Дапамога «дысцыплiнаваным» будучым мацi будзе павялiчана
Надзея НIКАЛАЕВА
У 2006 годзе колькасць родаў павялiчылася ў нашай краiне на 6,3 працэнта. Усяго на свет нарадзiлiся больш за 97 тысяч немаўлят. У той жа час паказчык суадносiнаў родаў i колькасцi абортаў працягваў паляпшацца i склаў летась 1 да 0,5. Аб гэтым на прэс-канферэнцыi ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведамiла галоўны педыятр Мiнiстэрства аховы здароўя нашай краiны Наталля ГАЛЬКЕВIЧ.
Паводле слоў спецыялiста, акрамя абавязковых ультрагукавых даследаванняў, якiя праходзяць усе цяжарныя жанчыны, штогод медыка-генетычнай службай нашай краiны ажыццяўляецца ад 35 да 40 тысяч медыка-генетычных кансультацый, да 200 тысяч бiяхiмiчных i малекулярных даследаванняў, больш як 3 тысячы даследаванняў храмасом у дзяцей i 3—3,5 тысячы iнвазiўных працэдур для вызначэння храмасомнай паталогii ў плода падчас цяжарнасцi. Такi аб’ём высокатэхналагiчных даследаванняў дазваляе кожны год устанаўлiваць дыягназ спадчыннай паталогii ў 600—700 цяжарных жанчын. У выпадку немагчымасцi лячэння паталогii цяжарнасць са згоды жанчыны перарываецца. Гэта тактыка стрымлiвае частату нараджэння дзяцей са спадчыннай паталогiяй, на 10—15 працэнтаў змяншае дзiцячую iнвалiднасць i на 3 працэнты — смяротнасць нованароджаных. Дарэчы, дзякуючы правядзенню антыанiмiчнай i ёднай прафiлактыкi пачала знiжацца распаўсюджанасць сярод цяжарных жанчын жалезадэфiцытнай анемii i захворванняў шчытападобнай залозы, адпаведна павялiчылася колькасць нармальных родаў: у 2005 годзе яны складалi 27,5 працэнта, а ў 2006 годзе — ужо 30,5 працэнта. Як паведамiла Наталля Галькевiч, у блiжэйшы час плануецца павялiчыць дапамогу будучым мацi, якiя стануць на ўлiк у жаночую кансультацыю да 12 тыдняў цяжарнасцi. Гэта заахвочвальная мера, якая дазваляе звесцi да мiнiмуму колькасць праблемных цяжарнасцяў i нараджэнне хворых немаўлят. Новы памер дапамогi будзе складаць адзiн бюджэт пражытковага мiнiмуму. Аднак атрымаць матэрыяльную дапамогу змогуць толькi тыя жанчыны, якiя не проста своечасова стануць на ўлiк, але i будуць выконваць усе прадпiсаннi свайго ўрача. Справа ў тым, што першыя тры месяцы цяжарнасцi — самыя адказныя, таму надзвычай важна ў гэты перыяд сачыць за здароўем будучай мацi i фармiраваннем плода. Сёння ў Беларусi праводзiцца рэарганiзацыя акушэрска-гiнекалагiчнай службы. На базе дзеючых абласных радзiльных дамоў i раённых бальнiц створаны i функцыянуюць 7 перынатальных цэнтраў трэцяга ўзроўню i 14 — другога ўзроўню для аказання спецыялiзаванай дапамогi жанчынам з цяжкай акушэрскай i саматычнай паталогiяй, дзе створаны ўмовы для выходжвання неданошаных немаўлят. У 2006—2007 гадах ажыццяўляецца рэканструкцыя i перааснашчэнне 19 радзiльных дамоў i аддзяленняў, што павiнна палепшыць даступнасць i якасць спецыялiзаванай высокаквалiфiкаванай дапамогi, якая аказваецца цяжарным жанчынам, у тым лiку жанчынам з ускладненым працяканнем цяжарнасцi, а таксама нованароджаным. Летась шляхам кесарава сячэння завяршылiся 19 працэнтаў ад агульнай колькасцi родаў. Абапiраючыся на сусветны акушэрскi вопыт, варта адзначыць, што гэты паказчык — аптымальны для папярэджвання магчымых ускладненняў як у жанчыны, так i ў дзiцяцi. Узровень мацярынскай смяротнасцi i смяротнасцi немаўлят традыцыйна ўваходзiць у кола асноўных iндыкатараў стану любой сiстэмы аховы здароўя. Мацярынская смяротнасць зменшылася ў Беларусi з 15,5 на 100 тысяч народжаных жывымi ў 2005 годзе да 11,4 — у 2006 годзе. А смяротнасць немаўлят — з 6,4 прамiле ў 2005 годзе да 5,2 прамiле — у 2006 годзе (колькасць смяротных выпадкаў на 1 тысячу народжаных). На сёння па гэтаму паказчыку Беларусь знаходзiцца на ўзроўнi развiтых краiн свету.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2006 годзе колькасць родаў павялiчылася ў нашай краiне на 6,3 працэнта. Усяго на свет нарадзiлiся больш за 97 тысяч немаўлят. У той жа час паказчык
|
|