Павел НЯХАЙЧЫК: "Мы — першыя!"
Павел НЯХАЙЧЫК: "Мы — першыя!"
Сёння БАТЭ зноў прымае "Зенiт" Герой пiцерскага матча супраць "Зенiта" зорнай "хваробы" па ўсiх вiдавочных прыкметах пакуль што не мае. Хоць на вулiцы яго ўжо пазнаюць. "Нядаўна еду ў транспарце, да мяне падыходзiць малады чалавек", — расказвае Паша. "Вас выпадкова не Павел завуць?" — пытаецца. "Так", — адказваю. — "А выпадкова не Няхайчык?" — дапытвае далей юнак. Аказалася, балельшчык БАТЭ з Барысава. Пажадаў поспехаў i ўдалай гульнi ў наступных матчах. — У бацькоў на працы таксама рэгулярна пытаюцца пра поспехi БАТЭ, — працягвае Павел. — Ды i ўвогуле зараз нейкi футбольны бум у краiне. — Ваша датэрмiнова аформленае чэмпiёнства на гэтым фоне здаецца чаканай падзеяй... — Пасля гульнi з жодзiнскiм "Тарпеда" ў распранальнi выпiлi па традыцыйным келiху шампанскага. Усё ў норме, спакойна. А на наступны дзень заехалi на базу, правялi трэнiроўку i сталi рыхтавацца да "Зенiта". Не скажу, што перамагчы ў першынстве Беларусi было лёгка. Кожная каманда, гуляючы супраць нас, лiдара i чэмпiёна, рыхтуецца адмыслова. Можна весцi размову пра асаблiвы настрой, матывацыю. Таму "ўпаўнагi" нiкога не абыграеш. На кожны матч трэба выходзiць як супраць лiдара чэмпiянату i гуляць на поўную моц. — I адчуваецца гэта на футбольным полi — настрой супраць чэмпiёна? — Безумоўна, заўсёды адчуваецца, калi каманды змагаюцца з падвоенай энэргiяй, дэманструюць якасны футбол. — Для цябе гэты сезон таксама можна назваць адметным... — Сапраўды, дагэтуль гуляў у "дублi". I толькi пасля змены галоўнага трэнера, калi Вiктар Мiхайлавiч Ганчарэнка стаў ля "руля" каманды i пачаў давяраць мне — за што яму вялiкi дзякуй — я атрымаў месца ў асноўным складзе. Атрымлiваецца, менавiта ён даў мне магчымасць выйграць чэмпiёнства разам з камандай, даў мне шанц паспрабаваць, што такое Лiга чэмпiёнаў. Не ў кожнага футбалiста ў Беларусi гэта атрымлiваецца. — I калi ты зразумеў, што мара можа стаць рэальнасцю? — Нават на пачатку сезона не верылася. Хацелася пабольш затрымацца ў Лiзе чэмпiёнаў, выйсцi ў другi цi трэцi раўнд квалiфiкацыi, паўтарыць мiнулагоднi поспех. Але калi гэта здарылася... Цяжка перадаць адчуваннi, якiя апанавалi ў той час. Часам глядзiш загалоўкi матчаў — БАТЭ — "Зенiт", БАТЭ — "Рэал" i нават самому не верыцца, што зрабiлi такую вялiкую справу, падарылi свята не толькi сабе, але i людзям. — Як лiчыш, у якi футбол згуляе "Зенiт" у Мiнску? — У любым выпадку гульня будзе цалкам iншая. Таму што нiчога аднолькавага двойчы не здараецца. А якiм будзе матч, пабачым даволi хутка. — Пасля матча мiнулага тура чэмпiянату Расii "Зенiта" з "Хiмкамi" ("Зенiт" перамог 1:0) капiтан пiцерцаў Анатоль Цiмашчук сказаў, што гэта была добрая рэпетыцыя перад БАТЭ. Паважаць пачалi? — Вядома ж, калi гуляеш у Лiзе чэмпiёнаў i табе трапляюцца такiя каманды, гранды, у якiх на кожную пазiцыю па два, а то i па тры футбалiсты аднаго ўзроўню... — ... i кожны з iх лепей за нашага... — Не сказаў бы, што лепей, але калi ў iх такiя iмёны, такi выбар перад кожным матчам, тут i настрою асобага не патрэбна. Сам удзел у Лiзе чэмпiёнаў для нас — гэта адпаведная матывацыя. Таму дадатковых слоў не патрэбна. — Твой палец ля вуснаў пасля забiтага гола "Зенiту" — раней падрыхтаванае дзеянне цi iмправiзацыя? — Не, нiчога не рыхтаваў да матча. Проста калi забiў гол, былi такiя эмоцыi i адчуваннi. Знайшлiся людзi, якiя сказалi, што гэта "жэст Аршавiна", што я яго парадыраваў. Насамрэч такога не было. Дарэчы, не толькi Аршавiн так адзначае свае галы. — Праўда, што вы разлiчвалi як мiнiмум на нiчыю ў Санкт-Пецярбургу? — У любым выпадку, калi выходзiш на поле, то думкi толькi аб станоўчым вынiку. Таму што iначай няма сэнсу ўвогуле ўдзельнiчаць у матчы. А якi ўжо станоўчы вынiк — гэта для кожнай каманды размова асобная. Таму нiчыя з "Зенiтам" — добры вынiк. — Калi вы выходзiлi супраць "Рэала", размова iшла аб тым, каб проста паказаць добрую гульню... — Так. Дэбютны матч Лiгi чэмпiёнаў, проста незабыўныя адчуваннi. Нават не хваляванне, а чаканне нечага невядомага, таго, што знаходзiцца за мяжою фантастыкi. Таму вельмi добра, што першы матч правялi менавiта ў Мадрыдзе. "Рэал" паказаў нам, як гуляць у футбол, да чаго iсцi. Гэты матч даў шмат карыснага, пасля яго мы зрабiлi першыя высновы i пачалi неяк прагрэсаваць. — Зараз вы ведаеце сваiх сапернiкаў "у твар". Будзе лягчэй? — Гэтага нiхто не ведае. Стане лягчэй цi цяжэй, будзе залежаць i ад таго, якi расклад будзе ў групе, хто i з якiм настроем падыдзе да кожнага канкрэтнага матча. — Упершыню беларускi клуб будзе гуляць позняй восенню. Хопiць запасу моцы? — Ёсць небяспека, што сiлаў не хопiць. Гэта ж першы такi сезон для беларускага клуба. З iншага боку, лепей мора гульняў, чым iх не будзе ўвогуле. Таму няма чаго хвалявацца. А наконт таго, каму ў апошнiх сустрэчах нашага чэмпiянату выходзiць на поле, вырашаць кiраўнiцтву. Гульнявой практыкi хопiць усiм. У той жа час прахадных матчаў дакладна не будзе. Мы ўсё ж першыя i павiнны паказваць прыклад астатнiм. Юрась ШАЎЦОЎ. Віталь Радзiвонаў: "Чэмпiёнства адзначылi акуратна" Сёння ўвечары на мiнскiм стадыёне "Дынама" адбудзецца матч чацвёртага тура групавога раўнда Лiгi чэмпiёнаў памiж барысаўскiм БАТЭ i пiцерскiм "Зенiтам". Учора на прэс-канферэнцыi галоўны трэнер беларускага клуба Вiктар Ганчарэнка заявiў, што яго падапечныя з баявым настроем рыхтуюцца да матча. І настрой гэты быў прыўзняты нядаўна адметнай падзеяй — клуб заваяваў чарговы чэмпiёнскi тытул, выканаўшы задачу на сезон у нацыянальным першынстве i адпаведна зняўшы пытаннi выхаду ў самы прэстыжны еўрапейскi турнiр на наступны год. Адсутнасць цяжару адказнасцi за вынiк пойдзе камандзе на карысць, лiчыць галоўны трэнер. "На працягу ўсяго сезона неяк настройваць, дадаткова стымуляваць каманду мне не даводзiлася, i хочацца спадзявацца, што чэмпiёнства пойдзе на карысць i дадасць станоўчых эмоцый у заўтрашнiм матчы".Вiталь Радзiвонаў расказаў журналiстам, што гульцы адзначылi чэмпiёнства, але вельмi акуратна. I гэтыя абставiны не будуць мець негатыўных наступстваў на падрыхтоўцы да матча з "Зенiтам", такiя перамогi наадварот згуртоўваюць калектыў i адназначна iдуць на карысць, лiчыць нападаючы. Адсутнасць забiтых мячоў на групавым этапе Лiгi чэмпiёнаў хоць i засмучае футбалiста, аднак псiхалагiчна не напружвае. I форвард выказаў спадзяванне, што гэту непрыемнасць яму ўдасца выправiць у блiжэйшым матчы. Вiктар Ганчарэнка паведамiў, што пад пытаннем удзел у матчы абаронцы Аляксандра Валадзько, у якога траўма галёнкаступнi. Аднак футбалiст хутка аднаўляецца, i цалкам верагодна, што з’явiцца на полi. Гэтак жа магчымы ўдзел у матчах Лiгi чэмпiёнаў, якiя засталiся, раней траўмаванага Аляксандра Ермаковiча. "Трэба аддаць данiну яго жаданню, захапленню, з якiмi ён аднаўляецца i трэнiруецца. Гэта прафесiянал з вялiкай лiтары, i мне хочацца, каб ён згуляў у Лiзе чэмпiёнаў." А вось у легiянераў Iвана Пехi i Уладзiслава Мiрчава шанцаў сёлета з’явiцца ў асноўным складзе менш. "У ходзе сезона ў нас склалася выдатная звязка цэнтральных абаронцаў Ржэўскi — Сасноўскi, таму Пеху складана трапiць у асноўны склад. Але хацелася б захаваць гэтага футбалiста ў наступным сезоне. Таксама ў нас выдатная звязка нападаючых Блiзнюк—Радзiвонаў, замену якiм у Мадрыдзе знайсцi было няпроста, i цяпер у мяне няма падстаў не давяраць iм." Наконт эпiзоду з жоўтай карткай беларускага галкiпера Вiктар Ганчарэнка паведамiў, што ў Верамко развязалiся шнуркi, i яму проста трэба было звярнуцца i паведамiць пра гэта арбiтру. На групавым этапе для дысквалiфiкацыi трэба атрымаць тры жоўтыя карткi, i мяркуецца, што з Верамко гэтага не адбудзецца. Наконт сапернiка Вiктар Ганчарэнка зазначыў, што "Зенiт" не будзе мяняць сваёй гульнi. "Мяркую, што iх атакуючы стыль застанецца. Ёсць меркаваннi наконт складу "Зенiта" ў гэтай гульнi, аднак угадаць яго даволi складана. А што да няўдалага iх выступлення апошнiм часам, то гэта, як i ва ўсiх камандаў здараецца, проста няўдалы адрэзак." Вызначыць фаварыта ў матчы, якi адбудзецца, Вiктар Ганчарэнка адмовiўся. "Упэўнены, што калi пачнём думаць пра вынiк, ставiць нейкiя задачы, нам стане нашмат складаней. Мы рыхтуемся спакойна i не думаем пра месца ў групе". Алена АЎЧЫННIКАВА. Каля стадыёна "Дынама" вечарам 5 лiстапада будуць забаронены спыненне i стаянка транспартных сродкаўВечарам 5 лiстапада, у дзень правядзення матча Лiгi чэмпiёнаў памiж камандамi БАТЭ i "Зенiт", на прылеглых да стадыёна "Дынама" вулiцах Ульянаўскай, Свярдлова i Кiрава магчымыя часовыя абмежаваннi ў руху транспарту. З 21 да 22 гадзiн i пасля заканчэння гульнi, пакуль гледачы не пакiнуць трыбуны, будуць забаронены спыненне i стаянка транспартных сродкаў на гэтых вулiцах. Балельшчыкам Дзяржаўтаiнспекцыя рэкамендуе карыстацца паслугамi грамадскага транспарту альбо выкарыстоўваць для паркоўкi паркiнг "Сталiца", а таксама вулiцы К. Маркса, Кастрычнiцкую, Беларускую, Камсамольскую i Валадарскага — ад праспекта Незалежнасцi да вулiцы Маркса.Iгар ГОЛАД, "Мiнск—Навiны".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння БАТЭ зноў прымае "Зенiт" Герой пiцерскага матча супраць "Зенiта" зорнай "хваробы" па ўсiх вiдавочных прыкметах па
|
|