З баланса — на баланс...
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
ТЭМА ДНЯ Сiтуацыя з перадачай аб’ектаў ЖКГ абяцае быць няпростайПерада мной — акт абследавання каналiзацыйнай сiстэмы i ачышчальных збудаванняў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Племзавод «Бярозкi» (вёска Раманавiчы Гомельскага раёна). Склалi яго члены камiсii, у якую ўвайшлi высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты з райжылкамгаса, упраўлення капiтальнага будаўнiцтва райвыканкама, «Гомельаблводаканала» i вышэйпамянёнага племзавода. Заключэнне аб тэхнiчным стане трох аб’ектаў водазабеспячэння i водаадвядзення (каналiзацыйна-помпавых станцый населенага пункта i малочнатаварнай фермы, а таксама ачышчальных збудаванняў вёскi), узведзеных у сямiдзесятых—васьмiдзесятых гадах мiнулага стагоддзя, змясцiла ў сабе ажно трыццаць пунктаў, а дакладней, рамонтных цi аднаўленчых мерапрыемстваў, якiя неабходна выканаць, каб прывесцi ўказаныя аб’екты ў належны стан. Ужо iншая, але не менш аўтарытэтная камiсiя зрабiла абследаванне артэзiянскай свiдравiны, воданапорнай вежы i водаправоднай сеткi пасёлка Клiмаўскi, якiя знаходзяцца на балансе структурнага падраздзялення агракамбiната «Паўднёвы». I тут падобны малюнак: патрэбна прыкласцi нямала намаганняў — як тэхнiчных, так i фiнансавых, каб ажыццявiць васемнаццаць мерапрыемстваў. — Падобных «дэфектных» актаў мы можам паказаць вам дзесяткi, — гаворыць генеральны дырэктар камунальнага жыллёвага ўнiтарнага прадпрыемства «Гомельскi райжылкамгас» Мiкалай Прахарэнка. — А складзены яны ў сувязi з неабходнасцю перадачы аб’ектаў водаправодна-каналiзацыйнай сiстэмы сельскiх населеных пунктаў на баланс нашай арганiзацыi, як гэтага патрабуе вядомы Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 12 студзеня 2007 года № 21 «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва». — Створана раённая камiсiя, у якую ўвайшлi начальнiкi ўпраўленняў i аддзелаў райвыканкама, старшынi пасялковых i сельскiх Саветаў, — гаворыць галоўны спецыялiст аддзела будаўнiцтва, архiтэктуры i жыллёва-камунальнай гаспадаркi Гомельскага райвыканкама Анатоль Чысты. — Яе задача сфармулявана наступным чынам: правесцi iнвентарызацыю сiстэм водазабеспячэння i водаадвядзення, дарог i iншых аб’ектаў нерухомасцi населеных пунктаў i да 1 лiпеня разгледзець пытанне аб перадачы iх ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку спецыялiзаваным арганiзацыям, якiя знаходзяцца ў камунальнай уласнасцi раёна. Канчатковая ж мэта — паляпшэнне iнфраструктуры сельскiх населеных пунктаў, добраўпарадкаванне вулiц, развiццё транспартнага абслугоўвання. Каб выканаць усе работы па iнвентарызацыi, патрэбна было аб’ехаць гаспадаркi, якiя маюць на сваiм балансе аб’екты водазабеспячэння i водаадвядзення, а затым i прыкiнуць арыенцiровачную суму затрат на аднаўленне ўказаных аб’ектаў. Як паказала праверка (а яна, дарэчы, праводзiлася i ў папярэднiя гады), у некаторых месцах водаправодныя сеткi наогул непрыгодныя да эксплуатацыi або нельга нават устанавiць iх балансаўтрымальнiка — многiя арганiзацыi, якiя шмат гадоў таму будавалi ў вёсках жылыя дамы, праводзiлi да iх ваду, «прывязвалi» свiдравiны, ужо распалiся. Водаправодныя сеткi тым часам пацiху функцыянавалi, дапускалi ўцечку вады, бо iх практычна нiхто не рамантаваў. Мясцовыя ўлады, каб не дапусцiць наогул непастаўкi вады, прымалi рашэннi аб замене на свiдравiнах помпаў, i толькi гэта выручала справу. Што ж датычыцца каналiзацыйных сiстэм, дык у час правядзення iнвентарызацыi выявiлася, што многiя з iх наогул не маюць закончанага цыкла. Гэта азначае наступнае: ёсць самацечныя калектары, або ў лепшым выпадку — каналiзацыйныя помпавыя станцыi, а вось палёў фiльтрацыi — няма. А без iх што за сiстэма? Усё гэта, натуральна, неабходна аднаўляць. На што патрэбны грошы. — Вось канкрэтныя прыклады, — працягвае Анатоль Васiльевiч. — Каб прывесцi ў належны тэхнiчны стан каналiзацыйныя i водаправодныя сеткi, ачышчальныя збудаваннi, воданапорную вежу i каналiзацыйна-помпавыя станцыi племзавода «Бярозкi», якi ўпамiнаўся ў пачатку размовы, патрэбны фiнансавыя ўлiваннi ў суме 870 мiльёнаў рублёў. Па 670 мiльёнаў рублёў неабходна знайсцi на аднаўленне i рамонт падобных аб’ектаў у СВК iмя Ленiна, на торфазаводзе «Бальшавiк». А ўсяго ж дваццацi двум гаспадаркам раёна, якiя маюць на сваiм балансе аб’екты водазабеспячэння i водаадвядзення, патрабуецца сем мiльярдаў рублёў. Вядома ж, гэта — папярэдняя лiчба, якая можа зменшыцца або, наадварот, павялiчыцца. Але ў абодвух выпадках сума — вялiкая. А iнакш i не магло быць, бо знос тых сетак i г.д. складае да дзевяноста працэнтаў. У жыллёва-камунальную ўласнасць яны могуць перайсцi толькi ў тэхнiчна спраўным стане, як гэта i прадугледжана заканадаўствам. Спраўных жа сiстэм, на жаль, на сёння зусiм нямнога, або, дакладней, адзiнкi, i яны будуць перададзены райжылкамгасу пасля таго, як iх балансаўтрымальнiкi атрымаюць дазвол ад кiраўнiкоў вышэйстаячых арганiзацый (мiнiстэрстваў, ведамстваў). Мае суразмоўцы неаднаразова падкрэслiвалi такую дэталь: пэўнай праблемай з’явiцца аднаўленне ўказаных сiстэм у адпаведнасцi з тымi параметрамi, якiя будуць адпавядаць патрабаванням усiх службаў, у тым лiку i санiтарнага нагляду — у вельмi ж непрыглядным стане знаходзяцца. Патрабуецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыi, правядзенне будаўнiча-мантажных работ i, вядома ж, выдзяленне фiнансавых сродкаў, якiх у бюджэце не хапае. Указаныя пытаннi будуць разгледжаны асобна, як i дадатковыя штаты i папаўненне матэрыяльна-тэхнiчнай базы райжылкамгаса, на балансе якога сёння знаходзяцца 73 артэ- зiянскiя свiдравiны, 46 каналiзацыйна-помпавых станцый i 250 кiламетраў водаправодных сетак. Гэта — вялiкiя аб’ёмы, а будуць яшчэ большыя. Фiнансавыя ж магчымасцi ўказанага прадпрыемства абмежаваны, хоць сорак працэнтаў грашовых сродкаў яно зарабляе само i трыццаць пяць атрымлiвае ад аказання паслуг насельнiцтву. Што ж датычыцца суб’ектаў гаспадарання аграпрамысловага комплексу, дык яны маюць перад райжылкамгасам запазычанасць у васемсот мiльёнаў рублёў i з-за сваёй неплацежаздольнасцi ствараюць вялiкiя нязручнасцi. Не дапамагаюць нават пастановы судоў аб вяртаннi тых даўгоў. У сувязi з гэтым начальнiк вытворча-тэхнiчнага аддзела «Гомельскi райжылкамгас» Ала Дваяжонава акрэслiла наступную праблему. У такiх населеных пунктах, як Брылёва, Цярэшкавiчы, Пясочная Буда, Новая Гуца, дзе маюцца магутныя комплексы па вырошчванню i адкорму жывёлы i птушкафабрыка, гаспадаркi не маюць намеру перадаваць водапад’ёмныя ўстаноўкi раённаму жылкамгасу, а стараюцца пазбавiцца толькi ад вулiчнага трубаправода, перадаўшы яго камунальнiкам. Такiм чынам, атрымлiваецца, што не ўся водаправодная сiстэма пераходзiць у камунальную ўласнасць, бо сельгаспрадпрыемствы хочуць самi для сваёй вытворчасцi здабываць ваду. У вынiку райжылкамгас «страцiць» гэтых юрыдычных асобаў, а разам з тым панясе выдаткi (бо тарыфы на пастаўку вады для юрыдычных асобаў значна перавышаюць тарыфы на такiя ж паслугi для насельнiцтва). Адным словам, сiтуацыя з перадачай водаправодна-каналiзацыйных аб’ектаў у вёсцы ў камунальную ўласнасць абяцае быць няпростай. Новая справа заўсёды патрабуе новых падыходаў, але ў «Гомельскiм райжылкамгасе» запэўнiваюць, што свае функцыi калектыў выканае.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сiтуацыя з перадачай аб’ектаў ЖКГ абяцае быць няпростай |
|