ВУП Беларусi ў студзенi—маi павялiчыўся на 9 працэнтаў
Аб асноўных паказчыках работы эканомiкi за 5 месяцаў гэтага года Прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнку 14 чэрвеня праiнфармаваў прэм’ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi.
Эканомiка Беларусi паспяхова спраўляецца з праблемамi, што ўзнiклi ў пачатку года. Рэнтабельнасць работы прадпрыемстваў у студзенi—маi склалася на ўзроўнi 12,6 працэнта, што адпавядае прагнозным паказчыкам. Узраслi тэмпы вытворчасцi прамысловай прадукцыi, сельскай гаспадаркi. «Важна, што на ўзроўнi 20—22 працэнтаў застаецца прырост iнвестыцый у эканомiку краiны. За пяць месяцаў iнвеставанне больш як Br6 трлн. На суму больш як Br3 трлн закуплена станкоў, механiзмаў, тэхнiкi для мадэрнiзацыi беларускiх прадпрыемстваў. Гэта добрыя паказчыкi», — канстатаваў Сяргей Сiдорскi. За 5 месяцаў у краiне было ўведзена ў эксплуатацыю амаль 2 млн кв.м жылля. Усяго ў гэтым годзе будзе пабудавана 4,7 млн кв.м жылля. Прэзiдэнт пацвердзiў сваё жорсткае патрабаванне, каб 70 працэнтаў новага жылля будавалася для грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Таксама кiраўнiку дзяржавы даложана аб гатоўнасцi тэхнiкi да ўборкi сёлетняга ўраджаю. Прэзiдэнт Беларусi паставiў задачу максiмальна забяспечыць палiвам сельгаспрадпрыемствы ў час уборачнай кампанii. У рэспублiцы прымаюцца ўсе неабходныя меры для таго, каб уборка ўраджаю прайшла ў сцiслыя тэрмiны. Кiраўнiк урада далажыў аб ходзе нарыхтоўкi кармоў. На гэты час нарыхтоўка сенажу перавысiла ўзровень мiнулага года ў 4 разы: яго запасы дасягнулi 3 млн т. Асаблiвую ўвагу Прэзiдэнт звярнуў на неабходнасць уборкi траў на няўдобiцах, у поймах рэк. Прэм’ер-мiнiстр запэўнiў Прэзiдэнта ў тым, што да канца гэтага года ў краiне ўдасца стабiлiзаваць сiтуацыю ў знешнiм гандлi. Пакуль урад не спраўляецца з заданнямi па дасягненню дадатнага знешнегандлёвага сальда, але, на думку прэм’ер-мiнiстра, на гэта былi аб’ектыўныя i суб’ектыўныя прычыны. У прыватнасцi, ён звярнуў увагу на адставанне ў аб’ёмах продажу нафтапрадуктаў у гэтым годзе. Акрамя таго, у 2007 годзе ў параўнаннi з мiнулым годам «мы павiнны на $1 млрд больш заплацiць расiйскаму боку за газ». Прэзiдэнт Беларусi паставiў задачу нарошчваць аб’ёмы экспарту, каб кампенсаваць гэтыя расходы. Ён таксама даў даручэнне забяспечыць перавышэнне тэмпаў росту экспарту над тэмпамi росту iмпарту ў краiне на ўзроўнi не менш як 5 працэнтаў. Дасягненне дадатнага сальда ў знешнiм гандлi павiнна стаць галоўнай задачай у рабоце ўрада, мясцовых органаў улады, суб’ектаў гаспадарання. Акрамя таго, кiраўнiку дзяржавы даложана аб завяршэннi работ па рэканструкцыi Летняга амфiтэатра ў Вiцебску. Прэзiдэнт таксама азнаёмiўся з графiкам будаўнiцтва завода па вытворчасцi газетнай паперы ў Шклове. Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб асноўных паказчыках работы эканомiкi за 5 месяцаў гэтага года Прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнку 14 чэрвеня праiнфармаваў прэм’ер-мiнiстр кра
|
|