Пакуль не пахаваны апошні салдат...
Пакуль не пахаваны апошні салдат...
На тэрыторыi ваеннага гарадка Фолюш у Гродне, дзе ў 1941—1942 гадах размяшчаўся лагер для савецкiх ваеннапалонных Шталаг № 353, зноў працуе група 52-га асобнага спецыялiзаванага пошукавага батальёна. Гэта ўнiкальнае, адзiнае ў краiнах СНД вайсковае падраздзяленне, якое займаецца ўвекавечаннем памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў войнаў. Паводле гiсторыка-дакументальнай хронiкi горада Гродна "Памяць", Шталаг № 353 — гэта была адкрытая прастора плошчай у 50 гектараў, агароджаная калючым дротам у два рады з кулямётнымi вышкамi навокал. Вязняў размяшчалi ў наспех абсталяваных зямлянках. Палонныя раз у суткi атрымлiвалi баланду-полiўку з бульбянога шалупiння, гнiлой цi мёрзлай капусты, буракоў. Хлеб менш чым напалову складаўся з жытняй мукi, у яго дадавалi апiлкi i лiсце дрэў. Зiмой 1941—1942 гадоў у лагеры панавалi эпiдэмii сыпнога тыфу, дызентэрыi, ад чаго амаль нiхто не выжываў. Памерлых выносiлi цi вывозiлi на калясках за агароджу лагера i скiдвалi ў загадзя выкапаныя траншэi. Пры спробе ўцёкаў палонных вешалi або расстрэльвалi ў прысутнасцi ўсiх вязняў, трупы не закопвалiся па некалькi дзён. Найдрабнейшае непадпарадкаванне жорстка каралася: ваеннапалонных пазбаўлялi на некалькi дзён харчавання, бiлi палкамi, бiзунамi, прыкладамi, расстрэльвалi пад любым выглядам — за наблiжэнне да драцяной агароджы як намер да ўцёкаў, за пошук харчавання ў кухонных сметнiках, а часта проста дзеля забавы. З пачатку лiстапада 1942 года ваеннапалонных у лагеры ўжо не было. Шталаг № 353 стаў функцыянаваць як транзiтны лагер СС, куды зганялi яўрэйскае насельнiцтва з гета ў Гродне i з блiжэйшых населеных месцаў. Далей вязняў транспартам накiроўвалi ў лагеры знiшчэння Трэблiнку, Майданак, Асвенцiм... ...На чалавечыя астанкi ў раёне былога лагера смерцi натрапiлi падчас земляных работ пры пракладцы водаправода да аднаго з аб’ектаў. А далей ўзялiся за раскопкi ваеннаслужачыя 52-га асобнага пошукавага батальёна — прафесiяналы ў гэтай справе, якiя праходзяць спецыяльную, у тым лiку i псiхалагiчную падрыхтоўку. Першы этап работ завяршыўся 7 лютага, калi на гродзенскiх могiлках у Аульсе з усiмi ваеннымi ўшанаваннямi, у прысутнасцi ветэранаў, кiраўнiкоў горада, вайскоўцаў былi перапахаваны ў брацкай магiле астанкi 361 чалавека. Акрамя прадметаў вайсковай амунiцыi, падчас раскопак удалося знайсцi шэсць медальёнаў, i ўжо вызначаны асобы двух чырвонаармейцаў (абодва — ураджэнцы Украiны) i знойдзены iх сваякi. І вось цяпер — працяг пошуку. Паводле слоў кiраўнiка пошукавага падраздзялення, старшага лейтэнанта Дзмiтрыя Бахановiча, мясцовыя ўлады аказваюць падтрымку ва ўсiх пытаннях. На 28 мая ўжо эксгумавана адна яма, працуюць на другой, а потым возьмуцца за трэцюю i чацвёртую. Астанкi вязняў Шталага № 353 (не выключана, што гэта былi не толькi чырвонаармейцы, але i цывiльныя людзi) перадаюцца мясцовым органам улады для далейшага перапахавання, а выяўленыя прадметы — у ваенкамат. Знойдзены iконка, невялiкi абразок, фрагмент лыжкi, тры мудштукi для папiросаў i адзiн — ад духавога iнструмента, магчыма, трубы. Карозiя, вядома ж, узяла сваё i толькi трохкапеечная манета 1939 года вырабу захавалася ў выдатным стане. Але, бадай, самыя важныя прадметы — гэта трынаццаць медальёнаў i адзiн жэтон ваеннапалоннага лагера Шталаг № 353 пад нумарам 317, дзякуючы якiм, мажлiва, стануць вядомы асобы тых, каму яны належалi. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi ваеннага гарадка Фолюш у Гродне, дзе ў 1941—1942 гадах размяшчаўся лагер для савецкiх ваеннапалонных Шталаг № 353, зноў працуе група 52-г
|
|