Уэйн Флемiнг верыць у перамогу "Дынама" ў КХЛ
Уэйн Флемiнг верыць у перамогу "Дынама" ў КХЛ
Учора канадскi хакейны спецыялiст Уэйн Флемiнг расказаў журналiстам аб сваiх уражаннях ад прыезду ў Мiнск i падзялiўся думкамi наконт выступлення беларускага клуба ў Кантынентальнай хакейнай лiзе. Цi ўзначалiць ён мiнскае "Дынама", канчаткова высветлiцца ў сераду. Праўда, падпiсанне кантракта — толькi фармальнасць. Флемiнгу засталося толькi ўладзiць некалькi спраў за акiянам. — За тры днi майго знаходжання ў Беларусi ў мяне толькi прыемныя ўражаннi аб горадзе i ад стварэння каманды "Дынама-Мiнск", — прызнаўся настаўнiк. — Мы правялi канструктыўныя перамовы з Беларускай федэрацыяй хакея. Аднак мне яшчэ патрэбны час, каб усё падрыхтаваць да пераезду ў Беларусь. Аб рабоце ў Беларусi Флемiнг даведаўся ад сваiх заакiянскiх калег — Курта Фрэйзера i Глена Хэнлана. Прапанову ўзначалiць "Дынама" ён атрымаў у сакавiку. "Курт i Глен станоўча адгукалiся аб Беларусi i казалi, што ў мяне ёсць цудоўная магчымасць папрацаваць тут, — сказаў канадзец. — Тое, што я пабачыў у Мiнску, сам горад мне вельмi спадабалiся. Думаю, што тут мне будзе камфортна, бо, гуляючы па вулiцах, я адчуў добрую атмасферу". Акрамя хакейнай iнфраструктуры госця цiкавiлi i ...гандлёвыя цэнтры, якiя ён спецыяльна наведаў па просьбе жонкi. "Яна, як усе жанчыны, любiць магазiны, — заўважыў Флемiнг. — Дома я скажу жонцы, што ў яе будуць самыя пазiтыўныя ўражаннi ад шопiнгу ў Мiнску". Клуб "Дынама" пакуль фармiруецца, вядуцца перамовы з iгракамi, якiя будуць гуляць у базавай камандзе нацыянальнай зборнай. Аднак праца з нуля не палохае Флемiнга. "Так, гэта вялiкае выпрабаванне для мяне, — пагаджаецца ён, — але ў мяне няма нiякага страху. Я павiнен папярэдзiць балельшчыкаў, што спачатку "Дынама" прыйдзецца цяжка, будуць i паражэннi. Аднак я перакананы, што аднойчы беларуская каманда стане чэмпiёнам КХЛ". Трэнер ужо расказаў аб сваёй канцэпцыi фармiравання "Дынама": патрэбна стварыць моцную каманду, прычым не забывацца i на маладых беларускiх хакеiстаў, каб клапацiцца аб рэзерве зборнай. Аднак Флемiнг не супраць i запрашэння ў клуб некалькiх добрых легiянераў — шведаў, фiнаў, расiян. Трэнер "Дынама", нагадаю, стане своеасаблiвым выконваючым абавязкi галоўнага настаўнiка нацыянальнай зборнай у яго адсутнасць (Глен Хэнлан будзе працаваць з беларусамi толькi ў час чэмпiянату свету. — Аўт.). На гульню беларусаў на першынстве планеты ў Канадзе Флемiнг паглядзець не мог, бо яго "Калгары Флеймс" удзельнiчаў у плей-оф НХЛ, а мясцовы тэлеканал матчы не трансляваў. І ўсё ж са зборнай нашай краiны настаўнiк знаёмы. "На Алiмпiядзе-2002 я быў памочнiкам у зборнай Канады i пiльна сачыў за матчам Швецыя — Беларусь, бо менавiта яго пераможца станавiўся нашым сапернiкам, — дзелiцца ўражаннямi Флемiнг. — Я быў уражаны майстэрствам беларусаў. Вашы iгракi гулялi са страсцю i выйгралi ў напружанай сустрэчы". Паводле слоў генеральнага дырэктара мiнскага "Дынама" Ўладзiмiра Ганчарова, кантракт з трэнерам плануецца падпiсаць на год цi два. Калi ж Флемiнг па нейкiх прычынах дасць заднi ход, у федэрацыi яшчэ ёсць запасныя варыянты наконт таго, хто можа павесцi беларусаў у КХЛ. Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора канадскi хакейны спецыялiст Уэйн Флемiнг расказаў журналiстам аб сваiх уражаннях ад прыезду ў Мiнск i падзялiўся думкамi наконт выступлення бела |
|