21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

60 км эйфарыі, болю i змагання з сабою

26.08.2009 10:11 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

60 км эйфарыі, болю i змагання з сабою

Выпрабавана на сабе

Журналiст "Звязды" на ўласных нагах адчуў атмасферу мiнiстэрскага марафону

Хадзiць пешшу я не люблю. Нават у краму, якая знаходзiцца прыкладна за 300 крокаў ад дома, езджу на аўтамабiлi. I прычына не ў "матухне ляноце". Проста за амаль дваццацiгадовую журналiсцкую працу звычка ганяцца за навiнамi пераўтварылася ў вобраз жыцця. Я развучыўся павольна хадзiць, а рэдкiя i кароткiя шпацыроўкi са мною сталi сапраўднай пакутай для спадарожнiкаў. Падчас майго шалёнага тэмпу немагчыма нi размаўляць, нi атрымлiваць асалоду ад маляўнiчых краявiдаў. Таму на запрашэнне прыняць удзел у марафоне, iнiцыятарам якога выступiў мiнiстр унутраных спраў Уладзiмiр Навумаў, першапачаткова адрэагаваў, мякка кажучы, без асаблiвага энтузiязму. Не, цяжкасцi падарожжа мяне не палохалi. Бо я не меў нiякага ўяўлення, што мяне чакае на 100-кiламетровым маршруце вакол Нарачы. Апошнi раз доўгiя дыстанцыi я пераадольваў больш за 20 гадоў таму, калi служыў у войску. Але тыя "марш-кiдкi" ўжо сцерлiся з памяцi, да таго ж яны мелi працягласць 30—40 кiламетраў. А тут адразу трэба прайсцi 100 кiламетраў. Магчыма, сiлы яшчэ засталiся. Са спортам я ўвесь гэты час працягваў сябраваць. А вось цi хопiць у мяне цярпення на такое доўгае падарожжа? Мае сумненнi перамагла прафесiйная цiкаўнасць. Калi яшчэ з’явiцца такi ўнiкальны шанц паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы з кiраўнiком МУС, а заадно праверыць сябе на трываласць. "У рэшце рэшт, прайду хоць некалькi кiламетраў, "вывуджу" з мiнiстра якую-небудзь iнфармацыю для матэрыялу ў газеце i вярнуся дамоў", — супакоiў я сябе i выехаў у камандзiроўку.

Першы крок — ужо дарога

Экстрым пачаўся яшчэ да старту марафону. Ахвотнiкаў прайсцiся разам з мiнiстрам, ды i проста адпачыць на Нарачы ў той дзень аказалася настолькi многа, што вольнага месца ў блiжэйшых гатэлях i санаторыях я не знайшоў. Давялося прыпаркавацца побач з санаторыем "Белая Русь" i начаваць у салоне свайго аўто. Палову ночы не давалi заснуць сваiм брэхам пiльныя сабакi, а другую палову змагаўся з холадам. Так што заведзены на палову пятай будзiльнiк не спатрэбiўся. Прачнуўся сам i значна раней. Стаў з нецярпеннем чакаць пачатку марафону, каб сагрэцца. Хвiлiн за 10 да старту Уладзiмiр Навумаў наладзiў невялiчкую прэс-канферэнцыю, падчас якой нагадаў, што сёлетнi ягоны паход прымеркаваны да Года здароўя. А ўвогуле, для мiнiстра i ягоных аднадумцаў, гэта не першае падарожжа. Летась па гэтым жа маршруце Уладзiмiр Навумаў адолеў 80-кiламетровую дыстанцыю. I вось, нарэшце, у 5 гадзiн ранiцы пешая калона агульнай колькасцю каля 200 чалавек рушыла ў паход. Кiраўнiка МУС адразу ж "атакавалi" журналiсты. Пытаннi сыпалiся самыя розныя. Мiнiстр не пакiнуў па-за ўвагай нiводнага.

Эйфарыя марафону

Вытворчыя тэмы былi хутка вычарпаны. Прычым самi па сабе. Дакладней, гэтаму спрыяла атмасфера марафону. У ранiшнiм паветры панавала эйфарыя. Удзельнiкi падарожжа радасна гутарылi памiж сабой, смяялiся, жартавалi. Склалася ўражанне, што ў паходзе адна каманда. Хоць, насамрэч, многiя нават не ведалi адзiн аднаго, але паводзiлi сябе як добрыя знаёмыя. Для мяне гэта было дзiўна. Усяго за некалькi кiламетраў марафон аб’яднаў у адзiн маналiтны калектыў мiлiцыянераў, студэнтаў, рабочых, журналiстаў, чыноўнiкаў мясцовай "вертыкалi". Так, старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Данiленка не толькi сам вырашыў прайсцi па мiнiстэрскiм маршруце, але прывёў з сабою яшчэ 45 падначаленых чыноўнiкаў i ўласнага сына, 14-гадовага Арцёма, якi, дарэчы, больш за 20 кiламетраў крочыў, не адстаючы ад дарослых. Эйфарыя марафону тут жа натхнiла кiраўнiка раённай "вертыкалi" на iдэю рэгулярна праводзiць такiя аздараўленчыя мерапрыемствы. Мы нават пачалi разам шукаць спонсараў i прыдумваць назву будучаму марафону раённага маштабу. "Арганiзуйце раённы марафон пад назвай "сцежкаю Навумава". На сёння гэта самы "раскручаны брэнд", — прапанаваў я. "А сапраўды, iдэя неблагая. Варта падумаць", — пагадзiўся Аляксандр Данiленка.

У натоўпе марафонцаў я заўважыў намеснiка начальнiка Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мiнгарвыканкама Аляксандра Найдзянку. Як высветлiлася, ён толькi што з карабля на баль. Напярэдаднi гуляў у хакей. Прычым матч быў адказны, змагаўся за "золата" "чэмпiянату сярод аматараў". Адметна, што на марафоне ён не адставаў ад "галаўной калоны", якую ўзначальваў Уладзiмiр Навумаў.

"I адкуль у вас столькi сiлаў?" — пацiкавiўся я.

"А мне не прывыкаць да фiзiчных нагрузак. Я — не толькi заўзяты хакеiст, але i паляўнiчы, за сезон "накручваю" не адзiн дзесятак кiламетраў. Праўда, у адрозненне ад мiнiстра, я не магу пахвалiцца вялiкiмi поспехамi ў пешых паходах", — адказаў Аляксандр Найдзянка.

Iнтэрв’ю на маршы

Эйфарыя марафону апанавала i мяне. Думкi аб "дэзерцiрстве" развеялiся разам з ранiшнiм туманам. Я вырашыў прайсцi як мага большую адлегласць. А для гэтага неабходна было трымацца лiдараў. Дагнаўшы ў чарговы раз авангард калоны, зноў успомнiў, што я на працы, таму i распачаў iнтэрв’ю з мiнiстрам у нефармальнай абстаноўцы.

— Уладзiмiр Уладзiмiравiч, як узнiкла iдэя марафонскiх паходаў?

— Неяк прачытаў, што ў Японii хадой на доўгiя дыстанцыi займаюцца 35 мiльёнаў чалавек. А чым мы горшыя? Сабраў групу аднадумцаў. Толькi ў Мiнiстэрстве ўнутраных спраў каля трыццацi такiх аматараў пешых паходаў. Пачыналi з адносна невялiкiх адлегласцяў. Летась прайшлi 80 кiламетраў. Пераканалiся, што гэта не мяжа, i ў гэтым годзе замахнулiся на ўсе сто.

— Цi рыхтавалiся спецыяльна да сёлетняга марафону?

— Трэнiруюся я ўсё жыццё. У дзяцiнстве i юнацтве хадзiў у школу за некалькi кiламетраў. Служба ў мiлiцыi, асаблiва ў спецпадраздзяленнi "Алмаз", якiм я кiраваў, таксама вымагала вялiкiх фiзiчных нагрузак i, натуральна, патрэбна было трымаць належную форму. Цяпер пешшу хаджу на працу i вяртаюся дамоў. Увогуле, кожны дзень iмкнуся прайсцi не менш за 7 кiламетраў.

— А на наступны дзень пасля марафону будзеце адпачываць?

— Не, выйду на працу. Зрэшты, мне яшчэ пашанцавала. А вось Мельнiкаву (начальнiку дэпартамента тылу МУС) заўтра ў 8 гадзiн ранiцы трэба ехаць да цешчы бульбу саджаць.

— Кажуць, што ў вас ёсць сакрэтны абутак, якi дапамагае пераадолець вялiкiя дыстанцыi?

— Чуткi пра мае "боты-скараходы" моцна перабольшаныя. Хоць, сапраўды, дзесьцi 5 гадоў таму я знайшоў iдэальны для вялiкiх пешых падарожжаў абутак. Магчыма, на другой палове шляху я iм скарыстаюся. Пакуль жа я iду ў звычайных красоўках замежнай вытворчасцi.

— Чаму б вам не падтрымаць айчынных вытворцаў?

— Вось калi вытворцы айчыннага спартыўнага абутку самi пройдуць у iм хоць бы 30 кiламетраў, тады i я iх падтрымаю. Увогуле, абутак — адзiн з асноўных складнiкаў поспеху ў такiм марафоне. Ён павiнен быць на 1—1,5 памера большы, чым вы звычайна носiце.

Пасля гэтых слоў Уладзiмiр Навумаў зiрнуў на мае белыя красоўкi з плямамi крывi i ўздыхнуў:

— Знаёмая карцiна. Падчас мiнулагодняга марафону тое ж самае было з трэнерам нашай зборнай па хакеi Куртам Фрэйзерам. Ён фiзiчна вельмi моцны чалавек. Але так нацёр ногi, што яны распухлi, а кроў прылiпла да абутку. Урачу давялося "аперыраваць" красоўкi. Але Фрэйзер малайчына! Першы раз браў удзел у марафоне i прайшоў 60 кiламетраў.

— Можа ў вас ёсць нейкая свая методыка праходжання дыстанцыi?

— Сапраўды, у мяне ёсць свае сакрэты. Я, напрыклад, на працягу ўсяго марафону амаль нiчога не ем, даю магчымасць арганiзму ўключыць дадатковыя рэзервы. Але галоўнае, настроiць сябе псiхалагiчна, бо чым блiжэй да фiнiшу, тым большай будзе спакуса сысцi з дыстанцыi. Гэта толькi першыя 30—35 кiламетраў сярод марафонцаў пануе эйфарыя. Самыя цяжкiя выпрабаваннi пачнуцца потым.

Дарогу адужаем размовамi

Прагноз Уладзiмiра Уладзiмiравiча спраўдзiўся. Ужо пасля першых 30 кiламетраў нашы шэрагi зменшылiся разы ў тры. Настрой яшчэ быў даволi бадзёры, але не такi ўзнёслы. Калi праходзiлi праз Мядзел, то многiя марафонцы яшчэ спрабавалi жартаваць з месцiчамi, заклiкалi далучацца. Людзi гэтую прапанову не падтрымалi. Як толькi выйшлi з Мядзела, адзiн з марафонцаў на ўвесь голас заспяваў песню з кiнафiльма "Iван Васiльевiч мяняе прафесiю". Аднак яго "кап-кап-кап из ясных глаз Маруси" падхапiў толькi адзiн калега. Астатнiя змагалiся самi з сабой iншымi спосабамi. У адной "мiнi-групе" зайшла размова пра жанчын. Але, мяркуючы па ўсiм, гэта не дапамагло адцягнуць увагу ад цяжкасцяў марафону. Таму было вырашана змянiць тэму. "Хлопцы, давайце я раскажу вам пра сваiх дзяцей. Яны ў мяне такiя цудоўныя!" — прапанаваў высокi дзяцюк у белай кашулi. "А ў мяне таксама вельмi мiлыя карапузы", — падтрымаў размову яго сусед. У другой "суполцы марафонцаў" расказвалi анекдоты. Праўда, не зусiм свежыя, але ўсе чамусьцi смяялiся.

Уладзiмiр Навумаў тым часам даваў чарговае iнтэрв’ю. На гэты раз кiраўнiка МУС дапытваў карэспандэнт мядзельскай раённай газеты. Я вырашыў паслухаць гэтую размову i даведаўся цiкавы факт з бiяграфii мiнiстра. Аказваецца, стасункi з журналiстамi Уладзiмiр Навумаў меў ужо на пачатку сваёй кар’еры: у старым Доме друку быў пост мiлiцыi, дзе нёс службу цяперашнi мiнiстр. Увогуле, калегi з друкаваных i электронных СМI, якiя суправаджалi на аўтамабiлях калону марафонцаў, трывожылi кiраўнiка МУС ледзь цi не праз кожныя паўгадзiны. Уладзiмiра Навумава гэта не раздражняла. Наадварот, паводле яго слоў, з цiкавым суразмоўцам iсцi значна лягчэй i хутчэй. "Тэмы размоў могуць быць самыя розныя. Але напрыканцы маршруту ўжо не важна пра што гавораць. Кожнае слова выклiкае смех. Над сэнсам ужо не хапае сiлаў думаць", — рэзюмаваў мiнiстр.

Мой рэкорд

На жаль, мне не ўдалося адчуць гэта на сваiм вопыце. Першую палову этапа вялiкага шляху я прайшоў i прабег (пасля кожнага iнтэрв’ю на маршы даводзiлася ўключаць павышаную хуткасць, каб дагнаць калону лiдараў) амаль на адным дыханнi. А вось пасля 50-кiламетровага рубяжа мне давялося iсцi аднаму. Пакуль я "залечваў" свае раны на нагах, асноўная група вырвалася наперад. Спрабаваў бегчы. Але мазолi пачалi крывавiць яшчэ болей. Пайшоў спачатку хуткiм крокам, аднак кiламетраў праз пяць iсцi стала таксама невыносна балюча. Ступнi ног гарэлi як падсмаленыя i я iмкнуўся абмiнуць нават самы маленькi каменьчык, бо кожнае судакрананне з такой перашкодай адгукалася вострым болем. Вядома, можна было б адразу сысцi з дыстанцыi. Тым больш, што некалькi разоў за мной вярталiся аўтамабiлi суправаджэння i пыталiся, цi не хачу я пад’ехаць. Я ветлiва адмаўляўся ад такiх паслуг i працягваў свой шлях. Мне чамусьцi захацелася паўтарыць не толькi "подзвiг", але i рэкорд Курта Фрэйзера. Таму я паставiў сабе мэту прайсцi не менш за 60 кiламетраў. Апошнiя 5,5 кiламетра да сваёй мэты я iшоў па ўзбочыне шашы. Крочыць па асфальце было невыносна балюча. Але яшчэ цяжэй было адолець адзiноту. Пэўны час прагнаць сумныя думкi дапамагалi сваiм спевам птушкi. Асаблiва ўзняла настрой зязюля, якую я папрасiў падлiчыць колькi мне кiламетраў засталося iсцi. Спагадлiвая птушачка пракукавала тры разы i змоўкла. "Значыць, фiнiш зусiм хутка!" — супакоiў я сам сябе. Хоць мая канчатковая мэта была яшчэ далёка. Як на бяду, лес скончыўся i абапал дарогi было толькi цiхае балота. На маё "валацужнае шчасце" i "транзiтная вёска" аказалася бязлюднай. Так i дайшоў да фiнiшу "свайго марафону" ў поўнай самоце i адзiноце. Там мяне ўжо чакалi ў аўтамабiлi сябры, якiя спрабавалi падбадзёрыць тым, што я на цэлых 500 метраў пабiў рэкорд Курта Фрэйзера. Шчыра кажучы, мне было ўжо ўсё роўна: параненыя ногi прасiлi адпачынку.

Пасля паходу

Зрэшты, у той дзень адпачыць мне не ўдалося. Праз гадзiну давялося сесцi за руль i ўзяць курс на Мiнск. Добра, што ехаў не адзiн, а то заснуў бы ў дарозе. Дамоў прыйшоў на дыбачках, ступаць на пяткi ўжо не мог. Але гэта яшчэ палова бяды. Ноччу паднялася тэмпература, рыска тэрмометра дасягнула адзнакi 39,5 градуса. А потым стала холадна, цела пачало трэсцi як падчас лiхаманкi. Толькi блiжэй да ранiцы мой арганiзм супакоiўся. I вось дзiва! Ужо апоўднi ад "марафонскай хваробы" i след прастыў. Больш за тое, знiк нават насмарк, ад якога я не мог пазбавiцца цэлы тыдзень. Увогуле, я адчуў незвычайную лёгкасць ва ўсiм целе, быццам скiнуў з плячэй нейкi цяжар. Калi б не крывавыя мазалi на нагах, то быў гатоў зноў iсцi ў паход, штурмаваць новы рэкорд. Зрэшты, для першага разу прайсцi без падрыхтоўкi на сцёртых да крывi нагах 60 кiламетраў за дзевяць з паловай гадзiн — таксама нядрэнны вынiк.

Дарэчы, нагода зноў выпрабаваць сябе марафонам, магчыма, з’явiцца ў наступным годзе. Прынамсi, Уладзiмiр Навумаў абяцаў, што збiраецца за 5 дзён прайсцi ад Брэста да Мiнска. А ў перспектыве кiраўнiк МУС плануе прайсцi пешшу па перыметры ўсёй Дзяржаўнай мяжы Беларусi.

Што датычыцца цяперашняга марафону, то 100 кiламетраў разам з мiнiстрам сумленна пераадолелi не больш за 10 чалавек. Уладзiмiр Навумаў, якi, нагадаю, стартаваў у 5 гадзiн ранiцы, на фiнiш прыйшоў у 20 гадзiн 14 хвiлiн, апярэдзiўшы графiк амаль на 4 гадзiны. Сам герой марафону прызнаўся, што нiколi ў жыццi не хадзiў так хутка на вялiкiя дыстанцыi. Паводле слоў 52-гадовага генерала, дасягнуць рэкорднага вынiку яму дапамаглi надвор’е i добрае атачэнне.

Мiкола ДЗЯБЁЛА.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналiст "Звязды" на ўласных нагах адчуў атмасферу мiнiстэрскага марафону
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика