21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Неналежнае вядзенне Кнігi заўваг i прапаноў цягне фiнансавую адказнасць

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Неналежнае вядзенне Кнігi заўваг i прапаноў цягне фiнансавую адказнасць

Чытачка "Звязды" звярнулася ў газету па параду. Маўляў, вы шмат пiшаце пра абарону спажыўцоў, даяце афiцыйныя каментарыi i тлумачэннi, дапамажыце аднавiць справядлiвасць i мне. Мяркуем, што ў падобнай сiтуацыi аказвалiся многiя з нас, у прыватнасцi, сутыкалiся з хамствам прадаўцоў, але далёка не ўсе ведаюць, як паставiць на месца работнiка гандлёвага прылаўка. І пра Кнiгу заўваг i прапаноў чулi, напэўна, ўсе. Праўда, максiмум, на што нас хапае, гэта пакiнуць свой гнеўны водгук на прапанаваны "сэрвiс". I ўсё. Далей эмоцыi пакрысе адыходзяць на другi план, мы не хочам працягваць канфлiкт, каб не псаваць сабе нервы. Магчыма, Кнiга заўваг i прапаноў не такi ўжо эфектыўны iнструмент?

Аднак аб усiм па парадку. Нядаўна наша заяўнiца наведвала сваякоў у Чэрвеньскiм раёне. Зайшоўшы ў пасёлку ў магазiн, вырашыла набыць кiлаграм пячонкi. Прадавец, не выходзячы з-за прылаўка, прапанавала жанчыне самой дастаць мяса з халадзiльнiка. Мiж iншым, выканаць гэту нескладаную аперацыю ў пакупнiцы не атрымалася: чатыры пакеты з пячонкай змерзлiся памiж сабой, таму яна прапанавала раздзялiць пакеты прадаўцу. У той таксама нiчога не атрымалася i яна, зноў не выходзячы з-за прылаўка, кiнула пакеты пакупнiцы са словамi: "Пакладзiце на месца". I тут жа пачала абслугоўваць iншых пакупнiкоў з чаргi. На здзiўлены позiрк дадала:"Я што вам, аб падлогу iх буду разбiваць?!" Наша чытачка папрасiла Кнiгу заўваг i прапаноў, каб пакiнуць сваё меркаванне наконт манеры абслугоўвання i ўмоў захоўвання прадуктаў у гэтай краме. Прадаўца доўга прасiць не давялося, што крыху здзiвiла пакупнiцу, тая дастала кнiгу з-пад прылаўка са словамi: "Пiшыце, калi няма чаго рабiць. Лепш бы з мужам не сварылiся, каб не псаваць настрой iншым". Прагартаўшы Кнiгу, пакупнiца ўбачыла, што нi на адну скаргу няма рэагавання, таму папярэдзiла, што яна абавязкова вернецца ў магазiн, каб убачыць, якiя захады прынятыя па яе заўвазе. I зноў пачула ў адказ хамства. "Дзiўна, звычайна прадаўцы сябе так не паводзяць. Напэўна, у гэтай краме нiчога не баяцца, але чаму?" — прыкладна так яна разважала, пакуль пiсала заўвагу. Пагартала Кнiгу яшчэ раз, паглядзела, на што скардзiлiся iншыя пакупнiкi. Хтосьцi абураўся, што ў купленай рыбе знайшоў цвiль i чарвякоў. Хтосьцi набыў пратэрмiнаванае малако. Адзiн пакупнiк скардзiўся, што магазiн закрываецца раней за час, указаны ў графiку яго работы. I нiякага рэагавання побач. I тут яна заўважыла, што Кнiга была выдадзена на iмя iндывiдуальнага прадпрымальнiка чатыры гады таму, але ў сакавiку 2008 года iндывiдуальны прадпрымальнiк перааформiў свой бiзнэс у прыватнае ўнiтарнае прадпрыемства. Нумары лiцэнзii на Кнiзе заўваг i прапаноў i на лiцэнзiйным пасведчаннi, якое вiсела на сцяне магазiна, не супадалi. Прасцей кажучы, гаспадары магазiна падсоўвалi пакупнiкам "фiлькiну грамату", несапраўдны дакумент, таму нiчога i не баялiся. I толькi на просьбу даць новую Кнiгу заўваг i прапаноў развялi рукамi, маўляў, мы яшчэ не паспелi яе атрымаць. "Няўжо прыватнае гандлёва-вытворчае ўнiтарнае прадпрыемства можа працаваць паўгода без гэтага дакумента? — цiкавiла нашу пакупнiцу. — Якiя дзяржаўныя органы павiнны ажыццяўляць кантроль за вядзеннем Кнiгi? Калi гаспадар магазiна iгнаруе ўсе скаргi, што пакiдаюць у Кнiзе заўваг i прапаноў пакупнiкi, куды можна на яго паскардзiцца? Цi павiнна ў Кнiзе прысутнiчаць "рука" кантралюючага органа? Нават у тым дакуменце, якi падсунулi пакупнiку, не было нiводнага рэагавання. Як пакупнiку пераканацца, што яго заўвагу бачыў не толькi ўласнiк гандлёвага пункта? I што рабiць, калi табе адмаўляюць у выдачы Кнiгi?"

— У выкладзенай вашай чытачкай сiтуацыi прадавец павяла сябе зусiм некарэктна i парушыла заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў i многiя нашы ведамасныя загады, — паведамiла ў гутарцы з журналiстам "Звязды" кансультант упраўлення абароны правоў спажыўцоў i кантролю за рэкламай Мiнiстэрства гандлю Антанiна ПАЛЯКОВА. — Па-першае, прадавец не мае права адмаўляць спажыўцу ў продажы тавару. Акрамя таго, згодна з Правiламi ажыццяўлення рознiчнага гандлю асобнымi вiдамi тавараў i грамадскага харчавання, зацверджанымi пастановай Савета Мiнiстраў ад 7 красавiка 2004 года № 384, прадавец абавязаны да паступлення тавару ў гандлёвую залу цi iншае месца продажу правесцi праверку якасцi тавару па знешнiх прыкметах. Тавар неналежнага таварнага выгляду (у дадзеным выпадку гэта некалькi пакетаў, якiя змерзлiся памiж сабой) не павiнен знаходзiцца ў продажы.

Да таго ж, згодна з Правiламi гандлю, пакупнiкi павiнны абслугоўвацца ў вызначаны час работы прадаўца. Забараняецца спыняць доступ пакупнiкоў у гандлёвую залу ў сувязi з наблiжэннем абедзеннага перапынку альбо заканчэннем часу работы прадаўца. За 10 хвiлiн да заканчэння часу работы прадавец можа папярэдзiць пакупнiкоў аб тым, што час работы заканчваецца i абслугоўванне пакупнiкоў спыняецца. Пры закрыццi на абедзенны перапынак i ў канцы працоўнага дня каса спыняе сваю работу ў дакладнай адпаведнасцi з вызначаным рэжымам работы прадаўца. Усе пакупнiкi, якiя маюць на руках касавыя i таварныя чэкi, павiнны быць абслужаны.

Па-другое, загадам Мiнiстэрства гандлю "Аб правiлах паводзiнаў прадаўца" ўстаноўлены правiлы прафесiйнай этыкi прадаўца пры выкананнi iх прафесiйных абавязкаў. Згодна з правiламi, прадавец абавязаны ветлiва абслугоўваць пакупнiкоў, не ўступаць з iмi ў спрэчкi, не адцягваць увагу ад выканання сваiх абавязкаў, прапаноўваць i паказваць пакупнiкам тавар, аказваць спажыўцу дапамогу ў ажыццяўленнi выбару. У выпадку ўзнiкнення канфлiкту з пакупнiком запрасiць кiраўнiка (адмiнiстрацыю) гандлёвага аб’екта. Прадавец не мае права абслугоўваць пакупнiкоў седзячы, прымаць ежу, курыць, чытаць, весцi прыватныя размовы ў час работы.

Цяпер непасрэдна пра эфектыўнасць Кнiгi заўваг i прапаноў. Якiя наступствы для прадаўца цягнуць пакiнутыя запiсы ў Кнiзе? Кнiга заўваг i прапаноў была ўведзена Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 студзеня 2005 года № 2 "Аб удасканаленнi работы з насельнiцтвам" i з’яўляецца дакументам адзiнага ўзору, выдаецца i рэгiструецца ў падатковым органе па месцы пастаноўкi на ўлiк арганiзацыi цi iндывiдуальнага прадпрымальнiка. Кнiга павiнна быць у кожным гандлёвым аб’екце цi гандлёвым пункце без выключэння, нават калi гандлёвая арганiзацыя мае адасобленыя падраздзяленнi, а таксама ва ўсiх месцах рэалiзацыi iндывiдуальным прадпрымальнiкам тавараў.

Кнiга павiнна знаходзiцца ў даступным для пакупнiка месцы. Адсутнасць Кнiгi заўваг i прапаноў з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Кiраўнiкi арганiзацыi i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi нясуць персанальную адказнасць за неналежную работу з заўвагамi i прапановамi грамадзян, выкладзенымi ў Кнiзе.

Грамадзяне маюць права абскардзiць ва ўстаноўленым парадку адмову ў прадастаўленнi Кнiгi, а таксама ў разглядзе выкладзеных у Кнiзе заўваг i прапаноў у вышэйшыя iнстанцыi (у дадзеным выпадку гэта выканкам па месцы знаходжання гандлёвай арганiзацыi), паведамiць аб парушэннях заканадаўства ў падатковую iнспекцыю цi ў орган, якi выдаў лiцэнзiйнае пасведчанне, або звярнуцца ў суд.

Кнiга заўваг i прапаноў з’яўляецца, на мой погляд, самым дзейсным спосабам барацьбы з нядобрасумленным прадаўцом. Кожны кантралюючы орган пачынае сваю праверку гандлёвага аб’екта з вывучэння менавiта гэтага дакумента. У выпадку выяўлення парушэнняў упаўнаважаныя службовыя асобы Камiтэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў, пракуратуры фiксуюць факт парушэння ў пратаколе аб адмiнiстрацыйных парушэннях i акце праверкi. Незахаванне кiраўнiком арганiзацыi цi ўпаўнаважанай асобай, адказнай за вядзенне Кнiгi, або iндывiдуальным прадпрымальнiкам патрабаванняў Дэкрэта Прэзiдэнта цягне адмiнiстрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 10 базавых велiчынь. Далей кантралюючы орган уносiць адпаведныя звесткi ў Кнiгу. Iншыя кантралюючыя органы (за выключэннем ужо названых) фiксуюць факт парушэння ў акце праверкi i ўносяць звесткi ў Кнiгу.

Iнфармацыя аб накладаннi адмiнiстрацыйнага спагнання накiроўваецца ў лiцэнзуючы орган для прыняцця рашэння аб спыненнi дзеяння лiцэнзii. Лiцэнзуючы орган можа спыняць дзеянне лiцэнзii на тэрмiн да шасцi месяцаў у тым выпадку, калi супрацоўнiкi гандлёвага аб’екта тры i больш разоў на працягу каляндарнага года парушылi патрабаваннi заканадаўства пры вядзеннi Кнiгi.

— Хачу заўважыць, што прадаўцу забараняецца патрабаваць ад пакупнiка прад’яўлення дакументаў, якiя сведчаць яго асобу, або тлумачэння прычын, што выклiкалi неабходнасць унясення ў Кнiгу заўвагi або прапановы, — дадала Антанiна Палякова. — Адрэагаваць на выкладзеную ў Кнiзе заўвагу, якая не патрабуе дадатковага вывучэння i праверкi, прадавец абавязаны на працягу 15 дзён з адначасовым паведамленнем аб гэтым грамадзянiну. Адзнака аб накiраваным грамадзянiну адказе ўносiцца ў Кнiгу i яго копiя захоўваецца разам з кнiгай.

Надзея НIКАЛАЕВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чытачка "Звязды" звярнулася ў газету па параду. Маўляў, вы шмат пiшаце пра абарону спажыўцоў, даяце афiцыйныя каментарыi i тлумачэннi, дапам
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика