Тэарэтык і практык у адной лодцы. Куды заплывуць?
Тэарэтык і практык у адной лодцы. Куды заплывуць?
Апошнiя падзеi на палiтычным Алiмпе Расiйскай Федэрацыi, адносiны памiж ёю i Беларуссю, а таксама iншыя актуальныя тэмы абмяркоўваюць карэспандэнт "Звязды" i незалежны беларускi эканамiст, кiраўнiк аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Леанiд Заiка. — Леанiд Фёдаравiч, цi не занадта два лiдары для адной краiны, нават такой вялiкай, як Расiя? I цi не пагражае ёй гэта ў будучынi нейкiмi моцнымi ўзрушэннямi? — Як нi парадаксальна, сiтуацыя з двума лiдарамi вельмi сiмвалiчная, яна адпавядае выяве двухгаловага арла на гербе Расii. А наконт узрушэнняў... Я не думаю. У Расii ўжо амаль няма палiтычнай барацьбы за ўладу. Так, засталiся i Зюганаў, i Жырыноўскi, але iх уплыў на падзеi ў краiне нязначны. Пытанне ў iншым: наколькi такая мадэль двух лiдараў будзе эфектыўнай? Адразу адзначу, што ў гiсторыi гэта ўжо было. Успомнiм Вiзантыю, дзе ў свой час адзiн iмператар пакiдаў трон, а другi займаў яго. Нешта падобнае мы назiраем цяпер у Расii. Паглядзiм, што з гэтага атрымаецца. — Дзмiтрый Мядзведзеў ужо акрэслiў кола сваiх прэзiдэнцкiх прыярытэтаў цi трэба трохi пачакаць? — Па яго першых кроках можна меркаваць аб тым, над чым ён будзе працаваць у першую чаргу. У агульных рысах, Мядзведзеў як выдатна адукаваны ўнiверсiтэцкi юрыст з вучонай ступенню, на мой погляд, зоймецца паглыбленнем i пашырэннем дэмакратыi ў краiне, забеспячэннем правоў чалавека, пабудовай прававой дзяржавы, сацыяльнай абаронай пэўных катэгорый грамадзян i г. д. Ён возьме на сябе ролю тэарэтыка цi канцэптуалiста расiйскай дзяржаўнасцi, будзе прымаць адпаведныя ўказы i рашэннi. — Аднак Расii сёння не менш, калi не больш, патрэбны вопытныя практыкi? — У гэтым сэнсе Уладзiмiру Пуцiну абъектыўна самой логiкай апошнiх палiтычных падзей наканавана роля практыка № 1 у Расii. Ён гэта выдатна разумее i таму будзе сябе праяўляць (i ўжо актыўна праяўляе) пераважна на нiве эканамiчнага адраджэння i паскоранага развiцця краiны, ажыццяўлення амбiцыйных праектаў з астранамiчнымi бюджэтамi — такiх, як днямi аб’яўленая ў Сочы праграма кардынальнай мадэрнiзацыi дарог i транспарту. Справа наколькi пачэсная, настолькi i адказная. У выпадку правалу на палiтычнай кар’еры Пуцiна можна ставiць чорны крыж. Калi меркаваць па першых заявах, указаннях i прапановах Пуцiна, то ён не збiраецца, як яго папярэднiкi на пасадзе кiраўнiка ўрада, быць "тэхнiчным" прэм’ерам. Безумоўна, цэнтр улады паступова будзе перасоўвацца ва ўрад. — Як вы думаеце, што стаiць за эксперыментамi з колькасцю вiцэ-прэм’ераў у расiйскiм урадзе. Яшчэ адносна нядаўна ў кiраўнiка ўрада быў толькi адзiн намеснiк — Жукаў. Цяпер ва ўрадзе РФ зноў аж сем вiцэ-прэм’ераў. Навошта? — Каб вызвалiць Пуцiна ад неабходнасцi займацца хай i дзяржаўнымi, але ўсё ж шматлiкiмi паўсядзённымi справамi, не даць iм зацягнуць яго ў дрыгву няспыннай "бягучкi". На мой погляд, за гады прэзiдэнцтва Пуцiн прывык да агульнага палiтычнага кiраўнiцтва i ад гэтага, вiдаць, не збiраецца адмаўляцца. — У Расii сёння многiя схiльныя лiчыць цяперашнi ўрад моцным. А як вы думаеце? — Я не з тых аптымiстаў. На маю думку, гэтаму ўраду бракуе высокага прафесiяналiзму. У мяне, прызнаюся, ёсць сумненнi ў кампетэнцыi кiраўнiкоў асобных мiнiстэрстваў, напрыклад, эканамiчнага развiцця i некаторых iншых. Я не разумею, навошта было ствараць прэзiдыум урада. У Маскве зрабiлi як сапраўдныя ленiнцы. Гэта пры Ленiне, нагадаю, iснавалi вялiкi i малы Саўнаркамы. Але тады бальшавiкi толькi вучылiся кiраваць новай Расiяй. — Барацьбу з iнфляцыяй, якая за першыя чатыры месяцы гэтага года склала 6,3 працэнта, Пуцiн акрэслiў як адну з галоўных мэтаў урада. Чаму гэта задача адна з самых цяжкiх у Расii? — Я ўпэўнены, што па гэтай жа самай прычыне. Ва ўрадзе Расiйскай Федэрацыi пакуль няма дастаткова квалiфiкаваных спецыялiстаў. А прагнозы росту iнфляцыi несуцяшальныя. Калi яны спраўдзяцца, то гучна разрэкламаваныя захады Пуцiна па вырашэннi сацыяльных праблем дзесяткаў мiльёнаў звычайных расiян, паляпшэннi iх жыцця будуць моцна мiнiмiзаваныя, а магчыма i скампраментаваныя. — Сённяшняя Расiя iстотна адрознiваецца ад Расii ельцынскай па ўзроўнi даходаў насельнiцтва. Пуцiн увогуле аб’явiў аб планах давесцi сярэднюю зарплату ў 2011 годдзе да 1200 дол. ЗША ў эквiваленце штомесяц. З аднаго боку, можна i парадавацца за расiян, а з iншага, узнiкае небяспека значнага адтоку з Беларусi на заробкi ў Расiю працоўнай сiлы? — Так, у Расii цяпер ёсць усе фiнансавыя рэсурсы для павышэння зарплаты, i Пуцiн слова стрымае. Адначасова там не першы год назiраецца i востры дэфiцыт кадраў высокаквалiфiкаваных рабочых спецыяльнасцяў, асаблiва будаўнiкоў. I попыт на працоўную сiлу няўхiльна расце. З гэтай нагоды ў Расii распрацоўваецца новая мiграцыйная палiтыка, мэта якой — з выгадай для сябе прыцягнуць працоўныя рэсурсы краiн СНД, Азii i нават Афрыкi. Без гэтага заяўленыя ўрадам Пуцiна эканамiчныя паказчыкi i мэты не будуць дасягнутыя. Зразумела, тысячы i тысячы беларусаў выкарыстаюць магчымасць добра падзарабiць у саюзнай Расii, дзе яны змогуць адчуваць сябе амаль як дома. Узнiкае пытанне: што нам рабiць з гэтым новым выклiкам? Узнiмаць паралельна зарплату да памераў расiйскай? Верагодна, але дзе толькi грошы ўзяць? Я, напрыклад, не бачу шанцаў выйграць гэту канкурэнцыю. Таму ўжо цяпер трэба пралiчваць варыянты прыцягнення ў нашу краiну рабочых-будаўнiкоў з Таджыкiстана i Узбекiстана, у сельскую гаспадарку — з В’етнама, Кiтая, Паўночнай Карэi i г. д. Жыццё прыспешвае — нам трэба рэзка памяняць адносiны да замежнай працоўнай сiлы. Без гэтага мы хутка сутыкнёмся з вялiкiмi праблемамi. — Магчыма памыляюся, але нешта я не заўважыў, каб два расiйскiя лiдары праяўлялi, ва ўсякiм разе хоць бы публiчную цiкаўнасць да Саюзнай дзяржавы. Рукi пакуль не даходзяць цi ёсць iншыя прычыны? — Расiя, як мне здаецца, у сiлу шэрагу прычын iмперскага характару мыслення яе палiтычнай элiты страчвае iнтарэс да пабудовы паўнацэннай Саюзнай дзяржавы. Мы ж не пагадзiлiся на прапановы ўваходжання ў склад Расiйскай Федэрацыi, на ўвядзенне расiйскага рубля ў якасцi адзiнай валюты. Расiя сёння заклапочана аднаўленнем свайго статусу вялiкай дзяржавы, стратэгiчнага панавання ў асобных рэгiёнах планеты, вяртання вядучых пазiцый у спорце. Звярнiце ўвагу, першы замежны вiзiт Мядзведзева — у Казахстан i суседнi Кiтай, а не ў Беларусь. А цi не таму, што не атрымлiваецца наскокам вырашыць свае пытаннi ў Еўропе? Азiяцкi вектар у Крамлi сёння бачыцца як самы перспектыўны. Нам таксама важна не забываць, што гiстарычна ў Расii нiколi не было сяброў, а толькi iнтарэсы. Нам гэта трэба абавязкова ўлiчваць i не засяроджвацца толькi на партнёрстве з Расiяй. Безумоўна, з ёй варта ўсямерна развiваць эканамiчнае супрацоўнiцтва i ўзаемны гандаль. У прыватнасцi, ствараць сумесныя магутныя холдынгi i прамысловыя групы ў галiнах машына- i станкабудаваннi, будаўнiчых матэрыялаў i г. д. Але ў сферы сельскай гаспадаркi для нас больш выгадны партнёр Украiна. Там i зямля ўрадлiвая, i працоўнай сiлы дастаткова, i багаты вопыт земляробства. Тэндэнцыя такая, што хутка Ўкраiна зойме ў Еўропе лiдзiруючыя пазiцыi ў вытворчасцi прадуктаў харчавання па цэнах i якасцi. Мы можам ва Ўкраiну пастаўляць калiйныя ўгнаеннi, тэхнiку, наладжваць сумесную перапрацоўку сыравiны. — Эгаiзм Расii асаблiва вiдавочна праяўляецца ў няспынным росце цэнаў на пастаўкi энерганосьбiтаў у нашу краiну. Тарыфы на газ неўзабаве будуць такiя, як i для Заходняй Еўропы. — Я не дэманiзаваў бы фактар росту тарыфаў на газ. Ён, вобразна кажучы, "папяровы тыгр". Мы з гэтай праблемай справiлiся адной левай. Тут спрацаваў эфект бумеранга. Наша экспартная прадукцыя ў Расiю таксама расла ў цане i нават больш шпарка, чым газ для нас. Нам сёння проста неабходна хуткая пераарыентацыя эканомiкi на максiмальную вытворчасць аграрнай прадукцыi i iнвестыцыйных тавараў, якiя карыстаюцца попытам у Расii. I мы будзем упэўнена сябе адчуваць. — Цi пераможная ў сённяшняй Расii карупцыя, якая, паводле слоў Мядзведзева, ператварылася ў сiстэмную праблему i пагражае бяспецы краiны? — Шчыра кажучы, моцна сумняваюся. Карупцыя там расквiтнела пасля таго, як у краiну пайшлi сотнi мiльярдаў нафтадолараў. Расiйскiя чыноўнiкi ну не маглi прайсцi мiма такой выдатнай магчымасцi пагрэць рукi. I паступова Расiя ператварылася ў карупцыйную дзяржаву. Тым не менш хочацца пажадаць расiянам перамогi ў гэтай барацьбе. — А цi можна сказаць, што расiйскiя карупцыянеры разбэшчваюць i дрэнна ўплываюць на асобных прадстаўнiкоў нашага чыноўнiцтва? — Думаю, тут ёсць праблема. У Расii ў пэўных колах склалася свая заганная практыка "вырашэння" складаных пытанняў з дапамогай лёгка заробленых грошай. Яе ўплыў аб’ектыўна адбiваецца i на Беларусi. Увогуле прасоўванне сваiх iнтарэсаў з дапамогай хабару — сусветная з’ява. Напрыклад, урад ЗША даволi мякка ставiцца да хабару як сродку прасоўвання тавараў сваiх фiрмаў на замежных рынках. Таму поспехi расiян у барацьбе з карупцыяй будуць нам на карысць. — Сёння ў свеце многiя аналiтыкi задаюцца пытаннем: як будуць складвацца адносiны памiж новымi расiйскiмi прэзiдэнтам i прэм’ерам? Многiя не выключаюць, што Пуцiн шляхам законных палiтычных хадоў вернецца ў крэсла галавы дзяржавы. — Хутчэй за ўсё так i будзе. Не хачу пакрыўдзiць Мядзведзева, але ў Пуцiна большы патэнцыял асобы i палiтыка, ён тая фiгура, якая запатрабаваная ў Расii. Хоць менавiта пры Пуцiне значна вырасла карупцыя, колькасць доларавых мiльярдэраў, рознiца ў даходах насельнiцтва. Тым не менш сярод палiтыкаў у Пуцiна самы высокi рэйтынг. Расiя... Гутарыў Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiя падзеi на палiтычным Алiмпе Расiйскай Федэрацыi, адносiны памiж ёю i Беларуссю, а таксама iншыя актуальныя тэмы абмяркоўваюць карэспандэнт &qu
|
|