тое, чым хварэеш — ён бачыў чалавека адразу. Запомнiўся мне расказ аднаго сур’ёзнага чалавека, мiлiцыянера. У дзяцiнстве выправiла яго мацi ў Верацеi да Далмана з цялушкай, прыхварэла тая. Па дарозе хлапец добра такi з ёю натузаўся. Таму за некалькi кiламетраў ад хутара прывязаў цялушку пад мостам i пашыбаваў улегцы. А быў ён пiянерам i не надта верыў, як вучылi, у розныя забабоны. Таму i вырашыў падшуткаваць над лекарам. Прыйшоў да яго i кажа, што сястра захварэла. А Далман паглядзеў на яго, усмiхнуўся i кажа: «Цi не тая гэта сястра, што пад мостам мычыць?» Я ў гэта веру. Хоць да старога Далмана па маладосцi не трапiў. А вось з яго сынам, Сяргеем Мiхайлавiчам, сустракаўся неаднойчы. Дапамагала замоўленая iм вада i маiм родным, i мне. Прывязеш слоiчак такой вады дадому, п’еш па некалькi глыткоў на ўсходзе сонца. I можа стаяць, не псавацца яна гадамi. Студня, вiдаць, такая, святая. I слова замоўлена добрае. Трэба сказаць, што Даламанавы ўсе глыбокiя вернiкi, праваслаўныя людзi. Калi пасялiлiся яны ў Верацеях — тут жа, побач з хутарам, наладзiлi i могiлкi. Спачатку хавалiся толькi нябожчыкi з роду, а потым i з суседняй вёскi. Увогуле, я б перайменаваў гэты хутар Верацеi i чыгуначны прыпынак у Далманава. Бо i сёння сюды едуць людзi па дапамогу. Прымае i аказвае людзям дапамогу сястра Сяргея Мiхайлавiча, Ксенiя Мiхайлаўна. Яна не надта афiшуе свой дар, ды i гадоў бабулi ўжо 80, але калi чалавек звернецца па дапамогу — не адмаўляе. Так што, шаноўная Алена Аляксандраўна, можаце ехаць у Верацеi. Калi ў вас няма сваякоў з машынаю, то прасцей з Клецка вам будзе праз Мiнск цягнiком дабрацца да Круляўшчызны, а адтуль, зноў жа цягнiком, да Верацеяў. Людзi падкажуць, бо пра Далманавых ведаюць усе. Ну а я ў той дзень паразмаўляў з лекаркай, наведаў могiлкi. Да цягнiка яшчэ са тры гадзiны. Глянуў на карту — а да Парыжа нейкiх пяць кiламетраў! Там таксама прыпынак цягнiка. Чаму б i не прайсцiся. Пашыбаваў. Прайшоў тры вёскi, павiтаўся толькi з двума чалавекамi. Пусцеюць нашы вёскi. А чаму Парыж? Некалi, у 1812 годзе, французы, якiя праходзiлi праз навакольныя мясцiны на Маскву, вельмi iх упадабалi. Паводле легенды, Напалеон, зачараваны краявiдамi, прамовiў: «Тут прыгожа, як у парках Парыжа». Так яно было цi не так, але вёска стала называцца Парыжжа, потым Парыж. У многiх сталых вяскоўцаў у пашпартах так i напiсана: месца нараджэння — вёска Парыж. А ў ХIХ стагоддзi вёска i аднайменны фальварак Парыж належалi князям Друцкiм-Любецкiм. «... около имънiя Парижъ случалось иногда крестьянам находить серебряныя и мъдныя монеты. Денегъ старинныхъ, по словам крестьянъ, много также затоплено въ протекающей около Осиногорадка ръчке». Гэта вытрымка з кнiгi «Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии», якая была выдадзена ў Вiцебску ў 1896 годзе. Але i ў Парыжы сустрэў я толькi пару чалавек. Маладзейшыя ў полi на працы. Старыя па хатах. Вёска немалая, але з трох крам дзве зачыненыя. Увогуле адчуваецца, што патрэбна тут гаспадарская рука, iнiцыятыва. I Парыж, наш, беларускi, можа стаць сапраўдным аграгарадком. Сама назва заклiкае да гэтага. Але вернемся да галоўнай тэмы. Тым, хто мае ў жыццi нейкiя згрызоты, хваробы, параю пабываць у Верацеях. Глыток гаючай, замоўленай вады калi i не ва ўсiм дапаможа — то нiколi не пашкодзiць. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Выпiсваю «Звязду» каля 30 гадоў. Чытаю кожны нумар ад першай старонкi да апошняй. Даўным-даўно я чытала артыкул А. Касценя пра Далмана, якi дапамагаў
|
|