Малітва нотамі
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Адкрыццём IХ Мiжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў стала Гродзенская капэла пад кiраўнiцтвам Ларысы IКОННIКАВАЙ
Гала-канцэртам завяршыўся фестываль харавой праваслаўнай музыкi, якi 9-ы раз праходзiў на Беларусi. Спецыялiсты ў сферы культуры назвалi яго адной з самых яскравых падзей у хрысцiянска-славянскiм свеце. Так ужо склалася, што кожны з дзевяцi фестываляў (яны ладзяцца раз у два гады) меў свае асаблiвасцi. Сёлетнi — не выключэнне. Па-першае, упершыню на адкрыццi выступаў прафесiйны замежны калектыў — Армянскi камерны хор Дзяржаўнай фiлармонii Арменii, яму было аддадзена ўсё першае аддзяленне. — Тое, што яны зрабiлi, было сапраўдным цудам, — дзелiцца ўражаннямi кiраўнiк фестывалю, кандыдат мастацтвазнаўства Ларыса Густова. — Яны выконвалi цыклы армянскiх духоўных песнапенняў ад IV да ХII стагоддзяў, на армянскай мове. I нiкому не зразумела, як яны гэта зрабiлi, але ўсе слухачы без выключэння ў нейкi момант адчулi, што iм было расказана пра ўзнiкненне i развiццё хрысцiянства ў Арменii. Не разумеючы нi слова з тэкстаў, усе зразумелi iх глыбiнны сэнс. На наступны дзень усе ўдзельнiкi хору атрымалi з рук Экзарха ўсяе Беларусi Медалi Кiрылы Тураўскага — узнагарода Беларускай праваслаўнай царквы за значны ўклад у справу асветнiцтва. Другая асаблiвасць IХ фестывалю — пашыраная геаграфiя. На працягу мiнулага тыдня канцэрты праваслаўных песнапенняў адбывалiся не толькi ў Мiнску, але i ў Бабруйску, Клецку, Жодзiне, Нясвiжы, Бягомлi, Iвянцы, пасёлку Мiханавiчы Мiнскага раёна i ў вёсцы Солтанаўшчына Нясвiжскага. Не проста канцэрты. У Жыровiчах, дзе выступаў царкоўны хор з Брацiславы (Славакiя), рэгент Марыя Белавiчова, урач, кандыдат медыцынскiх навук i спецыялiст па ўнутраных хваробах, прачытала лекцыю. У Iвянцы хор з Супральскага Свята-Благавешчанскага манастыра (Польшча) выступiў спачатку ў праваслаўным храме, потым у касцёле i, нарэшце, у Доме культуры, аб’яднаўшы такiм чынам людзей розных канфесiй i светапоглядаў. Нарэшце, трэцяй асаблiвасцю стала навуковая канферэнцыя, прысвечаная праблемам рэстаўрацыi «Знаходжанне вобраза». Што датычыцца стрыжня фестывалю — конкурснай праграмы, то i тут былi свае адкрыццi, сюрпрызы i асаблiвасцi. Упершыню конкурсныя праслухоўваннi праходзiлi не толькi ў прыходскiх памяшканнях, але i на прафесiйнай сцэне — у Малой зале iмя Шырмы Белдзяржфiлармонii, з яе першакласнай акустыкай i цудоўным iнтэр’ерам, упрыгожаным на гэты час копiямi фрэсак ХII—ХVI стагоддзяў храмаў Вялiкага Ноўгарада i Пскова (яны будуць там знаходзiцца да 1 мая). Такi падарунак зрабiла Белдзяржфiлармонiя. Гран-пры фестывалю i Дыплом Лаўрэата атрымаў Камерны хор Упраўлення культуры «Гродзенская капэла» пад кiраўнiцтвам Ларысы Iконнiкавай (г. Гродна). Кiраўнiк хору атрымала яшчэ i Дыплом за дырыжорскае мастацтва. — Я чула шмат добрага пра гэты хор, але не чакала такога моцнага ўражання, — прызнаецца музыказнаўца Ларыса Густова. — Ведаеце, адчуванне было такое, што час спынiўся, што яго — часу — проста не iснуе. Так бывае ў Вялiкую пятнiцу, калi падыходзiш да Плашчанiцы i плачаш разам з Мацi Божай па Яе Сыну. Быццам i не было амаль дзве тысячы гадоў памiж Той Суботай i гэтай. Тое самае я адчула, слухаючы хор Iконнiкавай. Дыпломы лаўрэата атрымалi таксама хор Гарадоцкага Свята-Мiкольскага жаночага манастыра (Украiна), Юнацкi вакальны ансамбль «Каравэла» Мiнскага Палаца дзяцей i моладзi (Беларусь), Маладзёжны камерны хор «Ассоlаdа» Рыжскага палаца школьнiкаў (Латвiя), Архiрэйскi хор Свята-Успенскага кафедральнага сабора горада Уладзiмiр-на-Клязьме (Расiя), Царкоўны хор Нiжагародскага стараверскага храма Успення Божай Мацi (Расiя), Камерны хор Таганрогскага педагагiчнага iнстытута (Расiя). Спецыяльныя дыпломы былi ўручаны Iрыне Дзянiсавай, рэгенту Мiнскага Свята-Пятра-Паўлаўскага сабора — за лепшую сучасную кампазiцыю на кананiчны тэкст, кiраўнiку стараверскага хору Аляксею Шашкову — за захаванне старажытнага праваслаўнага богаслужэбнага пення, i яшчэ адзiн — за мастацтва кiравання хорам, — ваенна-праваслаўнаму хору «За веру i Айчыну» Iнжынерных войскаў Узброеных сiл Расiйскай фэдэрацыi, Узорнаму фальклорнаму ансамблю «Калыханка» Мiханавiцкага Дома фальклору (Беларусь) — за асваенне фальклорнай духоўнай традыцыi. Фестываль завяршыўся, але яшчэ да 1 мая будуць адкрыты 10 мастацкiх выстаў пад яго эгiдай, у тым лiку «Па вобразу Божаму» Ю. Пiскуна ў Нацыянальнай бiблiятэцы i «Святло цiхае» С. Давiдовiча ў галерэi Багаслоўскага iнстытута БДУ (будынак ля Дома афiцэраў).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адкрыццём IХ Мiжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў стала Гродзенская капэла пад кiраўнiцтвам Ларысы IКОННIКАВАЙ
|
|