"Аляксандр Маслякоў і кампанiя" перабiраюцца ў Беларусь
"Аляксандр Маслякоў і кампанiя" перабiраюцца ў Беларусь
Смешна сказаць
З наступнага года ў Мiнску будзе здымацца Першая лiга КВЗ У студзенi менавiта ў беларускай сталiцы стартуе Першая лiга КВЗ, трэцяя па значнасцi пасля Вышэйшай i Прэм’ер-лiгi. З падрабязнасцяў вядома толькi, што ўсе гульнi будуць праходзiць у Мiнску i паказвацца на канале АНТ, весцi гульнi будзе Аляксандр Маслякоў-малодшы, а адным з рэдактараў стане Леанiд Купрыда — выхадзец з колiшняй каманды КВЗ БДУ. Што да ўдзельнiкаў, то сярод iх будуць не толькi нашы суайчыннiкi, але менавiта для iх гэта дадатковы шанц паказацца шырокай публiцы. Якраз таму Першая лiга традыцыйна "мiгрыруе" з месца на месца — то яна iшла ў Казанi, то ў Варонежы, то ў Санкт-Пецярбургу, то ў Цюменi, цяпер завяршае працу ў Нiжнiм Ноўгарадзе i рыхтуецца да пераезду ў Мiнск... Курыраваць працэс, дый увогуле прадстаўляць усе iнтарэсы Мiжнароднага саюза КВЗ у нашай краiне будзе наваствораная даччынае аб’яднанне "АМiК Беларусь". Падобныя структуры ўжо дзейнiчаюць, напрыклад, у Лiтве i ва Украiне, але для нас гэта ў навiнку. Магчыма таму прыезду ў Мiнск нязменнага вядучага КВЗ Аляксандра Маслякова (старэйшага) з такiм нецярпеннем чакалi i гледачы, i беларускiя каманды КВЗ. Першыя радавалiся магчымасцi ўбачыць паўфiнал Вышэйшай лiгi з удзелам камандаў "Фёдар Дзвiняцiн", "СОК", "Максiмум", "Байкал" раней за тэлетрансляцыю, другiя спадзявалiся, што будзе нарэшце пастаўленая кропка ў зацяжным канфлiкце "беларуская Еўралiга — АмiК", або Мукавозчык — Маслякоў, калi хочаце. Нагадаем, у студзенi гэтага года на фестывалi КВЗ у Сочы прагучала аб’ява: "Еўралiга" (а менавiта праз яе многiя каманды атрымлiвалi пуцёўкi ў лiгi рангам вышэй) на год адпраўляецца ў акадэмiчны адпачынак, г.зн. не ўлiчваецца ў структуры Мiжнароднага саюза КВЗ. Беларусы адрэагавалi на заяву адназначна: "Нас закрылi!". А цяпер вось гучыць новая аб’ява, што ў Мiнску будзе дзейнiчаць iншая лiга КВЗ. <І>— Аляксандр Васiльевiч, цi значыць гэта, што Першая лiга заменiць Еўралiгу, i тая закрыецца? — звярнулiся мы па каментарый да першай асобы ў КВЗ. — Не. Тое, што мы гаварылi ў Сочы — адправiць Еўралiгу ў акадэмiчны адпачынак, — адбылося з-за таго, вiдаць, што лiга працавала пад нашым чулым кiраўнiцтвам, але з часам яно аслабла, i ў лiзе сталi адбывацца рэчы, якiя, па водгуках гуляючых там камандаў, iм не падабалiся. А калi iм не падабаецца — што ж мы, трэба рэагаваць... Словам, мы кiраўнiцтва з лiгi на год як мiнiмум знялi, але гэта не значыць, што мы яе закрылi. Беларусь — свабодная дзяржава, i няхай тут кожны гуляе ў што хоча i дзе захоча. — Аднак шлях у Вышэйшую лiгу для беларусаў цяпер будзе толькi праз "АМiК Беларусь" i Першую лiгу? — Чаму ж, iснуе вельмi многа лiг, я нават не ведаю цяпер iх дакладную колькасць, але галоўнае, што кожны студзень у Сочы збiраецца больш як 500 камандаў КВЗ, i там вызначаецца, хто ў якой лiзе гуляе. Каб мы не глядзелi на гэтыя каманды як на зусiм чужых людзей, каб ведалi хоць частку з iх, iснуюць такiя структуры, нават не афiцыйныя. Адкрыццё Першай лiгi ў Мiнску — гэта проста дадатковая магчымасць большай колькасцi людзей згуляць у любiмую гульню, i потым рухацца да ззяючых вяршыняў КВЗ. Прычым гэта датычыцца не толькi беларускiх камандаў — гэта лiга адкрытая, натуральна, тут будуць i расiйскiя каманды, i ўвогуле ўсе, хто захоча прыехаць. — У Беларусi з наступнага года будзе цэлыя дзве амiкаўскiя лiгi, — дадае дырэктар Тэлевiзiйнага творчага аб’яднання "АМiК" Навум Баруля, — Першая i мiжрэгiянальная лiга "Палессе", якая працуе ў Гомелi. У абедзве можна трапiць, прыехаўшы на фестываль у Сочы, i мець абсалютна роўныя правы з усiмi iншымi камандамi. Каманда можа выказаць i iншыя пажаданнi — "Прынцып БДУ", напрыклад, захацела гуляць у Кiеве, ёй далi такую магчымасць. Але не трэба чакаць ад "АМiК" каманды, дзе гуляць, а дзе не гуляць. Гуляць можна, дзе хочацца. — Чаго варта чакаць ад гульняў Першай лiгi — можа, з’явяцца новыя конкурсы цi будуць адроджаныя падзабытыя старыя? — Шчыра скажу, усе конкурсы крыху забытыя, няма нiчога абсалютна новага. Вось кiраўнiк цяперашняга беларускага КВЗ спрабуе даказаць навакольным, што ён прыдумаў КВЗ у Беларусi (гэта дзiўна чуць), што некаторыя конкурсы вынайшлi толькi ў Еўралiзе... "Бiятлон", напрыклад. А я вам магу расказаць тое, што нiхто, пэўна, акрамя мяне, не памятае i не ведае — у 70-я гады быў конкурс "Чуткi", толькi гульцы стаялi не за стойкамi, а высоўвалiся ў акенцы i гаварылi жарты. Тое ж самае. Альбо конкурс агучвання кiно, вiдэафрагментаў — гэта таксама было яшчэ ў 70-я... Калi гуляюць добрыя каманды, ты забываешся на тое, стары конкурс цi новы. Але свежыя iдэi таксама з’яўляюцца пастаянна — i з Беларусi, i з Украiны, i з ЗША, i з Аўстралii, з усiх краiн, дзе мы бываем. Дарэчы, сярод беларускiх камандаў, паводле ацэнак маскоўскага "АМiК", даволi многа перспектыўных. Хвалiлi, у прыватнасцi, "Прынцып БДУ", "Опять 25" з Гомеля, "Гораздо" з Брэста... А наконт каманды КВЗ БДУ Аляксандр Маслякоў заўважыў, што гэта была "адна з пяцi самых любiмым маiх камандаў". Праўда, у цяперашнi час былыя гульцы разышлiся хто ў пабочныя тэлепраекты, хто ў сцэнарысты серыялаў. "Людзi iмкнуцца зарабляць "бабло", — пракаментаваў творчасць колiшнiх падапечных прэзiдэнт МС КВЗ, вiдаць, забыўшыся, што афiцыйныя гастролi камандаў КВЗ, у тым лiку паўфiнальная гульня, паказаная ў Мiнску 19 кастрычнiка — таксама не дабрачыннасць... Так цi iнакш, адказы на некаторыя пытаннi i гледачы, i каманды КВЗ атрымалi. Цi былi iмi задаволеныя — iншая справа. Нам застаецца толькi прымянiць фармулёўку "пажывём — пабачым". Паўфiнал Вышэйшай лiгi пабачым ужо 24 кастрычнiка, старт Першай лiгi — у наступным годзе, а беларускi КВЗ, тую самую закiнутую Еўралiгу — увесь год на iншым тэлеканале. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У студзенi менавiта ў беларускай сталiцы стартуе Першая лiга КВЗ, трэцяя па значнасцi пасля Вышэйшай i Прэм’ер-лiгi. З падрабязнасцяў вядома толькi, ш
|
|