Дар’я Ліс, зямлячка Агiнскага
Дар’я Ліс, зямлячка Агiнскага
...Я патэлефанавала Дар’i Лiс у вёску Залессе Смаргонскага раёна — паведамiць, што яна стала лаўрэатам Лiтаратурнага конкурсу "Звязды" за 2007 год: за апавяданне "Тэорыя роднасных душ", апублiкаванае ў газеце 28 лiпеня. Удакладнiла, цi зможа дзяўчына прыехаць у рэдакцыю для ўдзелу ў традыцыйным лiтаратурным "круглым стале" з удзелам пераможцаў конкурсу. — Нават не ведаю, — сказала Даша. А праз паўзу спытала: на якiм паверсе знаходзiцца рэдакцыя, цi ёсць у Доме прэсы лiфт i... якая шырыня лiфтавых дзвярэй. Патлумачыла: "Я калясачнiца"... І вось ужо мужчыны рэдакцыi лiнейкай абмяраюць лiфт. I ўсе мы шчыра радуемся: ура, Дашын "вазочак" без праблем пераадолее лiфтавыя дзверы! Але ад радасцi гэтай адначасова сцiскаецца сэрца: колькi нязручнасцяў для чалавека, якога абставiны абмежавалi... У рэдакцыю Даша прыехала з самымi роднымi сваiмi людзьмi. Расказала: — У мяне цудоўная сям’я: мама Тамара Уладзiмiраўна, тата Алег Пятровiч i сястра Аляксандра. Яны заўжды мяне падтрымлiваюць, ва ўсiх творчых (i не вельмi) пачынаннях. Я таксама iмкнуся iх падтрымлiваць. Мы з задавальненнем чытаем "Звязду". А параiла выпiсаць менавiта гэтую газету мая ўнiверсiтэцкая выкладчыца беларускай мовы i лiтаратуры Тамара Мiкалаеўна Трыпуцiна (на жаль, ужо пайшла з жыцця). Яна заўсёды шмат мне дапамагала i раiла ўважлiва чытаць "Звязду" — як узор добрай беларускай журналiстыкi. — Даша, вы напiсалi апавяданне пра роднасць душ... — Там наогул вельмi цiкава атрымалася. Вядучы звяздоўскага конкурсу апавяданняў пiсьменнiк Вiктар Казько аб’яднаў два мае апавяданнi (адно маленькае, другое большае) у адно. Яны былi напiсаны ў розны час... Але насамрэч вельмi цiкава атрымалася! * * * У лiсце ў рэдакцыю Дар’я напiсала, што скончыла факультэт беларускай фiлалогii i культуры БДПУ iмя М. Танка. "Займаюся журналiстыкай, рэпетытарствам, пiшу вершы i прозу... Люблю кнiгi, музыку i сваiх сяброў. Мастацкае слова для мяне — шлях да самарэалiзацыi i... магчымасць знайсцi свой шлях". — Вы пiшаце не толькi прозу? — I вершы таксама. Хоць апошнiм часам часцей прозу... Магчыма, сказваецца энергетыка слыннага нашага земляка Мiхала Клеафаса Агiнскага. I энергетыка нашага мястэчка Залесся — яго калiсьцi называлi Паўночнымi Афiнамi. Агiнскi жыў у Залессi з 1802 па 1822 год. Лiчыцца, што сусветна вядомы паланэз "Развiтанне з Радзiмай" напiсаны менавiта тут. У Залессi вельмi шмат творчых людзей. Паэтэса Вольга Роўная цяпер працуе ў Маскве, а родам яна з нашай вёскi, тут жывуць яе бацькi. Многiя вершы Вольгi пакладзеныя на музыку, сталi песнямi. Яна пiша для Хлястова, для Плотнiкавай, iншых выканаўцаў. Наш цёзка па прозвiшчы Арсенiй Лiс, вядомы фалькларыст-навуковец, — таксама зямляк... 25 верасня штогод праходзiць свята ў маёнтку Агiнскага. Надзвычай цiкава i прыгожа: залатая восень... Прыязджае шмат гасцей. А ў Залессi цяпер больш за тысячу жыхароў. У мясцовай сярэдняй школе 170 вучняў. * * * Яшчэ будучы школьнiцай Даша Лiс пiсала заметкi ў газеты "Ранiца", "Зорька", "Переходный возраст". — Пачала друкавацца — i вырашыла, што трэба займацца журналiстыкай, — расказвае дзяўчына. — Праўда, не ведала дакладна, як гэта будзе, i якой iменна журналiстыкай. Таму пасля 11-га класа абдумвала некалькi варыянтаў вучобы. Вельмi хацела паступiць у лiнгвiстычны ўнiверсiтэт i грунтоўна займацца французскай мовай, якую няблага ведаю. Але ў лiнгвiстычным няма завочнага аддзялення для французскай мовы. Акрамя таго, там вельмi складана ў плане прыступак. Адсутнасць лiфта — гэта немагчыма для калясачнiка. Быў варыянт: факультэт журналiстыкi. Аднак будынак таксама без лiфта... Добра падумаўшы, вырашыла, што мне патрэбныя дадатковыя фiлалагiчныя веды, якiя б дапамагалi займацца журналiстыкай i творчасцю ўвогуле. Дый мама фiлфак БДУ скончыла, гэта таксама на мяне паўплывала. Да таго ж, у педунiверсiтэце ёсць лiфт — аргумент для калясачнiка надзвычай важкi. Факультэт беларускай фiлалогii i культуры скончыла чатыры гады назад. Мая мама — сапраўдны працаголiк. Яна працуе настаўнiцай i займаецца школьнай бiблiятэкай. Агульнае хобi нашай сям’i — кнiгi. — Вялiкая хатняя бiблiятэка? — Так, даволi шмат кнiг. Хоць... хацелася б больш! Пастаянна набываем нешта новае i хочацца набыць шмат чаго. Але добрыя кнiгi каштуюць дорага, трэба выбiраць. Для мяне кнiга — найлепшы падарунак. Часта на святы мы з Аляксандрай дорым адна адной кнiгi. — З сястрой вы сяброўкi? — Так. Хоць спрэчак у нас хапае... Ну, у спрэчках нараджаецца iсцiна! (Смяецца.) Аляксандра — будучы iнжынер-эколаг, студэнтка 4-га курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагiчнага ўнiверсiтэта. Вучыцца вельмi добра, малайчына. Неаднойчы ёй казала, што я пасля першай сесii ўцякла б з тэхналагiчнага, таму што там вельмi складаныя прадметы. Акрамя вучобы, Саша цiкавiцца многiмi iншымi рэчамi: спрабуе пiсаць, кнiгi любiць, займаецца англiйскай мовай. Яна не "сухi тэхнар", а напалову гуманiтарый. — Мацi фiлолаг, а бацька? — Ён iнжынер па адукацыi. Цяпер займаецца бiзнэсам, вытворчасцю. Узначальвае прадпрыемства, якое вырабляе добрыя якасныя дзверы, што карыстаюцца неблагiм попытам. Трэба ж кармiць сям’ю! У нас вялiкi ўтульны двухпавярховы дом — бацька пабудаваў. Будоўля працягваецца: шмат яшчэ недаробак. Непадалёк, у суседняй вёсцы Зарудзiчы, жыве бабуля Таццяна Васiльеўна. Шкада, што ўжо няма дзядулi, ён быў цiкавым чалавекам: першы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ад нашага раёна, працаваў у калгасе — трактарыстам, механiкам, брыгадзiрам. * * * Даша прызналася, што ў рабоце адразу некалькi твораў. А Тамара Уладзiмiраўна гаворыць пра дачку: "Яна пастаянна працуе i працуе! Бывае, i зусiм няма калi дома пагаварыць!" — Даша, вы карыстаецеся камп’ютарам? — Так. Камп’ютар, Iнтэрнэт дапамагае ў працы... З’явiлiся новыя знаёмыя, i не толькi ў Беларусi. Ёсць цiкавыя прапановы ад некаторых газет... — Вы пiшаце ў асноўным па-беларуску? — Так. — А ў Залессi на якой мове людзi больш размаўляюць? — На заходне-беларускiм дыялекце — я так сказала б (усмiхаецца). На трасянцы... Дома размаўляем толькi па-беларуску, я прывыкла. Мацi выкладае рускую мову, але "па жыццi" размаўляе па-беларуску. Хто не ведае, пытаецца: — Вы, мабыць, настаўнiца беларускай мовы? — Не, рускай! — адказвае яна. Дзiвяцца. — А бацька? — Дома таксама размаўляе па-беларуску. Цяжэй было па-за межамi сям’i пачаць размаўляць па-беларуску. Глядзяць на цябе як на марсiянку. Пытаюцца: "А дзе ты вучылася, Дар’я?" Думаю, трэба ўжо казаць, што скончыла мехмат БДУ. Бо калi чуюць пра фiлфак, адразу: ну, зразумела!.. * * * ...Хвароба праявiлася не з нараджэння, а значна пазней. — Да 10 гадоў я хадзiла, усё было нармальна. А потым праблемы са здароўем паступова нарасталi. Хвароба мышцаў — як, дарэчы, i ў выдатнай нашай паэткi Нiны Мацяш... Складана было сесцi на каляску, складана прывыкнуць да сваёй хваробы... Пэўны час я думала, што гэту хваробу вельмi хутка навучацца лячыць... Я сур’ёзна займалася фiзiчнымi практыкаваннямi — па 6 гадзiн у дзень з гантэлямi. — Па 6 гадзiн у дзень... — Так, быў у мяне такi год актыўны... Потым я зразумела, што варта шанаваць тое, што маеш, — i займацца тымi справамi, якiмi можаш займацца. Было складана прыняць хваробу, але я ўсё ж такi прымаю. Трэба трымацца, не губляць аптымiзму. Таму што калi пачынаеш сумаваць — для любой хваробы гэта дрэнна. У Iнтэрнэце ёсць iнфармацыя, нiбыта амерыканцы навучылiся лячыць падобныя захворваннi i будуць пачынаць эксперыменты на людзях. Павiнен прайсцi час. Пакуль што гэта на стадыi эксперыментаў — i ў Расii, i ў ЗША. Але любая хвароба не павiнна вызначаць жыццё чалавека. Яна яго, вядома ж, абмяжоўвае, уносiць пэўныя карэктывы — аднак вызначаць не павiнна. У рэшце рэшт у кожнага чалавека ў жыццi ёсць свае сур’ёзныя праблемы — i кожнаму трэба навучыцца iх перамагаць. У прынцыпе, напэўна, кожнаму даецца па сiлах. Ну, каму лёгка на планеце Зямля? (Усмiхаецца.) У кожнага свае выпрабаваннi... Таццяна ПАДАЛЯК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Я патэлефанавала Дар’i Лiс у вёску Залессе Смаргонскага раёна — паведамiць, што яна стала лаўрэатам Лiтаратурнага конкурсу "Звязды" за 20
|
|