Кiтайская мова «рушыла» ў райцэнтры
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Нiхау, Дзяржынск! Сфера адукацыi апошнiм часам развiваецца вельмi iмклiва. Магу параўноўваць, паколькi вучыўся ў школе ў 1980-е i, напрыклад, з iнфармацыйнымi тэхналогiямi на грувасткiх камп’ютарах пачаў знаёмiцца толькi ў дзесятым класе. А мая дзевяцiгадовая дачка з электроннай тэхнiкай «на ты». Вось што значыць прагрэс!Школа iмкнецца адаптавацца да асяроддзя, якое вельмi iмклiва змяняецца, i адпаведным чынам падрыхтаваць да гэтага дзяцей. Нездарма ўсё часцей прыходзiцца чуць: адукацыя — не на ўсё жыццё, а праз жыццё. Значыць,трэба ўвесь час удасканальваць свае веды. Пры гэтым вельмi важна якi «падмурак» быў закладзены яшчэ ў школе. Бо, як вядома, перамога пачынаецца ўжо на старце. Калi раней у якасцi лiдараў па ўзроўню i якасцi навучання ў большасцi ўзгадваўся толькi Мiнск, то зараз шэраг рэгiёнаў на роўных спаборнiчае са сталiцай. У цэнтральнай вобласцi развiццю адукацыi надаецца вялiкая ўвага: удасканальваецца матэрыяльна-тэхнiчная база (чаго варты сапраўдны «прарыў» у iнфармацыйных тэхналогiях — зараз усе школы Мiншчыны маюць сучасныя камп’ютарныя класы з усiм неабходным наборам электроннай тэхнiкi), павышаецца ўзровень выкладання прадметаў, укараняюцца сучасныя методыкi. Вынiкi не прымусiлi сябе чакаць — па шэрагу паказчыкаў сталiчны рэгiён знаходзiцца ў лiдарах. Прычым цiкавая атрымлiваецца рэч: на абласным узроўнi на «першы план» выходзяць раёны, якiя раней «прывычна» дасягалi не лепшых вынiкаў. Напрыклад, калi на Дзяржыншчыне раней 2—3 вучнi станавiлiся пераможцамi рэспублiканскiх прадметных алiмпiяд, то сёлета — ужо 12 школьнiкаў. А ўсё чаму? — Па ўдасканальванню сферы адукацыi праводзiцца вельмi вялiкая работа, — кажа старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мiкалай Арцюшкевiч. — Мы адносiм гэтае пытанне да разраду стратэгiчных, узровень ведаў павiнен адпавядаць запатрабаванням часу. Нездарма ж, напэўна, па вынiках мiнулага года раён у галiне адукацыi заняў першае месца. Гэта заслужаная адзнака агульнай працы, якую мы iмкнёмся апраўдаць. Зараз на Дзяржыншчыне працуе больш чым 60 устаноў адукацыi, на вёсцы створаны 9 вучэбна-педагагiчных комплексаў. Акрамя гэтага, ёсць шэраг пазашкольных арганiзацый: вялiкая ДЮСШ, 2 цэнтры дзiцячай творчасцi, цэнтр юных натуралiстаў i iнш. Карацей кажучы, i ў вольны час кожны можа знайсцi сабе занятак па iнтарэсах. У Дзяржынскiм раёне зараз 7,4 тысячы школьнiкаў i больш чым 2 тыс. выхаванцаў дзiцячых садкоў — даволi вялiкая колькасць. — Галоўная наша задача — прывесцi да поспеху дзяцей, — лiчыць начальнiк аддзела адукацыi Дзяржынскага райвыканкама Вацлаў Матусевiч, — таму вялiкая ўвага надаецца менавiта iх iнтэлектуальнаму развiццю. Iмкнёмся забяспечыць павышаны ўзровень навучання, удасканальваць якасць адукацыi. Педагагiчны калектыў на належным узроўнi — каля 90 працэнтаў настаўнiкаў маюць вышэйшую адукацыю. З кадрамi ў нас праблем не ўзнiкае, паколькi штогод у вышэйшыя навучальныя ўстановы па педагагiчнаму профiлю паступае каля 60 выпускнiкоў школ. Аднак з’яўляецца надзённае пытанне — недахоп спецыялiстаў у iншых галiнах, напрыклад, сельскагаспадарчай. Каб забяспечыць гэтую патрэбу, трэба сур’ёзна працаваць. Але лепшыя вучнi ўсё ж такi iмкнуцца застацца ў сталiцы. У сярэднiх школах створаны 12 лiцэйскiх класаў. Больш чым 80 працэнтаў школьнiкаў Дзяржынскага раёна вывучаюць прадметы на паглыбленым узроўнi. Як тут лiчаць, у дзяцей заўсёды ёсць такое права, а настаўнiк павiнен развiваць здольнасцi сваiх выхаванцаў. Павышаны ўзровень адукацыi, заўважае Вацлаў Матусевiч, трэба ўспрымаць i як павышаны ўзровень абавязкаў педагагiчнага калектыву, дырэкцыi да навучання i выхавання. Дзяржыншчына адметная яшчэ i тым, што тут працуюць адразу тры гiмназii: дзве — у раённым цэнтры i адна — у Фанiпалi. Узровень ведаў, якiя тут атрымлiваюць вучнi, вельмi высокi, — у гэтым пераканаўся на ўласныя вочы, калi завiтаў у госцi да гiмназiстаў. Падстаў было некалькi: па-першае, ужо зараз пяцёра вучняў выпускнога класа адной з устаноў могуць лiчыць сябе студэнтамi ВНУ, паколькi сталi пераможцамi рэспублiканскiх прадметных алiмпiяд. Па-другое, упершыню на ўзроўнi райцэнтра тут пачалi выкладаць кiтайскую мову. Усё гэта — пра Дзяржынскую гiмназiю. Створана яна была амаль шаснаццаць гадоў таму, у 1991-м. Спачатку выкладанне ў гiмназii вялося выключна на беларускай мове, зараз прысутнiчае i руская. — Выкладанне ў пачатковых класах вядзецца толькi на беларускай мове, — адзначае дырэктар Дзяржынскай гiмназii Мiхаiл Доўнар, — а ў старэйшых пэўная колькасць прадметаў — на рускай. Так пажадалi бацькi. Тым не менш, большасць нашых дзяцей у якасцi прадмета па тэсцiраванню выбiраюць менавiта родную мову i паспяхова праходзяць iспыты. Вось такая цiкавая дэталь. У гiмназii вучнi могуць паглыблена займацца па шэрагу прадметаў (матэматыцы, фiзiцы, хiмii, iнфарматыцы i iнш.), актыўна карыстаюцца такiм сваiм правам i дасягаюць выдатных вынiкаў. Максiм Барысаў вучыцца ў адзiнаццатым класе, як узгадвае хлопец, iнфарматыкай зацiкавiўся яшчэ ў шостым, калi з’явiўся камп’ютар. Ужо тады ён цвёрда вызначыўся, кiм хоча стаць, i ўпарта iшоў да пастаўленай мэты. Сёлета ўдзельнiчаў у рэспублiканскай прадметнай алiмпiядзе па iнфарматыцы, дзе стаў адным з пераможцаў. Па правiлах, Максiм без экзаменаў можа паступаць у ВНУ адпаведнага профiлю. Гэта значыць, што ён фактычна стаў першакурснiкам — варта толькi дакументы падаць. Максiм ужо вызначыўся: плануе вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкi i iнфарматыкi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Марыць стаць праграмiстам i, напэўна ж, стане — з яго здольнасцямi. Яшчэ чацвёра аднакласнiкаў Барысава перамаглi на рэспублiканскай алiмпiядзе: па гiсторыi, хiмii i двое — па англiйскай мове. Дарэчы, лiнгвiстычны накiрунак у Дзяржынскай гiмназii вельмi моцны. Англiйскую мову на паглыбленым узроўнi тут вывучаюць, пачынаючы з першага класа. Дырэктар расказваў, што нядаўна ў раён прыязджала замежная дэлегацыя, патрабаваўся перакладчык. У гэтай якасцi выступiлi вучнi гiмназii, яны выдатна размаўлялi па-англiйску i госцi пацiкавiлiся, цi жылi гiмназiсты за мяжой. Калi тыя адказалi, што не жылi, то iншаземцы моцна здзiвiлiся, нават спачатку не паверылi — падумалi, дзецi жартуюць. Разам з англiйскай у гiмназii можна дадаткова вывучаць французкую, нямецкую, польскую мовы. Настаўнiкi сапраўдныя прафесiяналы — напрыклад, польскую выкладае выпускнiца Беластоцкага ўнiверсiтэта (дарэчы, у свой час яна скончыла Дзяржынскую гiмназiю). Па суботах праводзiцца факультатыў па кiтайскай мове. — Трэба дакладна разумець: тых, хто ведае англiйскую мову зараз шмат, нiкога такiм веданнем не здзiвiш, — адзначае Мiхаiл Доўнар. — Англiйская мова па шэрагу спецыяльнасцяў патрэбна проста для работы. А вось веданне кiтайскай мовы ўжо само па сабе можа быць прафесiяй. Калi да гэтага яшчэ дадаць добрую адукацыйную базу, то ёсць рэальная магчымасць знайсцi перспектыўнае месца работы. Выпускнiкi будуць запатрабаванымi на рынку працы, у iх будзе выбар. Так што за кiтайскай мовай вялiкая будучыня. Даволi «экзатычны» факультатыў пачаў працаваць у Дзяржынску ў межах спецыяльнага пагаднення, якое было падпiсана памiж Мiнсiтэрствам адукацыi Беларусi i Дзяржаўнай канцылярыяй КНР. Зараз кiтайскую мову вывучаюць 18 гiмназiстаў — з 5, 6, 7 i нават 10 класаў. Выкладчык кожны тыдзень па суботах прыязджае з Мiнска. Дзецi ўжо ведаюць 200 iероглiфаў i могуць весцi простыя дыялогi. Усiм вельмi падабаецца. Асобныя акрамя кiтайскай вывучаюць яшчэ некалькi замежных моў. Дзесяцiкласнiца Насця Юшкевiч разумее, што не паспее ў поўнай ступенi авалодаць 1,8 тысячы неабходнымi iероглiфамi (усяго ж «лiтар», як казала дзяўчына, каля 40 тыс.), але важна пачаць займацца. Насця марыць калi-небудзь патрапiць у Кiтай: «буду разумець, аб чым там людзi размаўляюць, сама з iмi гутарыць». Прынамсi, вiтацца дзецi навучылiся ўжо зараз — па-кiтайску гэта гучыць як «нiхау». У далейшым яны ўсяму навучацца, а знаёмства з гэтай замежнай мовай працягнецца: як паведамiў Мiхаiл Доўнар, з новага навучальнага года ў гiмназii кiтайскi будуць вывучаць дзве групы, пачынаючы з першага класа. Так што сапраўды — нiхау, Дзяржынск. Мiнск—Дзяржынск—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сфера адукацыi апошнiм часам развiваецца вельмi iмклiва. Магу параўноўваць, паколькi вучыўся ў школе ў 1980-е i, напрыклад, з iнфармацыйнымi тэхналогi
|
|