Пад песні дажджу
Пад песні дажджу
...у прамым i пераносным сэнсе прайшоў мiжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце. У прамым, таму што такога надвор’я, як сёлета, аўтар гэтых радкоў на фестывальным тыднi не памятае. Звычайна фэст сустракаў сваiх удзельнiкаў лагоднай берасцейскай восенню. А цяпер сярэдзiна верасня аказалася шчодрай толькi на дождж i холад. Ну а ў пераносным — таму што фурор выклiкаў спектакль "Песнi дажджу" тэатра пластычнай драмы "ЧалаВЕК" iмя Нэлi Дугар-Жабан з С.-Пецярбурга. Спектакль рэжысёра Ігара Грыгуркi атрымаў дыплом I ступенi фестывалю. У кулуарах да апошняга моманту хадзiлi чуткi, што менавiта гэта работа забярэ галоўную ўзнагароду фэсту. Але ж трэба зразумець i журы, iм сапраўды цяжка было судзiць такiя рознажанравыя паказы. Пластычныя, вулiчныя, лялечныя, драматычныя спектаклi належала прывесцi да адной роўнiцы. У рэшце рэшт не важна, якую ўзнагароду прысудзiлi "Песням дажджу", важна, што спектакль стаў падзеяй "Вежы-2008". Такой грацыi i пластыкi, такога ўмення на мове цела перадаваць унутраныя перажываннi чалавека, танчэйшыя межы разнастайных адносiнаў мужчын i жанчын, бясконцасць iх, першапачатковае адзiнства чалавека з прыродай у нас яшчэ не бачылi. Спектакль без слоў глядзiцца на адным дыханнi. Гадзiна праходзiць незаўважна. Гран-пры трынаццатай "Вежы" павёз у Казань Татарскi дзяржаўны акадэмiчны тэатр за пастаноўку "Чорная бурка". Героi п’есы Пастух, Сабака, Воўк, Заяц, Крумкач сабралi ў сабе ўсе рысы нашага сучаснiка — носьбiта ўсялякiх кампрамiсаў, агрэсii, страху, але i гонару, годнасцi таксама. "Чорная бурка" — фiласофская прыпавесць аб доўгу i гонары, каханнi i здрадзе. Падчас атрымання ўзнагароды ўдзельнiкi спектакля расказалi, што праца прысвечана iх любiмаму настаўнiку, стваральнiку тэатра, якога ўжо няма з iмi. Можа яшчэ i таму так самааддана iгралi акцёры. Дарэчы, дыплом "За лепшую мужчынскую ролю" атрымаў артыст гэтага ж тэатра Iскандэр Хайрулiн за ролю Тузара. Узнагародай "За лепшую жаночую ролю" адзначана Таццяна Сцяпанчанка за ролю Iзэ ў спектаклi "Паўдзённы раздзел" Цэнтра драматургii i рэжысуры з Масквы. Некалькi адзнак фестывалю атрымалi i беларускiя ўдзельнiкi праграмы фэсту. Спецыяльны прыз журы за плённае супрацоўнiцтва нацыянальных тэатральных культур атрымаў спектакль "Макбет" Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы, пастаўлены Альгiрдасам Латэнасам. Такую ж узнагароду атрымаў мастак Брэсцкага тэатра драмы i музыкi Вiктар Лесiн за лепшую сцэнаграфiю ў спектаклi "Злачынства i кара". Спецыяльны дыплом за дзёрзкi творчы пошук у спектаклi "Ах, Галiвуд, Галiвуд, Галiвуд!!!" атрымаў Тэатр-студыя iмя Яўгена Мiровiча з Мiнска. Такi ж дыплом за пошук мовы пластыкi прысуджаны пастаноўцы "Зiма", "Дэ-Рэ", "Мухi на сонцы" Тэатра сучаснай харэаграфii з Мiнска. Трынаццаты фестываль, якi сабраў 28 творчых калектываў з 15 краiн свету, перадаў сваю эстафету чатырнаццатаму. Сёлета, паводле iнфармацыi арганiзатараў фэсту, спектаклi наведалi каля 19 тысяч чалавек. Асноўную частку нашага гледача старшыня журы галоўны рэдактар расiйскага часопiса "Тэатральнае жыццё" Алег Пiвавараў назваў "таленавiтай публiкай". Паводле яго назiранняў, ва ўспрыманнi нават складанейшых iнтэлектуальных, фiласофскiх спектакляў на тварах людзей было разуменне, або iмкненне да разумення. I што асаблiва ўразiла мэтра, усё сказанае характэрна i для самай маладой часткi аўдыторыi, што асаблiва абнадзейвае. Не першы раз даводзiцца чуць ад знакамiтых замежных тэатразнаўцаў, што брэсцкi глядач мае выхаваны густ, ён падрыхтаваны i крышачку таленавiты. Мусiць яно так i ёсць. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
у прамым i пераносным сэнсе прайшоў мiжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце. У прамым, таму што такога надвор’я, як сёлета, аў
|
|