Хросны ход у гонар цудатворнага абраза Бялынiцкай Божай Мацi
Iлона IВАНОВА
24 красавiка праваслаўныя вернiкi пайшлi хросным ходам з Магiлёва ў Бялынiчы — у гонар знакамiтага абраза Бялынiцкай Божай Мацi, якi людзi са старажытных часоў лiчаць цудатворным.
Сам абраз, якi вядомы з пачатку ХVII стагоддзя, быў бясследна страчаны i цяпер лёс яго невядомы. Аднак захавалiся спiсы альбо копii абраза, у тым лiку i старажытныя. Вернiкi лiчаць, што i яны дапамагаюць суцешыцца ў горы i знайсцi пазбаўленне ад хвароб. Адзiн са спiсаў, яшчэ дарэвалюцыйных часоў, якi захоўваецца ў Нiкольскiм жаночым манастыры ў Магiлёве, панеслi наперадзе хроснага хода яго ўдзельнiкi. Усяго бадзёрым крокам iдуць з Магiлёва ў Бялынiчы каля 200 чалавек. Яны рухаюцца па ўзбочыне аўтадарогi ў суправаджэннi аўтамабiляў ДАI i «хуткай дапамогi». Сярод вернiкаў — шмат жанчын, ёсць i дзецi. За два днi, з прыпынкам на начоўку ў вёсцы Свяцiлавiчы, яны пройдуць 40 кiламетраў. Мяркуецца, што на шляху да Бялынiчаў да ходу далучацца i жыхары вёсак. — Вы бачыце, што людзi спяваюць i ўсмiхаюцца, — задаволена адзначыў святар Сергiй Белавус, якi iдзе на чале людзей з крыжамi, харугвамi i абразамi. — Мы нясём мiр i дабрыню. I жадаем, каб у душах людзей былi цеплыня i любоў. 25 красавiка праваслаўная царква адзначае дзень абраза Бялынiцкай Божай Мацi. У гэты дзень у Бялынiчы прыйдзе хросны ход i ў раённым цэнтры адбудзецца ўрачыстая Боская лiтургiя з удзелам архiепiскапа Магiлёўскага i Мсцiслаўскага Сафронiя. Хросны ход у Магiлёўскай вобласцi праваслаўная царква арганiзоўвае другi раз. Пазалетась хадзiлi з Магiлёва ў Быхаў, у гонар таксама вядомага цудатворнага абраза Баркалабаўскай Божай Мацi. У Бялынiчы хросным ходам iдуць упершыню, хоць да рэвалюцыi паводле старадаўняй традыцыi так рабiлi штогод.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
24 красавiка праваслаўныя вернiкi пайшлi хросным ходам з Магiлёва ў Бялынiчы — у гонар знакамiтага абраза Бялынiцкай Божай Мацi, якi людзi са старажыт
|
|