Зязюльчыныя бацькі?
Зязюльчыныя бацькі?
Валанцёрам у доме састарэлых працавала наш карэспандэнт Настасся Занько У свае сто гадоў бабуля Марыя вельмi любiць газаваную ваду, аднак паласавацца ёй даводзiцца не часта. Бывае, прынясуць бутэлечку пiтва, якую бабуля расцягвае на тыдзень, бо ў меню дома састарэлых такiя напоi не прадугледжаныя. Яе 72‑гадовая дачка клапацiцца пра мацi не можа з-за стану здароўя. А ўнукi, па словах бабулi Марыi, яе даглядаць не хочуць... Дом састарэлых i iнвалiдаў агульнага тыпу знаходзiцца насупраць прыпынку "Дражня" 43-га аўтобуса. Лес праз дарогу i рэдкiя машыны. За каванай агароджай — парк са сцяжынкамi, кветнiкамi i лаўкамi. Доўгi чатырохпавярховы будынак, на балконах сушыцца бялiзна, з вокнаў выглядваюць жыльцы. Папярэдне дамовiўшыся з дырэктарам, я рухаюся да старэйшай медсястры, якая вырашыць, куды мяне накiраваць. Яна просiць прынесцi меддаведку, што мне можна працаваць з людзьмi, са сваёй палiклiнiкi. Мяне замацоўваюць за санiтаркамi левага крыла з "ляжачымi" жанчынамi. Пасля выдаюць халат i адводзяць на месца працы. У веданнi санiтаркi Лiды 30 чалавек. Асноўная яе праца — кармiць тых, хто сам не можа есцi, мяняць пялюшкi, бялiзну, ставiць "качкi", падмываць ляжачых, мыць падлогу пакояў i прыбiральняў, рабiць вiльготнае прыбiранне. А таксама размаўляць, слухаць i быць цярплiвай да капрызаў старых — няхай гэта i не прапiсана ў iнструкцыi. Графiк працы — "суткi праз трое". Заробак — каля 500 тыс. руб. Лiда, Галя i Ванда — санiтаркi, у змену якiх я трапляла — жанчыны перадпенсiйнага i пенсiйнага ўзросту. Мне здзiўляюцца: "такая маладая i тут працаваць". Прывозяць вячэру. "Зайдзi ў 370-ты. Там пакормiш бабуль ды i паразмаўляеш. Яны любяць пагаварыць", — кажа Лiда. 370-ты блок складаецца з двух пакояў: аднамеснага i двухмеснага. Гэта хутчэй выключэнне з правiлаў: у стандартным пакоi дома састарэлых жывуць тры чалавекi. Бэжавага колеру сцены, фiранкi на вокнах. З мэблi — спецыяльныя ложкi, крэслы, стол, шафа, у некаторых палатах ёсць тэлевiзар альбо радыё. На два пакоi асобная прыбiральня. Лекi на тумбачках i абавязковыя рэчы, якiя прысутнiчаюць ва ўсiх, — абразкi i малiтаўнiкi. Марыя Канстанцiнаўна, адна з жыхарак 370-га, — караткастрыжаная сухенькая бабулька. У яе пералом сцягна, не рухаюцца ногi i ледзь падымаюцца рукi, i гэта акрамя дрэннага зроку ды высокага цiску. Са сваiх 72 гадоў 37 яна адпрацавала настаўнiцай хiмii i бiялогii адной з мiнскiх школ. "Зараз вось так па бальнiцах цягаюся", — павольна, з перапынкамi гаворыць Марыя Канстанцiнаўна. Я бяру лыжку, i мы пачынаем вячэру, спачатку марудна, а пасля, налаўчыўшыся, даядаем запяканку i салату з морквы. Пераходзiм да гарбаты. "Гарбата — гэта святое.Толькi асцярожна, а то мяне звычайна аблiваюць", — просiць Марыя Канстанцiнаўна. Мы дапiваем, i яна расказвае пра сваю сям’ю: "Сын у мяне вельмi харошы, ды i ўнукi таксама, нiколi не думала, што яны будуць такiмi". На пытанне, чаму тады яна тут, Марыя Канстанцiнаўна адказвае, што няма каму яе глядзець: усе працуюць. Аналагiчная сiтуацыя i ў яе суседкi Маi Пятроўны. Яе дачка на працы, а ўнучка ва ўнiверсiтэце зранку да вечара. "Цэлы дзень я адна, а я ж падняцца не магу, нешта прынесцi, за сабой сачыць. Пакуль што паесцi сама магу, але боль страшны: рукi, ногi, галава. З-за мяне мая дачка ў водпуску некалькi гадоў не была, зараз я настаяла, каб яны паехалi адпачываць на Чорнае мора, а мяне сюды. Пабуду тут з месяц, а пасля, можа, забяруць мяне ненадоўга дамоў", — кажа Мая Пятроўна. Суседка Маi Пятроўны i Марыi Канстанцiнаўны бабуля Клава жыве ў асобным пакоi з тэлевiзарам i радыё. Яна не ходзiць, дрэнна рухае рукамi i гаворыць. Перад вячэрай молiцца i хрысцiць ежу. "Невядома, хто яе гатаваў", — адказвае на мой запытальны позiрк бабуля. Дачка яе выйшла замуж у Германiю, сын — у Карагандзе. Паехаць да дзяцей ёй няма як. Дачка не мае грамадзянства, а сын i не прапаноўваў. Дзяцей у дачкi пакуль што няма. "Каб не я, то даўно ўжо былi б. Замiнаю ёй: матаецца да мяне сюды, — кажа бабуля. — Ды я i памерла б ужо, а неяк не хочацца па-д’ябальску, самагубствам". Святлана, дачка бабулi Клавы, па словах санiтаркi Ванды, "разрываецца памiж Беларуссю i Германiяй". "Я ёй кажу, уладкоўвай сваё жыццё, — гаворыць Ванда. — Мацi ўсё роўна не забярэш, ды i дзе яна там яе глядзець будзе. У аднапакаёвай кватэры?" Пасля я мыю падлогу ў пакоях i адначасова знаёмлюся з жыльцамi "левага" крыла. У адным з пакояў бабуля падымае сваю нехадзячую суседку са словамi: "Пайшлi дамоў, а то цёмна будзе". — "Не чапай мяне за гэтую руку, балiць", — плача тая. — "Ды як жа гэта, рука ж не перастане, а калi мы пойдзем? Начавацьма тут?" — пераконвае яе бабуля. Я не вытрымлiваю: "Куды ж вы пойдзеце?" — "А вы iдзiце адсюль, не перашкаджайце, мы вунь туды, — бабуля паказвае на балкон. — Уставай, табе кажу", — яна сiлiцца падняць нямоглую суседку, але не хапае моцы. "Давайце, вы заўтра пойдзеце, — угаворваю я. — Пераначуеце тут i пойдзеце". Мякка кладу нямоглую бабулю на ложак i накрываю коўдрай. Ваяўнiчасць i рашучасць другой знiклi, яна цiха прысела на ложак i толькi здзiўлена паўтарала: "А як жа цёмна дахаты? А што начавацьма тут?" Бабулi Янi 94-ты год. "З 15-га года я. З Вiцебскай вобласцi родам. Шмат давялося пабачыць: i пад немцамi былi, i пад бальшавiкамi. Вайну перажыла, як яўрэяў палiлi — бачыла..." — яна расказвае пра сваё жыццё i з жалем у канцы распавядае пра тое, што нiкога ўжо ў яе не засталося, сёстры i браты памерлi. "Дачку два гады таму як пахавалi, дык зяць мяне сюды здаў, — голас бабулi дрыжыць. — "А каму я патрэбная, я ж уся балючая, парэзаная. Сцягно зламала — дык жалезнае ўставiлi, руку зламала — штыр жалезны паставiлi, у калене пласцiна — нага не гнецца, сляпая, не бачу нiчога..." — Унучка мая за перакладчыка пайшла. "Іняз" скончыла, — усмiхаецца бабуля. — Але вось не заходзiць нешта... — I мяне ўнукi не наведваюць, — плача бабуля Ада. — I жывуць жа ў Мiнску, на Жудро... — Здалi i забылi, — каментуе санiтарка Ванда. — Прыходзяць часам, праўда, праверыць. Бабулю толькi прывезлi ды пенсiя не iшла (яна звычайна праз месяц прыходзiць). А ўнук яе прыйшоў даведацца, дзе пенсiя. Ён бабулi печыва прынёс, а суседкi яе сляпыя, як пачулi пра печыва, думалi, што кармiць прыйшлi, ды сталi прасiць, маўляў, i нам. Той жа па дырэктара i ў палату яго вядзе: "Як вы сваiх пацыентаў кормiце, што яны есцi просяць? Ды я на вас у суд падам!" Дырэктар (яшчэ старая была) i разгубiлася. Была якраз мая змена. I я не вытрымала. Дык, кажу, тады i мы на вас у суд падамо за тое, што бабулю збiвалi. А яна насамрэч уся ў сiняках была ды жалiлася, што як дачка памерла, зяць бiцца стаў. Ты, кажу, паглядзi, якая бабуля чысценькая, i запытайся ў яе, цi яна есцi хоча. Унук да бабулi, а тая: ды я толькi першае альбо другое з’ядаю, рэдка калi больш. Хлапец вылецеў як кiпенем аблiты. З тае пары i не заходзiў. Яшчэ адзiн прыходзiў i скардзiўся, што бабулi горш стала. Раней, маўляў, яна падымалася, а цяпер ляжыць. Калi сышоў, я бабулi расказала, што ён скардзiўся (яна не чула размовы). Дык тая ў слёзы: "Вось, — кажа, — я тут, а ён у маёй трохпакаёвай кватэры жыве". Ужо дамываючы падлогу, я пачула ўрыўкi размоў з адчыненых дзвярэй пакояў. "I колькi жыць можна, ды i нашто? Дзеля каго? Хутчэй бы памерцi..." — жалiлася бабуля Марыя. "Не дай Бог мучыцца да ста год..." — гаварыла бабуля Яня. "Калi ўжо ўсё гэта скончыцца?" — запытвала Мая Пятроўна. "На ўсё воля Божая", — заключыла Марыя Канстанцiнаўна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валанцёрам у доме састарэлых працавала наш карэспандэнт Настасся Занько |
|