У Краснасельскiм працягваецца рэвалюцыя. ТэхнiчнаяПалову беларускага цэменту пастаўляе краiне калектыў акцыянернага таварыства «Краснасельскбудматэрыялы». Зараз тут рыхтуюцца да новага вiтка тэхнiчнай рэвалюцыi, якая дазволiць вывесцi вытворчасць з-пад жорсткай залежнасцi ад дарагiх энерганосьбiтаў. Генеральны дырэктар Валянцiн Алегавiч Верацiла адказаў на пытаннi карэспандэнтаў «Звязды». — Скажам так: значыць, у калектыву ёсць «запас трываласцi». Павышэнне цаны на энерганосьбiты не збiла нас з вытворчага рытму. Хоць некаторыя праблемы на першым этапе былi. Канешне, павышэнне цаны на энерганосьбiты значна знiзiла рэнтабельнасць нашай прадукцыi. Мусiлi рэагаваць i цаной на ўласную прадукцыю, але гэты невялiкi яе рост не адбiўся на пакупнiцкiх магчымасцях спажыўцоў. У тым лiку прыватнага забудоўшчыка, на яго здольнасцi ўзводзiць жыллё. I фактычна не паўплываў на ажыятажны попыт на цэмент, што з’явiўся ў тым жа першым квартале. Вярнулася прызабытае паняцце — дэфiцыт цэменту, якое трымае вытворцу ў «тонусе» i прымушае сачыць, каб канвеер працаваў без перабояў. — Дарэчы, як бы вы пракаментавалi прычыны такога нечаканага дэфiцыту. — Я лiчу, што рэспублiка стала больш будаваць. Гэта станоўча характарызуе яе эканомiку. Насельнiцтва таксама ўсё ахвотней прымае ўдзел у праграме ўзвядзення жылля. Тым больш, што сёння магчымасцi айчынных банкаў па крэдытаванню будаўнiцтва жылля значна выраслi, нават у параўнаннi з мiнулым годам. Сваю ролю адыграў, вiдаць, i прыняты параўнальна нядаўна дырэктыўны дакумент, скiраваны на тое, каб выдзеленыя ў прыватнае карыстанне ўчасткi зямлi больш не пуставалi, а асвойвалiся. Прынятыя ўрадам у апошні час меры па ўпарадкаванні гандлю цэментам дазволяць, на наш погляд, збіць ажыятажны попыт на гэты прадукт і прывядуць да набліжэння цаны на яго на ўнутраным рынку да больш-менш аптымальнага значэння. Як бы там нi было, але мы бачым сваю задачу ў тым, каб задаволiць попыт на «хлеб iндустрыi», адпаведна настройваем калектывы цэментнага завода, кар’ераўпраўлення i iншых вытворчых падраздзяленняў, ад каго гэта залежыць. Мы сфармiравалi для сябе на гэты год даволi напружаную вытворчую праграму, збiраемся выпусцiць 1 мiльён 600 тысяч тон цэменту, 400 тысяч тон вапны (а без яе не можа быць блокаў з ячэiстых бетонаў, не можа весцiся каркаснае домабудаванне, якое набывае ўсё большы размах, i гэтак далей), сухiя будаўнiчыя сумесi i iншую крайне патрэбную спажыўцу прадукцыю. — Выклiкае павагу настойлiвасць, з якой вы нарошчваеце тэмпы яе выпуску. На гэты конт iснуе цiкавая статыстыка. У 2003 годзе прадпрыемству спатрэбiлася 10 месяцаў, каб выпусцiць мiльённую з пачатку года тону цэменту. На наступны год вы зрабiлi гэта ўжо ў вераснi. У 2005-м — у жнiўнi. У 2006-м — таксама з апераджэннем, i ў астатнiя месяцы «выдалi на-гара» яшчэ амаль паўмiльёна тон. Дзякуючы чаму дасягнуты такiя тэмпы? — У 2000 годзе мы ўвялi вялiкую печ — 5 на 150. У былым Савецкiм Саюзе амаль не iснавала печаў з такiмi параметрамi. Патрэбна было навучыць людзей, i мы ўсур’ёз вучылiся. У 2002 годзе ўвялi другую такую печ. Таксама вучылiся граматна эксплуатаваць новае абсталяванне, вывучалi яго магчымасцi. Высокi патэнцыял калектыву спалучыўся з высокiм патэнцыялам высокапрадукцыйнага абсталявання, i рост атрымаўся сапраўды iмклiвы. Такi падыход — характэрны для калектыву. Уводзiм новае абсталяванне, вучымся яго належным чынам эксплуатаваць, i за кошт гэтага дабiваемся тых высокiх параметраў, якiя гэтае абсталяванне можа даць пры граматнай эксплуатацыi. Працуем не толькi над «валавым» паказчыкам, але i над тым, каб утрымаць планку якасцi прадукцыi на дасягнутай высокай адзнацы. У нас традыцыi высакаякаснай працы закладзены ў 1914 годзе, калi нарадзiлася прадпрыемства. I працуем над памяншэннем сабекошту прадукцыi. Зыходзячы з абстаноўкi, рабiць гэта мяркуем так, каб усё менш i менш залежаць ад росту цаны на энерганосьбiты. А як вядома, такi рост будзе працягвацца. — Вы закранаеце вельмi актуальную тэму — змяншэнне долi энерганосьбiтаў у цане прадукцыi. Сёння праблема выклiкае ўсеагульную цiкавасць. Таму раскажыце, калi ласка, пра сваю стратэгiю ў новых умовах гаспадарання. — Прадукцыя наша — энергазатратная, палова сабекошту (53 працэнты) прыпадае на энерганосьбiты, i знiжаць яе сабекошт можна толькi памяншаючы энергазатраты на вытворчасць. Таму сваю задачу бачым у тым, каб неадкладна правесцi рэканструкцыю вытворчасцi, мадэрнiзацыю абсталявання, якая дазволiць на працягу двух гадоў цалкам адмовiцца ад выкарыстання газу ў вытворчасцi цэменту (дакладней, у вытворчасцi клiнкеру, з якога атрымлiваецца цэмент). I больш чым напалову скарацiць выкарыстанне газу пры абпальваннi вапны. Чым можна замянiць газ? Вугалем i iншымi больш таннымi гаручымi матэрыяламi. Сёння для нас тысяча кубаметраў газу абыходзiцца ў 118 долараў ЗША (раней каштавала 63 долары, на наступны год цана аб’яўлена ў 175 долараў, без падатку на дабаўленую вартасць). Як паказвае сусветная практыка, затраты на той жа расiйскi вугаль могуць быць на ўзроўнi 67—80 долараў ЗША за тону з улiкам папярэдняй перапрацоўкi. Сусветная цана на вугаль ужо сфармiравалася, i наўрад цi можна чакаць тут нейкiх адчувальных хiстанняў. А прагноз па газу паказвае, што да 2010 года цана можа «зашкалiць» i за 300 долараў за тысячу кубаметраў. Нашы суседзi, цэментнiкi Лiтвы, ужо зараз плацяць па $250. Затое за вугаль — па 67. Праграма па пераводу цэментнага завода на вугальнае палiва запатрабуе 13 мiльёнаў еўра. Многа гэта цi мала? У месяц мы выпускаем прадукцыi на 36 мiльярдаў беларускiх рублёў. Гэта вялiкая сума, але ў нас ёсць абавязацельствы: перад дзяржавай — па падатках, перад уласным калектывам — па зарплаце i сацыяльных праграмах; акрамя таго — цякучыя плацяжы за энерганосьбiты, за сыравiну i г.д. Карацей, прадпрыемству складана знайсцi ў сябе такiя свабодныя сродкi. Адзiн з магчымых варыянтаў — прыцягненне замежных iнвестыцый. Мы працуем у гэтым накiрунку разам з мiнiстэрствам, рыхтуем пакет дакументаў, каб выйсцi з iм на мiжнародны конкурс. Магчыма, аб’яднаем свае намаганнi з двума iншымi цэментнымi заводамi рэспублiкi, якiя таксама збiраюцца пераходзiць на вугаль, i вылучым на мiжнародны тэндар умовы адразу па трох заводах. Гэта можа знiзiць кошт камплекта аднатыпнага абсталявання. — Вы неяк так загадкава сказалi пра «iншыя больш танныя гаручыя матэрыялы». Што маецца на ўвазе? — Размова iдзе пра даволi нечаканы, але эфектыўны нацыянальны рэзерв. Збiраемся выкарыстаць у якасцi палiва адпрацаваўшыя свой век аўтамабiльныя пакрышкi. Нам спатрэбiцца iх прыкладна 8 тысяч тон у год. А ў Беларусi, наколькi мы ведаем, у год накоплiваецца прыкладна 30 тысяч тон пакрышак, якiя патрэбна тым цi iншым чынам утылiзаваць. Так што справа за абсталяваннем i адпрацоўкай тэхналогii пад нашы патрэбы. Выкарыстаўшы гэтыя 8 тысяч тон пакрышак, знiзiм спажыванне газу на 12 працэнтаў. Можна параўнаць з тым, што адна з дзвюх печаў 5 на 150 на працягу 4—5 месяцаў будзе працаваць зусiм без газу. Калi перавесцi на прадукцыю, то гэта выражаецца ў месячную вытворчасць цэменту: прыкладна 100—120 тысяч тон. — Валянцiн Алегавiч, выдайце яшчэ адзiн сакрэт. Здаецца, вы запланавалi i «рэвалюцыйныя» крокi ў тэхналогii, у спосабе вытворчасцi. Усё з тымi ж мэтамi? — Адчувальна, нават кардынальна зможам знiзiць энергазатраты пасля таго, як пяройдзем з так званага мокрага спосабу вытворчасцi цэменту на сухi. Гэта лёгка сказаць — «пяройдзем», спатрэбяцца вялiкая работа i 70—75 мiльёнаў еўра. Але мэта апраўдвае сродкi. Мокры спосаб, якiм карыстаемся сёння — надзвычай энергазатратны, з чым не лiчылiся ў часы Савецкага Саюза, калi газ быў танны, каштаваў капейкi. Канешне, мокры спосаб больш даступны, больш просты па сваёй тэхналогii — узяў у кар’еры сыравiну (мел, глiну), развёў яе на заводзе вадой, атрымаў аднародную масу вiльготнасцю 36—38 працэнтаў, залiў гэты шлам ў велiзарную гарызантальную печ i пачаў выпарваць, выводзiць вiльгаць у «нуль». Атрымаў так званы клiнкер (я не ўдаюся ў тонкасцi тэхналогii) i адправiў у гiганцкiя млыны, на памол. Вось прыкладна i ўсё. Але ёсць i iншы спосаб, калi ты пачынаеш выпарваць, груба кажучы, ваду ўжо з самага пачатку, з сыравiны, а там вiльгацi менш, прыкладна 27 працэнтаў. Ёсць рознiца памiж 27 i 38 працэнтамi вiльгацi? На выпарванне спатрэбiцца кардынальна менш палiва. Сёння на вытворчасць тоны клiнкеру выкарыстоўваем 200 кiлаграмаў умоўнага палiва. А пры сухiм спосабе гэта будзе 130—140 кiлаграмаў. На нашым цэментным заводзе зараз працуюць чатыры цэментныя печы. Разам яны даюць 430 тон клiнкеру ў суткi. Пасля таго, як выканаем рэканструкцыю адной печы i перавядзём яе на сухi спосаб, яна адна дасць такую ж колькасць клiнкеру, колькi зараз даюць чатыры. Нават больш. Гэта значыць, атрымаем i больш цэменту. Мы зможам выйсцi недзе на ўзровень 1 мiльён 800 тысяч тон цэменту нават тады, калi тры астатнiя печы будуць закансерваваны. (А калi патрэба ў прадукце будзе такая ж вострая, як сёння, яны могуць працаваць.) У вынiку ўсiх гэтых крокаў (вугаль замест газу, сухi спосаб замест мокрага) энергазатраты на вытворчасць нашай прадукцыi атрымаюцца зусiм iншыя. Паралельна будзем ажыццяўляць i перавод на сухi метад вытворчасцi вапны, работа ўжо таксама пачалася. Бо вытворчасць вапны яшчэ больш энергазатратная. Адпаведна сабекошт усёй нашай прадукцыi атрымаецца iншым. Такая вось «рэвалюцыйная» праграма тэхнiчнага пераўзбраення на блiжэйшы час. Яе ажыццяўленне дазволiць трымаць больш-менш стабiльную цану на прадукцыю. Яна калi i будзе расцi на фоне агульнага падаражання жыцця, то не так значна. Каб гэта не было «нагрузачна» для спажыўца. Мы не хацелi б мець цалкам канкурэнтаздольную па якасцi, але не канкурэнтаздольную па цане прадукцыю. — У вас, здаецца, нiколi не было праблем з канкурэнтаздольнасцю вашай прадукцыi як па цане, так i па якасцi. Узяць хоць бы апошнi прыклад: сухiя будаўнiчыя сумесi... — Гэтая прадукцыя нарадзiлася не як данiна модзе, хоць на Захадзе такая «мода» iснуе даўно, а ў Расii i iншых краiнах СНД, у тым лiку ў нас, ужо з’явiлася. Гэта водгук на патрэбы ўнутранага рынку. Сённяшнi ажыятажны попыт на цэмент можна ў значнай меры зняць, аўтарытэтна растлумачыўшы спажыўцу, што гэта той жа самы цэмент, толькi ўжо падрыхтаваны да работы. I чалавеку не трэба шукаць асобна цэмент, асобна якасны пясок цi гравiй i нейкiя iншыя кампаненты, бо мы падрыхтавалi яму на ўсе выпадкi шматкампанентны паўфабрыкат, у якi дома цi на будаўнiчым аб’екце ён дабавiць адной толькi вады, i больш нiчога, i зможа эфектыўна працаваць. Гэта прадукт, якi ўжо ў недалёкай будучынi стане дамiнаваць, пераважаць на рынках розных краiн, у тым лiку на беларускiм. Пакуль наш рынак не ўспрымае ў поўнай меры новыя магчымасцi, дзякуючы якiм можна купiць мяшок клеявога цi тынковачнага раствору для ўнутраных альбо вонкавых работ, цi клеявога раствору для сiлiкатных блокаў, цi раствор кладачны для цэглы, i вырашыць праблему адным разам. I наш айчынны гандаль таксама не ўспрымае належным чынам усю выгаднасць для пакупнiка сухiх будаўнiчых сумесяў. Ён не гаворыць клiенту, што так яму зручней i танней, што ў гэтага прадукту высокая якасць i высокая зручнасць. Я хацеў бы падкрэслiць: высокая якасць i высокая зручнасць. Але прагрэс не спынiць — на палiцах магазiнаў ужо паўсюдна выстаўлены сухiя будаўнiчыя сумесi розных вытворцаў, замежных i айчынных. Прызнаюся, мяне радуе, што мы змаглi зрабiць свае сумесi самымi таннымi пры вельмi высокай iх якасцi. Тлумачэнне тут аднолькавае. Сумесi больш танныя таму, што яны падрыхтаваны з iнгрэдыентаў, якiя мы не везлi аднекуль здалёк (адпадаюць транспартныя i накладныя расходы), а ўзялi ў сябе. I яны высокай якасцi таму, што ўся зыходная прадукцыя — цэмент, гiдратная вапна, пясок — уласнай вытворчасцi i высакаякасная, мае сертыфiкаты адпаведнасцi не толькi айчынныя, але i замежныя. Якасць вышэй не бывае, чым вось гэтая, засведчаная сертыфiкатамi. Мы дабаўляем толькi 2,5 працэнта кампанентаў, якiх няма ў Беларусi, завозiм з-за мяжы. Дабаўкi ў асноўным нямецкiя, вытворчасцi надзейных фiрмаў-пастаўшчыкоў. I мне прыемна, калi пакупнiкi ў крамах аддаюць перавагу менавiта нашым сумесям — бачыў на свае вочы. Я разумею, што час працуе на наш прадукт, а не на завозны, якi будзе даражэйшым. А вось цi будзе лепшым — гэта вялiкае пытанне. Сёння мы смела канкурыруем з самымi вядомымi замежнымi фiрмамi. Зараз, у пiк будаўнiчага сезона, нашы сумесi, што называецца, «пайшлi». Мы пакуль выпускаем iх 30 тысяч тон у год. Гатовы пайсцi на знiжэнне цаны i нарасцiць выпуск да 70 тысяч тон, такая магчымасць ёсць. Атрымаем прамы выйгрыш на павелiчэннi продажаў. I цэмент такiм чынам зэканомiм. А спажывец, у тым лiку iндывiдуальны забудоўшчык, гаспадар прысядзiбнага ўчастка цi нават гарадскi жыхар, якi заняўся рамонтам кватэры, атрымае гатовы надзейны прадукт. I ўсе будуць задаволены. Аксiёма: рынак павiнен развiвацца з улiкам усяго асартыменту тавараў, якiя неабходныя, зручныя, карысныя для спажыўца. — Мы гаворым ў асноўным пра ўнутраны, беларускi рынак. Але цi правiльна будзе страцiць заваяваныя пазiцыi на знешнiх рынках? Канешне, краiне сёння патрэбен цэмент, але не менш патрэбна i валюта, якую вы зарабляеце за мяжой. Цi не так? — Скажу нават больш: не экспартуючы нейкую, вельмi нязначную частку сваёй прадукцыi, мы не зможам працаваць эфектыўна i на ўнутраным рынку. Менавiта экспарт дапамог нам у складанай сiтуацыi, якая склалася ў пачатку года, утрымацца на мiнiмальнай рэнтабельнасцi, выплацiць падаткi i зарплату i працягваць развiвацца. Сiтуацыя з цэментам у Беларусi ў хуткiм часе выправiцца, бо на заводах у Крычаве i Касцюковiчах узводзяцца буйныя вытворчыя магутнасцi, i можна нават прагназаваць некаторую перавытворчасць. Лагiчна, што ў такiм выпадку экспартныя пастаўкi будуць актывiзаваны. Задачу па нарошчванню экспарту ўвесь час ставiць Прэзiдэнт, ён зрабiў гэта i пры наведваннi нашага прадпрыемства. Тады кiраўнiк краiны звярнуў увагу калектыву на выгаднае геаграфiчнае становiшча прадпрыемства, i падкрэслiў: мы павiнны мець абсталяванне, дзякуючы якому зможам вырабляць прадукцыю, што будзе паспяхова канкурыраваць на рынках краiн-суседзяў. Мы выканалi даручэнне Прэзiдэнта, у нас зараз ёсць такая прадукцыя. Патрэбна ўсвядомiць, што прыйсцi на рынак краiн ЕС — складана, утрымацца на iм — не менш складана. А вось пайсцi з яго — вельмi проста. Але рынак, як i прырода, не церпiць пустаты, нiша будзе запоўнена iмгненна. Вярнуцца — немагчыма. Бо ў цябе тады з’явiцца iмiдж ненадзейнага партнёра, якi ў любы момант можа падвесцi. I нiхто сам больш не захоча з такiм мець справу, i iншаму закажа. Сёння наш цэмент паспяхова прысутнiчае на будаўнiчых пляцоўках Масквы, Калiнiнградскай вобласцi i некаторых iншых рэгiёнаў Расii. Але Расiя зараз актыўна адраджае, рэканструюе свае цэментныя заводы i будуе новыя. У хуткiм часе ў iх будзе дастаткова ўласнага цэменту. У Еўропе сiтуацыя iншая. Еўропа будуе цэментных заводаў менш, хоць патрэбы ў цэменце там пастаянна ўзрастаюць i будуць узрастаць. Таму, думаючы аб перспектыве, мы не маем права пакiдаць еўрапейскi рынак. Такая мая пазiцыя. Дбаючы пра перспектыву, мы працуем з нашымi замежнымi партнёрамi. Днямi прынялi ў сябе даўняга партнёра з Польшчы, у якога на гранiцы з Беларуссю побач з нашай шырокай пабудавана вузкая, еўрапейская чыгуначная каляя, узведзены тэрмiнал i пляцоўкi для прыёму розных грузаў. Зараз гэтыя магутнасцi прастойваюць, з’яўляюцца для гаспадара стратнымi, i партнёр пытаецца: можа, мне iх дэманцiраваць? Мы пазнаёмiлi яго з перспектывамi, а яны здаюцца нам цалкам аптымiстычнымi. Расказалi, што ўжо ў гэтым годзе, блiжэй да восенi, будуць уведзены новыя магутнасцi ў Касцюковiчах на 240—250 тысяч тон, у наступным годзе — на 400 тысяч тон у Крычаве. Як я ўжо казаў, тры заводы хутчэй за ўсё змогуць вырашыць праблему з цэментам на айчынным рынку, i мы зможам пастаўляць некаторую яго колькасць суседзям. Так што мы не раiлi весцi дэмантаж. Прапанавалi яму больш актыўна папрацаваць з iншымi вiдамi нашай прадукцыi — з тымi ж сухiмi будаўнiчымi сумесямi. Тым больш, што мы сертыфiкавалi пяць iх вiдаў у сiстэме стандартаў ЕС i будзем сертыфiкаваць iншыя. З нашай тратуарнай плiткай, з гiдратнай вапнай... Будзем сустракацца яшчэ з адным партнёрам, якi заняты перавозкамi нашай прадукцыi па тэрыторыi Усходняй Польшчы. Таксама ўзгоднiм нашы пазiцыi. Узнiкла нават iдэя аб’яднаць сiлы з абодвума. Бо ў кожнага з нас свае магчымасцi. — Не можам не спытацца ў вас вось аб чым. Пачынаючы чарговы вiток тэхнiчнай рэвалюцыi, патрэбна акрамя ўсяго быць вельмi ўпэўненым у сваiм калектыве. У тым, што яму такiя складаныя задачы па сiлах... — Дазвольце вас паправiць. Не «акрамя ўсяго», а перш за ўсё. Пры такiх глабальных перабудовах варта разумець, што на калектыў кладзецца дадатковая нагрузка, бо нiхто не вызваляў яго ад выканання асноўнай задачы — выпуску прадукцыi, i вытворчы канвеер будзе працаваць. I патрэбна цвёрда ведаць, што ўсе падраздзяленнi, занятыя як асноўнай вытворчасцю, так i рэканструкцыяй, збою не дапусцяць. Асабiста ў мяне такая ўпэўненасць ёсць. Калi задумацца, то фармiраванне нашага калектыву iдзе больш за 90 гадоў, з 1914-га, я ўжо называў гэтую дату нараджэння прадпрыемства. Асноўную масу з 2829 работнiкаў, што працуюць ва ўсiх фiлiялах i падраздзяленнях, складаюць карэнныя жыхары пасёлка Краснасельскi, а таксама Ваўкавыска i навакольных вёсак. Яны прыходзяць сюды на працягу некалькiх пакаленняў, перадаючы адзiн аднаму не толькi сакрэты прафесii, але i стаўленне да яе — бацька сыну, сын унуку. Хутчэй за ўсё, нiхто з iх узвышана не фармулюе свае адносiны да справы, якой займаецца, але тое, як чалавек ставiцца да яе, як даражыць ёю, гаворыць само за сябе i ўплывае на дзяцей. У нас вельмi многа сямейных дынастый, i яны цэментуюць калектыў. Думаю, нiхто не будзе пярэчыць, што прадпрыемства адчувальна ўплывае на жыццё свайго раёна. Дае працу яго жыхарам, плацiць падаткi ў мясцовы бюджэт, як можа дапамагае пасёлку, клапоцiцца пра яго iнфраструктуру. Каб не гучала суха, прывяду ўсяго адзiн прыклад. Iснуе спецыяльны загад па акцыянернаму таварыству, згодна з якiм за кожным класам пасялковай сярэдняй школы замацавана асобнае вытворчае падраздзяленне. Калi адносiны такiя канкрэтныя, то iм лягчэй памiж сабой разабрацца, якая каму патрэбна дапамога — з рамонтам, у правядзеннi вольнага часу дзяцей цi нават у iх выхаваннi. Дзецi кантактуюць з дарослымi людзьмi з прадпрыемства, яны ў курсе нашых навiн, iм ёсць у каго распытаць пра ўсе сто (а мо i больш) нашых прафесiй. Такая вось ненавязлiвая прафесiйная арыентацыя адбываецца. Мы думаем пра тое, куды пойдуць пасялковыя дзецi пасля таго, як закончаць школу. Адслужыўшы ў армii, юнакi найчасцей вяртаюцца дамоў, да бацькоў. I шукаюць работу. Дзяўчаты выходзяць замуж, нараджаюць дзетак, а пасля дэкрэта ўсё роўна прыходзяць у наш аддзел кадраў. I даводзiцца клапацiцца пра новыя рабочыя месцы. Гэта была адна з прычын таго, што мы наладзiлi ў сябе вытворчасць тратуарнай плiткi, сухiх будаўнiчых сумесяў, полiэтыленавай плёнкi. Робiм разнастайным асартымент прадукцыi, нарошчваем яе выпуск, каб у сённяшнiх дзяцей заўтра была работа. Калi сказаць шчыра, iнакш iм не будзе куды падзецца. А на заводах акцыянернага таварыства нядрэнная зарплата, працуюць iнтэрнаты, будуецца жыллё. Хоць i за кошт самiх членаў кааператываў iндывiдуальных забудоўшчыкаў, але пры пэўнай падтрымцы прадпрыемства. Зараз «падрастаюць» адразу два шматкватэрныя дамы, ва ўсiх iх выкуплены кватэры, «бясхозных» няма, i ў маладых сем’яў у гэтым сэнсе акрэсленая перспектыва. У вынiку ўзважанай сацыяльнай палiтыкi дзяржавы i прадпрыемства калектыў наш сёння — працаздольны, валодае сур’ёзным тэхнiчным патэнцыялам i чалавечым рэсурсам, а гэта — галоўнае. У заключэнне гутаркi Валянцiн Алегавiч Верацiла шчыра павiншаваў усiх чытачоў i супрацоўнiкаў «Звязды» з надыходзячым 90-годдзем газеты, якое мае адбыцца ў жнiўнi (гл. 1-ю стар.). Рэдакцыя шчыра дзякуе Валянцiну Алегавiчу на добрым слове i ў сваю чаргу зычыць i яму асабiста, i калектыву, якi ён узначальвае, поспехаў у выкананнi той напружанай праграмы, якую яны для сябе вызначылi на блiжэйшыя два гады.
РАСКАЗВАЕ ДЫРЭКТАР ФIЛIЯЛА № 4 МIКАЛАЙ ЛЕАНОВIЧ: — Хоць кар’ераўпраўленне носiць назву фiлiяла № 4, я заўсёды жартую, што ўсё ж гэта фiлiял № 1. Бо адсюль бярэ свой пачатак увесь вытворчы ланцужок. Пастаўляем на заводы акцыянернага таварыства глiну, мел, пясок. Цяжка паверыць, што некалi, як толькi зараджалася цэментная вытворчасць, сыравiну для яе тут здабывалi ўручную i вазiлi на коннай цязе, потым — ваганеткамi па канатнай дарозе (такая вось экзотыка). Ужо значна пазней тэхнiчны прагрэс прывёў за сабой паравыя, можаце сабе ўявiць, экскаватары i аўтатранспарт. Сёння, каб «пералапацiць» 4,5 мiльёна тон пароды ў год (не лiчачы тысяч тон грунту, якi трэба зняць зверху), патрэбна сур’ёзная тэхнiчная аснашчанасць. Бо сыравiна ў кар’ерах залягае на немалой глыбiнi, доўгiмi i вузкiмi лiнзамi. На ўзбраеннi маем тры шагаючыя экскаватары i пяць ЭКГ5А — таксама не слабакоў. Апошняя прыемная навiна ў гэтым сэнсе: увялi ў эксплуатацыю новы шагаючы экскаватар-гiгант вытворчасцi Новакраматорскага машынабудаўнiчага завода. Вышынёй ён са шматпавярховы дом, i ў каўшы памяшчаецца аўтамабiль-малалiтражка. Будзе дабываць сыравiну з глыбiнi 25 метраў i болей. — Але самыя сучасныя машыны без людзей — сiроты, — працягвае свой расказ М. Леановіч. — А людзi ў нас асаблiвыя, вельмi адказныя. Ранiцай прыходзяць на змену, атрымлiваюць заданне, праходзяць iнструктаж, i выязджаюць на рабочыя месцы. Працягласць дарог па кар’ерах — 41 кiламетр, майстар не заўсёды да кожнай «кропкi» дабярэцца. Працуюць пад сваю адказнасць. Сувязь — мабiльная i па радыёстанцыi. Таму я i кажу, што людзi надзвычай самастойныя. Свае абавязкi выконваюць дакладна. У любое надвор’е — у снег, завiруху, дождж, цi вось у такую спякоту, як зараз. На ўчастках, дзе здабываем мел, летам даводзiцца працаваць у масках, бо «дастае» мелкi пыл. У нас людзi ў асноўным працуюць даўно, выдатна абучаныя. Вядучыя спецыялiсты абодвух цэхаў — ускрышнага i здабычы — маюць значны вытворчы стаж. I моладзi таксама шмат. Паколькi тэхнiка пачала мяняцца, у акцыянерным таварыстве адкрылi фiлiял Гродзенскага вучэбнага камбiната, набралi цэлую групу экскаватаршчыкаў — 13 чалавек. Яны сумяшчаюць работу з вучобай. А калi ў калектыў прыходзiць працаваць моладзь, то 90 гадоў — толькi пачатак яго бiяграфii. «НАШЫ СУМЕСI ПАВЫШАЮЦЬ ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ ПРАЦЫ БУДАЎНIКОЎ АД ДВУХ ДА ПЯЦI РАЗОЎ» Аб перавагах сухiх будаўнiчых сумесяў (СБС) з маркай ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» расказвае чалавек, якi ўдзельнiчаў у адпрацоўцы тэхналогii iх вытворчасцi, — намеснiк начальнiка аддзела галоўнага тэхнолага Алена БАКУНОВIЧ. — Параўнальны аналiз паказвае, што нашы сумесi — сапраўды i высакаякасныя, i зручныя ў рабоце, i самыя танныя з тых, што прадстаўлены зараз на айчынным рынку. Пачнём з цаны. Некалi месца для будучага прадпрыемства было выбрана вельмi ўдала, дзякуючы чаму мы не залежым ад пастаўшчыкоў сыравiны, маем уласную, за яе не трэба плацiць i аднекуль везцi, i гэтыя расходы не кладуцца на цану. Ёсць залежы мелу, глiны, вапны, чыстага пяску. У вынiку маем усё сваё — гiдратную вапну, цэмент, дробназярнiсты пясок. Вы пытаецеся, чаму я так упэўнена гавару пра высокую якасць нашых будаўнiчых сумесяў? На прадпрыемстве дзейнiчае сертыфiкаваная сiстэма менеджменту якасцi — цэменту i вапны як асноўных сыравiнных матэрыялаў для СБС, так i самiх сухiх будаўнiчых сумесяў. У поўнай адпаведнасцi з патрабаваннямi СТБ ISО 9001-2001. Праводзiмая работа дазволiла сертыфiкаваць усе сумесi ў нацыянальнай сiстэме пацвярджэння адпаведнасцi. А на кладачныя, тынковачныя i аблiцовачныя растворы маюцца сертыфiкаты адпаведнасцi ў сiстэме ДАСТ Расii. Пяць вiдаў сухiх будаўнiчых сумесяў выпускаюцца ў адпаведнасцi з еўрапейскiмi нормамi, маем права маркiраваць iх знакам СЕ i пастаўляць у краiны Еўрасаюза. У многiм гэта забяспечваецца дзякуючы ўласнай выпрабавальнай базе. Выпрабавальны цэнтр акцыянернага таварыства, дзе праводзiцца кантроль сыравiнных матэрыялаў, вытворчых працэсаў i гатовай прадукцыi, акрэдытаваны на тэхнiчную кампетэнтнасць у адпаведнасцi з патрабаваннямi СТБ ISО/МЭК 17025. А заводскi вытворчы кантроль за сумесямi сертыфiкаваны ў Лiтве на права правядзення выпрабаванняў для праверкi адпаведнасцi патрабаванням еўрапейскiх нормаў i дырэктыў ЕС. Калi гаварыць пра аснашчанасць цэнтра, то, да прыкладу, сектар выпрабаванняў СБС аснашчаны сучасным абсталяваннем нямецкiх фiрмаў «Тэстынг» i «Тонi Тэхнiк», што дазваляе правяраць якасць прадукцыi не толькi згодна з патрабаваннямi айчынных стандартаў, ДАСТа, еўрапейскiх нормаў, але i вызначаць многiя спажывецкiя якасцi з мэтай дапрацоўкi i аптымiзацыi рэцэптур. Скажам, iснуюць i выкарыстоўваюцца методыкi, якiя дапамагаюць вызначыць, як сумесi павядуць сябе праз некаторы час ва ўмовах эксплуатацыi. Дарэчы, нашымi спецыялiстамi распрацавана i прымяняецца шырокая наменклатура навукова абгрунтаваных рэцэптур. Выпускаюцца сумесi амаль для кожнага вiду будаўнiчых работ. Такiм чынам, мы прапануем i прафесiйным будаўнiкам, i гаспадарам для рамонту жылля шырокi асартымент СБС. Па-першае, кладачныя растворы — цэментныя, цэментна-вапнавыя, маркi 75 i маркi 100, для ўкладкi цэглы, бетонных блокаў, блокаў з ячэiстага бетону. А таксама клей для блокаў з ячэiстага бетону. На выпуск такiх блокаў пераходзяць многiя беларускiя прадпрыемствы, так што наша прапанова — дарэчы. Штукатурныя растворы — для ўнутраных i вонкавых работ з таўшчынёй наносiмага слоя больш за 5 мм, для ручнога i механiзаванага спосабу нанясення; санiруючы штукатурны раствор; базавы накрывачны тынковачны раствор для сiстэм знешняй цеплаiзаляцыi. Як бачыце, асартымент багаты. Прапануем эканамiчныя аблiцовачныя растворы для ўнутраных работ, стандартны клей для ўкладкi плiткi пры знешнiх i ўнутраных работах, спецыяльны клей для ўкладкi плiткi ў басейнах, на адкрытых тэрасах, ступенях, клей для ўкладкi плiткi на падлогi з падагрэвам. Выпускаем два вiды шпаклёвак: шэрыя цэментна-вапнавыя шпаклёўкi як для ўнутраных (у тым лiку ў вiльготных памяшканнях, што важна), так i для вонкавых работ. Iншай альтэрнатывы для вонкавых няма, бо гiпсавыя — не водаўстойлiвыя. Пастаўляем састаў клеявы палiмермiнеральны для наклейвання плiт з мiнеральнай ваты i пенаполiстырола, армiруючай сеткi ў сiстэмах цеплаiзаляцыi будынкаў, у тым лiку ў сiстэме цеплаiзаляцыi «Тэрмашчыт М» i «Тэрмашчыт П». Нашы сумесi маюць такiя ўласцiвасцi, як негаручасць, нетаксiчнасць, бяспечнасць пры выкарыстаннi. А значыць, i пры эксплуатацыi ў будаўнiчых канструкцыях. Гэта пацвярджаецца адпаведнымi дакументамi. Рэцэптуры ўзгоднены з галоўным санiтарным урачом Рэспублiкi Беларусь. Не ўсе вытворцы гэта робяць. А наша прадукцыя пасля праведзеных даследаванняў прайшла дзяржаўную гiгiенiчную рэгiстрацыю. У склад нашых СБС уваходзяць палiмерныя i мадыфiцыруючыя дабаўкi заходнееўрапейскага вытворцы. Падкрэслю: менавiта заходнееўрапейскага, таму што ва ўсiх iншых наглядаецца нестабiльнасць якаснага паказчыка. Важна, што тэхналагiчны працэс змешвання кампанентаў, iх дазiравання ажыццяўляецца на высокапрадукцыйным абсталяваннi. Заводскае, а не кустарнае прыгатаванне, з прымяненнем высокатэхналагiчнага абсталявання фiрмы «М-тэк» (Германiя) забяспечваюць стабiльнасць саставу. Усiмi гэтымi прычынамi i тлумачыцца высокая эфектыўнасць прымянення сумесяў у спажыўца: знiжэнне матэрыялаёмiстасцi вытворчасцi (тэхналогii — тонкаслойныя); павышэнне прадукцыйнасцi працы будаўнiкоў ад двух да пяцi разоў. Возьмем таксама пад увагу зручнасць перавозкi, працяглыя тэрмiны захоўвання. Для ўпакоўкi выкарыстоўваюцца як папяровыя мяшкi масай 25 кiлаграмаў, так i кантэйнеры тыпу «бiг-бег» масай у 1 тону. Па жаданню спажыўца часта ажыццяўляем пастаўку на паддонах у тэрмаўсадачнай плёнцы. Адгрузка — як аўтамабiльным, так i чыгуначным транспартам. I, нарэшце, нялiшне сказаць, што вытворцы СБС паклапацiлiся не толькi пра чалавека, але i пра прыроду. На прадпрыемстве iснуе сертыфiкаваная сiстэма кiравання навакольным асяроддзем у адпаведнасцi з патрабаваннямi СТБ ISО 14001-2005. Яе дзеянне распаўсюджваецца i на вытворчасць СБС. Так што маем права ганарыцца. I маем права з чыстым сумленнем рэкамендаваць нашы СБС да шырокага прымянення. ПРА ЗУБ МАМАНТА, ЮНАЦКАЕ КАХАННЕ IВАНА ШАМЯКIНА I «ШКОЛУ ВЫЖЫВАННЯ» З намеснiкам генеральнага дырэктара Мар’янам ЮРОЎСКIМ мы знаёмы даўно, ведаем яго як аднаго з ветэранаў прадпрыемства — Мар’ян Вацлававiч працуе тут 33 гады, падтрымлiваем пастаянны кантакт. Як заўсёды, гаварылi з iм не толькi пра iнфармацыйную, выхаваўчую, iдэалагiчную работу, якая ў калектыве наладжана грунтоўна. Юроўскi — старшыня наглядальнага савета акцыянернага таварыства, яго турбуюць усе праблемы, якiмi жыве «Краснасельскбудматэрыялы». У тым лiку магчымасць выходзiць са сваёй прадукцыяй на экспарт, што прама на вачах змяншаецца прапарцыянальна росту дэфiцыту на цэмент на ўнутраным рынку. — Экспарт патрэбна захаваць, — гарачыцца Юроўскi. — Ён дапамагае нам працаваць болей рэнтабельна. Мы разумеем гэта i стараемся трымаць разумны баланс, наколькi магчыма. Прыярытэт, канешне, аддаём беларускаму рынку, выконваем свае абавязацельствы перад iм на ўсе сто. Выкарыстоўваем усе рэзервы, якiя толькi маем. Мар’ян Вацлававiч расказаў пра значную шэфскую дапамогу ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву «Падароск» i ўласнаму пасёлку, у якiм жыве большасць членаў працоўнага калектыву, абвазiў творчую брыгаду «Звязды» па вытворчых падраздзяленнях, даў магчымасць адчуць працоўны рытм вялiкага прадпрыемства, пазнаёмiў з цiкавымi людзьмi. Адзiн з iх — Iван Мiкалаевiч Хамчукоў, якi ў гады вайны разам з дыверсiйнай групай быў закiнуты ў тыл ворага i атрымаў загад узарваць цэментны завод у пасёлку, але пашкадаваў рабочых, iх немцы абавязкова б расстралялi. I па iронii лёсу стаў першым пасляваенным дырэктарам гэтага завода. Мы сустрэлi Iвана Мiкалаевiча ў заводскiм санаторыi, дзе ён адпачываў разам з сынам Аляксеем (гл. здымак). Калi мы, iдучы па прыбранай, засаджанай маладымi дрэўцамi тэрыторыi цэментнага завода, загаварылi пра экалогiю, наш iнфармаваны суразмоўца прывёў такую статыстыку: пакуль цэментны завод не вынеслi за тэрыторыю пасёлка, працягласць жыцця яго жыхароў была на 12,5 года меншая, чым у Ваўкавыскiм раёне. А запыленасць, загазаванасць у раёне дзiцячага садка перавышала ПДК (гранiчна дапушчальную канцэнтрацыю) у 17,5 раза. Зараз гэтыя паказчыкi iншыя. Дзякуючы яшчэ i таму, што як экалогii, так i ахове здароўя працаўнiкоў тут удзяляецца значная ўвага. Здраўпункт прадпрыемства — а па сутнасцi невялiкая палiклiнiка — налiчвае 19 медыцынскiх работнiкаў. Урачы працуюць кругласутачна, па зменах. Перш-наперш трымаюць пад кантролем тых, хто на дыспансэрным улiку. «У нас скарацiлася колькасць захворванняў. У той жа час выкарыстоўваем гэтую службу для барацьбы з аматарамi выпiўкi. Медработнiкi маюць права праверыць прама на рабочых месцах любога — ад начальнiка да рабочага. I нiхто не павiнен адмаўляцца. Калi адмовiўся — значыць, нешта не так». Два дзiцячыя садкi прадпрыемства перадало пасёлку, на сваiм балансе пакiнула адзiн. Затое даглядае яго як мае быць. Прадугледжана нават аздараўленчае лячэнне для дзетак у заводскiм санаторыi, куды iх возяць аўтобусамi. У музеi прадпрыемства Юроўскi звярнуў нашу ўвагу на шэраг цiкавых экспанатаў. За шклом вiтрыны — сапраўдны зуб маманта, яго знайшлi ў мелавых выпрацоўках. Пажартаваў: «Бачыце, некалі людзі вазілі мел на мамантах». Побач — попельнiца са звычайнага цэменту, якой таксама, як i заводу, не менш за 90 гадоў. Зрабiлi яе яшчэ гаспадары першага акцыянернага таварыства. Нейкая iншая рэклама цэменту з Краснасельска патрэбна? То калi ласка. З яго рабiлiся тэлевiзiйная вежа ў Астанкiна, якая ўжо на нашай памяцi колькi разоў гарэла, ды не згарэла (цьфу-цьфу), Асуанская плацiна ў Егiпце, будынак Нацыянальнай бiблiятэкi, станцыi метро ў Мiнску i падземны гандлёвы цэнтр «Сталiца»... Шмат што яшчэ. У музеi мы не першы раз, але раней неяк не засяродзiлi ўвагу на такiм факце. Перад самай вайной на мясцовым цэментным заводзе праходзiў вытворчую практыку ўсенародна любiмы пiсьменнiк Iван Шамякiн. Пазней у часопiсе «Полымя» Iван Пятровiч надрукаваў сваю аповесць «Практыка». Тут жа i кнiга з надпiсам аўтара. «Як мне балюча, што цэментнiка з мяне не атрымалася, захапiла лiтаратура». Справа маладая, была ў маладога практыканта ў пасёлку дзяўчына, якую ён назваў сваёй нявестай. I пра якую пазней напiсаў: «Два тыднi, стоячы за чарцёжнай дошкай i цыркулем, думаў я не пра печы для абпальвання, а пра Машу». Якраз у 40-м годзе ўсталёўвалася савецкая ўлада ў Заходняй Беларусi, выбiралiся органы кiравання. Маша была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Можна толькi здагадвацца, якiм яркiм быў гэты зусiм юны i прыгожы чалавек. Чакаў дзяўчыну трагiчны лёс: калi прыйшлi фашысты, Машу за тое нядоўгае дэпутацтва павесiлi. Дзякуючы Iвану Шамякiну яе светлае iмя ведаем i мы. I яшчэ адно знаёмства, якое адбылося дзякуючы Юроўскаму — з былым афганцам, маёрам ВДВ Аляксандрам Сафаевым. Сафаеў — кiраўнiк маладзёжнага клуба з iнтрыгуючай назвай «Школа выжывання». У гэту назву былы дэсантнiк укладвае даволi шырокi змест i вучыць пасялковых хлопчыкаў i дзяўчынак рукапашнаму бою, выжыванню ў экстрэмальных умовах прыроднага асяроддзя, экстрэмальнай медыцыне, уменню процiстаяць нападзенню. А яшчэ культуры ўзаемных адносiнаў, уменню любiць Радзiму. Звазiў дзяцей у Касмiчны Цэнтр Расii, да курсантаў Крамлёўскага палка. Нейкi час жылi яны на пагранiчнай заставе. А зараз збiраюцца да маракоў Балтыйскага флоту. Згода камандуючага флотам атрымана. Шчыра кажучы, мы парадавалiся за навучэнцаў са школы Сафаева. I пашкадавалi, што аналага такому гуртку ў Беларусi пакуль няма. «ЖЫВЁМ ПА ЗАКОНУ: «КРАСНАСЕЛЬСКАЕ — ВЫДАТНАЕ» Гаворыць дырэктар завода азбестацэментных вырабаў (фiлiял № 2) Валянцiн ТРАЯНЧУК: — Прадукцыя завода — шэры i афарбаваны шыфер, 4- i 5-метровыя азбестацэментныя трубы, а таксама новая прадукцыя — сухiя будаўнiчыя сумесi, тратуарная плiтка, полiэтыленавая плёнка рознай таўшчынi. На шыфер зараз попыт павышаны, таму стараемся задаволiць яго па максiмуму. У суткi выпускаем прыкладна 14 тысяч натуральных лiстоў, у месяц — каля 400 тысяч. Фарбуем яго не першы год, але параўнальна нядаўна перайшлi на двухразовае пакрыццё, пры цеплавой апрацоўцы лiста, якi награваецца прыкладна да 45 градусаў. Гэта дае ўстойлiвы эфект афарбоўкi. Прыемна, што спажыўцы прыязна сустрэлi ўсю каляровую гаму — i зялёны, i старачырвоны, чырвоны (больш яркi). Плануем выпускаць цёмна-сiнi, наогул зрабiць каляровую палiтру разнастайнай. Вядзём перамовы i аб пастаўках за мяжу — у прыватнасцi, праяўляюць цiкавасць Венгрыя i Украiна. Тратуарная плiтка iдзе на ўнутраны рынак. Напрыклад, у Гродне, у цэнтральнай частцы горада, паўсюдна ляжыць наша плiтка — на Савецкай плошчы, праспекце Касманаўтаў, на iншых вулiцах. Водгукi станоўчыя. Чаму ж iм не быць станоўчымi, бо калi па тэхналогii патрэбна, каб у адной плiтцы было 150 грамаў цэменту маркi 550, то яны там i ёсць? Плюс цудоўнае абсталяванне, плюс пастаянны кантроль з боку лабараторыi. Зараз адгружаем у Брэсцкую вобласць. Мiнчане таксама ходзяць па нашай рознакаляровай плiтцы. Форма — i прамавугольная, i так званая «кобра». Яна пакрываецца тэрмаўсадачнай плёнкай, i абароненыя ад вiльгацi пакеты на паддонах адгружаюцца спажыўцу. Не залежваюцца ў гэты гарачы час i трубы, iдзе iнтэнсiўная iх адгрузка. У мiнулы ваш прыезд калектыў трубнага цэха ставiў перад сабой задачу выйсцi на вытворчасць тысячы кiламетраў труб у месяц, зараз устойлiва выпускае 1200 кiламетраў. Пра сухiя будаўнiчыя сумесi сёння гаварылася шмат, таму я скажу толькi, што ў маi мы дасягнулi самай вялiкай месячнай выпрацоўкi з моманту пуску цэха. У многiм за кошт таго, што ўвялi трэцюю, начную змену. Попыт на сумесi расце, даводзiцца адпавядаць. Выйшлi на паказчык 200 тон у суткi. Асартымент — да 20 вiдаў прадукцыi. СБС у асноўным iдуць на рэспублiку, па прынцыпу «самiм патрэбна». Але частку ўсё ж адгружаем у Маскву, Архангельск, Прыбалтыку. Праяўляюць цiкавасць некаторыя краiны Еўропы, тая ж Венгрыя (як i да шыферу), зараз прапрацоўваецца магчымасць пастаўкi. Высокая якасць прадукту дасягаецца дзякуючы многiм фактарам. Нягледзячы на тое, што ў цэху ўстаноўлена высокапрадукцыйная аўтаматызаваная лiнiя, якой кiруе камп’ютар, лабараторыя пастаянна бярэ кантрольныя пробы i дае канчатковы дазвол на рэалiзацыю прадукцыi. Калi што не так, яна не прапусцiць. Жывём па закону: «краснасельскае — значыць выдатнае». ЛАСКАВАЯ «ПРАЛЕСКА» Першае, на што звярнулi ўвагу ў «Пралесцы» — на шыльдзе на галоўным корпусе пазначана «Санаторый». Параўнальна нядаўна Мiнiстэрства аховы здароўя Беларусi наладзiла сур’ёзную пераэкзаменоўку сетцы аздараўленчых устаноў, i многiя з iх атрымалi больш сцiплы статус заводскага прафiлакторыя. Каб пад тую гарачку павысiць статус да санаторыя, патрэбна было мець i адпаведную базу, i кадры, i методыкi лячэння. Усё гэта ў дактароў, якiя лечаць краснасельскiх цэментнiкаў, ёсць. Адзiн пералiк медыцынскiх працэдур пераконвае ў многiм: электрасвятлолячэнне i масаж, магнiталазерная тэрапiя i цеплалячэнне, джакузi i сухая вуглякiслая ванна, вертыкальная ванна падводнага выцягвання i полiмагнiтная кушэтка... Пытаемся ў намеснiка галоўнага ўрача Валерыi СЛIВIНСКАЙ, што з’явiлася новага ў гэтым вялiкiм, але прыемным пералiку. — Пры фiнансавай падтрымцы прадпрыемства набылi камеру гiпербалiчнай аксiгiнацыi. У ёй арганiзм насычаецца кiслародам, што карысна пры сардэчна-сасудзiстых i цэлым шэрагу iншых захворванняў. Прынялi на «ўзбраенне» баракамеру вытворчасцi расiйскага аэракасмiчнага аб’яднання iмя Хрунiчава, у ёй выкарыстоўваецца павышаны цiск кiслароду. Працэдура надзвычай запатрабаваная, бо мае дастаткова шырокi спектр прымянення ў мэтах лячэння i прафiлактыкi захворванняў. Яшчэ я хацела б назваць пакой галатэрапii для людзей, якiя маюць праблемы з дыхальнай сiстэмай цi падвержаны частым прастудным захворванням. Тут яны пад заспакаяльную музыку дыхаюць сухiмi аэразольнымi сумесямi. Сеанс доўжыцца 30 хвiлiн, i за 10—15 працэдур людзi падмацоўваюць свой iмунiтэт. Нарэшце, з вялiкiм задавальненнем нашы адпачываючыя прыходзяць у новы аквапарк — з фантанамi, горкамi, саўнай. Кожны раз наведванне суперсучаснага басейна з ласкавай каляровай вадой ператвараецца ў сапраўднае свята. Ад сябе дададзiм: як i наведванне «Пралескi» наогул. З яе цудоўнай прыродай, драўлянымi скульптуркамi самадзейнага майстра-рэзчыка, салаўямi ў гушчынi дрэў. I з добразычлiвым персаналам. З фанатычным галоўным урачом Вiктарам Iванавiчам Кухарчыкам, якi не шкадуе нi ўласнага здароўя, нi здароўя кiраўнiцтва акцыянернага таварыства для таго, каб кожны год набываць для сваёй «Пралескi» новае абсталяванне, i па насычанасцi новымi медыцынскiмi тэхналогiямi наблiзiцца да знакамiтых санаторыяў расiйскага Чарнамор’я. Мы былi i там, i там, можам параўноўваць. Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ і Яўген ПЯСЕЦКI (фота). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палову беларускага цэменту пастаўляе краiне калектыў акцыянернага таварыства «Краснасельскбудматэрыялы». Зараз тут рыхтуюцца да новага вiтка тэхнiчнай
|
|