Абаронца ад сонца і... староннiх позiркаў
Абаронца ад сонца і... староннiх позiркаў
Выпрабавана на сабе Як мы ўсе зараз, пасля не вельмi ласкавага апошняга месяца вясны, радуемся сонейку i доўгачаканай цеплынi! Але... Чалавек, як кажуць, iстота недасканалая. Асаблiва калi вокны яго кватэры выходзяць на сонечны бок. У гэтым выпадку такiя жаданыя на вулiцы сонечныя промнi могуць ператварыць жыллё да некалькi гадзiн у сапраўднае пекла i зрабiць жыццё яго насельнiкаў невыносным. Мала таго, што робiцца спякотна, дык ад iх могуць выгараць шпалеры i мэбля, пакутаваць некаторыя хатнiя раслiны. Сонца слепiць, перашкаджае глядзець тэлевiзар, працаваць за камп’ютарам. Праветрыванне i звычайныя занавескi на вокнах не заўсёды дапамагаюць выратаваць сiтуацыю. Выйсце ў гэтым выпадку — жалюзi. Тым больш што яны могуць вельмi ўдала спалучацца са шторамi, якiя ўжо ў вас ёсць, а, значыць, ваша кватэра не будзе нагадваць офiснае памяшканне (гэтыя стэрэатыпы для некаторых актуальныя i цяпер, хоць сучасныя матэрыялы ўжо даўно дазваляюць вырашаць практычна любыя задачы ў афармленнi iнтэр’еру на належным узроўнi). З чаго будзем выбiраць? Чым так не дагадзiлi шторы, спытае нехта. Яны ствараюць у доме ўтульнасць, з’яўляюцца адным з элементаў iнтэр’еру. Але менавiта жалюзi дазваляюць больш эфектыўна рэгуляваць светлавыя патокi — паваротам у той цi iншы бок ламеляў. Яны дапамагаюць схавацца ад сонечных промняў, не парушаючы вентыляцыю памяшкання, наадварот, дапамагаюць рэгуляваць паветраныя i цеплавыя патокi. А ламелi, якiя мы згадалi вышэй, гэта такiя палоскi-рэйкi (з металу, пластыку, драўнiны, тканiны), з якiх уласна i складаюцца жалюзi. Па iх размяшчэннi i вызначаецца тып вырабу. Яны могуць быць з розных матэрыялаў, мець тое цi iншае каляровае рашэнне, але ў цэлым усё гэта дазваляе гаварыць пра агульную функцыянальнасць жалюзi. А вось пра адрозненнi i адметнасцi мы сёння i пагаворым асобна. Такiм чынам, што нам сёння прапаноўвае рынак? У залежнасцi ад размяшчэння ламеляў жалюзi падзяляюцца на дзве вялiкiя групы: гарызантальныя i вертыкальныя. Першыя падкрэслiваюць шырыню акна, другiя — яго вышыню (гэтую акалiчнасць таксама часта трэба браць да ўвагi). Па "гарызонту"... Гарызантальныя жалюзi прынята лiчыць класiчнымi. Дарэчы, менавiта ад гэтага тыпу i пайшла ў свой час пагалоска, што iх можна выкарыстоўваць толькi ў нейкiх офiсных памяшканнях. Самы распаўсюджаны варыянт — з алюмiнiю. Можна мець некалькi дзесяткаў колераў, самi ж ламелi вырабляюцца звычайна шырынёй 16 цi 25 мiлiметраў. Лiчыцца, што для шырокiх вокнаў больш падыходзiць другi варыянт, для вузкiх — першы. Хоць, зразумела, усё гэта даволi суб’ектыўна. Больш важным, як здаецца, з’яўляецца памер па шырынi самiх жалюзi, якi звычайна супадае са створкамi акна: чым яны вузейшыя (створкi), тым адпаведна больш нераўнамерна пры карыстаннi могуць размяшчацца ламелi жалюзi на iх. Алюмiнiй — самы танны матэрыял, асаблiва меншай шырынi i непафарбаваны ў колер. Жалюзi з драўнiны лiчацца больш экалагiчнымi, але яны i больш дарагiя. Непажадана вешаць iх у памяшканнях або з высокай вiльготнасцю, або на вельмi сонечных участках, бо гэта аднолькава шкодна для iх. Пластык па экалагiчнасцi, безумоўна, прайграе, праўда, даглядаць яго лягчэй, чым дрэва (прынамсi, не баiцца вады), але можа выгараць на сонцы. ...цi па "вертыкалi"? Гэты тып жалюзi, як правiла, вырабляецца з выкарыстаннем розных вiдаў тканiны. За кошт гэтага вертыкальныя "абаронцы" жытла ад сонца i староннiх поглядаў не толькi выконваюць сваю прамую функцыю, але i з’яўляюцца (цi замяняюць уласна традыцыйныя шторы) элементам iнтэр’еру. Тканiна апрацоўваецца спецыяльнымi рэчывамi, якiя абараняюць яе ад пылу, вiльгацi. Многiя, дарэчы, апошнiм часам пачалi выкарыстоўваць такi тып жалюзi нават на балконах. Кiраванне простае — ламелi паварочваюцца вертыкальна вакол восi, адкрываюцца ж ссоўваннем складзеных палосак або ад краю да краю, або ад цэнтра да краёў. Лiчыцца, што менавiта такi механiзм патрабуе меншых намаганняў, адпаведна, самi вертыкальныя жалюзi служаць больш, чым гарызантальныя, ды i карыстацца iмi больш зручна. А што ў рулоне? Рулонныя жалюзi або роль-шторы з’явiлiся ў нас крыху пазней, але зараз яны не менш распаўсюджаныя, чым папярэднiя тыпы. Праўда, таннымi iх не назавеш, асаблiва калi пры вырабе выкарыстоўваецца дарагая тканiна. Як ужо зразумела з назвы, гэта — згорнутыя ў рулон шторы, якiя (пры класiчным кiраваннi з дапамогай ланцужка) "паўзуць" уверх унiз па спецыяльных накiроўваючых, што замацаваны па баках акна вертыкальна. Як правiла, выкарыстоўваюцца не столькi па прамым прызначэннi, колькi як элемент iнтэр’еру, дэкору. На гэта "працуе" i нанясенне на тканiну адмысловых малюнкаў, i сама фактура тканiны. Займаюць мала месца, iх можна выкарыстаць там, дзе па розных прычынах павесiць гарызантальныя цi вертыкальныя жалюзi не атрымаецца. Не пажадана выкарыстоўваць у памяшканнях кшталту кухнi — давядзецца часта адмываць ад пылу i тлушчу, а дарагiя тканiны (дарэчы, можа выкарыстоўвацца i матэрыял кшталту бамбуку, ратангу i iнш.) гэтага не любяць. Выбралi? Заказваем... Самы просты варыянт — набраць нумар з рэкламнай аб’явы. Калi вы ведаеце, чаго хочаце — калi ласка. Але мы параiлi б пад’ехаць на некалькi фiрмаў, на будаўнiчы рынак, бо цалкам зманцiраваныя на ўзоры акна жалюзi даюць большае ўяўленне, чым малавыразныя кавалачкi ламеляў у руках абмершчыкаў (апошнiя, як правiла, выязджаюць бясплатна). У iдэале, калi гаварыць пра пластыкавыя вокны, жалюзi лепш заказваць на той жа фiрме, якая ўстанаўлiвала вам i ПВХ, профiлi (з драўлянымi рамамi значна прасцей — iх не так баяцца пашкодзiць). Не выключана, што перад вамi будуць "сыпаць" назвамi краiн-вытворцаў, маўляў, жалюзi з Iзраiля, Чэхii або Латвii. Насамрэч, яны могуць быць польскiмi, або ламелi расiйскiмi, механiзм шведскiм i г.д. Усё залежыць ад добрасумленнасцi фiрмы i... вашага жадання: бярыце, што падабаецца па тыпу, колеры, механiзме кiравання (хоць да сапраўднага спецыялiста часам варта i прыслухацца). Сярэднi тэрмiн выканання заказу — каля двух тыдняў. Сам мантаж жалюзi на адно акно займае хвiлiн 15—20. Шуму i пылу амаль няма, калi на вокнах вiсяць шторы, здымаць iх не заўсёды патрэбна. Пра цэны сказаць нешта цяжка, бо ў залежнасцi ад памераў выбранага тыпу жалюзi i iнш. яны вылiчваюцца па спецыяльнай методыцы на кожнае канкрэтнае акно (ды i цэны ў розных фiрмаў могуць некалькi адрознiвацца). Хто каго даглядае? Зразумела, аконныя "абаронцы" — нас. Але час ад часу i мы павiнны ахвяраваць часам для навядзення чысцiнi i парадку. Прасцей за ўсё даглядаць алюмiнiевыя жалюзi: можна пыласосам, у "цяжкiх" выпадках яны не баяцца мокрай анучкi з мыйным сродкам. Таксама можна пыласосiць i працiраць пластык. Дрэва патрабуе толькi сухой чысткi. Найбольшых намаганняў патрабуюць жалюзi з тканiны: кожную палоску з вертыкальных трэба зняць, акруцiць i пакласцi на час у ваду з мыйным сродкам (роль-шторы, зразумела, кладуць усiм рулонам, калi матэрыял-тканiна дазваляе гэта рабiць). Потым прапаласкаць i яшчэ крыху вiльготнымi павесiць назад. У гарызантальных жалюзi за сезон пад уздзеяннем сонечных промняў можа крыху "пацягнуцца" лёска, на якую нанiзаны ламелi. Зняўшы накрыўкi мацавання жалюзi яе трэба крыху нацягнуць. Дарэчы, гарантыя на жалюзi звычайна складае год. У добрай фiрмы не павiнна быць i праблем з паслягарантыйным абслугоўваннем. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як мы ўсе зараз, пасля не вельмi ласкавага апошняга месяца вясны, радуемся сонейку i доўгачаканай цеплынi! Але... Чалавек, як кажуць, iстота недаскана |
|