Мiраж
Мiраж
На конкурс апавяданняў Генадзь Мішчук, пажарнiк з вёскi Вотчына Маларыцкага раёна, калiсьцi прэмiяльна дэбютаваў на нашым конкурсе. То былi сцiплыя, хоць i сакавiтыя замалёўкi-абразкi з вясковага жыцця. I сёння, прадстаўляючы яго зноў чытачам, я з прыемнасцю адзначаю, як ён набiрае голас i прафесiйнасць. Вiктар КАЗЬКО. Генадзь Мiшчук Мiраж Пасля перавалу лягчэй не стала. Унiзе, на раўнiне, стаяла нясцерпная спёка, што выбiвала з часу маршавую калону. Кiпела вада ў радыятарах перагрэтых рухавiкоў баявых машын, знясiленыя людзi пакутавалi ад здзiчэлага сонца i неўтаймаванай смагi. Сядзець на гарачай бранi было невыносна. Яшчэ цяжэй даводзiлася экiпажам. "Не спi — замерзнеш! — капiтан Зорын, камандзiр роты, што сядзеў на месцы стралка-аператара галоўнай машыны, каторы раз раскуторхваў "маладога" механiка-вадзiцеля Мiкалая Зарубу. Той, знясiлены стомай, спёкай i смагай, засынаў за рычагамi. Манатонны гул рухавiка, няспешны рух калоны i аднастайны пустынны пейзаж, дзе воку няма за што зачапiцца, мiжволi закалыхвалi яго. Векi закрывалiся самi сабой, i баявая машына, страцiўшы кантроль, iмкнулася збочыць. У такiя моманты пiльны капiтан Зорын адразу выпiсваў "пендаля" "байцу гаршочнага перыяду". Мiкалай схамянуўся, мацней сцiскаў рычагi, але праз нейкi час зноў "адключаўся". Мiнула два месяцы, як пасля скарочанай "вучэбкi" Мiкалай Заруба трапiў служыць у Афганiстан. Гэта прызначэнне не было для яго нечаканасцю, бо з першых дзён службы ў вучэбным падраздзяленнi ўсе без выключэння ведалi, куды iх рыхтуюць. Нягледзячы на ўсе намаганнi, дасканала авалодаць ваеннай прафесiяй за тры месяцы вучобы было немагчыма. "Навык ёсць, а вопыт прыйдзе, "на крайняк" дапаможа салдацкая ўдача. Словам, шанц выжыць у вас ёсць", — падвёў рысу курсанцкаму навучанню прапаршчык Вакуленка. Перад самай адпраўкай вясёлы хлопец — душа чацвёртай роты Валодзька Рыжоў — невядома дзе раздабыў дзве пляшкi гарэлкi. I нягледзячы на строгi кантроль камандзiраў i начальнiкаў, ухiтрыўся-такi па сталовай лыжцы "горкай" прыгасiць кожнага баявога таварыша. "Не дзеля п’янкi, — гаварыў Валодзька, частуючы сяброў, — баявое прычасце — каб помнiлi адзiн аднаго i жывымi-здаровымi вярнулiся дамоў". На вайне як на вайне. Праз месяц, iдучы ў складзе пешага разведузвода на свой першы баявы выхад, Мiкалай Заруба зразумеў, што такое салдацкая ўдача, пра якую талкаваў прапаршчык Вакуленка. Калi на досвiтку разведчыкi выйшлi на сярэдзiну кукурузнага поля, што ўпрытык падыходзiла да кiшлака, два прыстрэленыя да пазiцыi кулямёты скасiлi палову хлопцаў. Юрка Зелянцоў — "дзядуля ВДВ", якi iшоў у пары з Мiколам, быў паранены ў пяту. Ён спачатку павалiўся на зямлю ў маладую кукурузную раллю, а потым ад нясцерпнага болю ўскочыў на каленi i атрымаў чаргу ў грудзi. Юрка ўпаў побач з Мiкалаем i болей не варухнуўся, падаспелая на "бранi" рота капiтана Зорына ўратавала Зарубу i яго ўцалелых таварышаў. Колька чымсьцi кiнуўся ў вочы капiтану Зорыну, бо праз пару дзён той забраў яго да сябе на месца звольненага ў запас вадзiцеля-механiка камандзiрскай БМД. За рычагамi баявой машыны дэсанта Мiкалай акрыяў. Апоўднi спёка ўзмацнiлася. Рэзерв вады быў амаль вычарпаны, а да базы — шлях не блiзкi. Заначаваць на маршы, на некантраляванай тэрыторыi — смерцi варта. Гэта разумелi ўсе, i Мiкалай Заруба — не выключэнне. Ён трымаўся з апошнiх сiл на "зорынскiх пендалях". Шмат забраў учарашнi штурм перавалу, калi большую частку дня машыны ўпарта лезлi ўгару, цiснучыся адна да адной, рызыкуючы звалiцца з кручы. Да такога ваджэння патрэбны не толькi навык, але i вопыт. Яго яўна не хапала. I капiтан Зорын сам сеў за кiроўцу. Ветрык, урываючыся ў расчынены люк, жаданай прахалоды не нёс. Салёны пот ручаём сцякаў з-пад шлемафона i выядаў вочы. Раз-пораз Мiкалай выцiраў твар салдацкiм ручнiком, якi, бы губка, прагна ўсмоктваў вiльгаць, а праз хвiлiну зноў быў сухi i траскучы, як корч ад назапашанай солi. Па радыёстанцыi старшы калоны маёр Сцяпанаў у чарговы раз падганяў адсталых i стрымлiваў пярэднiх. Ад яго голасу Мiкалай уздрыгваў, як ад штуршка капiтана Зорына. Ды, бадай, не толькi ён. Калона iмгненна рэагавала на загады маёра Сцяпанава. Ды стома брала сваё. У нейкi момант Мiкалаю стала зусiм невыносна, i ён падумаў, што страчвае прытомнасць. Перад вачыма паплылi ружовыя кругi, стала млява, i на iмгненне Мiкалай зноў згубiў кантроль над баявой машынай. Тая пачала забiраць улева, але капiтан Зорын быў на месцы. Ад яго штуршка мiжволi прыйшлося ачуняць. Амаль падсвядома, адным рухам Мiкалай выправiў машыну. Зорын, задраўшы шлемафон, нешта крычаў яму ў самае вуха, але з-за натужнага гулу рухавiка Мiкалай пачуў толькi апошняе: "Яшчэ раз зеванеш — далей пойдзеш пешшу". Неўзабаве шэрая павалока, якая ўвесь гэты час засцiлала Мiкалаю вочы, канчаткова рассеялася, i яго ясны позiрк уважлiва сачыў за дарогай i наваколлем, наколькi гэта дазваляла вузкае вадзiцельскае акенца. Часам ад асляпляльнага бляску сонца i расплаўленага ад яго промняў гарызонту Мiкалай напружваў зрок, каб нiчога не засталося незаўважаным. Але тое фантастычнае вiдовiшча, што раптоўна выплыла аднекуль i закрыла ўвесь агляд, прымусiлi яго засумнявацца ў рэальнасцi таго, што адбываецца. Наперадзе была вада, якая iскрылася i пералiвалася пад сонечнымi промнямi. Кожнай клетачкай змучанага цела Мiкалай адчуў яе прахалоду. — Камандзiр, вада! Возера, пацаны!.. Засмаглыя вусны i язык не далi змогi крыкнуць на ўсю моц па ўнутранай сувязi аб тым, што ён толькi што ўбачыў. Але i таго было дастаткова, каб капiтан Зорын пачуў яго. Ротны чамусьцi толькi зараз угледзеў тое, чым Мiкалай Заруба любаваўся ўжо з дзесятак секундаў. Прыцiснуўшы рукой ларынгафоны, капiтан Зорын без асаблiвай мiтуснi i радасцi звярнуўся да маёра Сцяпанава, запрасiўшы дазволу на нечарговы прыпынак. Зорын гаварыў спакойна, i Мiкалай упершыню за доўгi марш пакрыўдзiўся на свайго камандзiра, якога, вiдаць, не турбавала нi смага, нi спёка. У эфiры нешта затрашчала, i маёр Сцяпанаў даў "дабро" на запыт Зорына. Калона, ахутаная клубамi дыму i пылу, спынiлася, выцягнуўшыся на добрую пару соцень метраў. Люстраная гладзь возера шалёна вабiла да сябе праз пякельнае морыва паветра. Мiкалаю захацелася рвануць да яе па гарачым пяску пустынi. Бы адчуваючы яго настрой, капiтан Зорын прымусiў Мiкалая суняцца: — Стрывай, хлопча. Без фанатызму. Гэта мiраж. Чуў пра такое? — i суровым позiркам ротны агледзеў увесь экiпаж. — Уся гэта экзотыка вельмi падманлiвая, таму будзьце пiльнымi. — I пайшоў аглядаць машыну. — Папiлi вадзiцы, — разгублена прамармытаў нехта з экiпажа, выказаўшы агульны настрой. Крыштальнае возера так кплiва iскрылася срэбным бляскам хваляў, што не хацелася верыць у здзеклiвасць прыроднай з’явы. Недзе ў падсвядомасцi жыла апошняя надзея наталiць смагу. Капiтан Зорын, пакуль яго падначаленыя зачаравана глядзелi на мiраж, вялiзным шпрыцам, якiм звычайна запампоўваюць змазку ў вузлы i агрэгаты машыны, набраў вады з закiпелага радыятара. Кiпень з iржой, пахам "саляры" i масла ён асцярожна налiваў у невялiчкi корак салдацкай бiклажкi, па чарзе працягваючы яго кожнаму члену экiпажа. Корак зрабiў тры кругi... Тых тры глыткi вады, якую i вадой назваць цяжка, былi зараз даражэйшыя за любое багацце на свеце. "Баявое прычасце", — пра сябе зазначыў Мiкалай, калi ў трэцi раз надышла чарга змачыць вусны. Гарачы подых пустынi крануў трапяткое палатно мiражу, i возера, якое так нечакана з’явiлася на гарызонце, пачало знiкаць. Жаданне наталiць смагу зноў заняло ўсе думкi вайскоўцаў, а тры глыткi кiпеню толькi ўзмоцнiлi яго. Капiтан Зорын заставаўся па-ранейшаму спакойным i ўпэўненым. Корпаючыся са шпрыцам, якi ўпарта не хацеў умяшчацца ў скрынку са слясарным iнструментам, ён ненарокам (а, хутчэй, наўмысна) моцна бразнуў жалезным вечкам, ад чаго хлопцы схамянулiся i нарэшце адарвалiся ад вiдовiшчнай прыроднай з’явы. У гэты самы момант прагучала каманда "Па машынах!", што жывым рэхам панеслася ў канец калоны. Стомленыя рухавiкi зноў натужна запрацавалi, а экiпажы i пяхота занялi свае месцы згодна з баявым разлiкам. Батальён, сабраўшы рэшту сiлаў, накiраваўся насустрач знiкаючаму возеру. Да цемры яшчэ заставаўся час... Маларыцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Генадзь Мішчук, пажарнiк з вёскi Вотчына Маларыцкага раёна, калiсьцi прэмiяльна дэбютаваў на нашым конкурсе. То былi сцiплыя, хоць i сакавiтыя замалёў |
|