Культура у законе
Культура у законе
Некалi паэт напiсаў на сябе жартоўную эпiтафiю: «Ён кiнуў пiць, бо спiць». А вось кiнуць курыць, акрамя вечнага сну, чалавека можа прымусiць наяўнасць занятку на аўтобусным прыпынку, паводле нататак мастака Адама Глобуса. I я адразу ж уявiла, як незнаёмы мне вiзажыст Пятроў борздзенька падмятае тэрыторыю прыпынка i збiрае ў кошык недакуркi, што накiдалi яго таварышы па прывычцы. А што, гэта добры занятак i, галоўнае, карысны для ўсяго грамадства. Бо да-ста-лi! Курцы на аўтобусных прыпынках. Кожны дзень адна i тая ж карцiна. Стаiш на прыпынку, выглядаеш свой аўтобус цi тралейбус, а два-тры чалавекi пасярод натоўпу смаляць прама ў твары астатнiм. Калi дождж, яны абавязкова стаяць пад казырком, калi спёка — яны ў цяньку. Гаварыць з iмi амаль бессэнсоўна, на заўвагу зрэагуе адзiн з дзесяцi. Прыкра, вядома, што пры ўсiм нашым iмкненнi пачуваць сябе еўрапейцамi, суайчыннiкам у вялiкiх гарадах не стае элементарнай чалавечай культуры, звычайнай людскасцi. Iншы кватэру абсталяваў па-еўрапейску, машыну шыкоўную прыдбаў, а вось не даў рады ўцямiць, што правiла добрага тону цывiлiзаванага чалавека вымушае не перашкаджаць жыць iншым. I выходзiць, як у Коласа: «Франт салам боты вымазаў, а скурку з’еў». Але што нам у рэшце рэшт да недахопаў выхавання некага? Нам трэба, каб нас адгарадзiлi ад тых, хто травiць нас без нашай на тое згоды. I ў Еўропе, i ў Амерыцы гэта робiць закон. Там даўно прыняты заканадаўчыя акты, якiя забараняюць курэнне ў грамадскiх месцах, у месцах масавага знаходжання людзей, у тым лiку на прыпынках. У многiх краiнах i вакзалы, i розныя ўстановы абсталяваныя месцамi для курэння, i выйсцi за iх межы нельга нi ў якiм разе. А закон парушыў — заплацiш столькi, што ў другi раз наўрад цi захочаш. Можна ўвесцi, лiчу, як альтэрнатыўную службу, альтэрнатыўны штраф у выглядзе работ па прывядзеннi ў парадак роднага горада. Карысна i для грамады — чыстая вулiцы, i для сябе — работа на свежым паветры. А калi сур’ёзна, то занадта лаяльнае ў нас заканадаўства да тых, хто не толькi перашкаджае жыць, але i пагражае жыццю i здароўю iншых. Колькi ў нас пiшацца i гаворыцца пра розныя прытоны, кватэры, гаспадары якiх вядуць асацыяльны лад жыцця. А дзейсных рычагоў заканадаўства, якiя абаранялi б нас ад такога суседства, няма. Жыхары аднаго са шматкватэрных дамоў пасёлка Высокалiтоўск Камянецкага раёна закiдалi лiстамi раённыя iнстанцыi. Яны баяцца за сваё жыццё. У доме адна кватэра даўно ператворана ў непрасветны п’яны прытон. Iм даўно адключылi электрычнасць i газ за неаплату. Але ж яны гатуюць, асвятляюць, бывае, абаграваюць жытло нейкiмi прыстасаваннямi. А гэта стварае павышаную небяспеку. Адгарадзiць жа добрасумленных людзей ад гэтага кашмару няма нiякай магчымасцi. Колькi гадоў назiраю падобнае ў сваiм уласным доме. На сёмым паверсе стары спiты гаспадар аднапакаёвай кватэры пастаянна дае прытулак наркаманам, тут яны вараць нейкае смярдзючае зелле. Мiлiцыя прыязджае часта, здараецца, забiраюць дзеда ў аддзяленне, былi суды. Але праходзiць час, i ўсё паўтараецца. У лiфце зноў сустракаю асобаў са страшным у сваёй пустаце поглядам, узрост iх вызначыць нават прыблiзна немагчыма, у лахманах з вялiкiмi сумкамi — Пятровiча клiенты. Раней падобныя з’явы, калi i здаралiся, iх не афiшавалi, але цiха разбiралiся з парушальнiкамi грамадскай маралi. Таму i не стваралi законаў. А цяпер цiха нельга, а законы ўсё роўна стварыць не адважваемся. Саромеемся, вiдаць, мяркуем, што лепш перацярпець, можа, само ўляжацца, ператрасецца. А перацярпець — гэта як хваробу загнаць углыб. Па маiм глыбокiм перакананнi, не будзе сапраўднага парадку вакол дарог, у лясах, у населеных пунктах, пакуль не будзе жорсткiх мераў рэагавання да парушальнiкаў. Цяпер многiя ездзяць у Заходнюю Еўропу, расказваюць, што там, калi часам выкiнеш з акна машыны пластыкавую бутэльку цi ўпакоўку, вялiкi штраф, лiчы, гарантаваны. Там нiкому не прыйдзе ў галаву пакiнуць кучу смецця ля дарогi. Можна лаяць за стыхiйныя звалкi старшынь сельскiх Саветаў на ўсiх нарадах, можна патрабаваць ад iх прыбiраць тэрыторыю ўласнаручна, праблему гэта не вырашыць. Прыгарадныя лясы рэгулярна прыбiраюць. Але чысцейшымi яны, на жаль, не становяцца... ...У суседзяў — госцi. Сваякi прыехалi з Канады. Былым брастаўчанам, iм захацелася прайсцiся па месцах маладосцi, там, дзе некалi ладзiлi пiкнiкi за паўднёвым мiкрараёнам, дзе купалiся ў маленькiх азярцах. Свае ж людзi, тутэйшыя, проста паехалi два дзесяткi гадоў таму, а было няёмка суседцы пасля прагулкi. Так яна расказвала пра свой паход з гасцямi па маршруце iх выпускнога вечара: кругом машыны з адпачываючымi, кругом смецце. Яшчэ, мiж iншым, канадскiя брастаўчане расказвалi пра такi момант узаемаадносiнаў са сваiмi суседзямi. Калi ў цябе запрошаны госцi, ты павiнен абысцi ўсiх суседзяў па пляцоўцы i спытаць, цi не будуць яны адпачываць, напрыклад, у 19 або 20 гадзiн, калi ў цябе можа iграць музыка. I гэта як элемент культуры. Iнакш проста не бывае. Бо калi так не зрабiць, i нехта паскардзiцца палiцэйскаму, можна нарвацца на вялiкiя непрыемнасцi. «Культуру трэба выхоўваць культурай» — гаварыў адзiн з былых мiнiстраў культуры нашай дзяржавы. Залатыя словы. Выхоўваць — сапраўды, а вось усталёўваць культуру без падтрымкi закона вельмi цяжка. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалi паэт напiсаў на сябе жартоўную эпiтафiю: «Ён кiнуў пiць, бо спiць». А вось кiнуць курыць, акрамя вечнага сну, чалавека можа прымусiць наяўнасць |
|