Хацелi быць першымi выпускнiкамi, але...
Хацелi быць першымi выпускнiкамi, але...
Карэспандэнт высвятляў сітуацыю "Звязда" атрымала лiст ад бацькоў студэнтаў 1-га курса Вiцебскай дзяржаўнай акадэмii ветэрынарнай медыцыны, якiя атрымлiваюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцi ветэрынарная медыцына. "Сутнасць нашай праблемы ў тым, што летась пры правядзеннi ўступнай кампанii на сайце акадэмii i ў СМI была змешчана iнфармацыя аб тым, што плануецца адкрыццё факультэта ветэрынарна-санiтарнай экспертызы. Гэтую iнфармацыю агучвалi i работнiкi акадэмii (члены прыёмнай камiсii) пры прыёме дакументаў. Прычым падрабязна гаварылася аб тым, дзе будуць працаваць будучыя ветэрынарна-санiтарныя ўрачы. У час вучобы выкладчыкi iнфармавалi студэнтаў аб тым, што яны будуць першымi выпускнiкамi новага факультэта, i ў другiм семестры будуць збiраць заявы ад студэнтаў на новы факультэт. Iшла гаворка аб здачы дадаткова пяцi iспытаў. Потым размовы спынiлiся. I нарэшце ў лiпенi з тэлефоннай размовы з дэканам факультэта ветэрынарнай медыцыны мы даведалiся, што трапiць на новы факультэт у студэнтаў 1-га курса няма нiякiх магчымасцяў. Паколькi трэба даздаваць 7 — 10 экзаменаў. Тры месяцы таму было прынятае рашэнне зверху (?), якое забараняе набiраць 2-гi курс. I за тое, што адбывалася падчас уступнай кампанii 2007 года, дэкан адказнасцi не нясе, паколькi ён новы чалавек. Узнiкаюць пытаннi да тых, хто "зверху", на якiя хочацца атрымаць адказ праз вашу газету. Чаму падчас уступнай кампанii 2007 года была выкарыстана iнфармацыя, якая не датычылася абiтурыентаў 2007 года? Гэта адыграла сваю ролю (ёсць рознiца памiж ветэрынарным урачом i ветэрынарна-санiтарным урачом): прахадны бал на гэтую спецыяльнасць на бюджэтную форму навучання быў 292. Не кожная ВНУ магла пахвалiцца такiмi падрыхтаванымi абiтурыентамi. Чаму, калi рашэнне было прынятае тры месяцы таму, аб iм своечасова не былi iнфармаваныя студэнты? У iх (некаторых з iх) была яшчэ магчымасць выкарыстаць шанц удзельнiчаць ва ўступнай кампанii 2008 года, каб трапiць на тую спецыяльнасць, якую яны выбiралi. Чаму б кiраўнiцтву акадэмii не вырашыць праблему ў iнтарэсах нашых дзяцей? А праблема ёсць: спецыяльна цi не, але абiтурыенты 2007 года былi ўведзены ў зман, быў выкарыстаны не зусiм прыгожы прыём прыцягнення абiтурыентаў у сваю ВНУ рэкламай факультэта, адкрыццё якога на той момант не было вырашана. Дапамажыце, калi ласка! Гэта праблема не 2—3 дзяцей, а ў дзесяткi разоў больш". Вось такая скарга. Па каментарый вiцебскi карэспандэнт "Звязды" звярнуўся да кiраўнiцтва ВНУ. Першы прарэктар, доктар ветэрынарных навук, прафесар Расцiслаў Кузьмiч пастараўся падрабязна растлумачыць сiтуацыю. — Цяпер на 400 мясакамбiнатах i iншых перапрацоўчых прадпрыемствах кантроль за якасцю прадуктаў ажыццяўляюць больш за 800 урачоў ветэрынарнай медыцыны. Практычна ўсе яны — выпускнiкi Вiцебскай ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўнай акадэмii ветэрынарнай медыцыны (да 1994 года Вiцебскага ветэрынарнага iнстытута), — расказвае прафесар. — З мэтай паляпшэння падрыхтоўкi спецыялiстаў па забеспячэннi вытворчасцi якаснага малака, мяса i iншых прадуктаў харчавання ў акадэмii з 1995 года ўведзена спецыялiзацыя па ветэрынарна-санiтарнай экспертызе. У 2006 годзе пачата перападрыхтоўка ветэрынарных урачоў па ветэрынарна-санiтарнай экспертызе. Навучанне ажыццяўляецца на працягу двух гадоў з выдачай па заканчэннi адпаведнага дыплома дзяржаўнага ўзору. Для перапрацоўчых прадпрыемстваў, лабараторый i iншых устаноў, якiя забяспечваюць якасць прадуктаў, ужо падрыхтаваны больш за 200 спецыялiстаў. Вопыт навучання, работы на вытворчасцi ва ўмовах павялiчаных патрабаванняў да прадуктаў пры iх экспарце паказаў, што патрабуецца ўдасканальванне адукацыйнай дзейнасцi ў гэтым накiрунку. Узнiкла неабходнасць падрыхтоўкi ўрачоў па новай спецыяльнасцi — "ветэрынарная санiтарыя i экспертыза" з прысваеннем выпускнiкам квалiфiкацыi "ветэрынарна-санiтарны ўрач". Гэтая спецыяльнасць адкрыта ў акадэмii сёлета. Для гэтага быў распрацаваны i зацверджаны новы адукацыйны стандарт, якi ўведзены пастановай Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь у маi 2008 года. Ён адлюстроўвае ўсе неабходныя сучасныя патрабаваннi да падрыхтоўкi спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй, устанаўлiвае мэты i задачы прафесiйнай дзейнасцi ветэрынарна-санiтарнага ўрача ў iнтарэсах дзяржавы. Пры гэтым новы стандарт значна адрознiваецца ад ранейшага, паколькi той быў арыентаваны выключна на падрыхтоўку спецыялiстаў па лячэннi жывёлы. У стандарце прынцыпова змянiлiся колькасныя суадносiны вучэбных дысцыплiн. Упершыню ў вучэбныя планы ўключаны такiя прадметы, як санiтарная мiкрабiялогiя, вытворчы ветэрынарна-санiтарны кантроль, дзяржаўны санiтарны нагляд i iншыя. Гэта дазволiць даць выпускнiкам неабходныя веды па кантролi за якасцю прадуктаў харчавання... Адкрыццё новай спецыяльнасцi i далейшае развiццё перападрыхтоўкi ўрачоў ветэрынарнай медыцыны ў галiне забеспячэння якасцi харчавання будзе ўдакладняцца ў некалькiх накiрунках. Праз 2 — 3 гады плануецца стварэнне самастойнага факультэта. Тэрмiны яго адкрыцця залежаць ад колькасцi студэнтаў, наяўнасцi неабходнай матэрыяльна-тэхнiчнай базы i навукова-метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу. У акадэмii ўжо адкрыта лабараторыя манiторынгу якасцi прадуктаў харчавання. Цяпер яна аснашчаецца самым сучасным, у многiм унiкальным абсталяваннем i прыборамi, кошт якiх складае каля двух мiльярдаў рублёў... На першы курс акадэмii па спецыяльнасцi ветэрынарная санiтарыя i экспертыза ў 2008 годзе прыняты 74 студэнты, з якiх 49 — на платнай аснове. Колькасць тых, хто паступае ў наступныя гады, будзе ўзрастаць. Разам з тым да сваёй непасрэднай прафесiйнай дзейнасцi першыя ветэрынарна-санiтарныя ўрачы прыступяць не раней чым у 2012 годзе. Да гэтага года перапрацоўчыя i сельскагаспадарчыя прадпрыемствы будуць камплектавацца таксама выпускнiкамi акадэмii, якiя навучаюцца на 2—5 курсах па спецыяльнасцi "ветэрынарная медыцына" са спецыялiзацыяй ветэрынарна-санiтарная экспертыза. Iх зараз вучыцца ў акадэмii каля 200 чалавек. Перавесцi iх на новую спецыяльнасць няма магчымасцi, паколькi гэта не прадугледжана нарматыўнымi дакументамi вышэйшай школы. Таксама неабходна адзначыць, што нават на 1-м курсе дысцыплiны, якiя вывучаюцца, па спецыялiзацыi "ветэрынарная медыцына" i "ветэрынарная санiтарыя i экспертыза" значна адрознiваюцца. Маецца вялiкая рознiца ў аб’ёме вывучаемых прадметаў. Так, напрыклад, па хiмii ён складае не менш за 50 гадзiн, па асновах жывёлагадоўлi — больш за 60... У блiжэйшыя гады кантроль за якасцю i бяспекай прадукцыi жывёльнага паходжання маюць права i будуць ажыццяўляць спецыялiсты, якiя атрымаюць дыплом урача ветэрынарнай медыцыны. Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязда" атрымала лiст ад бацькоў студэнтаў 1-га курса Вiцебскай дзяржаўнай акадэмii ветэрынарнай медыцыны, якiя атрымлiваюць вышэйшую адука
|
|