Справы хакейныя
Iрына ПРЫМАК
Шайбу, шайбу! Сёння нацыянальная зборная Беларусi стартуе на 71-м першынстве свету ў падмаскоўных Мыцiшчах матчам з вiцэ-чэмпiёнамi планеты, чэхамi. Незадоўга да старту першынства ў беларускай федэрацыi хакея адбылося пасяджэнне выканкама ФХРБ, на якiм былi падведзены вынiкi 15-га чэмпiянату нашай краiны, абмяркоўваўся рэгламент Кубка Беларусi i 16-га Адкрытага першынства краiны.УЗРОВЕНЬ ХАКЕIСТАЎ РАСЦЕ, СУДДЗЯЎ ПАДАЕ? Паводле слоў спартыўнага дырэктара федэрацыi Уладзiмiра Швабоўскага, 15-ы Адкрыты чэмпiянат Беларусi быў мацнейшы за папярэднiя першынствы, а вось узровень беларускiх суддзяў аказаўся слабейшым за чатыры апошнiя гады. Абслугоўвалi матчы i замежныя арбiтры з Расii i Фiнляндыi. Апошнiх, дарэчы, запрасiлi на сустрэчы фiнiшнай прамой, каб пазбегнуць прадузятасцi да пэўнай каманды. Уладзiмiр Швабоўскi таксама заўважыў, што павялiчылася колькасць гледачоў на трыбунах, але ёсць i адмоўны момант: не ўсе клубы навучылiся працаваць з балельшчыкамi, больш за тое — некаторыя хакеiсты правакуюць гледачоў на дрэнныя ўчынкi. У прыватнасцi, дрэннымi паводзiнамi ў сезоне вызначылiся гомельскiя i магiлёўскiя балельшчыкi. Аднак абмяркоўваць 15-ы чэмпiянат завяршылi на аптымiстычнай ноце: назвалi лепшых у сезоне па вынiках галасавання клубаў. Лепшымi прызнаны: варатар Леанiд Фацiкаў, абаронца Аляксандр Макрыцкi, нападаючы Алег Антоненка (усе «Дынама»), нападаючы абарончага плана Андрэй Мiхалёў («Керамiн»), малады iгрок Мiхаiл Стэфановiч («Гомель»), арбiтр Сяргей Бярвенскi. Лепшай пляцоўкай названа гомельская. КАМПЕНСАЦЫЯ ЗА IГРАКА На пасяджэннi быў прыняты шэраг рашэнняў для новага сезона. Так, фiнал Кубка Беларусi (турнiр пройдзе 3—25 жнiўня) будзе складацца толькi з аднаго матча, а першая стадыя 16-га Адкрытага чэмпiянату Беларусi (стартуе 5 верасня) не з пяцi кругоў, як раней, а з шасцi, прычым матчы будуць праводзiцца часцей. У экстралiзе будуць гуляць 10 беларускiх каманд i адна ўкраiнская. Быў перагледжаны i статус хакеiста. Зараз, калi замежны клуб пажадае набыць маладога перспектыўнага беларуса, яму давядзецца заплацiць клубу кампенсацыю ў памеры ад 6 да 35 тысяч еўра ў залежнасцi ад узросту iграка. КРОПКI НАД «I» Пасля пасяджэння выканкама старшыня ФХРБ Уладзiмiр Навумаў адказаў на пытаннi журналiстаў. Зразумела, усiх цiкавiлi дзве актуальныя тэмы: якая задача была пастаўлена перад нацыянальнай зборнай Беларусi на чэмпiянат свету-2007 i цi пастаўлена кропка ў дыскусii наконт удзелу беларускага клуба ў вышэйшай лiзе Расii? — Маё вялiкае жаданне, каб наша зборная захавала прапiску ў васьмёрцы мацнейшых, — прызнаўся Уладзiмiр Уладзiмiравiч. — У дыскусii наконт выступлення беларускай каманды ў вышэйшай лiзе Расii пастаўлена кропка. Вы ведаеце, што за гульню ў Расii я выказваўся ў iнтарэсах зборнай Беларусi, бо не выключана, што ў будучым без адмовы ад беларускага грамадзянства нашым хакеiстам будзе больш складана працаўладкавацца ў клубах расiйскай суперлiгi. Аднак большая колькасць спецыялiстаў не падтрымала iдэю выступлення ў вышэйшай лiзе Расii. Як гэта паўплывае на зборную, пакажа толькi час.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння нацыянальная зборная Беларусi стартуе на 71-м першынстве свету ў падмаскоўных Мыцiшчах матчам з вiцэ-чэмпiёнамi планеты, чэхамi
|
|