Адсутнасць эфекту за бюджэтныя сродкi ў сферы навуковых распрацовак
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Дзяржкантроль Бюджэтныя сродкi, якiя выдзяляюцца ўстановам Мiнiстэрства адукацыi, Мiнiстэрства аховы здароўя i Мiнпрыроды на ажыццяўленне навуковых распрацовак i падрыхтоўку навуковых кадраў, часта выкарыстоўваюцца не для дасягнення чаканых вынiкаў. Аб гэтым паведамiў старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць падчас калегii ведамства.Паводле слоў Зянона Ломаця, нядаўна была праведзена праверка дзейнасцi больш за 10 падведамных згаданым мiнiстэрствам устаноў, а таксама Дзяржаўнага камiтэта па навуцы i тэхналогiях (ДКНТ). Праверка выявiла факты неабгрунтаванага атрымання сродкаў, выкарыстання бюджэтных сродкаў не па мэтаваму прызначэнню, а таксама выкарыстання сродкаў з парушэннем заканадаўства. «Нiхто нiкому не даў права выкарыстоўваць бюджэтныя сродкi, народныя сродкi не па прызначэнню! Чаму мы сёння караем прадпрымальнiка, якi дапускае асобныя парушэннi, а тут павiнны праходзiць мiма? Не праходзiлi i праходзiць не будзем! Мы праверым (у блiжэйшай будучынi. — Аўт.) большасць навукова-даследчых iнстытутаў, цэнтраў, якiя створаны пры мiнiстэрствах i ведамствах. Цi заўсёды ёсць аддача для дзяржавы ад укладзеных у тыя цi iншыя распрацоўкi сродкi? У першую чаргу я вяду гаворку пра прыкладную навуку», — заявiў Зянон Ломаць. Паводле слоў начальнiка Галоўнага ўпраўлення кантролю за працай галiн сацыяльнай сферы Анатоля Маразевiча, вялiкiя праблемы ўзнiкаюць пры дзейнасцi часовых навуковых калектываў (ЧНК), якiя ствараюцца для працы над навуковымi заданнямi. У якасцi прыкладу Анатоль Маразевiч прывёў працу двух ЧНК, кiраўнiком якiх з’яўляўся дацэнт Вiцебскага дзяржунiверсiтэта iмя Машэрава. Навуковыя калектывы працавалi над заданнямi «Вадарод-30» i «Вадарод-15» адпаведнай дзяржаўнай праграмы, зацверджанай пастановай Савета Мiнiстраў. На выкананне гэтых заданняў з бюджэту было выдзелена 100 млн рублёў. Праверка паказала, што вынiкi, прыведзеныя ў справаздачах, «не маюць навуковай навiзны, бо па сутнасцi з’яўляюцца копiяй кандыдацкай дысертацыi», абароненай яшчэ ў 1986 годзе дацэнтам, якi кiраваў ЧНК. «Вось дзе сапраўды новае — гэта добра забытае старое! Зараз гэтым «вадародам» займаюцца кампетэнтныя органы, узбуджана крымiнальная справа». Таксама, паводле слоў начальнiка ўпраўлення, нярэдка ў склад ЧНК уключаюцца асобы, якiя не маюць прамых адносiнаў да навуковай дзейнасцi. Пры гэтым яны атрымлiваюць вялiкiя ўзнагароджаннi. У якасцi прыкладу выкарыстання сродкаў не па мэтаваму прызначэнню Анатоль Маразевiч прывёў Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр гiгiены. «За кошт сродкаў, выдзеленых на праграму «Гiгiена i прафiлактыка», былi ўсталяваныя вокны з ПВХ у будынку рэспублiканскага цэнтра. Гэты клопат аб супрацоўнiках i ўкараненне энергазберагальных тэхналогiй дорага абышлiся РНПЦ гiгiены. Цэнтру прыйшлося вярнуць у бюджэт больш за 18 млн рублёў i выплацiць штраф у такiм жа аб’ёме». Фактаў неабгрунтаванага атрымання грошай, выкарыстання бюджэтных сродкаў не па мэтаваму прызначэнню, а таксама выкарыстання iх з парушэннем заканадаўства ва ўстановах Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя было выяўлена на суму 1 млрд 195 млн рублёў, Мiнiстэрства аховы здароўя — на суму 823 млн, Мiнiстэрстве адукацыi — 285 млн, у ДКНТ — 10 млн рублёў. Анатоль Маразевiч адзначыў таксама, што неабходна ўдасканальваць заканадаўства ў навуковай сферы. «Бо ў нас у асобных галiнах жывуць як у асобных дзяржавах. Напрыклад, РУП «Белгеалогiя» пры арганiзацыi навуковых работ карыстаецца нарматыўнымi актамi СССР 1985 года не ў галiне навукi, а ў галiне геалогii. Вiдаць, з iх дапамогай можна больш узяць з бюджэту?» Праверка паказала i неэфектыўнасць выкарыстання сродкаў, якiя выдзяляюцца на падрыхтоўку аспiрантаў i дактарантаў. «У правераных арганiзацыях выяўлены шэраг парушэнняў умоў прыёму ў аспiрантуру, тэрмiнаў зацвярджэння тэм даследаванняў. Устаноўлена таксама нездавальняючая праца асобных навуковых кiраўнiкоў аспiрантаў». Аднак галоўная праблема ў тым, што «патрабаванне заканадаўства аб прадстаўленнi дысертацый да вызначанага тэрмiну не выконваецца» большасцю аспiрантаў i дактарантаў. Такiм чынам «дзяржава не атрымлiвае спецыялiстаў патрэбнай квалiфiкацыi». Так, у цэлым па краiне ў 2005—2006 гадах толькi 5,5 працэнта аспiрантаў i дактарантаў, якiя завяршылi навучанне, абаранiлi навуковыя працы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бюджэтныя сродкi, якiя выдзяляюцца ўстановам Мiнiстэрства адукацыi, Мiнiстэрства аховы здароўя i Мiнпрыроды на ажыццяўленне навуковых распрацовак i па
|
|