Святочныя "сто грамаў" — у этнаграфiчным стылi
Святочныя "сто грамаў" — у этнаграфiчным стылi
У "Беларускай вёсцы ХІХ стагоддзя" пад Магiлёвам пачастуюць самагонам па старадаўнiм рэцэпце. Нiколi i не меркавала магiляўчанка Ларыса Уладзiмiраўна Рыбак, што давядзецца ёй асвоiць прафесiю... самагоншчыцы! — Калi кажу сябрам i знаёмым, што вырабляю народны алкагольны напой легальна i з афiцыйнага дазволу, нiхто не верыць, — усмiхаецца жанчына. Ларыса Уладзiмiраўна трыццаць гадоў адпрацавала ў лабараторыi аднаго з хiмiчных прадпрыемстваў Магiлёва. Але на заводзе яе скарацiлi, таму давялося шукаць новае працоўнае месца. Цяпер яна — гаспадыня адной з драўляных хатаў у музеi этнаграфii i быту "Беларуская вёска ХIХ стагоддзя", што ў пасёлку Буйнiчы Магiлёўскага раёна. Тут у культурна-забаўляльным комплексе побач з асноўным "Панскiм домам з калонамi", дзе працуюць рэстарацыя i гатэль, пасялiлiся народныя майстры. Можна набыць у ганчара керамiчную падкову "на шчасце" i пачаставацца ў пекара смачнымi крэндзелямi. Зараз турысты могуць наведаць i хату, дзе вырабляюць самагон. Вялiзны апарат зроблены пад кiраўнiцтвам спецыялiстаў Акадэмii навук. Прадукцыйнасць яго працы — 10 лiтраў у гадзiну. Самагон, экзатычны для нашага часу алкагольны напой, гоняць па старадаўнiм народным рэцэпце. — Тут толькi солад, дрожджы i вада — абсалютна экалагiчны якасны прадукт, — дэманструе пузаты буталь з празрыстай вадкасцю Ларыса Уладзiмiраўна. — Самагон хлебны, без цукру. Асабiста я iм не частуюся — у маёй сям’i не прынята ўжываць моцныя алкагольныя напоi, але калi б давялося выпiць, дык лепей ужо натуральны самагон. У хаце самагоншчыцы вiтае прыемны хлебны пах. Там тэрмiнова ставяць барную стойку, за столiкамi будуць два дзесяткi месцаў для наведвальнiкаў. Праз акенца можна будзе назiраць за працай самагоннага апарата. Аматарам вясковага алкагольнага напою трэба быць асцярожнымi: прадукт моцны — 51—56 градусаў. Кiраўнiцтва комплексу мяркуе, што сто грамаў самагону будзе каштаваць прыкладна 3 тысячы рублёў, разам з адпаведнай па стылi закускай — салам, цыбуляй, салёнымi агуркамi ды iншай мясцовай агароднiнай. Самагонны апарат ужо паспяхова апрабавалi, цяпер яго прадукцыя праходзiць экспертызу, а першую масавую дэгустацыю алкагольнага арыгiнальнага напою "Самагон хлебны "Карчма" запланавалi ў "Беларускай вёсцы" на свята 9 Мая. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У "Беларускай вёсцы ХІХ стагоддзя" пад Магiлёвам пачастуюць самагонам па старадаўнiм рэцэпце. |
|