Цуд i казка для маладзечанскай Алесi
Ларыса ЦIМОШЫК, Маладзечна—Мiнск
Конкурс Конкурсаў многа, а нацыянальны — адзiн. Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi да фестывалю «Маладзечна-2007». На мой погляд, галоўнае слова ў гэтай назве — беларускай. Таму што маладых i прыгожых, якiя сёння рвуцца на эстраду, многа. А цi можаце вы назваць адразу, не задумваючыся, тых, хто выконвае беларускiя песнi на беларускай мове? Ды калi задумацца, то адразу зразумела, чаму патрэбны гэты конкурс: каб падчас Нацыянальнага фестывалю, якi пройдзе ў сярэдзiне чэрвеня, паказаць, што ёсць моладзь, якая спявае па-беларуску.Усяго iх было 21 чалавек, якiя прыехалi ў мiнулую нядзелю ў Маладзечна з розных абласцей Беларусi. Кожны падрыхтаваў па адной песнi i выканаў разам з Нацыянальным аркестрам Беларусi. Звычайна конкурсы праводзяцца ў два цi тры этапы, але ў нас жа вельмi прафесiйнае журы пад старшынствам кампазiтара Эдуарда Зарыцкага, якое адразу магло ацанiць усе вартасцi маладых. Да таго ж — у нас асаблiвы выпадак. Нацыянальны конкурс даўно не праводзiўся, пра яго забылiся цi ён патануў у шэрагу больш раскручаных тэлевiзiйных шоў з пераможцамi. Але трэба ведаць настойлiвасць мастацкага кiраўнiка Нацыянальнага фестывалю Мiхаiла Фiнберга, якi сцвярджаў, што конкурс да фестывалю «Маладзечна» — асаблiвы па сэнсу i ўзроўню. Ён жа дабiўся таго, што з’явiлася палажэнне аб Нацыянальным конкурсе i яго журы, якое зацвердзiла Мiнiстэрства культуры Беларусi. А першы Нацыянальны тэлеканал узяўся паказаць усё музычнае спаборнiцтва маладых двойчы: у маi i непасрэдна ў фестывальныя днi. Менавiта на галоўнай фестывальнай сцэне будуць узнагароджаны пераможцы, якiх журы, параiўшыся, назвала адразу. Гран-пры прысуджана спявачцы з Маладзечна Алесi Кульшы. Дзяўчына выканала песню сваёй зямлячкi Алены Атрашкевiч на словы Таццяны Мушынскай «Я буду спяваць». Сумнявацца не трэба: будзе! Алеся ўжо добра вядомая па ўдзелу ў iншых конкурсах, напрыклад, «Зорнай ростанi». Яна ведае, што значыць перамагаць — атрымлiвала гран-пры на конкурсе «Песня над Нёманам». Цяпер Алеся Кульша з’яўляецца кiраўнiком студыi «Бонус» Палаца культуры Маладзечна, акрамя таго, яна салiстка эстраднай студыi «Алюр» Маладзёжнага тэатра эстрады. На першае месца журы паставiла Настассю Пагаржэльскую з песняй «Рэчанька» (Ул. Далгалёў, Ул. Пецюкевiч), вядомай па выкананню Iрыны Дарафеевай. Дзяўчына, якая вучыцца ў Бабруйскiм фiлiяле эканамiчнага ўнiверсiтэта, справiлася з ёй не горш i выйгрышна адрознiвалася ад iншых выканаўцаў тым, што спявала цiха. На другiм месцы — салiстка аркестра ГУУС Iрына Вярковiч з тужлiвай песняй «Назаўжды» (А. Атрашкевiч, В. Жуковiч). Трэцяе месца Паўлу Перавозчыкаву, студэнту ўнiверсiтэта транспарту з Гомеля, дапамагла заняць «Малiтва» Алега Моўчана, якая адразу навявае ўспамiны пра Уладзiмiра Мулявiна. Лепшай узнагародай для iх стане магчымасць выступiць на фестывальнай сцэне, якая па традыцыi размесцiцца на галоўнай плошчы горада. Для гэтага ёсць перасоўная сцэна еўрапейскага ўзроўню, плануецца сучаснае яе афармленне. Рыхтуюцца музычныя праграмы. Але галоўныя песнi сёлета ў Маладзечне будуць гучаць на словы нашых класiкаў Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Конкурсаў многа, а нацыянальны — адзiн. Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi да фестывалю «Маладзечна-2007». На мой погляд, галоўнае
|
|