ЦI НЕПАЗБЕЖНЫ КРАХ ДОЛАРА?
Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА.
Аб прычынах i наступствах час ад часу ўзнiкаючых размоў i дыскусiй наконт немiнучага краху амерыканскага долара карэспандэнт «Звязды» гутарыць з незалежным беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра «Стратэгiя» Л.Ф. Заiкам. Iнфармацыйнай нагодай для размовы стаў выхад у свет даклада экспертаў ААН «Сусветная эканамiчная сiтуацыя i перспектывы — прамежкавая ацэнка». Яго аўтары сцвярджаюць — каб падтрымаць глабальны эканамiчны рост, неабходна папярэдзiць крах долара ЗША.
— Леанiд Фёдаравiч, а цi не праамерыканскi заказны дакумент выдалi эксперты ААН? Такое ўражанне, што ён падрыхтаваны з мэтай мабiлiзаваць сусветную супольнасць на выратаванне амерыканскай валюты. — Не думаю. Пры ўсiм вялiкiм уплыве ЗША на дзейнасць многiх мiжнародных арганiзацый, у тым лiку i ААН, не трэба дэманiзаваць ролю Злучаных Штатаў. Далёка не ўсе тыя, хто працуе ў сiстэме ААН, прасякнуты сiмпатыяй да Амерыкi. Упэўнены, такiя ёсць i сярод аўтараў даклада. Прадстаўнiкi небагатых i бедных краiн Лацiнскай Амерыкi, Азii i Афрыкi не хаваюць свайго раздражнення палiтыкай ЗША i iх доларам. — Аднак аўтары даклада прыйшлi да высновы, што эканамiчная сiтуацыя ў свеце па-ранейшаму самым цесным чынам залежыць ад таго, як iдуць справы ў ЗША. I прыводзяць такi прыклад: спад на жыллёвым рынку гэтай краiны стаў важным фактарам знiжэння тэмпаў сусветнага росту. Няўжо iснуе такая прамая залежнасць i цi не перабольшваюць эксперты ААН? — Я даўно займаюся вывучэннем так званых крытычных галiн, якiя ўплываюць на тэмпы росту эканомiкi ў розных краiнах. I мушу заўважыць, што ў ЗША, згодна з данымi аўтарытэтных даследчых цэнтраў, скажам, Гарвардскага i Масачусецкага ўнiверсiтэтаў, эканамiчная актыўнасць вызначаецца дзвюма галоўнымi пазiцыямi: колькасцю прададзеных аўтамабiляў i колькасцю выдадзеных лiцэнзiй на будаўнiцтва жылля. Атрымлiваецца, што тэмпы росту самай развiтой краiны свету залежаць ад рашэння мiльёнаў амерыканцаў сярэдняга класа купляць цi не купляць новую машыну, будаваць цi не будаваць новы дом. — Чаму? — Ужо прыкладна 30 гадоў фiнансавыя рэсурсы хатнiх гаспадарак складаюць амаль 70 працэнтаў усiх грошай ЗША. А гэта трыльёны долараў. I таму, калi людзi выбiраюць, што iм набываць, то ад гэтага велiзарнага па маштабах пераразмеркавання грошай залежыць стан эканомiкi краiны. Мiж iншым, у Беларусi з 2002 года, згодна з афiцыйнымi статыстычнымi данымi, таксама грашовыя запасы насельнiцтва перавышаюць фiнансавыя рэсурсы прадпрыемстваў. Давайце паглядзiм на асноўныя артыкулы расходаў нашых людзей. Сёлета назiраецца павышаная цiкаўнасць да iншамарак i ў вынiку рост продажаў аўтамашын вырас на 40 працэнтаў. Нашы суграмадзяне вырашылi набываць кватэры i цэны на жыллё апошнiм часам узнялiся да нябёс. Увогуле, лiчу, яго кошт значна больш за сапраўдную цану. Гэтая мыльная бурбалка штучна раздутая i рана цi позна лопне. Бывалi на рынку жылля выпадкi, калi цэны знiжалiся ў некалькi разоў. Ужо ў ЗША яны пачалi паўзцi назад, у Расii стабiлiзавалiся. Тое ж самае будзе i ў нас. — Але давайце вернемся да даклада. Цi згодны вы з тым тэзiсам, што ў iншых развiтых краiнах, у тым лiку ў Еўропе i Японii, эканамiчны рост хоць i не страчвае дынамiкi, але iх роля як асноўных лакаматываў глабальнага росту вельмi абмежаваная? — Сусветная эканомiка iстотна, вобразна кажучы, паразумнела за апошнiя 20 гадоў. Сёння мы сутыкнулiся з двума сур’ёзнымi глабальнымi працэсамi. Першы — тэхналагiчная рэвалюцыя, калi хутка з’явяцца машыны, якiя будуць працаваць на новых вiдах энергii, напрыклад, вадароднай. З’явяцца таксама новыя тэхналогii вытворчасцi навукаёмiстых тавараў i прадуктаў харчавання. I ў тэхналагiчнай сферы ЗША — бясспрэчны лiдар. Другi — якасць сусветнага развiцця ўжо вызначаецца Кiтаем i Iндыяй, якiя захоплiваюць мiжнародныя рынкi старых тэхналогiй. Цiкавы на гэты конт аналiз вядомага маскоўскага эканамiста Яўгена Ясiна. Ён лiчыць, што Расiйскай Федэрацыi засталося нядоўга чакаць, калi кiтайцы пачнуць вырабляць канкурэнтаздольную i больш якасную прадукцыю, чым расiяне. Я згодны з iм. Але, на маю думку, Кiтай нiколi не стане вытворцам новых тэхналогiй. — Ну калi магутная эканомiка ЗША падмацоўваецца яшчэ i iх тэхналагiчным лiдарствам, то чаму амаль паўсюдна, напрыклад, у той жа Расii, назiраецца знiжэнне цi стабiлiзацыя, як у нас, курса долара? Цi не бачыце вы тут супярэчнасцi? — Не бачу. У амерыканцаў ёсць выдатны козыр: яны няблага зарабляюць на выпуску папяровых долараў, якiя ў пераважнай большасцi трапляюць за мяжу. Калi мы надрукуем лiшнiя грошы, то ў нас пачнецца iнфляцыя. А вось у ЗША такi вiд друкарства прыносiў i пакуль працягвае прыносiць толькi прыбытак. Па сутнасцi, увесь свет фiнансуе Амерыку, набываючы iх зялёныя паперкi. Праўда, апошнiм часам там перастаралiся i выпусцiлi столькi долараў, што гэта адмоўна адбiлася на курсе амерыканскай валюты. Свой уклад у гэты працэс унесла вайна ў Iраку, плюс дадатковыя каласальныя расходы па ўсяму свету i г.д. Аднак, з iншага боку, аслабленне долара на карысць амерыканцам: iх прадукцыя становiцца больш таннай, а значыць, канкурэнтаздольнай на сусветных рынках. Акрамя гэтага, знiжэнне курса долара нiякiм чынам не ўплывае на рост iнфляцыi ў краiне. Радавых жыхароў ЗША валютныя ваганнi не закранаюць. А для вытворцаў, скажам, аўтамабiляў прамая выгада. Калi 8 гадоў таму амерыканская i еўрапейская машыны аднаго класа каштавалi прыкладна па 10 тысяч долараў, то цяпер у ЗША амерыканская па-ранейшаму прадаецца за 10 тысяч, а еўрапейская з-за высокага курса еўра ўжо за 14 тысяч долараў. Адчуваеце рознiцу? Дарэчы, амерыканцы вырабляюць звыш 20 мiльёнаў назваў рознай прадукцыi. — Цiкава, а што мы набываем у ЗША? — Разнастайныя тавары: помпы, марожаную рыбу, арэхi, вырабы з чорных металаў, рухавiкi i г.д. Сёлета ў першым квартале набылi 26 такарных станкоў i на 5 мiльёнаў долараў лекаў i медпрэпаратаў, у тым лiку вакцыны, сываратку i нават донарскую кроў. Аддалi 20 мiльёнаў за 84 амерыканскiя трактары. — А без якiх нашых тавараў, так бы мовiць, не могуць абысцiся ў ЗША? — Мы прадаём туды дрот, шыны, аптычныя прыборы, монакуляры i бiноклi, нафтапрадукты, прыкладна па 41 цэнту за лiтр, азотныя i калiйныя ўгнаеннi. Апошнiх за гэты год паставiм амаль на 200 мiльёнаў долараў. — У чым прырода процiстаяння долара i еўра, ваганняў iх курсаў? — Еўрапейская валюта — новая. Яна вельмi дысцыплiнаваная, бо знаходзiцца пад пiльным наглядам краiн зоны еўра. Долар жа ў многiм залежыць ад палiтыкi прэзiдэнта ЗША, яго рашэнняў фiнансаваць тыя цi iншыя буйнамаштабныя праекты, пачынаць вельмi затратныя ваенныя акцыi i войны. Адсюль i астранамiчны дэфiцыт бюджэту, iншыя непрыемнасцi. — I ўсё ж цi магчымы крах амерыканскага долара, напрыклад, у вынiку палiтычных i ваенных авантур кiраўнiцтва дзяржавы? — Зразумела, магчымы. Чаму б i не? На фiнансавых рынках планеты ўсякае можа здарыцца. Але крах амерыканскай валюты абсалютна нiкога ў свеце не можа задаволiць, бо тады рухне мiжнародная грашовая адзiнка. А значыць вельмi верагоднае разбурэнне iснуючых эканамiчных адносiнаў у свеце. Каму гэта патрэбна, скажыце? — Леанiд Фёдаравiч, чаму пры ўсiх негатыўных адносiнах у свеце да амерыканскай валюты тым не менш паўсюдна карупцыянеры, несумленныя чыноўнiкi i прадажныя палiтыкi, як у далёкiм i блiзкiм замежжы, так i ў нас, у якасцi хабару перавагу аддаюць долару? Такса iх паслуг вызначаецца ў амерыканскай валюце. Чаму не залатыя цi плацiнавыя злiткi, брыльянты? Дастаткова прыгадаць хрэстаматыйныя фрагменты тэлехронiкi затрымання чарговага хабарнiка, калi следчы перад камерай са смакам раскладвае стодоларавыя купюры. — Цiкавае пытанне. Дарэчы, пошукам адказу на яго аднойчы занялiся самi амерыканцы. Фiнансавая разведка ЗША высветлiла, што брудныя грошы, якiя нелегальна вывозяцца з розных краiн, захоўваюцца пераважна ў доларах. Асаблiва ў гэтым сэнсе паважаюць амерыканскую валюту лiдары дыктатарскiх рэжымаў i iх памагатыя з краiн Лацiнскай Амерыкi, Азii i Афрыкi, якiя не шкадуюць слоў на публiчную ганьбу долара. Тым не менш... Пры ўсiм росце аўтарытэту i ўплыву еўра вялiкiя i велiзарныя грошы па-ранейшаму трымаюцца ў доларах, нягледзячы на чуткi аб яго краху. Такая вось «карупцыйная» валюта. Вiдаць, таму што мiльён долараў, як гаворыцца, ён i ў Афрыцы мiльён. Гэта рэальнасць i з ёй трэба лiчыцца. — Няўжо нельга паламаць гэту традыцыю? — Можна. З дапамогай тых жа электронных грошай. У ЗША на iх вядзецца большасць разлiкаў. Калi нехта там дастае з кiшэнi 10 тысяч долараў, то ў амерыканцаў адразу ўзнiкае падазрэнне: цi ён мафiёзi, гандляр наркотыкамi цi прыбыў з былога СССР? — У свой час у хаду быў тэрмiн «даларызацыя» краiны, эканомiкi, жыцця i г. д. Зараз мы пазбавiлiся гэтага? — Так, Беларусь ужо прайшла этап даларызацыi. I дзякуй Богу. Гэта з’ява ўзнiкла ў 1991 годзе пасля разбурэння манаполii знешняга гандлю СССР. Долар заняў месца паўнацэннай валюты, выконваў функцыi накаплення, абмену, стаў сродкам разлiкаў унутры краiны i са знешнiм светам. Тады вельмi слабы рубель, якi ўсё таннеў, заслужыў мянушку «драўлянага». Такi быў час. Аднак пасля ўзмацнення i стабiлiзацыi ўласных валют у Беларусi, Расii, Украiне, Казахстане i iншых постсавецкiх рэспублiках неабходнасць у долары паступова страчвала актуальнасць. Нам цяпер, шчыра кажучы, для пабудовы нармальнага i заможнага жыцця насельнiцтва долары не патрэбныя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб прычынах i наступствах час ад часу ўзнiкаючых размоў i дыскусiй наконт немiнучага краху амерыканскага долара карэспандэнт «Звязды» гутарыць з незал
|
|